со́ладка,

1. Прысл. да салодкі.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне салодкасці, салодкага смаку. У роце соладка.

3. безас. у знач. вык. Разм. Пра стан здавальнення, шчасця, дастатку. Хоць не соладка і ў лесе было, але ж лес, брат, ёсць лес. Кожнае дрэва здавалася сцяной, за якой можна ўхавацца. Чыгрынаў.

4. безас. у знач. вык., каму-чаму і без дап. Пра радасныя, прыемныя адчуванні. Сэрцу соладка. На душы соладка, лёгка. □ Неба ўгары кружылася; зямля, нібы вялізная касавокая талерка, усё хінулася кудысь і вагалася, гатовая вось-вось абрынуцца ў невядомую прорву, і ад таго было соладка, боязна і хмельна. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; ‑жуём, ‑жуяце; зак.

1. што і без дап. Жаваць некаторы час. Заклейваючы папяросу,.. [Нахлябіч] доўга слініў паперу языком, пасля пажаваў яе. Чорны. // чым. Разм. Зрабіць некалькі жавальных рухаў. [Стары] паглядзеў на ваду, .. на лазнякі, на чыстае, як добрае шкло, неба і пажаваў сківіцамі: гэта ж ён, на Дняпры! Лупсякоў.

2. што, чаго і без дап. Разм. Паесці крыху. Схаваўшыся пад маладую разлапістую яліну, .. [Ядвіся] развязала хатулёк, без смаку пажавала адсырэлы хлеб. Асіпенка. Неўзабаве па свежых заечых слядах завіталі на лясную дарогу лісіцы. Не духмянага сена, вядома, пажаваць, а ў надзеі зайчацінай пажывіцца. Ігнаценка. — Конь вунь змарыўся. Няхай пажуе трохі. Якімовіч.

3. што. Разм. Сапсаваць, жуючы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

са́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., каго-што.

1. Намазваць або насычаць салам ці іншым тлустым рэчывам.

2. Разм. Пэцкаць чым‑н. тлустым.

салі́ць, салю́, со́ліш, со́ліць; незак.

1. што. Сыпаць соль у страву для смаку, прыпраўляць соллю па густу. Саліць крупнік. □ Няважна, што.. [хлопцы] будуць саліць — дзікую качку ці хатнюю бульбу, — важней за ўсё тое, што пасаліць будзе што. Брыль. // Пасылаць што‑н. соллю для прасольвання. Саліць сала. Саліць рыбу.

2. што. Нарыхтоўваць у запас у салёным растворы. Саліць грыбы. □ Маці яшчэ зранку выпарыла старую бочку і збіралася саліць агуркі. Гамолка.

3. перан. Разм. Рабіць непрыемнасці, дапякаць каму‑н. [Якім:] Эх, Паўлінка! Ты ўсё сваё; мне і так горка на душы, як бы хто там палын засеяў, а ты яшчэ прытычкамі сваімі соліш. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укусі́ць, укушу, укусіш, укусіць; зак.

1. каго-што. Ухапіўшы зубамі, раніць, прычыніць боль. Сабака ўкусіў за нагу. □ Год таму назад я .. замест ментуза неяк схапіў вадзянога пацука, які ўкусіў мяне за палец. Ляўданскі. // Уджаліць. Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на .. [Зыгмуся], як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе. Колас. // перан. Разм. Прычыніць крыўду, укалоць, задзець за жывое. Васіль адказаў [Паліне] сярдзіта: — ..Жыццё навучыць цябе. Тады ты зразумееш, хто казаў праўду. Я не ўкушу, дык нехта ўкусіць. Савіцкі.

2. што. Зубамі аддзяліць кавалак чаго‑н.; надкусіць. На выгляд .. [фрукты] як быццам свежыя, а ўкусіш яблык ці грушу — смаку няма. Новікаў.

3. чаго і без дап. Разм. З’есці, паесці чаго‑н. — Даўно з паўдня, Андрэй Якаўлевіч, пара ўжо чаго ўкусіць! — узмаліўся Журавінка. Лобан. [Колас:] — Хадзем на веранду, папросім чаго ўкусіць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Памянш. да гара (у 1, 2 знач.); невялікая гара. Катацца з горкі. Горка папер.

2. Прыстасаванне для сарціроўкі вагонаў на станцыях, якое дазваляе выкарыстоўваць сілу цяжару вагонаў для перамяшчэння іх па схіле чыгуначнага пуці. Сартавальная горка. Механізаваная горка.

го́рка 2,

1. Прысл. да горкі.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне гаркоты, горкага смаку. Ад зёлак у роце горка.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё горычы, прыгнечаны настрой, у якім знаходзіцца хто‑н. Некалькі разоў прачытала Аленка гэты ліст. У некаторых момантах чытання ёй то было прыемна, то горка і крыўдна. Колас.

4. у знач. выкл. го́рка! Разм. Вокліч, якім за вясельным сталом просяць маладых пацалавацца. У прасторнай, ярка асветленай зале палаца гучаць вясельныя песні і чуецца традыцыйнае «горка!». Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэ́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковай колькасці солі або зусім пазбаўлены яе; не салёны. Прэсная вада. // Які змяшчае ў сабе такую ваду. Прэсныя азёры. □ Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць. Гурскі.

2. Прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку. Юшка не ўдалася. Зварылі яе шмат, і таму не хапіла ні солі, ні спецый. Рыба, як трава, прэсная, не лезла ў горла. Асіпенка.

3. Прыгатаваны без закваскі, не квашаны. Прэсны хлеб. Прэсны корж.

4. перан. Пазбаўлены вастрыні, займальнасці, жывасці; сумны. Прэсныя жарты. □ — Не! Трэба нарэшце вырвацца з-пад улады гэтай прэснай ідыліі! Трэба ўзняцца над ёю самому і ўзняць, вырваць адгэтуль Люду! Брыль. Вядома, ён гаворыць і робіць усё правільна, але сам Туміловіч — чалавек сумны і прэсны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

извраще́ние ср.

1. (действие) перакру́чванне, -ння ср.; скажэ́нне, -ння ср.; скрыўле́нне, -ння ср.; см. искази́ть, искажа́ть;

2. (искажение) скажэ́нне, -ння ср.; (искривление) скрыўле́нне, -ння ср.;

3. (противоестественное отклонение, ненормальность) ненарма́льнасць, -ці ж.; парушэ́нне, -ння ср.; см. извращённость;

извраще́ние и́стины скажэ́нне і́сціны;

вкусовы́е извраще́ния, извраще́ния вку́са скажэ́нне (ненарма́льнасць) сма́ку (сма́кавых адчува́нняў);

идеологи́ческие извраще́ния ідэалагі́чныя скажэ́нні;

извраще́ние обме́на физиол. парушэ́нне абме́ну;

полово́е извраще́ние палава́я ненарма́льнасць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сало́дка 1, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Тое, што і лакрыца.

сало́дка 2,

1. Прысл. да салодкі. — Дужа, дужа рады бачыць вас [Лабановіча] ў нашым асяроддзі, — салодка прамовіў Ясь: — Фактычна я знаёмы з вамі, завочна. Колас. У Алёшкі салодка зашчымела сэрца: прыгадалася, што даўно ўжо трымаў у руках гармонік. Кухараў. А пад грушай у калысцы Спіць салодка немаўля. Прыходзька.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне салодкага смаку. У роце салодка.

3. безас. у знач. вык. Пра матэрыяльны дастатак, духоўнае задавальненне. — А мне, ты думаеш, салодка? Ды справа проста і каротка: Не будзеш ты з ляснічым спорыць, Рабі вось тое, што гаворыць. Колас. // (звычайна з адмоўем «не»). Пра шчасце, дабрабыт, якія пануюць дзе‑н. — Не салодка тут жывецца, — адказаў Сідар Нікіфаравіч. — Але ж некаму трэба і гэты вугал займаць. На жаль, яшчэ не хапае на ўсіх камфартабельных кватэр. Аляхновіч.

4. безас. у знач. вык. Пра прыемныя адчуванні, зведаныя кім‑н. Трывожна мне. Але й салодка мне! Я сэнсам напаўняю кожны рух, Агонь вачэй І палахлівасць рук. Тармола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смо́ква ‘плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада’, ‘смакоўніца’ (ТСБМ, Ласт.), смо́квы ‘ірга, ягады іргі’ (капыл., люб., Трухан, вусн. паведамі), ст.-бел. смоква ‘інжыр, вінная ягада’: смоква созрѣла (Альтбаўэр). Укр., рус. смо́ква, серб.-харв. смо̏ква, славен. smókva, балг. смо́ква, макед. смоква, ст.-слав. смокы, смокъва. У заходнеславянскіх мовах слова лічыцца запазычаннем з іншых славянскіх моў, параўн. Варш. сл., 6, 243; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1321. Слова спрэчнага паходжання. Паводле традыцыйнага погляду, які ўзыходзіць да Капітара (гл. Машынскі, Этимология–1997–1999, 120; гл. таксама Фасмер, 3, 689), прасл. *smoky запазычана з гоц. smakka ‘смоква, фіга’ або *smakko ‘смачны плод’, менавіта з балкана-германскага; яно роднаснае нова-в.-ням. schmecken ‘прыходзіцца да смаку’, літ. smaguriai мн. л ‘прысмакі’ або, як мяркуе Скок (3, 293–294), запазычана з даіндаеўрапейскай міжземнаморскай мовы. Па іншай версіі, гэта спрадвечнаславянскае слова, якое параўноўваюць з славац. smokva ‘чырвоная ягада’, smokvica ‘суніцы’, чэш. smok ‘сок раслін’, славен. smȏk ‘прыправа да хлеба’, ‘ялавічына’, серб. смо́к ‘прыправа; масла, сыр; ператопленыя сала і тлушч, якімі запраўляюць ежу’, балг. смок ‘пасоленае мяса’. Ілліч–Світыч (ЭИРЯ, 1962, 2, 73 і наст.) узнаўляе прасл. *smokъ ‘сакавітае вільготнае рэчыва, галоўным чынам расліннага паходжання’ (гл. смактаць), пры гэтым гоцкае слова лічыцца запазычаннем з славянскіх моў або незалежным запазычаннем з трэцяй крыніцы, гл. Бязлай, 3, 272–273; Скок, 3, 294. Аналагічна Сной₁, 585; Рэйзак, 585; Шустар-Шэўц, 1321–1322. Агляд версій гл. Глухак, 566.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смалу́да ‘дзікая расліна, карэнні якой па смаку нагадваюць моркву’ (Адм.). Параўн. укр. смовдь ‘дзікая пятрушка, Peucedanum L.’, польск. smłod, smłód ‘гладыш шыракалісты, Laserpitium latifolium L.’, ‘расліна Peucedanum L.’, чэш. smldí, smldník ‘тс’, славен. smlȇd ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, харв. чак. smlȇd ‘herbae genus’, smudnjak ‘расліна Peucedanum L.’. Назва няяснага паходжання. Без беларускага матэрыялу рэканструююць формы *smьldъ, *smeldъ, *smoldъ і *sml̥dъ, а таксама адносяць да асноў з чаргаваннем прасл. *smeld‑/*smьld‑/*smold‑, што працягваюць і.-е. *smel‑ ‘тлець, гарэць’ (параўн. літ. smėla ‘тлее, гарыць’) з пашырэннем ‑d‑, параўн. смала1 (гл.), смо́лда ‘смолка, Viscaria vulgaris Bernh.’ (Мат. Гом.). Куркіна (Диал. структура, 114) на падставе славен. smlẹ̑d ‘жоўты’, якое супадае з славенскай назвай расліны Peucedanum, матывуючым прызнакам лічыць жоўты колер, што падмацоўваецца народнай назвай рус. желтолен, аднак гэта няпэўна. Фурлан (Бязлай, 3, 271), улічваючы паралельную назву ўкр. мовдь ‘расліна Peucedanum oreoselinum L.’, параўноўвае з літ. meldà, méldas ‘чарот’, лат. męldi, męldri ‘тс’ і звязвае з *moldъ (гл. малады), якое значыла не толькі ‘які мае мала гадоў’, але і ‘мяккі, дробны’, а адпаведны корань і.-е. *mold‑ меў таксама значэнне ‘мачыць, памякчаць’, што магло б сведчыць пра ўжыванне расліны Peucedanum у якасці лячэбнага сродку. Менш верагодная версія Махэка₂ (561), звязаная з пераносам назвы з асновай *smld‑, параўн. ст.-чэш. smldie ‘купена, Polygonatum multiflorum All.’, чэш. smldí ‘малінія’, старое польск. smilz ‘вострыца, Deschampsia caespitosa P.B.’, на расліну Peucedanum, паколькі стабілізацыя значэння ‘Peucedanum’ адбылася яшчэ ў праславянскую эпоху, гл. Лабко, БЛ, 18, 60. Гл. таксама Брукнер, 503; Врубель, Term. bot., 31; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 324; Бязлай, Eseji, 81–82.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)