падказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, з дадан. сказам і без дап.

1. Ціхенька, шэптам сказаць каму‑н. тое, што той павінен адказаць, вымавіць. Падказаць адказ. □ Пеця — хлопчык неблагі. Не скнара, не забіяка. Як трэба, дык і падкажа на ўроку. Хомчанка. // Дапамагчы ўспомніць, сказаць, напісаць. Лукаш .. стаў бліжэй да стала, нахіліўся да старшыні, каб падказаць яму, што напісаць у паперцы да Навікоўскага сельсавета. Галавач. [Дзед Талаш:] — [Букрэй] гаварыў, што да нас будуць прыставаць і нашы ворагі... Як ён іх называў, забыўся. — Правакатары, — падказалі дзеду. Колас.

2. Дапамагчы прыйсці да рашэння, навесці на думку. Падказаць выйсце. Падказаць, што рабіць. □ Сама прырода падказала палешуку шляхі да нястомнай дзейнасці. Сачанка. [Васіль і Ганна] пабачыліся праз тры дні — пабачыліся, хоць угавору не было: проста падказала пачуццё. Мележ.

3. Разм. Выдаць каго‑, што‑н.; данесці. Неўзабаве давялося спаткаць коннікаў: ім хтосьці выразна падказаў, дзе хаваюцца коні. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазбяга́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-чаго і з інф.

1. Унікаць каго‑, чаго‑н., ухіляцца ад каго‑, чаго‑н. Пазбягаць знаёмых. □ Мы пазбягалі дарог, ішлі па компасе проста на поўнач. Няхай. // Старацца яе рабіць чаго‑н. Аляксей еў хутка і моўчкі, не падымаючы ад талеркі вачэй: размоў з дырэктарам ён пазбягаў. Шамякін. Нікадзім Пятровіч стаў часта бываць сярод людзей, чаго раней ўсяляк пазбягаў. Кулакоўскі.

2. Пазбаўляцца, вызваляцца ад чаго‑н. Пазбягаць пакарання.

пазбяга́ць 2, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. Збегчы, спусціцца ўніз — пра ўсіх, многіх. Хлапчукі пазбягалі з лесвіцы.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Сцяны — пра ўсё, многае. Пазбягала з палеткаў вада каламутная. Мурашка. // перан. Знікнуць, прапасці — пра ўсё, многае. Бабка Параска спыніла работу, разагнулася. З яе сухога, круглага твару пазбягалі маршчынкі. Колас.

3. Збегчы, уцячы — пра ўсіх, многіх. Каралінцы, ратуючыся ад навалы, пазбягалі ў лес. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., што.

1. Садзіць некаторы час.

2. Разм. Марна зрасходаваць, патраціць. Прасадзіць грошы. □ [Ярошка:] Будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы. Дамашэвіч. // Прагуляць (у якой‑н. гульні). — Вот угадае паставіць, — здзівіўся банкір, адлічваючы тры рублі. — Я ж табе чатыры прасадзіў. Колас.

3. Разм. Прабіць, пракалоць, праткнуць. Прасадзіць нагу. □ Выжлятнік .. стаў дзічыцца, палохацца дрэў, што, здавалася, нагінаюць увачавідкі дзіды, каб праткнуць — прасадзіць яму навылёт нутро. Пташнікаў. На нагах — лапці, сплеценыя спецыяльна для рыбалкі, каб не прасадзіць пад вадою нагу аб якую патырчаку. Місько.

4. Прасунуць што‑н. праз што‑н. Хлопчык прасадзіў руку між дротам і шкрабануў па шыбе. Кулакоўскі. Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны. Чарот.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызвыча́іцца, ‑чаюся, ‑чаішся, ‑чаіцца; зак.

1. Прывыкнуць да чаго‑н. як да звычайнага, абавязковага. Часта .. [Манг] адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі. Маўр. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Коля] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. [Цярэшка] прызвычаіўся да жыццёвага дабрабыту і не хацеў страціць яго. Мікуліч. // Адчуць сябе звычайна, нармальна ў якой‑н. абстаноўцы; асвойтацца, звыкнуцца. Ужо дні праз чатыры Віцька прызвычаіўся да работы. Паслядовіч. [Зіна] прызвычаілася да чужых людзей. Брыль. Пакрысе прызвычаіўшыся да цемры, Аўсееў стаў бачыць цьмяную лінію чыгункі. Быкаў.

2. Адчуць сімпатыю, прывязанасць да каго, чаго‑н. [Марыя:] Пажывуць далей-болей, паразумнеюць абое, прызвычаяцца адно да аднаго [дачка з мужам]. Пальчэўскі.

3. Набыць навык да чаго‑н., прывучыцца рабіць што‑н. У апошні час .. [Чыжык] прызвычаіўся не выказваць сваіх адносін да людзей і навін. Лупсякоў. Ніякай працы .. [Лабановіч] не баіцца, бо змалку прызвычаіўся да яе... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўці́, раву, равеш, раве; равём, равяце; пр. роў, раўла, ‑ло; незак.

1. Утвараць гук рову (пра жывёл). Пачуўшы людскую гамонку, бык стаў раўці, ён высока падкідаў капытамі зямлю. Гурскі. Дзіка раўлі ў пунях каровы, іржалі і кідаліся коні, але навасёлкаўцы, што збегліся на пажар, баяліся падступіцца да будынкаў. Шчарбатаў. // перан. Утвараць моцныя, працяглыя гукі, падобныя на роў жывёл. У камінах вятры раўлі да рання. Астрэйка. Машына раўла, аж дрыжала, бо ступня ўсё яшчэ нейкім чынам ціснула на газ. Кулакоўскі.

2. Разм. Моцна гаварыць, пець, крычаць. — Хутчэй, хутчэй! — крычаў .. [камендант]. — Я навучу вас паважаць германскую армію! Я... Я... — ужо роў ён. Лынькоў. — Вон! — раз’юшана раве ўраднік. Сяргейчык.

3. Разм. Моцна плакаць. — Хлопец суседскі нос расквасіў і раве. Савіцкі. Стаю і раву, як маленькі... Цётка таксама стаіць і не ведае, што рабіць. Васілевіч.

•••

Роўма раўці — вельмі моцна раўці, плакаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́зкі, ‑ая, ‑ае.

1. Гладкі, такі, на якім цяжка ўтрымацца, устаяць, або які цяжка ўтрымаць. Слізкі паркет. □ Прайшоў дожджык, дарога зрабілася ліпучая, слізкая. Маўр. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. // перан. Выкрутлівы, хітры (пра чалавека). Нейкі слізкі быў гэты чалавек. Корбан.

2. перан. Ненадзейны, небяспечны. Бадзянне ў дарогах і гэты слізкі і няпэўны шлях дробнага ашуканства, на які стаў .. [Пракоп], і неакрэсленасць яго ролі, — усё гэта ўставала, як прыкры сон. Колас. // Які мае ў сабе што‑н. няпэўнае, двухсэнсавае. І не для слоўнай акрабатыкі Я ўзяў такую тэму слізкую. Панчанка. Па застыглым твары Саладухі паўзе слізкая ўсмешка. Шамякін.

3. Пакрыты сліззю. Нават адсюль, з дарогі, можна ўбачыць слізкія каптурыкі масл[я]коў. Навуменка. Вясною вылазіць [вуж] рашуча з нары, Знаходзіць пянёчак-рагулю, Праз вузкую шчыліну пнецца-паўзе, Слізкую скуру здзірае. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слой 1, ‑я; мн. слаі, ‑ёў; м.

1. Маса якога‑н. рэчыва, якая пакрывае паверхню чаго‑н., або пласт чаго‑н., размешчаны паміж іншымі такімі пластамі. Слой лёду. Слой тлушчу. Слой драўніны. Слаі атмасферы. □ Тоўсты слой моху-тарфяніку зялёным кажухом пакрываў балота. Ваданосаў. // перан. Тое, што наслойваецца на што‑н. Выпадак за выпадкам, нязначным, дробныя, пластуюцца яны і складаюць моцныя слаі жыцця. Гартны.

2. Група людзей, аднародная па сацыяльных, культурных і пад. прыметах. У рэвалюцыйным лагеры мы бачым людзей розных слаёў грамадства. Хромчанка.

•••

Культурны слой зямлі — слой зямлі, які ўтвараецца з арганічных і іншых рэштак на месцах пасяленняў чалавека.

слой 2, ‑я, м.

Вялікі слоік. Распачаў тут доктар лекі: Апарацік выняў нейкі, — Трубак, шрубак там мільён, А да іх яшчэ балон. У Хвядосаў труп застылы Ён бальзам уліў у жылы, Слой шкляны сказаў падаць, Стаў за хворым наглядаць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шліфава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак.

1. што. Апрацоўваць паверхню металу, шкла, драўніны і пад. абразіўнымі матэрыяламі, каб зрабіць яе гладкай, з дакладнымі памерамі, надаць ёй пэўную форму. Я лічыў у маленстве суседа багатым: Груд камення ляжаў у яго на двары. Кожны камень рукою ён мацаў шурпатай, Шліфаваў пад страхой ад зары да зары. Ляпёшкін. [Антон Максімавіч:] — Памятай, алмаз трэба доўга шліфаваць, каб ён стаў брыльянтам. Рамановіч. // Знішчаць якія‑н. няроўнасці, рабіць гладкай, роўнай, чыстай паверхню чаго‑н. у працэсе трэння. Скарбы мора збірала вякамі, шліфавала яго, як граніт, — Цудадзейны гарачы камень, Соль жыцця, соль зямлі — сільвініт. Хведаровіч.

2. перан.; каго-што. Удасканальваць, паляпшаць. Нарэшце падышоў час, калі трэба было першы свой «матэрыял» паказаць сакратару. [Максім] доўга і старанна працаваў, шліфаваў, намагаючыся, каб першы твор атрымаўся як мага лепшы. Машара. Жыццё шліфавала мяне і часам з надзвычайным болем зразала з мяне розныя лішнія, непатрэбныя каросты. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́ўсты ’значны па аб’ёму, вялікі ў папярочным сячэнні’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Ян., Сл. ПЗБ), то́ўсты і таўсты́ ’поўны’, ’сыты’, ’тлусты’, ’мясісты, мускулісты, вялікі паводле памераў’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), то́ўсты ’вялікі, мясісты, пухлы’ (ТСБМ), ’поўны, дзябёлы’ (Нас., Ласт.), ’грубы (пра палатно)’ (Мат. Гом.), ’нізкі, густы (голас, гук)’ (ТСБМ, ТС, Мат. Гом.), то́ўсты палец ’вялікі палец’ (капыл., Сл. ПЗБ), то́ўстыя кру́пы ’панцак, буйныя ячныя крупы’ (круп., Сл. ПЗБ, ЛА, 4, Жд., 1, Янк. 1, Ян., Скарбы), таўсты́ ’поўны, дзябёлы’: таўсты як бочка (Федар. 4, Сержп. Прык.), то́віст ’тс’ (Нас.), то́ўста(я), то́вста, таўста́я ’поўная, дзябёлая’, ’цяжарная’ (Сл. ПЗБ, Барад., Янк. 1; ст.-дар., Ск. нар. мовы; Сержп. Прымхі; слуц., Нар. словатв.; Мат. Маг. 2; ТС, Бяльк., Сцяшк., Юрч., Арх. Вяр., Мат. Гом.; навагр., З нар. сл.; мёрск., Нар. сл.). Укр. то́встий, рус. то́лстый, толсто́й, толст, стараж.-рус. тълстъ, ц.-слав. тлъстъ; польск. tłusty, палаб. tåu̯ste, н.-луж. tłusty, в.-луж. tołsty, чэш. tlustý, славац. tlstý, славен. tọ̑lst, харв. tȗst, серб. ту̏ст, балг. тлъст ’тоўсты’. Прасл. *tъl̥stъ ’тоўсты’ (Фасмер, 4, 74) ці *tl̥stъ < і.-е. *tŭlz‑to ’набрынялы, аб’ёмны’ (Борысь, 636), роднаснае літ. tułžti ’набухаць; набрыняць ад вільгаці’, лат. tùlzt ’тс’, tùlzums ’пухліна’. Сной₂ (771) выводзіць прасл. *tъlstъ з і.-е. асновы *teu̯h2 ’пухнуць, набрыняць, павялічвацца’, да якой далучыўся суфікс *‑l‑ (гэты ж суфікс у прасл. *tъlpa̋ ’маса’, *tylъ ’карак’). Калі гэта так, то прасл. *tъlstъ паходзіць з і.-е. *tulh2g̑ʼ​(h)‑to‑ ’раздуты, распухлы’, параўн. і Фасмер, 4, 74; Чарных, 2, 249; Брукнер, 572; Махэк₂, 646; Скок, 3, 528; ЕСУМ, 5, 589. Існуе, паводле Сноя₂ (772), іншая магчымасць утварэння: другая частка прасл. лексемы ‑stъ узыходзіць да і.-е. *stah2 ’ступіць, стаць’, тады *tъlstъ — з і.-е. *tulh2‑sth2ó‑ ’той, які стаў набрынялым, ацёклым’. Сюды ж то́ўшчык ’камель дрэва’ (ТС), параўн. тончык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́маразень ’падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *sъtǫga да тугі́, ця́га, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑а ’сцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у стужень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг‑, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)