краса, ‑ы, ж.
1. Тое, што робіць каго‑, што‑н. прывабным; хараство, прыгажосць. Белыя пралескі на прагалінах убіралі зямлю сонечнай красой вясковай. Лынькоў. Запомніўся мне аднастайны і роўны шум пушчы, што стаяла ў красе асенняга золата. Краўчанка.
2. Пра што‑н. прыгожае, цудоўнае. Дзе столькі ласкі, красы і прывету, як на Савецкай шчаслівай зямлі! Машара. Я шчаслівы, Што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі, Дзе такія густыя лясы І такія спакойныя рэкі, Дзе вясной непаўторна штораз Зелянеюць разлогі-палі, Дзе ўладар гэтай дзіўнай красы — Ты, народ мой, на вечныя векі! Гілевіч.
3. Прыгожы, прывабны выгляд. Хто бачыў яе, той забыць век не мог Красы яе светлай, дзявочай. Танк. Прабачце мне, цудоўныя палацы, Не вашай любаваўся я красой. Панчанка.
4. Упрыгожанне, слава чаго‑н. Зноў адновім сталіцу Радзімы, Беларусі Савецкай красу. Астрэйка. Заўсёды ў паходзе маё пакаленне Нап’ецца з твае жыватворнае нашы Празрыстых, як неба, як сонца, струменяў, О Нарач! Краса беларуская наша. Хведаровіч.
5. Пылок на цвітучых злакавых раслінах.
•••
Ва ўсёй (сваёй) красе — а) у харастве, раскошы. Тады Мазыр ва ўсёй красе раскінуўся перад вачыма. Дубоўка; б) (іран.) з усімі недахопамі. Адным словам, уся «тэхналогія» так званага дысертанта раскрывалася ва ўсёй сваёй красе. «ЛіМ».
Для (дзеля) красы — у якасці ўпрыгожання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)