ПЛЕД (ад англ. plaid),

1) клятчастая тоўстая шарсцяная шаль з махрамі — прыналежнасць шатландскага нац. касцюма.

2) Прамавугольны кавалак грубай шарсцяной або паўшарсцяной тканіны, якая выкарыстоўваецца ў якасці пакрывала.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́ЛЮМ (ад лац. velum заслона),

жаночы галаўны ўбор, лёгкае пакрывала з кісяі, шоўку, цюлю, карунак, якое спускаецца да плячэй, пояса, часам да долу.

Белы вясельны вэлюм — частка шлюбнага ўбору; мацуецца да вянка або інш. галаўнога ўбору. Жалобны вэлюм чорнага колеру.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭГУМЕ́НТ (ад лац. integumentum пакрывала),

покрыва семязавязі насенных раслін, які вырастае з яе цэнтр. ч.нуцэлуса. На верхавінцы семяпупышкі І. не злучаецца, фарміруецца адтуліна — пылкаўваход (мікрапіле). Пасля апладнення І. ператвараецца ў насенную скурку. У некат. раслін адзін І., у інш. (усе аднадольныя) — два.

т. 7, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НТЫЯ (ад сярэднягрэч. mantion пакрывала, плашч),

доўгая шырокая адзежына ў выглядзе плашча, якая надзяваецца на інш. вопратку; парадная вопратка цароў, папы рымскага, вышэйшых служыцеляў правасл. царквы. У некаторых краінах М. надзяваюць суддзі і адвакаты, ва ўрачыстых выпадках — члены навук. т-ваў і акадэмій.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУА́ЛЬ (ад франц. voile пакрывала, заслона),

1) лёгкая празрыстая баваўняная ці шаўковая тканіна. З вуалі шыюць сукенкі, вырабляюць шалі.

2) Тонкая празрыстая сетка на жаночых капелюшах, якая часам часткова закрывае твар.

3) Вуаль у фатаграфіі — пацямненне неэкспаніраваных участкаў праяўленага фатагр. матэрыялу. Назіраецца ў большай ступені ў высокаадчувальных фотаматэрыялах.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКРУ́ХА (Gomphidius),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. макрухавых. 15 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 3 віды М.: пурпуровая (G. rutilus), ружовая (G. roseus) і яловая (G. glutinosus). Растуць на зямлі ў хвойных лясах. Пладаносяць у жн. — верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы — буйное або сярэдніх памераў, пакрытае сліззю, мяккамясістае. Слізістае або валакністае пакрывала звязвае шапку з ножкай. Пласцінкі тоўстыя, рэдкія, зыходныя. Споры авальнападоўжаныя, гладкія. Ядомыя.

С.​С.​Калас.

Макруха яловая.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПА́ЗІЯ (Aspazija; сапр. Розенберг Эльза; 16.3.1868, хутар Даўквас, воласць Заленіекі, Латвія — 5.11.1943),

латышская паэтэса і драматург. Жонка Я.Райніса. У п’есах «Жрыца» (1894), «Страчаныя правы» (паст. 1894), «Недасягнугая мэта» (1895) і публіцыст. артыкулах выступала за эмансіпацыю жанчыны, выкрывала мараль мяшчанства. Першы зб. вершаў «Чырвоныя кветкі» (1897) прасякнуты дэмакр. ідэямі і рамант. пафасам. Пасля разгрому т.зв. «Новай плыні» ў творах Аспазіі (зб. «Сутонне душы», 1901) з’явіліся матывы песімізму, душэўнай стомленасці, якія пазней змяніліся матывамі грамадз. барацьбы (п’еса «Сярэбранае пакрывала», (1905). У 1905—20 жыла ў эміграцыі (Швейцарыя). Творчасць гэтых гадоў вызначалася адыходам ад сац. тэматыкі (зб-кі «Сонечны куточак», 1910, «Бярэмя кветак», 1912). На бел. мову асобныя творы Аспазіі пераклаў В.​Лукша (у кн. «Песня Даўгавы», 1986).

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Ала Іванаўна) (н. 23.12.1951, г.п. Моніна Маскоўскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1996 выкладае ў Бел. ун-це культуры. У творчасці выкарыстоўвае традыцыі нар. маст. ткацтва. Сярод твораў батык «Кантрасты» (1976), серыя ручнікоў «Па матывах слуцкіх паясоў» (1978), габелены «Барысаў» (1980), «Адлюстраванне» (1984), пакрывала «Восень» (1982), серыі дэкар. тканін «Елачка», «Фактурная», «Святочная» (усе 1987), «Мажорны настрой» (1989), заслоны для палацаў культуры «Лясныя напевы» (1990) у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., «Экспромт» (1992) у г. Івацэвічы Брэсцкай вобл., «Залацісты» (1994) у г. Жодзіна Мінскай вобл., ручнікі «Кветкі», «Цецерукі», «Нацюрморт» (усе 1995), «Спадчына» (1996), «Золата Нясвіжа» (1997), дэкар. тканіна «Месячная дарога» (1998).

А.Непачаловіч. Ручнік «Цецерукі». 1995.

т. 11, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВУЦІ́ННІК (Cortinarius),

род базідыяльных грыбоў сям. павуціннікавых. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 123 віды. Найб. вядомыя П.: анамальны (C. anomaliis), бранзалетавы, ці прыбалатуха, звычайны (C. trivialis), карычневы (C. cinnamomeus), каштанавы (C. castaneus), ліпкі (C. collintus), пахучы (C. camphoratus), трыумфальны (C. triumphans), ядомы, ці таўстуха. Трапляюцца з ліп. па вер. у лясах, на ўзлесках і лугах. Большасць з іх мікарызаўтваральнікі, утвараюць «ведзьміны кольцы».

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 8 см, правільная, звычайна ярка афарбаваная, зрэдку белая. Пласціны прырослыя або зыходныя. Ножка цыліндрычная або патоўшчаная, амаль заўсёды з рэшткамі пакрывала ў выглядзе павуціністага апушэння ці выпуклых кольцаў. Мякаць белаватая або жаўтаватая. Споры падоўжаныя, бураватыя. Ёсць ядавітыя, некат. ядомыя (напр., прыбалатуха, таўстуха).

Павуціннік бранзалетавы.

т. 11, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́Р,

1) у драўляным дойлідстве — дошка з глухой, скразной або краявой разьбой, якая акаймоўвае навісь даху або страхі ці робіцца пад застрэшкам 2-схільнага даху; элемент дэкору. Выкарыстоўваецца пераважна ў жыллі, некат. гасп. пабудовах, брамах і варотах, культавых збудаваннях. Найб. простыя П. — дошкі з краявой разьбой у выглядзе зубцоў або хвалі. Ажурная скразная разьба П. з выкарыстаннем арнаментальных геам. ці расл. матываў характэрна для жыллёвага буд-ва У і ПдУ Беларусі (жылыя дамы ў Быхаве, Бабруйску, Ветцы, Гомелі і інш.).

2) У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве — карункі, якімі абшываецца край прасціны, пакрывала і інш.

Літ.:

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.

С.​А.​Сергачоў.

Падзоры ў дойлідстве.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)