Плат1 ’намітка, галаўны ўбор у беларускіх жанчын накшталт рушніка’ (Малч.), ’хустка’ (пруж., Хрэст. дыял.; Касп.; пруж., Сл. ПЗБ; жлоб., Мат. Гом.; дзятл., Сцяшк. Сл.), ’тоўстая хустка, якою накрываюцца паверх верхняй вопраткі’ (кобр., ДАБМ, камент., 945), плато́к ’хустачка’ (Некр.), ’хустка’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), пла́цік ’палатно, якое ужываецца шапаваламі: намочаны плацік рассцілаюць на стале і на ім раскладваюць слой воўны’ (Дэмб. 2), плату́шка ’хустка, у якую ўвязвалі ежу ў поле’ (паст., Сл. ПЗБ), плато́чак ’пялёнка’ (брагін., Мат. Гом.). Укр. палес. плат ’3–4 м тонкага белага палатна, якім абвіваюць галаву маладой на вяселлі’, зах.-валын.пакрывала для нябожчыка’, ’кавалак грубага палатна, у які загортвалі насенне лёну ў час выціскання з яго алею’, бойк. плат, пла́тка ’хустка’, плата́ти ’латаць’; рус. плат ’вялікая хустка’, ’рушнік’, ’абрус’, ’тканіна, павешаная на крыж’, плата́ть ’латаць’, запла́тка ’лапік’; польск. płat ’кавалак палатна, сукна, анучы; ануча, хустка, палотнішча, лата, лахман’; з XV ст. таксама ’кавалак скуры’, płatak ’стракаты конь’; в.-луж., н.-луж. płat ’палатно, тканіна’, płataś ’латаць’, балг. плат ’тканіна, матэрыял’, ст.-слав. плать ’тс’. Прасл. *platъ ’кавалак палатна як грашовая адзінка, тканіна’, якое адносяць да гнязда дзеяслова plesti, pletǫ (Варбат, Этимология–1970, 62–63), і.-е. *plōt‑o‑s ’прымітыўная тканіна, пляцёнка-мата’ (Банькоўскі, 2, 619) < *plet‑, роднаснымі ім можна лічыць літ. platùs ’шырокі’, лат. plats, ст.-грэч. πλατύς ’тс’. Пазней у прасл. *platъ з’явілася значэнне ’кавалак скуры’ (гл. пла́та2). Буга (Rinkt., 2, 516) для прасл. *platъ выводзіць і.-е. *plā‑to, даючы, такім чынам, магчымасць растлумачыць бел. дыял. платва < польск. płatwa ’бэлька’, płatewka ’аскепак, адколатае дрэва’, płatać ’расшчапляць’, укр. бойк. плата́ти ’адколваць’. З *platъ ’палатно як грашовая адзінка’ ўтварыўся дзеяслоў *platiti > плаці́ць (гл.), а са значэннем ’латка’ — дзеяслоў *platati ’латаць’ (Гаўлава, Etym. Brun., 39).

Плат2 ’плацеж’ (Нас.), рус. маск. плат ’плата’. Да плат1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

захава́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Аберагаючы, не даць чаму‑н. прапасці, знікнуць; зберагчы цэлым. Захаваць дзяржаўную маёмасць. □ — Пакляніся мне, што ты захаваеш сцяг нашага палка. Якімовіч. Музей збудуйце вокнамі да сонца. Там захавайце да драбніцы ўсё. І першую сваю калгасную заяву,.. І плуг, што межы разараў навекі. Танк. // Не змяніць, пакінуць у ранейшым выглядзе. Тое лясніцтва — глухі куток Беларусі, — у якім служыў Васіль, захавала, у сабе яшчэ старыя парадкі. Колас. — Маіх ты не мог абмераць, — адказаў Чарныш, — бо мае, як і большасць тут людзей, не хацелі дзяліць калгас, а стараліся захаваць яго цэлым. Кулакоўскі. // Шануючы, падтрымліваючы, прадоўжыць існаванне чаго‑н. Захаваць нацыянальную незалежнасць. Захаваць традыцыі. // перан. Утрымаць (у памяці, у сэрцы); запомніць. [Заранік], калі б куды ні ездзіў, заўсёды стараўся захаваць у памяці ўражанні, факты, сустрэчы з людзьмі. Хадкевіч.

2. Зберагчы ад псавання, знішчэння. Захаваць ураджай. Захаваць прадукты ад цвілі. // Зберагчы ад пагібелі, небяспекі; не даць загінуць. [Ігнась] развітаўся, узяў на рукі чатырохгадовага Васілька,.. сказаў, папрасіў: — Захавай яго... Які ж ён асілак у нас... Во!.. Лынькоў. — Каб захаваць жыццё камандзіра, патрэбна ампутацыя. Паслядовіч.

3. Застацца ў якім‑н. стане, становішчы, не страціць якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Захаваць знешні спакой. □ [Сцёпка] хоча захаваць сур’ёзнасць, нават значную жорсткасць, як і належыць усякаму, хто пайшоў адзін супроць усіх. Колас.

4. Разм. Пакласці, размясціць так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схаваць. Хітры «Козлік» захаваў .. [раненых] у нейкай глушы. Брыль. Сівыя валасы .. [Тэкля] старанна захавала пад хустку. Краўчанка. // Закрыўшы сабою, схаваць. Чорнае густое шчацінне пакрывала яго бараду і шчокі.. Вусы захавалі верхнюю губу. Чарнышэвіч. // перан. Схаваць, утаіць (думкі, пачуцці і інш.). Дзяўчына тут жа павярнулася да акна, каб захаваць ад Рыгора сваё хваляванне. Гартны. Ты ж захавай сваё гора У сэрцы глыбока, Каб не зацьміць ім Ні сонца, ні светлага неба. Тарас.

5. Прытрымліваючыся пэўных правіл, норм і пад., дакладна выканаць. Захаваць умовы дагавору. Захаваць дысцыпліну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сцяна́1 ’вертыкальная частка будынка’, ’высокая агароджа з камення’, ’стромкая бакавая паверхня’ (ТСБМ, Касп., Ласт., Бяльк., Сцяшк., Ян.), ’рад чаго-небудзь, што стаіць на прамой лініі’ (Нас.), ’абрывісты бераг’ (ветк., Яшк.), сцена́ ’сцяна будынка’ (ТС), стена́ ’тс’ (Шушк.), стина́ ’сцяна, мур’ (пруж., Горбач, Зах.-пол. гов.), сце́нка памянш. да сцяна́ (ТСБМ, Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’сценка, грань’ (Байк. і Некр.), сце́нька ’сценка будынка’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стѣна: стѣны домовъ наших (Альтбаўэр). Укр. стіна́, рус. стена́, ст.-рус. стѣна, польск. ściana, в.-луж., н.-луж. sćěna, чэш. stěna, славац. stena ’сцяна’, серб.-харв. стијѐна ’скала, камень’, славен. sténa ’сцяна’, ’скала’, балг. стена́ ’сцяна; каменная агароджа’, макед. стена ’сцяна’, ст.-слав. стѣна ’сцяна; вал’. Прасл. *stěna ’сцяна’, роднаснае гоц. stains ’камень’, ст.-ісл. steinn; далей параўноўваюць з грэч. στία, σττον ’крэмень’, ст.-інд. styā́yatē ’цвярдзее’ (гл. Мее, 446; Міклашыч, 323; Траўтман, 281; Фасмер, 3, 754; Махэк₂, 576–577). Мартынаў (Этимология–1968, 18) мяркуе, што слова паходзіць з першаснага спалучэння *stěna zьdь ’каменная сцяна, мур’, аналагічна да англ. stone wall, тады прыметнік меў бы форму *stěnъ (?) ’каменны’. Усё да і.-е. *stei̯‑/*sti‑ ’станавіцца цвёрдым, цвярдзець’; першаснае значэнне ’нешта зацвярдзелае’, адкуль ’плеценая (з прутоў) сцяна, пакрытая, аблепленая глінай (якая зацвярдзела пасля высушвання)’ (Борысь, 612). Шустар-Шэўц (2, 1276) германскія значэнні лічыць другаснымі; *stěna, на яго думку, з’яўляецца дэвербатывам ад асновы, якая захавалася ў літ. stìngti ’цвярдзець’, лат. stiñgt ’зрабіцца цвёрдым, кампактным’. Запазычанне славянскага слова з германскіх лічыцца неверагодным; параўн. Фасмер, там жа, з літ-рай; Бязлай, 3, 316. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Из истории, 232–238), які рэканструюе прасл. *steg‑s‑na ад і.-е. *steg‑/stog‑ ’пакрываць’ (сцяна пакрывала зямлянку), што малаверагодна па семантычных прычынах.

Сцяна́2 ’мяжа ў выглядзе дарогі, якая раздзяляе розныя палі’ (Нас.), ’лінія, мяжа’ (Шпіл.), ’канцавая забытая дарога’ (Сцяшк.), ст.-бел. стена ’мяжа, граніца’ (Ст.-бел. лексікон), остенити, застенити ’абмежаваць’ (Вопр. лит. яз., 143). Лічыцца калькай літ. síena ’сцяна’, ’мяжа, рубеж’, параўн. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 66; Барысава, Бел.-рус. ізал., 9. Гл. таксама сценка1.

Сцяна́3 ’частка асновы пры тканні’ (Нік. Очерки; ашм., Стан.), ’мера асновы, палатна, даўжынёй на хатнюю сцяну’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Шатал., Цых.; ашм., смарг., Нар. скарбы; Жд. 1). Да сцяна1, гл. таксама сценка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Тузануўшы, аддзяліць ад галінкі, сцябла і пад. (што‑н. з таго, што расце). Пяшчотныя ружы, Здаецца, сарвалі цяпер іх, Здаецца, запахнуць... Тарас. [Даміра:] Раптам я ўбачыў тры лісточкі зайцавай капусты. Прагнымі рукамі сарваў іх. Асіпенка. Сунічку апошнюю гэтага лета Сарваў я сягоння ды з’еў на мяжы. Грамыка.

2. каго-што. Рэзкім рухам аддзяліць (што‑н. прымацаванае). Сарваць дзверы з завесаў. □ Прыкладам з балтоў аканіцы сарваў І глянуў, і хаты сваёй не пазнаў. Танк. Камендант.. сарваў пячатку на замку. Лынькоў. Уночы, пад’язджаючы да гэтага лесу, .. [Паўлоўскі з таварышам] сарвалі з аднаго з дарожных слупоў адозву. Чорны. // Адрываючы, скідаючы адкуль‑н., панесці (пра буру, ваду, вецер). Сяргей успомніў, як аднойчы летам бура сарвала дах з суседскай, Калячковай, хаты: ён упаў у іх агарод на таполю. М. Стральцоў. Біў вецер насустрач, .. намагаўся шапкі сарваць. Лынькоў. / у безас. ужыв. Тады якраз каля Ліпнішак мост сарвала паводкай. С. Александровіч. Ён [Бусел] не пазнаў высокі дуб, Што быў відзён праз кіламетры: Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам. Свірка. Нашых два пакаты Сарвала хваляй выбуховай прэч. Зарыцкі. // Рэзкім рухам, рыўком зняць, сцягнуць. Стафанковіч, мыляючы губамі, сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. Чорны. Калі я [Пятрусь] памкнуўся да каня. Лаўрэн сарваў з маёй галавы шапку. Якімовіч. Тут дзед сарваў з носа акуляры і ніяк не мог дрыжачымі пальцамі ўкласці.. ў футлярык. Грамовіч. Не цямячы, што робіць, Анісім сарваў з пляча стрэльбу і шмыгануў назад. Сачанка. // Разм. Здзерці, абадраць (скуру і пад.). Рыючы пальцамі зямлю, .. [Ганна] неяк сарвала аб каменьчык палову пазногця. Мележ. // перан. Разм. Прымусіць каго‑н. пакінуць якую‑н. работу, занятак, месцажыхарства і пад. З таго часу як.. [Сцяпан] сарваў Маю з работы, а сам стаў планавіком, усе адвярнуліся ад яго. Дуброўскі. [Антапюк:] — Не, адчуванне віны не ад таго, што сарваў Васіля з універсітэта; армія — таксама універсітэт. Шамякін.

3. што. Рэзкім рухам, моцна націснуўшы, сапсаваць (разьбу і пад.). Сарваць разьбу.

4. што. Пашкодзіць здароўе, галасавыя звязкі ад празмернага напружання. Сарваць здароўе. Сарваць голас.

5. што. Парушыць ход чаго‑н.; не даць ажыццявіць, выканаць што‑н. Сарваць графік. Сарваць планы падпальшчыкаў вайны. □ [Васіль:] — Глядзі! Сарвеш хоць адзін дзень уборкі — не трапляй на вочы. Шамякін. — Нават нязначнае самавольства ці адступленне ад загаду могуць сарваць справу. Кулакоўскі. Вядома, самае страшнае было сарваць рэпетыцыю. Сяргейчык.

6. што. Разм. Атрымаць у выніку ашуканства, вымагання; прысвоіць. Стрынадка добра ведаў Бычка: той не прапускаў выпадку, каб не сарваць з каго ці пры абмене кватэры, ці з якога-небудзь іншага выпадку. Сабаленка. // Урваць. [Сабака], пачуўшы Агапін голас, садзіў проста ў хату, бо ведаў, што патрэбен Ігнасю і што ў яго можна сарваць часам смачнае перапечкі. Мурашка. Дзяўчаты на танцах. Ім на ўсё пляваць. Абы сёння сарваць больш вяселля... Мыслівец.

7. што, на кім-чым. Спагнаць на кім‑н. (злосць, гнеў і пад.). Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, сцебануўшы яго пугаю разоў са тры. Колас.

•••

Сарваць галаву каму — строга пакараць каго‑н. (ужываецца як пагроза). [Шпак:] — Мне ж камандуючы галаву сарве, калі з табою што-небудзь здарыцца. Шамякін.

Сарваць маску з каго — выкрыць каго‑н., паказаць сапраўдны твар каго‑н.

Сарваць покрыва (пакрывала) з чаго — выявіць, паказаць сапраўдную сутнасць чаго‑н., падаць у сапраўдным выглядзе што‑н.

сарва́ць 2, ‑рве; безас. зак., каго.

Вырваць, званітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)