Крук1 ’род вялікага цвіка з загнутым тупым канцом’ (ТСБМ, Шат., Жыв. сл., Бяльк., Яруш., Сл. паўн.-зах., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом.). Ст.-бел. крукъ (з 1571 г.) разглядаецца як запазычанне праз польск. kruk (гл. Булыка, Запазыч., 179) з ням. Krücke. Аднак само польск. kruk лічыцца запазычаннем з бел. крук або ўкр. крук (Слаўскі, 3, 170). Гэтыя ўсходнеславянскія лексемы тлумачацца як паўночнагерманізмы. Параўн. ст.-ісл. krōkr ’гак, крук’ (Тэрнквіст, Studien, 63–68).

Крук2 ’матыка з двума зубамі’ (Шат., Нар. лекс., Жыв. сл., Сержп. Пр., Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Гл. крук1.

Крук3 ’вочап у калодзежы’ (Шат., Нар. словатв., З нар. сл., ТС). Гл. крук1.

Крук4 ’крумкач’ (Нас., Сержп. Пр., Шатал., Касп., Сцяшк., ТС, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Ва ўсіх польскіх дыялектах kruk ’тс’ (апрача паўднёва-ўсходняй часткі малапольскіх, дзе ў тым жа значэнніgawron) (Струтынскі, Nazwy, 12; Смыль, 18, 4, 149). У частцы вялікапольскіх і малапольскіх дыялектаў ’грак, Corvus frugilegus’ (пры поўнай дамінацыі ў тым жа значэнні). Кашуб. krek ’крумкач’. Руская тэрыторыя распаўсюджання гэтай назвы мяжуе з беларускай і ўкраінскай. Іншыя паўночнаславянскія дыялекты слова kruk не ведаюць. Не ведаюць яго і паўднёваславянскія дыялекты. Адзінае выключэнне, зафіксаванае толькі ў Скока, харвацкае дыялектнае kruk ’Corvus corax’ (2, 214). Таго ж паходжання балтыйскія вытворныя: літ. krauklỹs ’варона’, kriauklỹs ’крук’, лат. kraûklis ’тс’. Такім чынам, балтыйская геаграфічная арыентацыя слова даволі ясная. З іншага боку, вядома, што для балтыйскіх і славянскіх моў для ’Corvus corax’ і ’Corvus corone’ рэканструюецца vornъ (varnas) і vorna (varna). Таму ёсць падставы меркаваць аб іншамоўным паходжанні крук. Геаграфія наводзіць на думку аб гоцкай крыніцы. Паколькі пра гоцкія крыніцы нічога не ведаем, нельга не звярнуцца да паўночна-германскіх: ст.-ісл. krákr ’Corvus corax, kráka ’Corvus corone’ — hrókr ’Corvus frugilegus’. Kruk з hrōk/hrauk. Параўн. гутн. (дыялект вострава Готланд, які, магчыма, збярог архаіку, блізкую да гоцкай) rōk/rauk ’Corvus frugilegus’. У многіх польскіх гаворках kruk — ’Corvus frugilegus’ (Смыль, PF, 18, 4, 149). Ясныя сляды ўплыву гоцкай сістэмы на балта-славянскую бачым у кашубска-славінскім варыянце: krak ’Corvus corax’, kraka ’Corvus corone’, krëčk (< kruk) ’Corvus frugilegus’, які амаль што поўнасцю супадае з паўночнагерманскай (эвентуальна гоцкай), параўн. бел. палес. кракаворан ’воран’ (гл.). Такім чынам, бел. і польск. крук < гоц. *hrōks (ō > au > u, як bōka > прасл. bukъ). К на пачатку крук пад уплывам крак або канцавога к (Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 95–97). Іншыя версіі параўн. у Слаўскага, 3, 172.

Крук5 ’строй птушак клінам пры палёце’ (ТС). Гл. крук1.

Крук6 ’сляпень (Сцяшк. Сл.). Магчыма, да крук1, улічваючы яго моцны колюча-рэжучы ротавы апарат (БелСЭ, 9, 598). Параўн. кручок3 (гл.).

Крук7 ’кроква’ (Мат. Гом.). Гл. кроква.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы — асабовы займ. 2 асобы мн. л., укр. ви, рус. вы, польск. wy, чэш. vy, славац. vy, славен. vȋ, серб.-харв. ви̑, балг., макед. вие. Агульнаславянскае, ускосным склонавым формам адпавядаюць ст.-прус. wans — він. скл. мн. л. ’вас’, лац. vōs, авест. , ст.-інд. vas — энклітыка він. скл. падв. л., род. скл. мн. л., грэч. ὑμᾶς і інш.; старажытная форма наз. скл. мн. л., якой адпавядаюць ст.-прус. ious, літ., лат. jūs, авест. yužəm, yūš, ст.-інд. yūyám, гоц. jus (і.-е. *i̯ūs) была страчана пад уплывам ускосных склонавых форм (Фасмер, 1, 366; Брукнер, 637; Махэк₂, 704; Младэнаў, 65; Праабражэнскі, 1, 103). Вы ў звароце да адной асобы адз. л. засвоена праз польск. з заходнееўрапейскіх краін, дзе пачало ўжывацца ў такім значэнні ў сярэднія вякі (Махэк₂, 704; Шанскі, 1, В, 218).

Вы — прыстаўка, характэрная пераважна для паўночна- славянскіх моў (укр. ви‑, рус. вы‑, польск. wy‑, чэш. vy‑, в-, луж. wu‑), якой у паўднёваславянскіх па значэнню часцей за ўсё адпавядае из‑. Роднасная ст.-в.-ням. ūz (сучасн. ням. aus ’з’), гоц. ūt, ст.-інд. ud ’на, уверх, з’ і інш. Пры калькаванні ў беларускай літар. мове звычайна служыць для перадачы рус. из (< ц.-слав.); параўн. рус. истребоватьбел. вытрабаваць, 124) извергнутьбел. вывергнуць і пад. (Крукоўскі, Уплыў, 124).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гай1 ’гай’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшкін, Касп., Грыг., Мядзв., Шн., Бес., Булг.). Агляд значэнняў бел. слова гл. Яшкін, 43–44; Талстой, Геогр., 48–50; ДАБМ, 913. Укр. гай, рус. гай, чэш., славац. háj, польск. gaj, в.-луж. haj, н.-луж. gaj, серб.-харв. га̑ј, славен. gáj. Слав. *gajь. Звычайна тлумачыцца як звязанае са слав. дзеясловам *gojiti ’даглядаць, ахоўваць’ (гл. Фасмер, 1, 383, там і агляд іншых версій, якія Фасмер не прымае, здаюцца досыць праўдападобнымі пасля дэталёвага аналізу Талстога, Геогр., 48–56). Талстой лічыць, што, падобна да таго як слова *šuma ’лес’ звязана з *šuměti, слова *gajь роднаснае лексеме *gajiti ’крычаць, шумець’ (там жа, 54–55). Некаторыя спецыфічныя значэнні бел. слова, напр. ’могілкі’ (гл. Яруш.; ДАБМ, 913), тлумачацца з прамежкавага ’гай, асабліва на могілках’ (Гарэц.).

Гай2 ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ (Шатал.: «Мы зовом гаем між полей неудобную землю, де ростэ трава, а лес не ростэ»). Не выклікае сумнення сувязь з гай1 (гл.). Дыяпазон семантыкі славянскай лексемы *gajь вельмі шырокі (параўн. Яшкін, 43–44, і асабліва Талстой, Геогр., 48–54). Талстой (Геогр., 50) спецыяльна адзначае, што ў бел. гаворках gajь мае і спецыфічнае значэнне ’адсутнасць расліннасці’. Гай ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ якраз адносіцца іменна да гэтай катэгорыі семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заві́даваць ’зайздросціць’ (Сл. паўн.-зах.), за́відкі, заві́дна (ТСБМ), завіду́шчы, заві́днік (Нас.). Рус. зави́довать, укр. зави́дувати, н.-луж. zawidowaś, макед. завидува ’зайздросціць’; параўн. польск. zawidzieć, чэш. záviděti, славац. závidiet, в.-луж. zawidźeć, славен. zavídeti, серб.-харв. за́видети, балг. завѝждам, завидя, макед. завиди ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус., ст.-бел. (у Скарыны) завидѣти ’зайздросціць’. Верагодна, прасл. zaviděti: za + viděti, адкуль бязафіксны наз. zavida. Паводле Шанскага (ЭИРЯ, 2, 130–132), ад завида і ўтворана завидовать, якое фіксуецца з 1675 г. Бел. дыял. дзеяслоў можа быць запазычаны з рус., але магчыма і ўласнае развіццё, на што ўказваюць іншыя прыведзеныя формы: завідкі, мн. л. формы з суф. ‑к‑а ад ст.-рус. завида, якое дало прыметнік завідны (Сл. паўн.-зах.), адкуль заві́дна, заві́днік, а таксама заві́длівы (Сл. паўн.-зах.). Форма завидѣти і падобныя тлумачацца ў Фасмера (2, 72), БЕР (1, 575), Скока (3, 567) з видѣти: іначай Махэк₂ (711–712), які бачыць тут кантамінацыю былога кораня *veid‑ (гл. від1) і *neid‑ (параўн. ням. neiden ’зайздросціць’), што пацвярджаецца недастаткова. Побач з тлумачэннем формы завидовать Шанскім (2, З, 17) магчымы і вывад яе з завидывать як мнагакратнай (параўн. видетьвидывать) ці імперфектыўнай (параўн. зачитатьзачитывать, гл. Вінаградаў, Русский язык, 1947, 502). Трэба ўлічваць пры гэтым замацаванне завидеть у значэнні ’ўбачыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каба́т ’жаночая цёплая камізэлька; безрукаўка’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Інстр. I, Касп., Малч., Мат. АС, Мат. Гом., Мядзв., Нас., Некр., Рам., Серб., Сержп. Грам., Шн. 3, Ян., Янк. 3., Яруш.), ’рознае адзенне’ (Жыв. сл.), ’сукенка’ (Касп.), ’безрукаўка’ (капыл., КЭС), ’дзіцячая кофтачка на падбіўцы’ (Шатал.). Укр. кабат ’куртка, кафтан’, рус. кабат ’куртка, кофта’, рус. зах.-бран. кабат ’ліф, верхняя частка сарафана’, польск. kabat ’кафтан’, в.-луж. kabat ’кафтан’, чэш. kabát ’паліто’, славац. kabat (у розных значэннях, напр. ’спадніца’ (Kalal)). У паўдн.-слав. мовах запазычана іншым шляхам, пра што сведчыць фанетыка слова: балг. кавад, кават, кавак, серб.-харв. ка̏ва̄д, якія з перс. kabā ’кафтан’ пры пасрэдніцтве с.-грэч., н.-грэч. моў, гл. БЕР, 2, 119. Відаць, перс. форма з’яўляецца крыніцай і для зах.-еўрап. слоў, аднак няясным застаецца шлях запазычання. Для бел. слова таксама існуе праблема непасрэднай мовы-крыніцы. Рус. кабат вядома на поўначы і на сумежжы з беларускай тэрыторыяй. Яно можа разглядацца як пранікненне з бел. гаворак. Некаторыя значэнні польскага слова (’верхняя вопратка’ і, напрыклад, паводле WIEP-ill. kabat ’кафтан, пераважна жаночы’), а таксама распаўсюджанае слова на беларускай тэрыторыі дазваляюць меркаваць, што крыніцай запазычання быў польскі перыферыйны дыялект. На карысць гэтага наяўнасць слова ў сумежных літоўскіх гаворках са значэннямі ’сукенка без рукавоў’ (kabãčius) і ’жаночы кафтанны (kóbotas).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каду́к ’чорт, д’ябал’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; пін., Булг.; чач., Жыв. сл.; драг., З нар. сл.; чаш., сен., Касп.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; Нас., Нас. Сб. посл., Некр., Нік. Напаў., Нік., Няч., Рам., Сцяшк., Федар., Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.), ’няшчасны выпадак’ (Нас.), у выразах: а кадук яго ведае (Бір. Дзярж.), кадук яго вазьмі (Сержп. Грам.), кадук не бярэ (Янк. БФ). Нікіфароўскі (Няч.) адзначае: «…от першабытных у свеце злачынцаў уцалелі некаторыя асобіны, рассеяныя па зямлі — гэта кадукі». Там жа, 45–46: «…кадук падобны здалёк на капу сена, ворах моху». Раманаў (Рам. 8) удакладняе, што кадук — «разнавіднасць чорта, які жыве ў старых гмахах, вадзяных млынах і г. д.». Укр. кадук, паводле Грынчэнкі, ’род хваробы’ і ’д’ябал, чорт’. Рус. уладз., смал. кадук ’падучка’, росл., смал. ’д’ябал, чорт’, зах.-бран. ’лаянка’. Запазычана з польск. kaduk (такія ж і іншыя значэнні), дзе ў помніках сустракаецца з XVI ст. Значэнне ’падучка’ вядома ў гаворках; літар. толькі выраз do kaduka ’да д’ябла’. Слаўскі (2, 17) лічыць, што значэнне ’чорт, д’ябал’ з’явілася ў XVIII ст. на базе ’хвароба’. Як аргумент прыводзіцца спасылка на паралельнае ўжыванне choroba і kaduk, kat, diabeł у праклёнах. Крыніцай польск. слова з’яўляецца лац. cadūcus ’хворы па падучку і інш.’

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карэ́ц1 ’коўш, кубак, конаўка’, укр. корець ’мера сыпкіх цел; коўш, кубак’, рус. корец ’коўш, тара з бяросты, мера зерня’, ст.-чэш. kořec ’сасуд для сыпкіх цел’, славац. korec ’мера зерня’, ст.-польск. korzec ’тс’, ’сто літраў’, ст.-слав. корьць ’мера’, балг. коръц ’драўляная пасуда для збору вінаграду’, серб.-харв. ко̀рац ’кадачка’. Слова яўна старажытнае, узыходзіць да прасл. korьcь. Найбольш верагодная этымалогія, як здаецца, зводзіцца да паходжання ад кара. Але словаўтваральны бок выклікае сумненні (Бернекер, 580). Спасылка на gъrnьcь (Трубачоў, Эт. сл., 11. 129) не пераконвае (gъrnьcь — Nomen deminutivum ад gъrnъ, якое само азначае ’сасуд’). Да таго ж існуюць і іншыя значэнні для карэц, якія не ўкладаюцца ў гэту схему (гл. карэц2). Больш пераканаўчым нам здаецца версія аб запазычанні і міграцыі гэтага тэрміна (Махэк₂, 277). Маецца на ўвазе ст.-грэч. κόρος ’мера’, лац. corus ’мера’, магчыма, вандроўны тэрмін. Напрамак запазычання удакладніць цяжка (Параўн. яшчэ Скок, 2, 150).

Карэ́ц2 ’калодка з адтулінай у верхнім камяні жорнаў’ (Сл. паўн.-зах.), рус. карец ’тс’, ст.-рус. корьць ’млынавы коўш, скрынка над жорнамі, адкуль сыплецца зерне’. Апошняе значэнне сведчыць аб сувязі па паходжанню з карэц1 і таксама аб далёкай ад кара́ (гл.) семантыцы. Агульнай семай для ўсіх значэнняў з’яўляецца ’мера’.

Карэ́ц3 ’ручка касы’ (БДА). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каштава́ць1 ’мець тую або іншую цану, грашовую вартасць’; ’абыходзіцца ў якую-н. суму, патрабаваць якіх-н. затрат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Слова засведчана ў ст.-бел. мове з 1516 г. (таксама як і коштъ, коштованье, коштовне, коштовность і г. д.; гл. Булыка, Запазыч., 174). Параўн. рус. коштовать (дыял.), укр. коштувати і г. д. Запазычанне з польск. мовы (< польск. kosztować ’тс’); Бернекер, 586; Фасмер, 2, 361; гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67; Рыхардт, Poln., 68. Крыніцай польск. слова з’яўляецца с.-в.-ням. kosten ’каштаваць, быць вартым і да т. п.’ Слаўскі, 2, 545. Гэта апошняе ў сваю чаргу узята са ст.-франц. coster < лац. *costare < cōnstare (Слаўскі там жа).

Каштава́ць2 ’спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Параўн. рус. дыял. коштова́ть ’тс’, укр. куштува́ти, коштува́ти. Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. kosztować ’тс’ (у такім значэнні польск. слова вядома з XVI ст.), якое ўзята з с.-в.-ням. kosten ’даследаваць, вывучаць, спрабаваць, пробаваць на смак’ або ст.-в.-ням. kostōn ’тс’ (гэты дзеяслоў роднасны лац. gastāre ’каштаваць, спрабаваць ’). Гл. Бернекер, 1, 586; Брукнер, 260; Фасмер, 2, 361; Махэк₂, 282. Вельмі падрабязна аб семантычнай гісторыі слова kosten у ням. мове гл. у Пауля, Wörterb. (7. Aufl., 1960), с. 344. Гл. яшчэ Клюге, 395–396.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клуб1 ’культурна-асветная ўстанова’ (ТСБМ). Праз рус. клуб з англ. club (Шанскі, 2, 8, 165).

Клуб2 ’лятучая шарападобная маса пылу, дыму, пары, клубок’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Дуж-Душ., КЭС, лаг.). Укр. клуб, рус. клуб ’тс’, балг. кълбо, серб.-харв. клу̏пко, славен. klóbko ’тс’, польск. kłąb, чэш. kloub, славац. klbo, н.-луж. klub ’тс’. Прасл. klǫbъ параўноўваецца з лац. glomus, globus, на аснове якіх можна рэканструяваць *klombos як крыніцу праславянскай лексемы. Параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 108–109; Пізані, Paideia, 24, 3–6, 212; Мартынаў, Изоглоссы, 11. Апошні — прыхільнік італійскага паходжання прасл. klǫbъ, хаця абсалютныя сінонімы з балтыйскімі адпаведнікамі ў славянскіх мовах не выяўлены. Трэба ўзяць пад увагу тое, што нельга ў даным выпадку гаварыць аб генетычнай тоеснасці, паколькі італійскія і славянскія мовы не мелі агульнай прамовы. А калі ўлічыць, што славянскія пранікненні ў італійскую прамову адсутнічаюць, мы вымушаны дапусціць італійскую крыніцу для прасл. klǫbъ.

Клуб3 ’косці таза, тазавыя косці, якія выступаюць ніжэй пояса’ (Шат., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Клім., Мат. АС, Дразд., З нар. сл., КЭС, лаг.). Укр. клуб ’сцягно’, польск. kłąb, чэш. kloub ’сустаў’, славац. klb ’сустаў, сцягно’, н.-луж. klub ’сцягно’, в.-луж. kluba ’тс’, палаб. klob ’тс’. Геаграфія klǫbъ у гэтым значэнні сведчыць аб агульнапаўночнаславянскай інавацыі. Генетычна klǫbъ ’сцягно’ звязана з klǫbъ ’клубок’ (гл. клуб2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Круты́1 ’стромкі, высокі’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., Яруш., Касп., Сцяшк., Сержп. Ск., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’. Іншыя славянскія паралелі не ведаюць такога значэння. Але яно дакладна адпавядае літ. krañtas ’круты, стромкі бераг’, лат. krañts ’бераг’. Таму ёсць падставы аддзяліць ад аманімічнага прасл. krǫtъ (гл. круты2 і круты3). Можна таксама меркаваць аб тым, што прасл. bergъ ’круты бераг’ (магчыма, германскага паходжання) выцесніла прасл. krǫtъ у гэтым значэнні, *krǫtъ bergъ ’круты бераг’ рэалізавалася ў тых дыялектах, у якіх bergъ страціла значэнне ’круты’, а krǫtъ адпаведна яго зберагло. Параўн. Міклашыч, 138; Траўтман, 142; Брукнер, 267; Слаўскі, 18, 276–277.

Круты́2 ’спрытны, лоўкі’ (Сцяшк. Сл., Сл. паўн.-зах.). Гл. круты3.

Круты́3 ’моцна скручаны’ (ТСБМ, Бяльк., З нар. сл., ТС, Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.). Укр. крутий, рус. крутой ’тс’, серб.-харв. кру̑т ’тлусты, цвёрды, тугі’, славен. krȏt ’люты, шалёны’, польск. kręty ’кручаны, сільны’, чэш. krutý, славац. krutý ’кручаны, сільны, шалёны’, н.-луж. kšuty ’моцна скручаны, тугі, моцны’, в.-луж. kruty ’цвёрды, моцны, шалёны’. Прасл. krǫtъ ’тугі, скручаны, сільны, шалёны’, відаць, усё ж такі генетычна звязана з krǫtъ ’круты, стромкі (бераг)’, але семантычна адышло ад яго (гл. круты1).

Круты́4 ’посны’ (Мат. Гом.). Да круты3. Семантычнае развіццё: ’моцна звараны без тлушчу (аб кашы)’ > ’посны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)