Во́льха (БРС, Кіс., КТС, Шн., 1, Яруш.), вильха́ ’тс’ (Ліс.). Рус. о́льха́, дыял. волюха́, вольха́, ёлха, ело́ха, укр. вільха́, і́льха, ст.-рус. ольха, серб.-ц.-слав. јельха, балг. елха́, серб.-харв. jóha, jóva, дыял. jȅlša, славен. jélša, дыял. ólša, jólsa, чэш. olše, славац. jelša, польск. olcha, olsza, в.-луж. wólša, н.-луж. wolša. Прасл. *jelьxa і *olьxa (Мейе, BSL, 25, 161). Роднаснае літ. al̃ksnis, alksnỹs, alìksnis, ẽlsknis вольха’, лат. èlksnis, àlksnis (Буга, ИОРЯС, 17, 1, 16 і наст.), ст.-в.-ням. elira, erila, н.-в.-ням. Erle ’вольха’, ст.-ісл. ǫlr, alr, лац. alnus ’тс’ (*alisnos); далей збліжаюць са ст.-в.-ням. ëlo ’жоўты, рыжаваты’ (Бернекер, 1, 453 і наст.; Траўтман, 6). Паводле Персана, 893, ужо ў і.-е. назіралася хістанне *elis‑: *olis‑ (напрыклад, ён прыводзіць ст.-ісл. ǫlr ’вольха’, jǫlstr ’від вярбы’, швед. jälster). Гл. таксама Фасмер, 3, 137 і наст.; Махэк₂, 413; Скок, 1, 772.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ады́стар ’сапраўдны’ (адыстар бацька) (Нас., БРС, Кольб., Бір. дыс., Гарэц.), азістар ’тс’ (палес., Вярэніч, вусн. паведамл.), адыхтар ’тс’ (Шат.). Паводле Насовіча, з лац. adinstar (Нас., 3). Існуе магчымасць іншай, хоць менш верагоднай версіі. Апрача адыстар (а гэтай форма старэйшая за адыхтар, бо сустракаецца на краях беларускай моўнай тэрыторыі ад Магілёўшчыны да Беласточчыны), у Прыпяцім Палессі (цэнтральная і заходняя частка) знаходзім азістар і зістар у тым жа дакладна значэнні. Да гэтай формы добра пасуе славен. zister ’сапраўдны’, якое не абавязкова зводзіць да za‑iste‑že. Параўн. яшчэ ст.-польск. ister, славац. isterny. Усе гэтыя лексемы ўзыходзяць да вельмі старажытных прыметнікаў на ‑r (гл. Мейе, Общеслав., 243) ад istъ ’сапраўдны’ (рус. истинный). Параўн. яшчэ ўсходнепалескае стотны бацька (< істотны сапраўдны’). Усе прыметнікі маюць значэнні сапраўдны’, ’таго ж рода’, асабліва адносна сына і бацькі. Тады адыстар < *ад‑іст‑ер (< od‑ist‑erъ). Копечны (пісьм. паведамл.) звязвае адыстар/адыхтар з славац. chťa/sťa ’як’ (< xъtěti).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Анцімо́нія ’доўгая пустая гутарка’ (Бяльк.). Рус. антимо́ния (у выразе «разводить антимонию» — весці доўгую непатрэбную гутарку), фіксуецца з сярэдзіны XIX ст., смален. антимония ’хітрыкі’ (Дабр.). Форма анцімонія ўказвае на рус. паходжанне (Шанскі, 1, А, 115). Антымонія, магчыма, узнікла ў выніку метатэзы з антыномія або ў жаргоне семінарыстаў (Фасмер, 1, 79), або пад уплывам назвы нямецкай секты антыномаў, якія не лічылі патрэбным выкананне рэлігійных загадаў (слова antynom у гэтым значэнні вядома польскай мове XVI ст. — Sł. XVI w.). Аб магчымасці польск. пасрэдніцтва для бел. слова (пры метатэзе) БМ, 48. Менш верагодна Зяленін, РФВ, 54, 113: семінарская пераробка слова антифоны ’царкоўныя спевы з частымі паўторамі’, а тым больш Міхельсон (Рус. мысль, 1, 21) ад антымоній — хім. элемент, які, паводле падання, паволі атручваў манахаў нейкага манастыра. Параўн. назву сурмы: Antymon у польск. і шэрагу еўрапейскіх моў (с.-лац. antimonium, магчыма, з араб. *ithmid), адкуль і ўсх.-слав. назвы мінералаў антыманіт (БелСЭ) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збамбе́рыць ’падняць вялікае, цяжкае (на плечы, воз)’, ’успухнуць’ (Сцяц.), збабэнчыць ’ускінуць на плечы’, ’уздуць (пра жывот)’, збэнчыць ’успучыць’ (Сл. паўн.-зах.), ’уздуцца, узлавацца’ (слонім., Нар. лекс.). Наўрад ці трэба аддзяляць ад бамбэлак ’жывот, барабан’ (гл.), ’надзьмуты мачавы пузыр жывёлы’ (Сл. паўн.-зах.), польск. bąbel ’пухір, уздуцце’, адкуль дакладна бел. бомбаль ’пузыр’ (ваўк., даецца паводле Лаўчутэ, Сл. балт., 62). Суадноснасць бел. слоў магчыма з-за экспрэсіўнага характару, але няпэўная. Лаўчутэ (Сл. балт., 98) збамбэрыць лічыць запазычаннем з балт. слова з коранем *bamb‑ (параўн. літ. bam̃bti ’таўсцець, пухнуць, надувацца’), што не выключаецца, але хутчэй як крыніца кантамінацыі. Больш цяжка растлумачыць бел. значэнне ’падняць’, якое, як і ’ўздуцца’, аб’ядноўвае абодва дзеясловы. Да гэтых цяжкасцей дадаецца яшчэ абамбе́рыць ’дрэнна пастрыгчы’ (гл.), узбамберыць ’залезці, набіць’ (слонім., Жыв. сл.), адкуль, відаць, і збамберыць ’падняць’. Магчыма, знач. ’падняць’ трэба выдзеліць. Абамберыць ’пастрыгчы нагала’ (жыт., Жыв. сл.), можа, да значэння, ’пухнуць’ > ’пухір’ (параўн. бамбэлак). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зя́бліва ’асенняе ўзорванне поля, а таксама поле, узаранае з восені пад веснавую сяўбу’, зяб, зя́бла, дзя́бля (Выг., Лекс. Палесся), зя́блі, зя́бра, зя́бліна (Сл. паўн.-зах.), зя́бла, зя́бер (Нас.). Рус. зябь, дыял. зябль, зя́бель, укр. зяб ’тс’. Параўн. зя́бліць, дыял. зя́брыць, рус. зя́бить, зя́блить ’рыхтаваць (узорваць) пад зябліва’. Параўн. у рус. гаворках зя́бель расліны, збожжа, павітае марозам на полі’ (арханг., алан., пск., смал.) і наогул ’замарожаная рэч, дрэва’, ’сцюжа’, ’гніль (у дрэве)’, ’дрыгва’. Даль (1, 698–699) аднёс зябь, зябль, зя́блина да кораня зябнуть паводле семантычнага ходу: поле, пакінутае на зіму зябнуць. Таксама Міклашыч, 401. Але, калі ўлічыць, што гэта можа быць і ’азімы пасеў’ (пабіты марозам), ці не трэба звязваць са старажытным значэннем zęb‑ti > ст.-слав. зѧти ’рваць’, прозѧбати ’прарастаць’, як ’рунь’, ’усходы’. Няпэўна. Плевачава, Этимология, 1966, 94; Фасмер, 2, 110–111; Шанскі, 2, З, 116; Трубачоў, ВЯ, 1957, 2, 89. Параўн. зябнуць, зуб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калмы́к ’касмыль’ (стаўб., З нар. сл.). Дакладных адпаведнікаў няма. Фармальна суадносіцца з смал. калмык ’чараўнік’ і, магчыма, укр. калмичити ’змочваць снапы ў вадкай гліне перад пакрыццём даху’ (адносна ўкр. слова параўн. яшчэ калматы). Што датычыць семантыкі, можна думаць, што супастаўленне бел. і смал. слова цалкам магчымае. Сувязь семем ’касмыль’ і ’чараўнік’ уяўляецца натуральнай, параўн. валаг. космачиха ’ведзьма’ (параўн. таксама падобныя семантычныя паралелі пад калдун1). У любым выпадку калмык ’касмыль’ неабходна кваліфікаваць як беларускую інавацыю з няясным статусам, паколькі смал. прыклад неістотны з пункту погляду лінгвагеаграфіі. Цікава, аднак, дапусціць, што гэтыя прыклады, магчыма, сведчаць аб даўнейшай актыўнасці асновы калм‑, а таксама актыўнасці семантычнай мадэлі ’кудлаты’, ’чараўнік’ або падобнай да гэтай. Словаўтваральна лексема не вельмі зразумелая. Дакладны суфіксальны адпаведнік у бел. касмык і, магчыма, ва ўкр. космик ’тс’, адносна ўтварэння параўн. космак, космок, памянш., паводле Грынчэнкі, ад косом ’касмыль’. Няясна, як суадносіцца разглядаемае слова і полац. хамлы́к, хамла́к ’тс’ (Суднік, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́йка1 ’вузкі стальны брус на чыгунцы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Байк. і Некр.), ’вузкая тонкая дошчачка’ (ТСБМ, Бяльк., Шушк.), ’жалезная шына (у плузе) да якой прымацоўваецца лямеш і паліца’ (Бяльк.). Ад рэя1.

Рэ́йка2 ’сэрца, лёгкія, печань у жывёлы’ (Бяльк., Нас., Дабр.). Паводле Фасмера (3, 463) — няяснае. Пятлёва суадносіць гэту лексему з *rějati (), для якой на базе рус. дыял. ре́ять ’часта дыхаць, запыхацца’, ре́яться ’задыхацца’ выводзяць яе семантычнае адгалінаванне ’дыхаць’. Такім чынам, рэ́йка можа азначаць ’тое, чым дыхаюць; орган дыхання’ або, што больш верагодна ’тое, што мае малую вагу і таму усплывае у вадзе (супе)’ (Пятлёва, Этимология–1975, 42–44). Параўн. у Фасмера, які рус. лёгкое суадносіць з лёгкий, таму што, калі вантробы жывёл кладуць у ваду, лёгкія застаюцца на паверхні. Таксама ён прыводзіць адпаведнікі з іншых моў: англ. lights ’лёгкія некаторых жывёл’ > light ’лёгкі’, парт. leves ’лёгкія’ > leve ’лёгкі’ (Фасмер, 3, 474).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свярбе́ць ‘часацца, раздражняцца’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Сцяшк., Сержп. Прымхі, Шымк. Собр., Сл. ПЗБ), свербе́ць ‘тс’ (ТС). Сюды ж сверб ‘свярбячка’ (Нас., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), свярбёж ‘тс’ (Шымк. Собр.), свярбёта ‘тс’ (Нас.). Укр. свербі́ти ‘свярбець’, рус. свербе́ть, дыял. таксама ‘блішчаць, мігацець’, польск. świerzbieć, в.-луж. swjerbjeć, swjerbić, н.-луж. swjerbjeś, чэш. svrběti, славац. svrbieť, серб.-харв. свр́бети, славен. srbẹ́ti, балг. сърби́, макед. сврби ‘свярбець’. Прасл. *svьrběti. Звязана чаргаваннем галосных з рус. свороб, ст.-слав. сврабъ ‘сверб’. Роднаснымі лічацца лат. svãrpsts ‘свердзел’, ст.-в.-ням. swërban ‘хутка вадзіць туды-сюды, круціцца, сціраць’, ст.-ісл. svarf н. р. ‘апілкі’, гоц. af‑swaírban ‘змахнуць’ (Траўтман, 295; Міклашыч, 330). Збліжэнне з літ. skverbiù, skver̂bti ‘прадзіраўліваць, праколваць’, паводле Праабражэнскага (2, 257), выклікае фанетычныя цяжкасці. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 573; Шустар-Шэўц, 1391; ЕСУМ, 5, 188. Узводзіцца да і.-е. *su̯erb‑ ‘круціць, вярцець, паціраць, церці’ (Борысь, 623; Глухак, 601). Параўн. сверб.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́дала ‘жэрдка або некалькі жэрдак у куратніку, на якія ноччу садзяцца куры; курасадня’ (ТСБМ, Касп., ЛА, 1), се́дало ‘тс’ (Пятк. 2., ТС, Сл. Брэс.), се́дла ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), се́дала ‘сядзенне ў прасніцы’ (гарад., Сл. ПЗБ), се́дало ‘дэталь калаўрота’ (Сл. ПЗБ), ‘месца, дзе чалавек часта бывае’ (Сл. Брэс.), ‘месца адпачынку’ (ТС). Укр. сі́дало, рус. зах. і паўдн. се́дало і седа́ло, ст.-рус. сѣдало, чэш. sedadlo, в.-луж. sedźadlo, серб.-харв. сје̏дало ‘сядзенне’, дыял. sedàlu ‘сядзенне ў кроснаў’, славен. sedálo, балг. седа́ло, макед. седало ‘сядзенне’. Ад *sědati, ітэратыва дзеяслова sěděti ‘сядзець’ з суф. ‑dlo; гл. Махэк₂ 539. Паводле Слаўскага (SP, 1, 113), гэта ўтварэнні ўжо асобных славянскіх моў. Аднак Трубачоў (Ремесл. терм., 134) лічыць, што прынамсі як назва ткацкай лаўкі гэта слова праславянскае, паколькі мае адпаведнікі ў літ. sédeklė, лат. sēdekle ‘сядзенне ў кроснаў’ і лац. sediculum ‘сядзенне’. Варбат (Морфон., 213) таксама разглядае слова як праславянскае *sědadlo.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубо́й ‘вертыкальна, прама, уверх, угору’ — жыты … ўсталі трубою (ТСБМ); дым валіць трубой (Сл. ПЗБ); сюды ж, відаць, у трубы віцца ‘вельмі добра расці’ (ТСБМ): Каб наша жыта / У трубы павілося (навагр., Песні нар. свят). Няясна; параўн. рус. труба́ трубо́ю валить (пра вялікую колькасць людзей, Даль). Хутчэй за ўсё, да труба1 ‘сцябло збожжа перад калашэннем’, пра выключнае значэнне гэтай стадыі развіцця расліны для земляробаў сведчаць спецыяльныя тэрміны трубкава́нне ‘ўтварэнне сцябла ў злакавых, выхад у трубку’ (ТСБМ), укр. трубкува́ння ‘тс’, рус. трубить ‘выпускаць, утвараць сцябліну (пра расліны)’: озими уже трубят (Даль), а таксама сімвалічнае выкарыстанне трубы: «вечарам пасля вяртання з поля селянін браў трубу і пачынаў трубіць. Гэта рабілася для таго “щобы так трубыло жыто”, г. зн. каб забяспечыць добры ураджай» (Теодорович Н. И. Волынь в описании городов, местечек и сёл. Т. V. Почаев, 1903, 391). Паводле Талстых, у гэтым выпадку «народная этимология порождает … ритуал» (Слав. языкозн. X, 259–260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)