Ту́ліка ‘дэталь калаўрота — кавалачак скуры з адтулінай, куды ўстаўляецца жалезны шпянёк з адтулінай, праз якую праходзіць спрадзеная нітка, перш чым яна трапіць на шпульку’ (гом., Шатал.), тулі́ка ‘тс’ (Уладз.; малар., Сл. Брэс.). Параўн. рус. тули́ка ‘кавалачак скуры з адтулінай, праз якую праходзіць спрадзеная нітка перш чым трапляе на шпульку’, славен. tulika ‘шпулька ў калаўроце’. Лічыцца таго ж паходжання, што і тулейкі (гл.); іншая назва дэталі калаўрота — тру́бка ‘металічная пласцінка з дзірачкай, праз якую праходзіць нітка і далей накручваецца на шпулю’ (Трух.), што, магчыма, сведчыць пра сувязь з ням. Tülle ‘трубка (падсвечніка), утулка, насадка’ як тэхнічным тэрмінам, адносна ролі якога ў якасці магчымага этымона групы слоў з зыходным тул 2 выказваюцца процілеглыя меркаванні, гл. Шустар-Шэўц, 1557 (магчымая крыніца некаторых слоў), Махэк₂, 648 (паходзіць са славянскіх моў), Сной у Бязлай, 4, 246 (выпадковае падабенства да славянскіх слоў).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)