сфера, ‑ы, ж.

1. Шар ці яго паверхня знутры (пра зямны шар, купал неба). Зямная сфера. Нябесная сфера.

2. У геаметрыі — замкнутая паверхня, усе пункты якой аднолькава аддалены ад цэнтра; паверхня шара.

3. чаго. Прастора, якая знаходзіцца ў межах дзеяння чаго‑н.; межы распаўсюджання чаго‑н. Сфера прыцягнення планеты. У сферы кулямётнага агню. // Галіна чаго‑н. (якой‑н. дзейнасці, праяўлення якіх‑н. адносін, інтарэсаў і пад.). Сфера вытворчасці. ▪ [Дзерваедаў:] — Нам не трэба забываць, Васільевіч, што мы — сфера абслугоўвання і павінны даваць людзям утульнае даўгавечнае жыллё... Радкевіч. У старажытнасць важнейшай сферай выкарыстання беларускай мовы была дзелавая пісьменнасць. Булыка. // (у спалучэнні з займеннікамі: «мой», «твой», «свой», «яго» і пад.). Прывычнае кола заняткаў, інтарэсаў, натуральныя абставіны. Гэта проста .. [Курловіч] быў не ў сваёй сферы, бо прыходзілася не загадваць, а прасіць. Скрыган.

4. Грамадскае акружанне, асяроддзе. Навуковая сфера.

5. толькі мн. (сферы, сфер). Кола асоб, якія аб’яднаны агульнасцю сацыяльнага становішча або заняткаў. Дыпламатычныя сферы. Дзелавыя сферы. // (у спалучэнні са словам «вышэйшыя»). Прывілеяваныя колы грамадства. — Хіба, можа, ты [Балоціч] што-небудзь чуў? Ты ж маеш доступ у «вышэйшыя сферы», а нам туды зачынены дзверы, — даволі суха адказаў Лабановіч. Колас.

•••

Сфера ўплыву — тэрыторыя залежнай краіны, якая знаходзіцца пад палітычным ці эканамічным кантролем адной з імперыялістычных дзяржаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)