апрацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. У працэсе вытворчай аперацыі абрабіць што‑н. Апрацаваць дэталь. □ Са шкурамі было шмат клопату: трэба было зняць іх, крыху апрацаваць, падсушыць. Маўр. // Уздзейнічаць чым‑н. з мэтай надаць патрэбныя якасці, уласцівасці. Апрацаваць што-небудзь кіслатой. // Спец. Ачысціць, дэзінфіцыраваць. Няўпэўненымі рухамі [Саша] апрацавала .. чорную ранку, з дапамогай Анатоля старанна забінтавала. Шамякін. // Разм. Зрабіць артылерыйскі абстрэл або бамбардзіроўку пазіцый непрыяцеля.

2. Падрыхтаваць для пасеву, пасадкі. Адзін толькі «Свецік» Назара Трацюка апрацаваў сёлета.. тысячу восемсот гектараў! Паслядовіч.

3. Надаць чаму‑н. завершаны выгляд; зрабіць больш дасканалым. [Крушынскі і Стэфка] разам меркавалі.., разам апрацавалі праграму. Бядуля. Вось вам верш, які мой сусед апрацаваў, пакуль мы з вамі гутарылі. Крапіва.

4. Разм. Уздзейнічаць на каго‑н. у пажаданым кірунку, схіліць на свой бок. [Платон:] — Не ведаю я, як можна апрацаваць шляхціца, калі ён, можна сказаць, нарадзіўся мужыцкім ворагам. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абудзі́цца, абуджуся, абудзішся, абудзіцца; зак.

1. Перастаць спаць, прачнуцца. Абудзілася Вера ад лёгкага стуку ў акно. Паслядовіч. Узяўся [Міхалка] за ключ. Павярнуў раз і абамлеў: ключ.. так загрымеў, што напэўна ўсе абудзілася. Колас.

2. перан. Перастаць быць спакойным, напоўніцца чым‑н. Барсукова Гара, дзе вызначана было чатырыста пнёў лесу на школу, маўклівая і па-зімоваму сумная, аднае раніцы абудзілася вясёлым гоманам. Крапіва. // Вярнуцца да жыцця, дзейнасці, аднавіць жыццёвыя працэсы. Прырода абудзілася да новага жыцця. Мурашка.

3. перан. Узнікнуць, выявіцца (пра пачуцці, уласцівасці, якасці). — От, паненачка, набраліся б вы з панічом, далібог, — з жарам і зусім іншым тонам прамовіла бабка, і ў ёй адразу абудзілася жанчына-свацця. Колас. [Іван] спазнаў ужо прыхільную лагоднасць.. [Джулінай] душы, да якой міжвольна памкнуўся і сам, і ў ім абудзілася даўно ўжо не адчуваная патрэба ў шчырасці. Быкаў.

4. перан. Ачнуцца. Сход абудзіўся ад маўчанкі і ўспыхнуў смехам. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак.

1. каго-што. Зрабіць падлік; злічыць. Дзяўчына адчыніла чорны бліскучы радыкюльчык, дастала з яго маркі, палічыла, аддала Косціку. Арабей.

2. Прыйсці да якой‑н. думкі аб чым‑н.; вырашыць. Аставацца тут на прывале Букрэй палічыў небяспечным. Колас. Усе палічылі, што Нічыпар проста змарыўся. Асіпенка. // што. Расцаніць, успрыняць якім‑н. чынам. Мікіта не заўважыў іранічнага тону і палічыў бацькаў адказ за добры знак. Колас. // за каго-што. Прыняць каго‑н. за каго‑н. іншага, за што‑н. іншае. — Я зацікавіўся Бабровым пасля таго, як мяне аднойчы палічылі за яго. Гамолка. // кім, за каго. Уявіць сябе або каго‑н. у якой‑н. ролі, якасці. [Ланге:] Ты палічыў сябе кіраўніком і вырашыў, што толькі тваё жыццё — жыццё, а таварышаў... Маўзон.

3. каго-што і без дап. Лічыць некаторы час. Палічыць на лічыльніках.

•••

Палічыць рэбры — пабіць, збіць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаму́ 1, прысл.

1. пытальнае. З якой прычыны? І мне зноў успомніўся Галас. Чаму ён не згадзіўся ісці са мною праз лес? Колас.

2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова ў дапаўняльных сказах і адпавядае словам: па якой прычыне. Калі Марыя даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала. С. Александровіч.

3. у знач. злучн. Далучае сказы са значэннем выніку і адпавядае словам: таму, у выніку гэтага. І я ў захапленні, радасны і горды За свой край, народ, Убіраю ў сэрца дзіўныя акорды, Творчай сілы ўзлёт... Вось чаму я сёння не тужу па леце, Па сваёй вясне. Колас. На чым толькі мог [Даніла] ашчаджаўся, не траціў лішняе капейкі.. Вось чаму, калі часам дзеці ці жонка прасілі купіць селядца да бульбы ці алею да шаткаванай капусты, Даніла заўсёды знаходзіў што сказаць. Пальчэўскі.

чаму́ 2,

гл. што ​1 (у 1, 8 і 9 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наўда́, рэдка на́ўда, ноўда ’карысць, выгада’ (Шпіл., Сл. ПЗБ, Арх. Федар., Сцяшк. Сл., Цых., шчуч., З нар. сл.), ’патрэба, неабходнасць’ (Федар., Сл. ПЗБ), ’навіна, дзіва’ (Шн. 3, Яўс., Янк. БП; бялын., Нар. сл.), ’асаблівасць, важнасць’, звычайна іранічна ў выразе: вялікая наўда (Чач., Нас., Яруш., Гарэц., Шат.), ’смутак, бяда’ (Яруш., слуц., чэрв., Мат.). Бясспрэчны балтызм, у якасці крыніцы ўказваюць літ. naudà ’карысць, выгада, грошы, дабро’, лат. nauda ’тс’, гл. Лаўчутэ, Балтизмы, 48 (з л-рай), сюды ж прус. Nauden (ул. імя), гл. Непакупны: Балт. яз. и их взаимодействие, 22; упершыню ў якасці літуанізма адзначыў Насовіч, спасылаючыся на літ. nauda ’дробная манета’ (Нас., 300), што павінна тлумачыць іранічнае ужыванне слова ў беларускай мове ў значэнні ’асаблівасць, важная рэч’; адзначаецца спецыфічнае ужыванне лях. наўда́, калі гаворыцца аб з’явах, якія адбываюцца незалежна ад жадання і волі чалавека: наўда ўпасці (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1971, 1, 94); значэнне ’годнасць, прыгажосць’, параўн. наўда яна на морду, адзначанае Арашонкавай і інш., выводзіцца хутчэй за ўсё са значэння ’дабро, вартасць’, параўн. літ. naudà mergà ’добрая, удалая дзяўчына’ (БЛ, 3, 1973, 31, там жа карта распаўсюджання слова ў межах БССР). Краўчук (Лекс. балтызмы, 15) беспадстаўна аддзяляе наўда ’смутак’ насуперак Карскаму (Труды, 393) ад наўда, ноўда ’карысць’ і ўзводзіць яго да прасл. *nav‑, *ny‑ ’смерць, зморанасць, стомленасць’, параўн. ст.-рус. навь, чэш. unaviti і г. д., на падставе чаго *навьда ’смутак’, што малаверагодна, паколькі значэнне ’смутак’ магло ўзнікнуць на граніцы арэала ў выніку народнаэтымалагічнага збліжэння са словамі нуда́ ’журба, смутак, маркота’. У беларускую літаратурную мову ў значэнні ’патрэба, справа’ слова ўведзена Ф. Багушэвічам (Мар. дыс., 50) і шырока ужывалася ў мастацкай літаратуры ў 20‑я гады XX ст., з другой палавіны 30‑х гадоў ужываецца рэдка (Германовіч, Аб нек. асабл., 10–12; Гутшміт, ZfSl, 19, 1974, 2, 268).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́ставіць сов.

1. (вынуть) вы́ставить;

в. ра́му — вы́ставить ра́му;

2. (вперёд, наружу) вы́ставить, вы́двинуть; вы́сунуть;

в. нагу́ — вы́ставить но́гу;

3. (вынув откуда-л., поставить куда-л.) вы́ставить;

в. тале́ркі з буфе́та на стол — вы́ставить таре́лки из буфе́та на стол;

4. перен. вы́ставить, вы́двинуть;

в. кандыда́та — вы́ставить (вы́двинуть) кандида́та;

5. перен. (сослаться, привести в доказательство) вы́ставить, вы́двинуть;

в. у я́касці аргуме́нтаў — вы́ставить (вы́двинуть) в ка́честве аргуме́нтов;

6. (для обозрения) вы́ставить;

7. перен. предста́вить;

в. у дрэ́нным святле́ — предста́вить в дурно́м све́те;

в. на смех — подня́ть на смех;

в. фі́гу — показа́ть фи́гу

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ступе́нь, ‑і, ж.

1. Гарызантальны выступ лесвіцы, на які ступаюць пры пад’ёме або спуску. Стаіць наш дзядзька ў задуменні, Не смее ўзняцца на ступені: Баіцца ён мужычым ботам, Прапахлым дзёгцем, здорам, потам, Тут наслядзіць або напляміць. Колас. // Выступ, уступ на паверхні чаго‑н. Ступень шківа. Ступені пласкагор’я.

2. перан. Этап у развіцці, здзяйсненні чаго‑н. Ступень развіцця прадукцыйных сіл. □ Камунізм — гэта вышэйшая ступень грамадскага развіцця. «Звязда». Ішоў [Васіль Іванавіч] са ступенькі на ступеньку, ад малога да большага, ад непрыкметнага чалавека да выдатнага дзеяча. І кожная ступенька супадала з тымі вялікімі ступенямі, якія праходзіла і ўся краіна. Лынькоў.

3. (з прыназоўнікамі «у», «да» і азначэннем). Мера праяўлення якой‑н. якасці, дзеяння і пад. У значнай ступені. Да некаторай ступені. □ Усё, што гаварыў Ладынін, было ў нейкай ступені папрокам яму, і .. [Максім] разумеў гэта. Шамякін. [Фрося:] — Не баюся тваіх сабак. Я ўжо цкаваная... Гэта «не баюся» давяло лесніка да самай вышэйшай ступені нечалавечага гневу. Бядуля.

4. (у спалучэнні з лічэбнікам). Разрад, падраздзяленне ў структуры чаго‑н. Дыплом першай ступені. □ Шаўчук, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, адпушчаны дахаты. Брыль. // Стадыя (пра апёк, абмарожванне). Апёк першай ступені. // Узровень, на якім знаходзіцца хто‑, што‑н., якога дасягнуў хто‑н. Балада «Смерць Маланні» ўзняла паэта на новую ступень глыбокага пранікнення ў псіхалогію савецкага чалавека. «ЛіМ». // Мяжа, граніца чаго‑н. Вісарыён .. прадоўжваў работу ва ўмовах поўнай канспірацыі. Гэта была вышэйшая ступень суровай школы падпольшчыка-бальшавіка. Самуйлёнак.

5. Вучонае званне. Прысудзіць ступень доктара навук. □ [Рыгор:] — І дысертацыю напішу... Толькі такую, каб ніхто не мог мяне ўпікнуць, што я толькі ступень атрымаць імкнуся. Арабей.

6. У музыцы — кожны гук музычнага гукарада, тэмы, ладу.

7. У матэматыцы — здабытак роўных сумножнікаў. Ікс у пятай ступені.

8. Частка састаўной ракеты, якая забяспечвае яе палёт на пэўным участку траекторыі і аддзяляецца пасля выгарання паліва, што знаходзіцца ў ёй. Нямала панайшло дзяцей, Глядзяць у захапленні: Ракета на вачах расце, Гатовы дзве ступені. Калачынскі.

9. мн. ступе́ні, ‑ей; ж. і ступяні́, ‑ёў; м. Абл. Ступні. Ступені яе [Гертруды] ног былі ўжо спрэс у крыві. Чорны. Вялікія, плоскія сляды сымонавых ступянёў чарнелі на .. [снезе]. Кулакоўскі. // След. [Лукаш:] — Во, глядзіце, сляды, — і ён паказаў гаспадыні ступяні ад сваіх жа ног. Лобан.

•••

Вышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая называе якасць, уласцівую гэтаму прадмету ў большай меры, чым іншаму.

Звычайная ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая з’яўляецца зыходнай пры супастаўленні з вышэйшай і найвышэйшай.

Найвышэйшая ступень параўнання — форма якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якая абазначае вышэйшую ступень якой‑н. якасці.

Ступені параўнання — формы якасных прыметнікаў і прыслоўяў, якія выражаюць якасць прадмета безадносна да яго меры (звычайная ступень) або параўнальна большую ці самую высокую меру якасці (вышэйшая і найвышэйшая ступень).

Ступень сваяцтва — від сваяцкіх адносін паміж членамі аднаго роду.

Да такой ступені — настолькі, так.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мачы́ць ’рабіць мокрым, вільготным’, ’трымаць у чым-небудзь вадкім, каб надаць пэўныя якасці’, ’насычаць вадкасцю’, ’засольваць (агародніну, грыбы, фрукты)’, мачы́цца ’рабіцца мокрым’, ’мокнуць’ (ТСБМ, Янк. 1, Бяльк., Яруш., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС; докш., Янк. Мат.). Укр. мочи́ти(ся), рус. мочи́ть(ся), польск. moczyć, н.-луж. mocyś, в.-луж. močić, чэш. močiti, славац. močiť, славен. mocíti, серб.-харв. мо̀чити, мо̀чати, макед. моча, балг. мочам. Прасл. močiti асновы mok‑, якая праглядвае ў бел. мокнуць ’станавіцца вільготнай’, ’псавацца ад празмернай вільгаці’, ’ляжаць у вадзе’ (ТСБМ, ТС; міёр., З нар. сл.), укр. (про‑)мокнути, рус. мокнуть, польск. moknąć і г. д., прасл. moknǫti, роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. makė́ti ’уступіць у балота’, maknóti ’ісці па гразі’, лат. maknît ’ісці па балоце’, літ. makónė ’лужа’, makalỹnė ’гразь, слота’, лат. makņa ’балота, дрыгва’ (Бернекер, 2, 69; Мюленбах-Эндзелін, 2, 554; Фасмер, 2, 640; Бязлай, 2, 190).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мяду́ніца1, медуніца ’вятроўнік шасціпялёсткавы, Filipemdula hexapetala Gilib. (Бяльк.; маг., Кіс.), укр. медуниця. Да медуніцах (гл.). Назва перайшла з расліны спірэя, якая раней называлася Spiraea filipendula. Аналагічна ў польск. мове tawula — ’спірэя’ і ’вятроўнік’.

Мяду́ніца2, мядуніца лугавая ’пылюшнік вузкалісты, Thalictrum angustifolium Jacq.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1). Укр. медунка, медуниця, рус. калуж. медуница, медуничник ’тс’. Відавочна, да мёд: расліна выкарыстоўвалася ў якасці прынады для таго, каб у вулей прыйшоў малады рой пчол, як і меліса, якая ў чэш. мове мае назвы: meduhka (ст.-чэш. medunice), medunka, у славац. medovka, mädonicaJ mädka, у польск. miodunka, балг. медуника.

Мяду́ніца3 ’мінушкі звычайныя, Chrysosplenium alternifolium L.’ (маг., Кіс.). Няясна.

Мядуніца4, мядунка ’канюшына палявая, Trifolium arvense L.’ (віц., Кіс.), рус. цвяр., алан., арханг. медуница, медуничник ’тс’, перм. медунка ’чырвоная канюшына’; польск. miodunka, балг. медован трилистник ’канюшына’. Да мёд (гл.): расліна з’яўляецца меданосам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кно́раз ’самец свінні, кныр’ (ТСБМ, Нас., ТС, Сл. паўн.-зах., Жд. 2, Бяльк., Сержп. Грам., Мядзв., ДАБМ, Грыг., Гарэц., Янк. II). Укр. кнороз, рус. кнороз ’тс’, польск. kiernoz, славац. kornáz, в.-луж. kundroz, н.-луж. kjandrozʼ ’тс’. Формы заходнеславянскія фанетычна адрозніваюцца ад усходнеславянскіх (лужыцкія не адпавядаюць цалкам іншым заходнеславянскім). З адменным пачаткам паўднёваславянскія назвы кнораза: балг. нерез, серб.-харв. не̏раст ’тс’ (гл. Слаўскі, 2, 155 і ў апошні час Аткупшчыкоў, Из истории, 121). Нягледзячы на фанетычныя цяжкасці, усё ж такі ўдаецца аднавіць праславянскае складанае слова *kъrnorzь. У паўднёваславянскіх паралелях балг. нерез, серб.-харв. не̏раст маюць у якасці паралелі рус. нерезь ’непакладаны самец свінні’ (да не + рэзаць). Прасл. kъrnorzь ад kъrnъ ’абрэзаны’ і orzъ ’ядро’. Такую рэканструкцыю пацвярджаюць формы кныр, кнур, якія з’яўляюцца скарочанымі адносна формы кнораз. Гл. кныр. Параўн. у апошні час Шаўр ZfSl, 24, 115–119.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)