ненагля́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Каханы, самы дарагі. Ты заўсёды мне жаданы, Мой адзіны, мой каханы, Сэрцу мілы, ненаглядны мой! Валасевіч. І заспала [старая]. Бо прыснілася ёй Лідачка, зорачка яе ненаглядная, унучка. Брыль. / у знач. наз. ненагля́дны, ‑ага, м.; ненагля́дная, ‑ай, ж. Ужо не будзеш гуляць, як бывала, Цалаваць, як раней цалавала, Вых[о]дзіць у сад апаўночы, Глядзець ненагляднаму ў вочы. Багдановіч.

2. Такі, на якога нельга наглядзецца, якім нельга налюбавацца; вельмі прыгожы. [Скакун:] Эх, красуня ты мая, ненаглядная. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цярплі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае цярпенне (у 1 знач.); здольны з цярпеннем пераносіць фізічныя і маральныя пакуты. Цярплівы мужны наш народ. Астрэйка. Страшна сказаць — ён [Таўлай] паміраў шэсць месяцаў, ведаў пра гэта, а ўсё ж заставаўся самім сабою: цярплівы, спакойны, мілы. Брыль.

2. Здольны рабіць што‑н. доўга, настойліва, з цярпеннем. Хіба вельмі вучоны чалавек можа .. [літары] разблытаць, нібы цярплівая гаспадыня скудлачаны маток нітак. Бядуля. // Доўгі, упарты. Цярплівая праца.

3. Поўны цярпення (у 1 знач.); які выражае цярпенне. Цярплівыя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́дкасць, ‑і, ж.

1. Якасць чаго‑н. рэдкага. Рэдкасць насельніцтва. Рэдкасць лесу.

2. Прадмет, выпадак, з’ява, якія рэдка сустракаюцца, бываюць не часта. А баравік — рэдкасць. Таму і не любяць грыбнікі гэтых мясцін. Кандрусевіч. У Запаляр’і, дзе навокал ляжыць тундра і жывыя кветкі з’яўляюцца рэдкасцю, .. [Нарыльск] увесь у кветках, дагледжаных чалавекам. Скрыган.

•••

Музейная рэдкасць — пра што‑н. устарэлае, што выйшла з ужытку, не мае практычнага прымянення.

На рэдкасць — у вышэйшай ступені, выключна. Вось Мірон Сцяпанавіч Бельскі. Добры, на рэдкасць мілы чалавек. Ракітны. Дні стаялі на рэдкасць пагодлівыя. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё любві, карыстаецца любоўю; блізкі, дарагі, мілы сэрцу. І кінуўся з кручы ў бяздонне юнак Следам за любай дзяўчынай. Свірка. Мне любы стэп шырокі І водар сенажаці, Як быццам тут радзіла Мяне калісьці маці. Куляшоў. Перад .. [Уладзікам] засвяціліся матчыны вочы — любыя, пакутлівыя і грозныя. Бядуля.

2. у знач. наз. лю́бы, ‑ага, м.; лю́бая, ‑ай, ж. Той (тая), каго любяць. Алімпа не ўяўляла сабе, як яна хоць на час расстанецца з любым. Сабаленка. // (пры ветлівым звароце). Мілы, родны. Не палохайся іх, любы, быў вялікі бой. Біў жалезных душагубаў смела бацька твой. Вялюгін.

любы́, а́я, ‑о́е.

1. Кожны, усякі. А хлопцы, дык хлопцы — гвардзеец любы! Колас. Гітлераўцы любымі сіламі намагаліся сарваць пераправу. Шамякін. // у знач. наз. любы́, о́га, м.; люба́я, о́й, ж. Усякі, кожны чалавек. [Вадзіцель:] — Спытай у любога, дзе Косцік-шафёр жыве, табе кожны пакажа. Васілевіч.

2. Які хочаш (на выбар). [Кісялёў:] — Звані ў любы час, не даб’ешся нічога ў аддзеле, звані да мяне на кватэру. Чарнышэвіч. // у знач. наз. любы́, о́га, м.; любо́е, о́га, н. Каго ці што хочаш. — Ого! У цябе.. [трусоў] тут цэлая ферма! — здзіўлена ўсклікнуў Мікола.. — Выбірай любога, — сказаў Віця, — і саджай у кошык. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.

1. што і чаго. Набыць паступова, назапасіць. — Якая там гаспадарка, — махнуў рукою Тарэнта. — Мусіць, ніколі ўжо яе не нажыву. Галавач. Мілы браце! У чужой хаце Не нажыць табе багацця. Колас. // Набыць, купіць што‑н. Надзейны я нажыў карэц, Заўсёды п’ю ім квас. Непачаловіч.

2. каго-што і каго-чаго. Атрымаць, набыць (звычайна што‑н. непрыемнае, непажаданае). Нажыць гора. Нажыць сораму. Нажыць ворага. □ Мы ў зямлянках Чэрствы хлеб жавалі, Рэўматызмы Дружна нажывалі. Панчанка.

3. Разм. Пражыць нейкі час (звычайна нядоўгі). У гасцях доўга не нажывеш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Любі́ста, любі́сцік, любі́сто́к, любы́сток, любі́сьнік, любі́стра ’расліна з сямейства парасонавых, Levisticum officinale Koch.’, якая ў народнай медыцыне выкарыстоўвалася як сродак для ўзбуджэння любоўных пачуццяў, як магічны сродак для барацьбы з цёмнымі сіламі, напр., як зелле для купання дзіцяці’ (ТСБМ, Грыг., Кіс., Бяльк., Нас., Мат. Гом., Бес., Некр., Юрч. Вытв., Растарг.; даўг., Сл. ПЗБ). Запазычана з польск. lubieszczek, lubistek, lubist, якія з с.-в.-ням. lübestecke, lübestëcco, lobistek, lubstöck ’тс’ (у іх ужо ў XV ст. назіраецца народная этымалогія да lieber, ням. lieb ’любы, мілы’, як і ў слав. назвах — да лю́бы, любі́ць) < с.-лац. lubisticum, libisticum < лац. ligusticum < Ligus ’з краіны Лігурыі’ (Слаўскі, 4, 350–351; тое ж А. К. (Мовознавство, 1967, 1, 83); Кюнэ (73), Махэк (Jména, 163).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыюці́ць ’даць прытулак’, прыючы́цца ’знайсці прытулак’ (лід., Сл. ПЗБ). Сюды ж аддзеяслоўны назоўнік прыю́т ’дзяржаўны дом для дзяцей-сірот і састарэлых’ (Янк. 1), ’дзіцячы дом’ (Ян.), ’у дарэвалюцыйнай Расіі дабрачынная ўстанова для выхавання беспрытульных дзяцей’ (пруж., Сл. ПЗБ), прыю́тны ’ветлівы’ (Ян.), прыю́тный, прыю́тлывый ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (бяроз., ЛА, 3), прыю́тыймілы, прыгожы, прытульны’ (Бяльк.). Назоўнік прыют і дзеяслоў прыюціць, несумненна, запазычаны з рус. приют ’прытулак’, приюти́ть ’даць прытулак’ (параўн. ЕСУМ, 4, 586). Што да прыметнікаў, то яны могуць узыходзіць непасрэдна да *jutiti sę ’змяшчацца ў невялікай прасторы’, г. зн. ’быць блізкім адзін да аднаго’, што, паводле Трубачова, можа ўзыходзіць да і.-е. *ieu̯‑t‑, параўн. ст.-інд. yū̆tí‑ ’змяшэнне, сумесь’ (ЭССЯ, 8, 199).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

баязлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўсяго баіцца, нясмелы, палахлівы. Князю было прыкра, што яго чалядзінец такі затуканы і баязлівы... Гарэцкі. // Які выражае боязь, нясмеласць. Жанчына глянула на сына нейкім баязлівым позіркам, пачуўшы ў ягоных словах як бы здзек. Чорны. Казік пазірае на мяне баязлізымі вачамі. Баранавых. / у перан. ужыв. Кволыя і баязлівыя тоны мацнеюць, напаўняюцца бадзёрасцю. Бядуля. Я не знаю сам, браточкі, Чаму мне так мілы Буры, плач асенняй ночкі, Спеў яе пастылы, Лесу гоман, гуд нястройны, Шум лазы ў балоце, Баязлівы, неспакойны Шолах у чароце. Колас. // у знач. наз. баязлі́вы, ‑ага, м. Той, хто ўсяго баіцца. Баязліваму і свой цень страшны. Прыказка.

•••

Не з баязлівага дзесятка гл. дзесятак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае каханне, да якога накіравана каханне; любімы (у 2 знач.). Каханая дзяўчына. □ — Смешна, але прызнаюся, што ў мяне нават не было каханай жанчыны, не было кахання. Мікуліч.

2. у знач. наз. каха́ны, ‑ага, м.; каха́ная, ‑ай, ж. Той (тая), каго кахаюць. Можа, думкі Максіма — пра сваю каханую, што ходзіць недзе па росных сцежках над іншай ракою? Брыль. — Усё ж ён прыгажэйшы за Змітрака! — з замілаваннем падумала дзяўчына і яшчэ бліжэй прытулілася да каханага. Ваданосаў.

3. Родны, дарагі. Засні, мой каханы, Мой мілы сынок, Падняўся туманам За вокнамі змрок. А. Александровіч.

4. у знач. наз. Форма фамільярнага звароту. — «Гатовы боты?» — «Не, каханы!» — Заказчыку шавец лісліва адказаў. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)