Сяк1 ’гэтак’ (Нас.), ’без прычыны, без патрэбы, так’ (мёрск., Нар. ск.), у выразах: сяк‑так ’з вялікай цяжкасцю, ледзь-ледзь’, ’ніштавата, памяркоўна’ (ТСБМ), ні сяк ні так (Федар. 4), сяк‑так, сяко‑тако ’абы-як’ (ТС); адсюль займеннік сякі́ ’гэтакі’ (Нас.), сякі́‑такі́ ’некаторы; які папала, нязначны, няважны’ (ТСБМ). Укр. сяк‑так ’абы-як’, сякі́й ’гэтакі’, рус. так-сяк, сяко́й ’тс’, стараж.-рус. сяко, сякъ ’гэтак’, польск. siak у спалучэннях ’не так, іначай’. Дэрыват з суфіксам ‑к ад займенніка *sь ’гэты’, утвораны па аналогіі з так (гл.). Слова не праславянскае, паколькі sj дало б тады š; гл. Міклашыч, 297; Фасмер, 3, 826; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 496 (з узнаўленнем прасл. *sjako), ESSJ SG, 2, 609–610.

Сяк2 ’плытагон’ (віц., Нар. лекс.), ’селянін Смаленскай губерні’: сякі́ гонюць ганкі ў Рыгу (Касп.). Відаць, мясцовае ўтварэнне на базе польск. flisak ’плытагон’ з адсячэннем пачатку слова і неарганічным змякчэннем зычнага.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Так ’такім чынам’, ’у такім стане, выглядзе’, ’у такой ступені’, ’без прычыны, мэты, намеру’ (ТСБМ, Стан.), ’як ёсць, без змен’ (Юрч. СНС), ’так, гэтак’ (ТС), ’гэтак’, ’дарма’ (Варл.); таксама часціца і злучнік з шэрагам значэнняў (ТСБМ). Укр., рус. так ’гэтак’, стараж.-рус. тако, такъ ’гэтак’, польск., каш., чэш., славац., в.-луж. tak, н.-луж. tak, tako, палаб. tok, славен. takó, серб.-харв. та̏ко, та̀ко, та̀ко̄, балг. така́, макед. така, ст.-слав. тако ’тс’, такъ ’такі’. Да прасл. прыслоўя *tako ’гэтак’ і прыметніка *takъ ’такі’, якія ўтвораны ад займеннікавай асновы *ta‑ (< і.-е. *tō‑, што адлюстравана таксама ў літ. tóks, дыял. tókias, tokiàs, ж. р. tokià, tóki ’такі, такая’, ст.-хец. ta‑kku ’калі’), роднаснай указальнаму займенніку *tъ (гл. той), злучанай з суфіксам ‑ko (ESSJ SG, 2, 634–641 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 504 з літ-рай; параўн. Смачынскі, 681; Іванаў, Зб. Ісачанку, 193). Гл. такі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таць1 рэдкае ’злодзей’: таць начны (слаўг., Бел. лекс., 168), ст.-бел. тать ’злодзей’ (Ст.-бел. лексікон), ’злодзей, рабаўнік’ (1440 г., КГС), сюды ж татьба, татба ’крадзеж, рабаўніцтва’ (1398 г.), ’грашовы штраф за разбой’ (Ст.-бел. лексікон, КГС). Параўн. укр. тать ’злодзей’, татьба́ ’крадзеж, рабаўніцтва’, рус. тать, стараж.-рус. тать ’злодзей, грабежнік’, н.-луж. taś, серб.-харв. та̑т, славен. tȃt ’тс’, tȃtba ’крадзеж’, ст.-слав. тать ’злодзей’. Прасл. *tatь звязваюць з *taiti ’таіць’, роднаснае ст.-ірл. tāid ’злодзей’, грэч. τητάω ’пазбаўляю’, ст.-інд. tāyúḥ ’злодзей’, хец. tajezzi, tajazzi ’крадзе’ (Фасмер, 4, 28; Шустар-Шэўц, 1500; Скок, 3, 434–435; Огледна. св., 71; Бязлай, 4, 156; ЕСУМ, 5, 528), гл. таіць.

Таць2 ’раставаць’ (пух., З нар. сл.). Параўн. чэш. tát, в.-луж. tać ’раставаць, пераходзіць у вадкі стан’. Інфінітыў на базе кораня ў прасл. *ta‑ja‑ti ’тс’ < і.-е. *tã‑ ’тс’ (Махэк₂, 637; Шустар-Шэўц, 1494). Гл. та́яць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубо́й ‘вертыкальна, прама, уверх, угору’ — жыты … ўсталі трубою (ТСБМ); дым валіць трубой (Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, у трубы віцца ‘вельмі добра расці’ (ТСБМ): Каб наша жыта / У трубы павілося (навагр., Песні нар. свят). Няясна; параўн. рус. труба́ трубо́ю валить (пра вялікую колькасць людзей, Даль). Хутчэй за ўсё, да труба1 ‘сцябло збожжа перад калашэннем’, пра выключнае значэнне гэтай стадыі развіцця расліны для земляробаў сведчаць спецыяльныя тэрміны трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых, выхад у трубку’ (ТСБМ), укр. трубкува́ння ‘тс’, рус. трубить ‘выпускаць, утвараць сцябліну (пра расліны)’: озими уже трубят (Даль), а таксама сімвалічнае выкарыстанне трубы: «вечарам пасля вяртання з поля селянін браў трубу і пачынаў трубіць. Гэта рабілася для таго “щобы так трубыло жыто”, г. зн. каб забяспечыць добры ураджай» (Теодорович Н. И. Волынь в описании городов, местечек и сёл. Т. V. Почаев, 1903, 391). Паводле Талстых, у гэтым выпадку «народная этимология порождает … ритуал» (Слав. языкозн. X, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труск ‘дробныя галінкі, ламачча’ (ТС, Ласт.), trusk ‘ігліца, шыгалле’ (АБ, 7); сюды ж, відаць, і тру́сок ‘тонкія галінкі, трэскі’ (ТС), тру́сак (trusok) ‘сухія галінкі, трэскі’ (Тур.), ‘трэскавае смецце’, ‘дробязь, драбяза’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘попел, прысак’ (полац., Стан.), трусо́к ‘пілавінне’ (Касп.), тру́сачкі ‘трэскі, смецце’ (Гарэц.), трусо́чык ‘дробны хвораст’ (Бяльк.). Параўн. укр. труск ‘дробна пабітыя, паламаныя галінкі, лаза’, ‘сухія галіны дрэў’, в.-луж. trusk ‘пацяруха’, ‘пыл’, ‘параскіданыя кавалкі’. Магчыма, да прасл. *truskъ ці *trǫskъ (ЕСУМ, 5, 659), генетычна звязаных з *trǫskati ‘аддзяляць’, ‘разрывацца, трэскацца, трашчаць’ (Фасмер, 4, 110), параўн. трускаць (гл.), а таксама рус. труск ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. трускъ ‘тс’, польск. trusk, trzusk ‘тс’, якія, паводле Брукнера (579), звязаны чаргаваннем з *trysk‑, *trosk‑, а таксама з *trěsk] і са звонкім варыянтам *druzga ‘дробныя кавалачкі чаго-небудзь разбітага ўшчэнт’, *druzgati ‘ламаць, крушыць, разбіваць, раструшчваць, таўчы, сціскаць’ (SP, 4, 274–275), гл. друзгаць і наст. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́ска ‘тонкі кавалак дрэва, адчасаны ад бервяна, палена; шчэпка’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сержп. Прык., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сцяшк., Др.-Падб., Растарг.), трі́ска ‘тс’ (кам., Бес., Горбач, Зах.-пол. гов.; Сл. Брэс.), tryèska ‘тс’ (Федар. 4), ст.-бел. треска ‘тс’, ‘стрэмка’, ‘парушынка’ (ГСБМ). Укр. трі́ска, трі́сочок ‘тс’, рус. тре́ска, треска́ старое ‘жэрдка, шост, палка’, новае ‘трэска, лучына для рашэцін пад тынк’, пск. тре́ска, мн. л. тре́ски ‘шчэпка, дранка’, ‘драўляныя асколкі’; польск. trzaska ‘трэска’, ‘стружка’, н.-луж. tśĕska, в.-луж. třĕska, чэш. tříska, славац. tríeska ‘тс’, ‘стрэмка’, славен. tréska, tŕska і trskà, харв. trijèska, чак. trîska, серб. тре̏ска, тре́ска ‘трэска; габлюшка’, балг. треска̀ ‘тс’, макед. треска, дыял. тра́ската ‘трэска, падпалка’, рус.-ц.-слав. трѣска. Прасл. *trěska ‘трэска’, ‘пацяруха’ (Сной₂, 788), роднаснае прасл. *trěskati ‘таўчы, біць, разбіваць’, *trěščiti ‘ўдарыць’ (Міклашыч, 361; Фасмер, 4, 100; Махэк₂, 658; Брукнер, 579; Голуб-Ліер, 492; ЕСУМ, 5, 645). Да трэск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́чны ‘тлусты’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал., Сцяшк. Сл.), ‘сыты, укормлены’, ‘угноены, добра апрацаваны (грунт)’ (Варл.), ‘вельмі сыты, з тлустасцю’ (Юрч. Сін.); памянш. ту́чненькі ‘тс’ (Ласт.), ту́чнае, тучно́е, туча́нае ‘топкае (сала)’ (Мат. Гом.; бялын., Янк. Мат., ЛА, 4), ту́шны ‘пажыўны’ (паўн.-усх., КЭС), ст.-бел. тучный ‘сыты, тлусты’. Параўн. укр. ту́чный ‘тлусты’, рус. ту́чный ‘тс’, польск. tuczny ‘ўкормлены, тлусты’, ‘пажыўны, сытны’, чэш., славац. tučný ‘тлусты, адкормлены, тоўсты’, в.-луж. tučny, н.-луж. tucny ‘тс’, славен. дыял. tučen ‘тс’, харв. tȕčan ‘адкормлены, цяжкі’, балг. ту́чен ‘тлусты, адкормлены’, ‘буйны, сакавіты (пра траву)’, макед. тучен ‘тлусты’, ‘пладародны’, ст.-слав. тоучьнъ ‘тс’. Прасл. *tučьnъ утворана ад *tukъ (гл. тук1) + ьnъ > *tukьnъ (сляды яшчэ ў стараж.-рус. тукьный) ‘тлусты, тоўсты, урадлівы’ (Цыганенка, 494; Шустар-Шэўц, 1556; Арол, 4, 123), параўн. літ. taũkinas ‘замазаны тлушчам, засалены’, лат. tàuks ‘тлусты, адкормлены’ і інш. Паводле Борыся (652), утворана ад *tučiti, гл. наст. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігра́ць ’выконваць што-н. на музычным інструменце’, ’выступаць на сцэне, у кіно’, ’гуляць’, ’блішчаць’, ’быць у бадзёрым, узбуджаным стане’ (ТСБМ), ’бегаць (пра карову)’ (Мат. Гом.), ’цвісці’ (Бяльк., Выг. дыс.), ’спяваць’ (Касп.; Рам., 8, 554), ’спарвацца (аб птушках)’ (Некр.), ’буяніць, сварыцца, бурна выказваць пачуцці незадавальнення’ (Шат., Янк. III). Рус. игра́ть ’іграць’, дыял. ’танцаваць, скакаць’, ’спяваць’ (вельмі шырока ў гаворках), арханг., смал., разан. ’здзекавацца, злараднічаць’, разан. ’аб злучцы жывёлы’, укр. гра́ти ’іграць’, ’рабіць хуткія, рэзкія рухі’, ’брадзіць (аб мёдзе, піве)’ (Грынч.), польск. grać, igrać ’іграць’, в.-луж. hrać ’тс’, н.-луж. graś, jgraś ’тс’, палаб. jaigroją ’тс’, чэш. hráti ’іграць, забаўляцца’, славац. hrať ’тс’, ihrať ’іграць, хістацца, пералівацца’, славен. igráti ’іграць’, серб.-харв. ѝграти ’скакаць, іграць’, балг. игра̀я ’тс’, макед. игра ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. играти ’забаўляцца, іграць’. Прасл. *jьgrati, дзеяслоў на ‑ati ад *jьgra (гл. ігра). Трубачоў, Эт. сл., 8, 210–211.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігры́шча ’вечарынка моладзі з песнямі, музыкам і скокамі’ (Бяльк., Шат., Інстр. II), ’танцы, скокі’ (Сцяшк. МГ), ’вясковыя вячоркі, забаўныя зборышчы’ (Мал.). Рус. дыял. и́гри́ще ’гулянне моладзі з песнямі і скокамі’, ’вечарынка моладзі’, ’каляднае гулянне, калядная гульня’, ’месца гуляння, гульняў’, укр. гри́ще, ігри́ще ’месца для гульні; святочныя забавы моладзі’ (Грынч.), польск. igrzysko ’барацьба, спаборніцтва’, ’забаўныя мерапрыемствы з музыкам і танцамі’, ’відовішча’, чэш. hřiště ’месца для гульняў і спорту’, славац. ihrisko ’тс’, славен. igrišče ’тс’, серб.-харв. ѝгрӣште ’тс’, балг. игри́ще ’тс’, макед. игриште, игралиште ’тс’. Ст.-слав. игрище ’арэна’, игрища мн. ’забавы’, ст.-рус. игрище ’забава, відовішча’, ’месца гульняў, відовішчаў’. Ст.-бел. игриско ’гульня, турнір’ (1677 г.) з польск. (Булыка, Запазыч.). Прасл. *jьgrišče ўтворана ад *jьgrati (гл. іграць) з суф. ‑išče; параўн. зборышча, гульбішча, явішча. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 211–212; Слаўскі, 1, 446–447. Ад ігрышча з суф. ‑нік ігрышчнік ’удзельнік сялянскага каляднага гульбішча’ (Нас. Доп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імгла́ ’дробны дождж, імжа’, ’туман, смуга’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк. МГ, Яруш., Інстр. I), імла́ (Кліх., Сцяшк. МГ, Мат. Гродз.); параўн. зах.-бранск., смал. имгла́ ’тс’. Рус. мгла, укр. мла, імла́, польск. mgła, в.-луж., н.-луж. mła, палаб. ḿåglă, чэш. mlha, уст. і дыял. mhla, славац. hmla, славен. megla, серб.-харв. ма̀гла, балг. мъгла́, макед. магла, ст.-слав., ст.-рус. мьгла — усе са значэннем ’туман, смуга’. Прасл. *mьgla ўзыходзіць да і.-е. *meigh‑ ’станавіцца цёмным’ (параўн. міг) з фармантам ‑l‑ (гл. Мейе, Études, 418); параўн. генетычна роднасныя літ. miglà, лат. migla, грэч. ὀμίχλη, алб. mjégullë ’туман’, нідэрл. miggelen ’імжэць’, ст.-інд. mih‑ ’дождж’, mēghás ’воблака’, авест. maēγa‑ ’тс’, перс. mēγ‑ ’тс’, арм. mēg ’туман’, англа-сакс. mist ’тс’. Гл. Покарны, 1, 712; Праабражэнскі, 1, 518; Фасмер, 2, 587–588; Махэк₂, 368; Скок, 2, 353. Беларуская лексема з пратэтычным і‑; форма імла са спрашчэннем кансанантнай групы. Гл. імгліць, імжа1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)