залаты́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з золата, з’яўляецца золатам. Залаты самародак. Залаты пясок. // Зроблены з золата. Залаты пярсцёнак. // Вытканы, вышыты пазалочанымі ніткамі. Залатыя пагоны. // Які вылічаецца на золата, па курсу золата. Залаты размен. Залатая валюта.

2. у знач. наз. залаты́, ‑ога, м. Уст. Залатая манета; чырвонец.

3. Бліскуча-жоўты, падобны колерам да золата. На неба ўсходзіў месяц залаты. Купала. Залатыя промні працягнуліся праз вокны і ў Паходнеў пакой. Хадкевіч.

4. перан. Надта добры па сваіх якасцях; цудоўны, выдатны. Залаты характар. Залатыя словы. □ «Які мілы і залаты хлопец, — падумала.. [Магдалена]. — Як ён завіхаецца каля машыны і які рухавы». Чорны.

5. перан. Шчаслівы, радасны. Залаты час. Залатое дзяцінства. □ Маладая вясна, залатая пара! Будзь красна і ясна, Не шкадуй нам дабра! Колас.

6. перан. Дарагі, любімы. Залатыя мае дзеткі.

7. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Залатое дрэва. Залатая рыбка.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Залатая восень гл. восень.

Залатая галава гл. галава.

Залатая жыла гл. жыла.

Залатая моладзь гл. моладзь.

Залатая сярэдзіна гл. сярэдзіна.

Залатое вяселле гл. вяселле.

Залатое дно гл. дно.

Залатое руно гл. руно.

Залаты век гл. век.

Залаты дождж гл. дождж.

Залаты фонд гл. фонд.

Залатыя рукі гл. рука.

Залатыя словы гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́ва, ‑а; мн. дзі́вы, дзіў; н.

1. Нешта незвычайнае, тое, што выклікае здзіўленне. Загледзеўся [пан] на дзіва: такі недалужны конік, а цягне воз дроў, пад неба накладзены! Якімовіч. На твары ў .. [дзецюка] адбілася надзвычайнае здзіўленне: ён ніколі не бачыў такога дзіва, каб атаманам была дзеўка. Нікановіч. // Пра тое, што выклікае здзіўленне, захапленне сваімі выдатнымі якасцямі. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[аў]бок, Майстэрства дзіва. Колас. Было маленькае ярка-чырвонае дзіва на таку — малатарня. Мележ.

2. Разм. Здзіўленне. Старыя з дзівам паглядалі на свежыя хваёвыя слупы, што ўкопваліся ў зямлю. Бядуля. На дзіва ўсіх, шафёр адразу згадзіўся і выключыў матор. Кулакоўскі.

3. у знач. вык. Разм. Дзіўна. Я перачытаў гэтулькі кніг, што аж самому дзіва, колькі чалавек можа ўсяго перачытаць. Чорны. «Скуль іх [піянераў] столькі? — дзіва Гані: Ну, як макаў агарод!» Колас.

•••

Дзіва дзіўнае — вялікае дзіва. — Дзіва дзіўнае! — ускрыкнула Марыля, калі яны ўвайшлі ў Ладунькаву хату. — У печы не паліцца, а дым з коміна ідзе. Корбан.

Дзіва ўзяло (бярэ) каго — дзіўна каму‑н.

Дзіва што — безумоўна, так, несумненна.

Дзівам дзівіцца гл. дзівіцца.

Дзіву дацца гл. дацца.

На дзіва — надта добра, выдатна (удацца, выйсці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́хад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Апусканне (сонца, радзей — аб іншых свяцілах) за лінію гарызонта. [Максім Сцяпанавіч з Верай Антонаўнай] глядзелі на мора, на захад сонца — вялікага, крыху прыплясканага, вогненнага. Карпаў. // Час, калі сонца заходзіць, апускаецца за лінію гарызонта. На захадзе сонца, стомлены і галодны, вяртаўся Міхаіл Парфенчык дадому. Шчарбатаў. // Частка гарызонта, дзе заходзіць сонца. Вячэрняя зара ўжо ахапіла захад. Чарнышэвіч. // Вогненна-чырвоная афарбоўка неба над гарызонтам у той час, калі заходзіць сонца. Пявунні даўно ўжо ўвайшлі ў цень ад высокага бору, а ўзняты іхнімі босымі нагамі пыл павіс над дарогай, румяніцца воблакам у праменнях захаду. Ракітны. Калі [Іван і Сымон] вярнуліся, рака ўжо адлюстравала барвовы захад. Данілевіч.

2. Адзін з чатырох напрамкаў свету, процілеглы ўсходу. Паўнеба на захадзе было пакрыта агромністай цёмнай хмарай. Лынькоў. // Напрамак, процілеглы ўсходу. Машыны, танкі, артылерыя ішлі бесперапыннай плынню ў адным кірунку — на захад. Шамякін. // Мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

3. (з вялікай літары). Краіны Заходняй Еўропы і Амерыкі ў процілегласць краінам сацыялістычнай садружнасці.

•••

Паўднёвы захад — а) напрамак паміж поўднем і захадам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

Паўночны захад — а) напрамак паміж поўначчу і захадам; б) мясцовасць, частка краіны, дзяржавы, размешчаная ў гэтым напрамку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смуга́, ‑і, ДМ смузе, ж.

1. Лёгкая, падобная на дым атмасферная пялёнка, дымка, туман. Агорнутыя сіняватаю смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца. Колас. Неба тым часам усё хмурнела. Смуга зрабілася хмарай і схавала сонца. Чарнышэвіч. Ранішняя смуга памалу рассейваецца. С. Александровіч. Дарогі знікалі недзе за Мінскам у летняй смузе, недзе вельмі далёка. Мележ. // Непразрыстае воблака, пялёнка з пылу, дыму, снегу і пад. Залацістая пыльная смуга шугала ад саламатрэса. Паслядовіч. // Покрыва чаго‑н., сляды ад чаго‑н. Напярэдадні прайшоў спорны веснавы дождж, першы ў гэтым годзе. Ён абмыў з зямлі ўсю смугу, што засталася ад зімы. Шахавец. На кожнай яблыні, на ліпе Смуга пажоўклая вісела. Бялевіч. Пасля на вуголлі пачала ўвачавідкі расці тоненькая смуга попелу. Быкаў.

2. перан. Тое, што перашкаджае ясна бачыць, затуманьвае. Вочы.. [Марынкі] ахутваліся смугой, калі яна задумвалася і глядзела перад сабой. Хадкевіч. // Тое, што перашкаджае разумець што‑н. І страх у панскіх мыслях блудзіць, Смуга ў свядомасць забрыла. Колас. // Выраз, праяўленне на твары якога‑н. настрою. Смуга на твары, нібы скруха... Кусянкоў.

3. перан. У некаторых выразах выкарыстоўваецца для абазначэння няяснасці, няпэўнасці. У смузе гадоў. Скрозь смугу стагоддзяў. // Загадкавасць, тайна. Толькі час над сном маленства ўявіўся, Разагнаў рамантыкі смугу. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́ма 1, ‑ы, ж.

1. Круты схіл, абрыў. На самай бязлеснай верасовай наддарожнай строме высілася на старасвецкім камені-пастаменце мускулістая, упартая і магутная фігура спалоханага лася — жыхара беларускіх лясоў. Пташнікаў. [Іван] толькі азіраўся на край стромы, дзе вось-вось павінны былі паказацца немцы. Быкаў. Няма на імшарах палескіх Скалістых аснежаных стром... Аўрамчык.

2. Месца ў рацэ, дзе цячэнне асабліва імклівае. Строма ракі блішчэла, як друз шкла. Ваданосаў. Згадалася Ганне, як калісьці школьная настаўніца вучыла плаваць яе, малую, бо яна ніяк не адважвалася плысці на строму. Дубоўка. Люблю лясоў зялёных гоман, Крыштальны звон тваіх крыніц, І плынных рэк віры і стромы, І сполахі начных зарніц. Валасевіч. / у перан. ужыв. Трапіўшы ў людскую строму, Краўчанка апынуўся ў канцэртнай зале. Мікуліч. Жанчына накіроўвала кіпучую строму рабочых слоў. Чорны.

стро́ма 2, прысл.

1. Прама ўверх, перпендыкулярна. Цёмнай стужкай дарога клалася ўзбоч лесу, выгіналася крукам на полі, потым строма паўзла ўгару. Савіцкі. Белыя кроны строма вырысоўваліся на фоне яшчэ не зусім сцямнелага неба, нагадвалі купал старажытнай вежы. Дуброўскі. [Вася] паставіў драбіны амаль строма, а збоку, каб лішне не ціснуць на дрэва, падпёр іх жардзінай з рагулькай на канцы. Навуменка.

2. перан. Рэзка, рашуча. Андрэй строма абарваў сваю гутарку і адвярнуўся ў акно. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суцэ́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які цягнецца без прамежкаў, перапынкаў; цалкам займае сабой якую‑н. прастору. Ад сяла да лесу, што суцэльнай сцяной сінее наперадзе, вярсты тры. Навуменка. І неба і зямля зліліся ў суцэльным віхры снежнага пылу і цемрадзі. Колас. // Які распаўсюджваецца на ўсіх ці ўсё; ахоплівае ўсіх без выключэння; паўсюдны, усеагульны. Суцэльная электрыфікацыя. Суцэльная калектывізацыя. Суцэльная пісьменнасць. □ Прынцып суцэльнага запісу слоў быў прынят Камісіяй у якасці рабочага метаду і для складальнікаў краёвых слоўнікаў. Гіст. бел. літ. мовы. // Спец. Які не надзяляецца на пласты па сваёй структуры (пра рэчыва). Суцэльны граніт. Суцэльная парода.

2. Які не мае ў сабе нічога іншага, без дабаўлення чаго‑н.; які цалкам складаецца з чаго‑н. [Бацька:] — Я ж, дарагі Цярэшка, прафесійны злачын[е]ц, як кажуць прыстойныя людзі, і ўсё маё жыццё — суцэльная рызыка. Мікуліч. Змаганне .. [чалавека] з засухай ператвараецца ў суцэльную, бясконцую пакуту. Сачанка.

3. Зроблены з аднаго кавалка; не састаўны. Ёсць храмы, высечаныя з суцэльнай скалы. «Полымя». Насціл на мосце быў зроблены не з суцэльных дошак, а з палавінак. Сабаленка.

4. перан. Адзіны, непадзельны. Сотню коннікаў, сотню пяхоты, абоз і фурманкі з параненымі... — усё гэта, як суцэльную баявую адзінку, трэба было зберагчы ад разгрому. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сфе́ра, ‑ы, ж.

1. Шар ці яго паверхня знутры (пра зямны шар, купал неба). Зямная сфера. Нябесная сфера.

2. У геаметрыі — замкнутая паверхня, усе пункты якой аднолькава аддалены ад цэнтра; паверхня шара.

3. чаго. Прастора, якая знаходзіцца ў межах дзеяння чаго‑н.; межы распаўсюджання чаго‑н. Сфера прыцягнення планеты. У сферы кулямётнага агню. // Галіна чаго‑н. (якой‑н. дзейнасці, праяўлення якіх‑н. адносін, інтарэсаў і пад.). Сфера вытворчасці. □ [Дзерваедаў:] — Нам не трэба забываць, Васільевіч, што мы — сфера абслугоўвання і павінны даваць людзям утульнае даўгавечнае жыллё... Радкевіч. У старажытнасць важнейшай сферай выкарыстання беларускай мовы была дзелавая пісьменнасць. Булыка. // (у спалучэнні з займеннікамі: «мой», «твой», «свой», «яго» і пад.). Прывычнае кола заняткаў, інтарэсаў, натуральныя абставіны. Гэта проста .. [Курловіч] быў не ў сваёй сферы, бо прыходзілася не загадваць, а прасіць. Скрыган.

4. Грамадскае акружанне, асяроддзе. Навуковая сфера.

5. толькі мн. (сфе́ры, сфер). Кола асоб, якія аб’яднаны агульнасцю сацыяльнага становішча або заняткаў. Дыпламатычныя сферы. Дзелавыя сферы. // (у спалучэнні са словам «вышэйшыя»). Прывілеяваныя колы грамадства. — Хіба, можа, ты [Балоціч] што-небудзь чуў? Ты ж маеш доступ у «вышэйшыя сферы», а нам туды зачынены дзверы, — даволі суха адказаў Лабановіч. Колас.

•••

Сфера ўплыву — тэрыторыя залежнай краіны, якая знаходзіцца пад палітычным ці эканамічным кантролем адной з імперыялістычных дзяржаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.

1. што і чаго. Насыпаць чаго‑н. куды‑н.; высыпаць. Андрэй, як і Алёша, расцёр на далоні колас, прадзьмуў зерні і ўсыпаў у рот. Лобан. Маці знайшла торбу і ўсыпала ў яе з гарнец бульбы. Якімовіч.

2. што. Пакрыць усю паверхню чым‑н. сыпучым. Снег усыпаў зямлю. □ Апалыя лісты ўсыпалі сцежкі і мокрую траву. Грахоўскі. // перан. З’явіцца на паверхні чаго‑н. у вялікай колькасці. Гракі ўсыпалі ўсё ржышча, і яно здавалася жывым, нібы рухалася. Хомчанка. Зоры чыстыя, буйныя ўсыпалі неба. Карпаў.

3. каму. Разм. Пабіць або вылаяць каго‑н. [Ян:] — От здыму папругу ды як усыплю, то навучышся і сеяць і са старэйшымі гаварыць. Чарнышэвіч. // Узяць пад арышт. — Што з ім [Іванам] рабіць? Мо паклікаць участковага, хай усыпле сутак пятнаццаць? — ні то папытаў, ні то прапанаваў вусаты дзядзька Мікалай. Місько. // Нанесці ўдар па ворагу. [Мірановіч] успамінаў апошні свой бой, і тады то дакараў сябе, што не ўбярогся, то адчуваў задаволенасць, што ўсё ж немцам усыпалі і што ён сам падбіў танк... Марціновіч.

•••

Усыпаць бярозавай кашы каму — тое, што і даць бярозавай кашы (гл. даць).

Усыпаць гарачых (бізуноў) — пакараць каго‑н., адсцябаць, выхвастаць.

усыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да усы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Яркі, светлы. Ясныя колеры залівалі заводскі двор. Чорны. На ясным небе загараліся зоркі. Колас.

2. Бязвоблачны, бясхмарны, чысты. У небе не было ні хмаркі, стаяў ясны сонечны дзень. Гурскі. Не пакідай, мой вечар ясны, Злажыўшы крылы на зары, Як месяц чысты, непагасны, Як рэха летняе ў бары. Вярба. // перан. Нічым не засмучаны; ціхамірны. Твар у.. [Кіры] быў чысты, ясны. Карпаў.

3. перан. Які не патрабуе дадатковага тлумачэння; зразумелы, просты. Усе ўважліва слухаюць простыя і ясныя словы. Якімовіч. [Міканор:] — Адным словам, абстаноўка ясная. Мележ.

4. Акрэслены, добра бачны, выразна ўспрымальны. Ясныя абрысы гор. Ясная дыкцыя. Ясны почырк. Ясны гук званоў. □ Глядзі, якія ясныя шляхі Адкрыты перад намі. Кірэенка.

5. Лагічны, пераканаўчы, дакладны. Ясны адказ. // Здольны лагічна мысліць. Ясны розум падказваў Кастусю, што яшчэ не ўсё страчана. Якімовіч. Галава была на дзіва яснай, светлай, увага іранічна сканцэнтраванай. Васілёнак.

6. Уст. Знатны, вяльможны, багаты. Нарэшце пасланец перадае лёкаю ад яснай пані 25 рублёў гасцінца і абяцанне прыбаўкі 5 рублёў у месяц да яго заробку. Мядзёлка.

•••

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

Як гром з яснага неба гл. гром.

Ясная справа гл. справа.

Ясны сокал (нар.-паэт.) — тое, што і сокал (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацягну́ць 1, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, даставіць куды‑н. Перад світаннем Грысь зацягнуў у кусты лодку, прыкрыў яе зялёным веццем, папаратнікам. Кулакоўскі. [Андрэй і Аўрам] воз зацягнулі ў гумно і пайшлі ў хату. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Гіганцкую жывёліну зацягнула пад кіль і смяртэльна параніла вінтом. Матрунёнак.

2. перан. Разм. Сілаю, угаворамі прывесці куды‑н., прымусіць зайсці куды‑н. На першым услоне сядзелі дзве бабулькі. Іх сілай зацягнуў старшыня сельсавета Міхаіл Сцяпанавіч Карэба і знарок пасадзіў наперадзе, на «самае ганаровае месца». Гаўрылкін. Гэты юнак аднаго разу зацягнуў Максіма на патаемны сход, які адбываўся ў хатцы на самым беразе ракі. Мікуліч.

3. Уцягнуць у сярэдзіну, унутр чаго‑н. — Адрэж кавалак дратвы, навашчы і зацягні ў іголку. Якімовіч. [Натка] зацягнула новыя шнуркі ў чаравікі. Васілевіч. // Уцягнуць, засмактаць куды‑н. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

4. Удыхнуць, уцягнуць у сябе (дым, паветра і пад.). Зірнулі хлопцы на Антося І сліну ўсе яны глынулі, Паветра носам, зацягнулі. Колас. // Разм. Закурыць. А пасля зацягнуў [стары] сваю вялізную люльку і прыхіліўся па канапе адпачыць. Кавалёў.

5. Накрыць тонкім слоем чаго‑н. Уночы быў невялікі замаразак, ён зацягнуў лужынкі тонкім ільдом. Хомчанка. Цюкнула дурнота дрэва сякераю, але яно загоіць сваю рану,.. зацягне маладою карой. Ермаловіч. / у безас. ужыв. [Дрэвы] засынала зямлёй, зацягнула балотнаю тванню. Лынькоў. // Пакрыць чым‑н. нацягнутым. Жанчыны ў белых халатах страшэнна да ўсяго прыдзіраліся. Яны загадалі ў вокнах выняць форткі, а дзіркі зацягнуць марляй — для вентыляцыі. Нядзведскі. // безас. Загаіцца, зажывіцца (пра рану). // Завалачы (пра дым, туман і пад.). Усчаўся моцны вецер, неба зацягнулі хмары, і сыпануў дождж — золкі, халодны, і як у познюю восень. Савіцкі. / у безас. ужыв. Неба зацягнула нізкімі хмарамі, заходні вецер даносіў той няўлоўны своеасаблівы пах снегу, які адчуваецца ў адліжныя дні. Шамякін. Раку паступова зацягнула туманам. Місько.

6. Пацягнуць, расправіць (занавеску і пад.) так, каб закрыць, засланіць што‑н. [Алена] хуценька разабрала.. [бацькаву] пасцель, зацягнула над ложкам занавеску. Кулакоўскі.

7. Туга завязаць, сцягнуць. Зацягнуць вузел. Зацягнуць пятлю. □ Калі скалане паветраная дарога, Над крэслам тужэй зацягні рамяні. Макаль.

8. Заняць чым‑н. часу больш, чым меркавалася; затрымаць заканчэнне чаго‑н. Зацягнуць сяўбу. □ Вітаючыся з Ірынай за руку, Салаўёў неяк міжвольна зацягнуў гэтае вітанне. Шахавец.

9. Шчыльна закруціць, зашрубаваць. Зацягнуць гайку.

•••

І на вяроўцы (на ланцугу, ланцугом, на аркане) не зацягнеш каго — пра таго, хто рашуча адмаўляецца ісці куды‑н., рабіць што‑н.

зацягну́ць 2, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., што.

Разм. Заспяваць. Студэнты, размясціўшыся ў сярэднім купэ, зацягнулі песню, а той, у футболцы, ужо іграў на мандаліне. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)