Таўсма́ты ’таўставаты; моцна складзены (пра чалавека)’ (ТСБМ), ’прысадзісты, моцны (пра асобу, жывёлу, дрэва)’ (Янк. 1), ’таўставаты’ (Сл. ПЗБ), ’тоўсты’ (Сцяшк.), ’пушысты’ (чырв., З нар. сл.), сюды ж таўсма́ны ’таўставаты’ (Сцяц. Сл.), таўсма́ч ’здаравяк’ (Янк. 3.). Трубачоў (Слав. языкозн. V, 183; Труды, 1, 284), побач з позняй кантамінацыяй (напрыклад, тоўсты і калматы, гл.), разглядае як праславянскі дыялектызм *tъlsmatъ(jь) ад назоўнікаў *tъlsmъ/*tъlsmo, параўн. лат. tulzums ’пухліна’. Ліуканен (Отглаг. сущ., 169–170) лічыць вытворным ад прасл. *tъlsmъ/*tъlsma < *tъlst‑mъ/*tъlst‑ma, старых дзеепрыметнікаў ад *tъlstiti ’рабіць тоўстым’ (гл. таўсціць), што, у сваю чаргу, утвораны ад прыметніка *tъlstъ (гл. тоўсты). Страчаны дзеяслоў з асновай *tъlz‑ меў дакладныя адпаведнікі ў літ. tulžti ’размакаць, разбухаць’, лат. tùlzt ’пухнуць’. На карысць апошняй версіі сведчыць і варыянтнасць фармантаў n/t. Кантамінацыя з тоўсты ў таўстама́ты ’таўставаты’ (карэліц., Нар. лекс.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пець ’спяваць’ (ТСБМ; Нас.; Некр.; Шат.; Сл. ПЗБ; Бяльк.), ’ствараць розныя гукі ў час раення — звінець, “кохаць” і інш. (пра матку)’ (слаўг., Нар. сл.), ’кукарэкаць’ (мазыр.). Рус. петь спяваць’, ’адпяваць нябожчыка’, ’гусці (пра мух)’, ’звінець (пра паштовыя шамкі)’, стараж.-рус. пѣти, польск. piać ’спяваць (пра пеўня)’, чэш. pěti ’спяваць’, ’усхваляць’, славен. pẹ́ti, макед. пее, балг. пе́я. У іншых слав. мовах — з пачатковым s‑ (z‑). Прасл. *pěti, *pojǫ < і.-е. *poi̯‑. Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 135) тлумачыць прасл. *pěti як каўзатыў ад дзеяслова *ріtі ’піць’, што пацвярджаецца тоеснасцю форм 1 ас., параўн. пою ’даю піць’ і пою ’спяваю’. Тут перанос значэння ’паіць’ > ’спяваць, усхваляць’ узыходзіць да паганскага абраду ахвярнай, пахавальнай выпіўкі. Паводле Аткупшчыкова (Этимология–1984, 196), разыходжанне адбылося на ўзроўні старажытных асноў (*poi̯‑ti > пѣть пры poi̯‑ti > поить).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маска́ль 1, мъскаль ’мянушка салдата царскай арміі на былой тэрыторыі Рэчы Паспалітай’ (Грыг., Шпіл., Дасл. (Гродна), Др.-Падб., Мал., Нас., Шат., ТС), ’рускі’ (Касп.), ’рускі стараабрадзец’ (Растарг.), маскоўка ’жонка салдата’ (петрык., хойн., Мат. Гом.), ’стараабрадка’ (Растарг.). Укр. моска́ль, московка, моско́вець, москва́ = москаль, рус. смал. моска́ль ’рускі стараабрадзец’. З польск. moskal, якое з тапоніма Масква (Фасмер, 2, 661; Кюнэ, 78). Да гэтай назвы адносіцца масква́ ’рускія салдаты’, ’рускія цесляры’, ’рускі купец’ (Нас.), маскоўка ’сякера рускай фабрыкі’, маскоўшнына ’мадэпалам’ (Нас., Бяльк.). Аб паходжанні назвы ракі і горада Масквы гл. Трубачоў (БСИ, 1981, 28–30).
Маска́ль 2, маскале́ (мн.) ’падасінавік’ (навагр., Жыв. сл.; беш., Нар. сл.). Рус. перм. моска́ль ’баравік’. Паводле формы да маскаль 1, аднак матывацыя наймення застаецца няяснай. Аналагічна гом. маска́ль, мыска́ль ’матылёк Libellula’ (параўн. таксама славац. žandár, польск. szandar ’тс’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Віць 1 ’балота з вокнамі’ (Жучк., 14). Няясна. Магчыма, славянскага паходжання, ад віць 2 з наступным мяркуемым развіццём значэння: *віць ’што-небудзь плеценае’ (параўн. рус. вить ’тс’) → ’праход з плятня праз балота → балота’. У семантычных адносінах параўн. гаць ’праход праз топкае месца, дарога праз гаць’ і гаць ’багна’. Не выключана балтыйскае паходжанне. Тапароў і Трубачоў (Лінгв. аналіз, 180) параўноўваюць таксама гідронімы Вить, Веть і інш. гэтага ж кораня з жэмайц. Витути, Витагола.
Віць 2 (БРС, Нас., Бяльк., Шат., Гар.). Рус. вить, укр. ви́ти, польск. wić, в.-луж. wić, н.-луж. wiś, чэш. víti, vijt, славац. viť, серб.-харв. ви̏ти, ви̏је̑м, славен. víti, балг. ви́я. Роднасныя літ. výti ’віць’, лат. vît, ст.-інд. váyati ’пляце, тчэ’, лац. víeo, viēre ’плясці’, гоц. waddjus ’вал’ (Траўтман, 346; Вальца–Гофман, 2, 786 і наст.; Фасмер, 1, 322).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гато́вы ’гатовы’. Параўн. рус. гото́вый, укр. готовий, польск. gotowy, серб.-харв. го̀тов, ст.-слав. готовъ. Прасл. *gotovъ ’тс’. Найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія Трубачова: *gotovъ гэта вытворнае ад *gotŭ (*gu̯ătu, супін да і.-е. *gu̯ā̆ ’ісці’). Да семантыкі параўн. ням. bereit ’гатовы’ (reiten ’ехаць конна’), fertig ’тс’ (да Fahrt ’паездка, падарожжа’); гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 70–72 (там і агляд шматлікіх іншых версій). Прасл. характар маюць і вытворныя: *gotovati: бел. гатава́ць (БРС, Нас., Касп., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Бяльк.), ст.-рус. готовати, укр. готува́ти, польск. gotować, серб.-харв. го̀твати, ст.-сл. готовати і г. д.; *gotoviti: бел. гато́віць (Бяльк., Сл. паўн.-зах.), рус. гото́вить, укр. гото́вити, польск. (старое) gotowić, серб.-харв. го̀товити, ст.-сл. готовити і г. д. Агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 69–70.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Даба́д ’лебедзь’ (Касп.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 178) мяркуе, што, відаць, гэта старое слова з цёмнай формай і, магчыма, праславянскае (праславянскі дыялектызм бел. мовы). Форма яго не дае ўпэўненасці ў тым, што яно звязана з прасл. *elbedь, *olbǫdь ’лебедзь’ (магчыма, паводле Трубачова, там жа. тут назіраецца табуістычная змена слова). Нягледзячы на тое што слова яўна дэфармаванае, можна меркаваць, што тут, магчыма, адбыліся фанетычныя змены (асіміляцыя): даба́д < лаба́д, а гэта ўжо значна бліжэй да магчымых прасл. форм; параўн. чэш. labuť, дыял. labudek, славац. labuť, labuď, labuda, польск. łabędź, серб.-харв. лабуд, славен. labod (параўн. Махэк₂, 316). Калі бел. дыял. дабад сапраўды з ранейшага *лаба́д ’лебедзь’, то гэта можа быць каштоўным сведчаннем таго, што ўсх.-слав. гаворкі мелі змешаны характар, г. зн. што ў іх маглі сустракацца элементы зах.-слав., а нават і паўд.-слав. тыпу.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ду́ма 1 ’дума, думка’, ду́маць, таксама дума́ ’думка’ (Нас., Касп., Шат.). Лексемы *duma, *dumati вядомы амаль ва ўсіх слав. мовах (акрамя чэш. і славац., дзе dumati, dumať запазычаны з польск.). Семантыка іх розная (’думаць’, ’памятаць’, ’гаварыць’, ’меркаваць’ і г. д.); падрабязны агляд форм, значэння гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 154–156. Найбольш абгрунтаванай этымалагічнай версіяй (агляд версій у Трубачова, там жа) з’яўляецца дапушчэнне сувязі *duma, *dumati з *dъmǫ, *dǫti ’дуць’ (адсюль і шматлікасць семантыкі адпаведных слоў у слав. мовах). Параўн. яшчэ Мартынаў, Лекс. взаим., 82–84. Ад *dumati ўтвораны бел. ду́мка, укр. ду́мка.
Ду́ма 2 ’ганарыстасць, пыха’ (Нас.). Запазычанне з польск. duma ’тс’, якое звычайна лічыцца герм. па паходжанню. Гл. Слаўскі, 1, 179; Брукнер, 103. Параўн. і ду́мны ’горды, ганарысты’ (гл.). Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 5, 154–156.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Клень ’рыба, падобная на язя’ (Жыв. сл.), ’галавень’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. клень, рус. клень ’тс’, балг. клен, серб.-харв. кле̏њ, славен. kleň, польск. kleń, славац. kleń, в.-луж. kleń ’тс’. Прасл. klenь ’тс’. Надзейнай этымалогіі няма. Супастаўленне з прасл. klinъ толькі тэарэтычна магчымае (гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 196). Больш верагодна супастаўленне з клён (гл.). Матывацыя наступная: час нерасту рыбы супадае з часам цвіцення клёна (Каламіец, Рыбы, 51–52). Аўтар прыводзіць іншыя назвы рыб, якія ўтварыліся ад назваў раслін. Апошнія цвітуць або пладаносяць у час нерасту рыб. Параўн. рус. земляничник, укр. березівка, бел. каласавік і інш. Прасл. klenь можна разглядаць як прыметнік klen‑jь, утвораны ад назоўніка klenъ пры дапамозе прадуктыўнага суфікса ‑jь з наступнай наміналізацыяй (Мартынаў, Дерив., 21–23). Тады klenъ ’клён’ > kleń‑jь ’кляновы’ > klenь ’галавень’ (кляновая рыба, кляноўка, параўн. укр. березівка).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бар рэстаран, бар’ (БРС). Рус. бар, укр. бар. Запазычанне з англ. bar ’стойка’ (< франц.). Гл. Шанскі, 1, Б, 37. Падрабязна (з літ-рай) аб гісторыі і распаўсюджанні ў еўрапейскіх мовах гл. MESz, 1, 242.
Бар! (бар‑бар!) ’падзыўное слова для авечак’ (гл. ДАБМ, № 305, Лысенка, ССП). Рус. бар‑бар‑бар, барь‑барь‑барь, барька, ба́ря‑ба́ря ’тс’, ба́рька ’авечка’, ба́ря ’баран’. Звязана з баран (гл.). Адкрытым застаецца пытанне аб першапачатковасці выклічніка ці назоўніка. Фасмер (1, 123), Махэк₂ (54) лічаць, што спачатку быў выклічнік (Коржынэк, LF, 58, 430). Параўн. яшчэ альпійскія (паўн.-італ.) словы для абазначэння авечкі, барана: bera, bar і г. д. Трубачоў (Происх., 76) мяркуе, што выклічнікі — вытворныя ад назоўнікаў (так і MESz, 1, 249, дзе венг. bari! — падзыўное слова для авечак < bárány ’баран’). Параўн. бару́сік! Гл. таксама паралелі пад бірко́вы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бары́цца ’марудзіць’ (Нас., Гарэц., Кос.), барі́цца (Бяльк.), бары́ць затрымліваць’ (Нас.). Ст.-бел. барити ’тс’ (Нас. гіст.). Укр. бари́тися, рус. дыял. (арл., кур., варонеж.) бари́ться ’тс’, бари́ть ’затрымліваць’. Цёмнае слова. Ільінскі (РФВ, 62, 251) бачыў тут аблаутную форму да і.-е. *bheu̯ā‑ ’быць’ + суф. ‑r‑ (*bhu̯ar‑ > *bar‑) і знаходзіў сувязь з серб.-харв. бо̀равити ’знаходзіцца’ (але аб серб.-харв. слове параўн. Чоп, SR, 12, 170–176, там і літ-pa). Іншая версія: сувязь з дзеясловам *variti (з часовым значэннем). Так, ужо Насовіч (Нас. гіст., пад барити), пазней Трубачоў (ZfSl, 3, 671). Але з семантычнага погляду гэта не пераконвае. Магчыма, таго ж паходжання, што і рус. дыял. ба́риться ’важнічаць; лодарнічаць, ляпіцца’ (параўн. і ноўгарад. бари́ться ’важнічаць’; усё ад ба́р(ин)); так ужо Даль (гл. Краўчук, БЛ, 1973, 4, 68). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 81.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)