шурпа́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую, з невялікімі няроўнасцямі паверхню. Шурпатыя дошкі. □ [Сцяпан] прыгнуў арэшыну, .. абшастаў рукою лістоту — раз-пораз пальцы намацвалі шурпатыя цвёрдыя каробачкі. Гіль. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да Зоні па тоўстым шурпатым камлі. Адамчык. // Нягладкі, агрубелы (пра скуру, цела, пакрытае такой скурай). А тут шурпатыя Трахімавы пальцы спрытна хапаюць яго за вуха, рыжая з сівізною барада набліжаецца аж да самага Уладзікавага носа і страшна шыпіць. Крапіва. Далонь.. [Надзежды Іванаўны] была шурпатая, мазолістая — жанчына не цуралася любой працы. Шамякін. Гладзіў.. [сына], цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку. Лынькоў. // З густым ворсам (звычайна грубым, калючым). Ночы пад канец лета святлейшыя, пад раніцу халаднавата — не ратуе нават шурпатая даматканая коўдра. Навуменка. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі.. бот. М. Стральцоў.

2. перан. Недапрацаваны, з хібамі, недахопамі. Толькі сэрца зловіць Шчырую прыязнасць у шурпатай мове. Буйло. Войцік прачытаў.. [матэрыял] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Машара. Гаварыў [Міход] ветла, спагадліва, ніводнага шурпатага слоўца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рваць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; зак., што.

1. Выцягнуць, дастаць што‑н. рыўком; высмыкнуць. Вырваць пустазелле. Вырваць цвік. Вырваць зуб. □ Убачыўшы Алеся, Зіна спынілася, вырвала з Сямёнавай рукі далонь. Шыцік. // Выдраць, адарваць. Вырваць ліст з сшытка. // Выхапіць што‑н. у каго‑н. Вара.. усхапілася, падскочыла да Рыгоркі, вывала аловак і шпурнула далёка на сметнік. Дуброўскі. // перан. Разм. Вызваліць, выратаваць. Вырваць з няволі. Вырваць з палону. □ [Нэлі] верыла, што Білі не забыў пра яе, што ён вырве яе з гэтага пекла, што яны яшчэ знойдуць шчасце. Гамолка.

2. перан. Дабіцца чаго‑н. сілай, прымусам; Зрабіць што‑н. настойлівымі намаганнямі. Вырваць прызнанне. □ Ад арыштаванай за ўвесь час не вырвалі ніводнага слова. Якімовіч. [Яраш:] — Вырвалі мы.. [Зосі] кватэру, купілі мэблю, прывезлі яе з бальніцы. Шамякін.

3. Рвучы з коранем, сабраць ураджай чаго‑н. Вырваць лён, буракі.

•••

Вырваць з горла (з зубоў) — груба, нахабна дамагчыся чаго‑н.

Вырваць з коранем — зусім, канчаткова пазбавіцца ад чаго‑н.

Вырваць з мясам — адарваць з кавалкам тканіны (пра гузік і пад.).

Вырваць з сэрца каго-што — прымусіць сябе забыць каго‑, што‑н., перастаць кахаць каго‑н.

вы́рваць 2, ‑рве; безас., зак.

Званітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Паставіць пад што‑н. Ніна наліла вады ва ўмывальнік, тазок падставіла. Лобан. [Халуста] падышоў да скрыні, у якую праз жолаб сыпалася мука. Падставіў далонь і памацаў муку. Чарнышэвіч. // Падперці, падтрымаць чым‑н. [Максім Сцяпанавіч] падышоў да труны і, калі яе сталі падымаць, падставіў плячо. Карпаў.

2. Наблізіць, прыставіць да каго‑, чаго‑н. з якой‑н. мэтай. — Можна каля вас прысесці? — спытала [Людміла] салодкім галаском. — Проша, проша! — прамовіў Лабановіч і падставіў ёй крэсла. Колас. — Ды вы сядайце, сядайце, — падставіў бліжэй да стала два крэслы стары, — Сцяпан Ігнатавіч зараз павінен з’явіцца. Пальчэўскі. // Наблізіўшы або павярнуўшы, зрабіць даступным для каго‑, чаго‑н. Сева нехаця падставіў.. [бацьку] шчаку, хуценька ўзяў чамадан і палез з маці ў аўтобус. Карпаў. Васіль памаўчаў. Адышоў ад манумента да абрыву, зноў падставіў твар салёным пырскам. Шамякін.

3. Паставіць узамен, замяніць кім‑, чым‑н. Падставіць лічбу ў формулу. □ Наталля падышла да Рыгора, каб запрасіць на круг, той ветліва падставіў Уладыся Барэйку. Скрыган.

•••

Падставіць нагу (ножку) — а) паставіць сваю нагу так, каб аб яе спатыкнуўся другі чалавек; б) перан. зрабіць непрыемнасці пашкодзіць каму‑н. [Максім:] — Яно я і сам думаў паспрабаваць шчасця, але саступаю. Сваім нагу не падстаўлю. Асіпенка.

Падставіць (свой) лоб — прыняць на сябе нейкі ўдар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., кім-чым.

1. Умець абыходзіцца з чым‑н., умела карыстацца чым‑н. Валодаць зброяй. Валодаць шпагай. □ Лагуновіч вельмі любіць тэхніку і людзей, якія валодаюць ёю дасканала. Казека. // Добра ведаць якую‑н. справу, быць майстрам у якой‑н. галіне. [Васіль] валодаў цяслярскай справай, быў нядрэнным мулярам і плытагонам. Няхай. Андрэй Вуйскі так валодаў нямецкай мовай, як не валодалі ёю многія немцы. Шамякін.

2. Падпарадкоўваць сваёй уладае, волі, уплыву; кіраваць. Валодаць аўдыторыяй. // Ахопліваць (пра пачуцці, імкненні, думкі). [Турсевіч:] — І нейкія асаблівыя думкі пачынаюць валодаць табою. Колас. Валодала мной у той час юнацкае імкненне шукаць прыгожы х, сапраўды ідэальных людзей. Навуменка.

3. Дзейнічаць, рухаць часткамі свайго цела. Убачыўшы катэры, матросы з апошняй сілы падаліся насустрач, але стомленыя рукі ўжо слаба валодалі. Кулакоўскі. [Дубік] далонь ушчэнт пашчапаў, тры пальцы, кажа, валодаць не будуць. Скрыган. Часта перад тым, як ісці дадому.., [Захар Зынга] ужо ледзьве валодаў нагамі. Чорны.

4. Мець у сваёй уласнасці, уладаць. Валодаць маёмасцю. // Мець якія‑н. якасці, уласцівасці. Не толькі ў нашым сяле, а і ў суседніх лічылася, што Нямко валодае незвычайнай сілай. Кулакоўскі.

•••

Валодаць пяром — умець выразна і пераканаўча выказваць свае думкі на паперы.

Валодаць сабою — трымацца спакойна ў любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.

1. Адлажыць убок, палажыць побач. Пачуўшы стукат у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела: — Уваходзь! Зарэцкі. [Рудзько] адклаў лічыльнікі ўбок, змёў далоняй махорку са стала ў падстаўленую лодачкай другую далонь і адарваў новы кавалачак газеты. Дуброўскі. // Палажыць асобна, аддзяліць. Адкласці сапсаваныя фрукты ў асобную скрынку. / у перан. ужыв. Ужо зіма свае ўборы На другі адклала год. Броўка. // Зберагчы якія‑н. сродкі, паклаўшы іх асобна; сэканоміць. Адкласці грошы.

2. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады. За доўгія гады возера адклала на дне многа ілу.

3. Палажыць яйкі для захавання патомства. Самка авадня здольна адкласці да 500 яечак.

4. Апусціць, адагнуць, адкінуць (аб прадметах, прымацаваных да чаго‑н. адным краем). Анісім ад звонкасці Алімпінага голасу прабудзіўся, адклаў каўнер кажуха і пачаў .. услухоўвацца ў Алімпіны словы. Сабаленка.

5. Перанесці на больш позні час; адтэрмінаваць. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра. Маўр. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Крапіва.

6. У геаметрыі — адмераўшы, адзначыць адрэзак на прамой. На прамой АВ адкласці адрэзак СД.

7. перан. Пакінуць след, адбітак, не знікнуць бясследна, зрабіць уплыў. Уражанні дзяцінства адклалі выразны адбітак на душы чалавека. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́па1, ла́пка ’ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак’ (ТСБМ, Сцяшк., Бес., Сл. паўн.-зах., Клім., Яруш., Мат. Гом., Бяльк.) (экспр.) ’нага чалавека’, ’ножка стала, ложка, услона’ (Сл. паўн.-зах., Нас., Шатал.), ’ступня чалавека’ (ігнал., даўг., Сл. паўн.-зах.), ’рука’ (Нас.), даўг. лапка ’кісць рукі’ (Сл. паўн.-зах.), драг. ла́па, ла́пыско ’вялікая ступня’ (Нар. лекс.), ла́па ’расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваных для выцягвання цвікоў’ (ТСБМ, Сцяшк., Мат. Гом.), драг. ’для сцягвання ботаў’ (І. Лучыц-Федарэц; Сл. паўн.-зах.), в.-дзв. ’для абдзірання галовак ільну’ (Шат.), ’зуб у вілах’ (навагр., З нар. сл.), ’ручка ў сасе, плузе’ (Тарн., Смулк., Шатал.; лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (глыб., Сл. паўн.-зах.), ’чапяла’ (кобр., ДАБМ, к. 251), ’камплект панажоў у кроснах’ (Бяльк., Мат. Маг., Уладз., Мат. Гом.), ’дошчачка ў калаўроце, на якую наступаюць нагой пры прадзенні’, малар. ’стойкі ў калаўроце, паміж якімі знаходзіцца кола’ (Уладз.), лельч. ’водаўдарная дошчачка на вобадзе вадзянога кола’ (ЛАПП), ’шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец’ (ТСБМ), ’паз у бервяне ў вугле’ (Мат. Гом.), (перан.) ’удар па далоні лінейкай як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе’ (Нас., Бяльк.; маладз., Хрэст. дыял., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), у выразе: лапамі араць ’упірацца, не даваць згоды’ (КЭС, лаг.), ст.-бел. лапица ’след’. Укр. лапа, зах.-укр. ла́ба, рус. лапа ’тс’, смал. лапы ’рукавіцы’, польск. łapa — апрача асноўнага значэння ’нага’ польская моўная тэрыторыя звязваецца з беларускімі значэннямі ’частка калаўрота’, ’панажы ў кроснах’, якія адсутнічаюць у рускіх гаворках; усх.-польск. łaba, каш. łapca (< łapica), чэш. tlapa, мар. dlapa (< прасл. lapa) — t‑/d‑ тут пад уплывам ням. Tatze ’лапа’ (Ільінскі, РФВ, 78, 194), а, паводле Шмілаўэра (Махэк₂, 645), чэш. tlapa — вынік кантамінацыі слав. łapa і ням. Tappe ’лапа’; славац. laba, славен. lapa, якое, паводле Плятэршніка (1, 499), са ст.-слав.; балг., макед. лапа ’нага некапытнай жывёлы’. Прасл. lapa ’ступня, нага некапытных жывёл’ з’яўляецца працягам і.-е. *lāpā ’рука, далонь, лапа’ (Слаўскі, 4, 465), параўн. адпаведнікі з іншых і.-е. моў: літ. lópa ’лапа жывёл, якія не маюць капытоў’, ’кісць рукі, нагі’, лат. lãpa ’лапа’, гоц. lōfa, ст.-ісл. lófiдалонь’ (Бернекер, 690; Буга, Rinkt., 2, 170; Покарны, 1, 679; Брукнер, 306; Траўтман, 160; Фрэнкель, 339–340; Фасмер, 2, 458). Сабалеўскі (РФВ, 70, 95) без падстаў рэканструяваў прасл. *tlapa зыходзячы з чэш. формы tlapa.

Ла́па2, ла́пка ’галінка хвоі, елкі’ (Нас., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Касп., Шат.; глус., Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.), ла́пнік ’тс’ (Бяльк.), ’галіна дрэва з лісцем’ (карэліц., лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’гронка вінаграду’ (карэліц., Шатал.), ганц. ла́пкі ’сцяблы і лісце бульбы’ (ДАБМ, с. 867), ’амяла, Viscum L.’ (Маш.). Рус. ла́пина ’галінка дрэва, дубчык’, ла́па ’тс’, ла́пник, ла́пняк ’шырокія лапы ялін, якімі пакрываюць на зіму двары’. Балтызм. Параўн. літ. lãpas ’ліст’, лат. lapa ’галіны дрэў з лісцем, якія падкладваюцца пад стог ці тарпу’.

*Ла́па3, воўча ла́па, кото́вые (котя́чі) ла́пкі ’ткацкі ўзор, малюнак якога нагадвае след жывёл’ (Уладз.). Параўн. таксама лат. lapa ’узор вязання рукавіц’, укр. лапки́ (мн. л.) ’род узору для вышывання’. Да ла́па1 (гл.).

Ла́па4 ’лапік, латка’ (пін., ДАБМ, 925), ла́пка ’тс’ (езярышч., віц., бярэз., пін., светлаг., ДАБМ, 924–925). Балтызм. Параўн. літ. lõpas ’тс’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 117–118). Канчатак ‑а пад уплывам лексемы лата ’латка’. Сюды ж ла́піна ’латка’ (ДАБМ, к. 324), ла́пінка ’тс’ (ДАБМ, с. 924–925; Федар. I, Федар. 3, Сцяшк., Нар. сл.; міёр., Нар. словатв.), ’пустое месца на полі, непакрытае гноем’ (Жд. 2), ’прагаліна’ (Мат. Гом.; міёр., Нар. словатв.); навагр. ла́піна ’ануча’ (Нар. сл.), ’праталіна’ (Некр.), ’невялікая плошча зямлі, на якой расце што-небудзь’ (Жд. 1), ’частка поля, сенажаці ў 4–6 м²’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падпе́рці, падапру, падапрэш, падапрэ, падапром, падапраце; пр. падпёр, ‑перла; зак.

1. што. Паставіць падпорку (падпоркі) пад што‑н., падтрымаць што‑н. чым‑н. Падперці сцяну. Падперці дзверы. □ Мы пабывалі ў раёне старога Парыжа.. У адным з дамоў апошні паверх .. адвальваецца, і таму яго падперлі доўгім надточаным бервяном. Філімонаў. Бацька свой воз падпёр плячом і аб’ехаў паварот, а сын пашкадаваў сілы траціць. Якімовіч. // Падставіць руку, далонь, каб можна было схіліць на іх галаву, твар і пад. Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца. Колас. // Уперціся рукамі ў бакі. — На брыгадзірстве тваім свет клічам сышоўся? — падперла рукі ў бокі жонка. — А як усе людзі, не хочаш працаваць? Б. Стральцоў. // перан. Падтрымаць сабой што‑н. Па суседству з маім домам сталі новыя [дамы], сучасныя ў сэнсе архітэктуры. Яны падперлі яго сваімі плячыма і, як гавораць спецыяліст, уключылі ў адзін ансамбль. Навуменка.

2. Надавіць, націснуць. Хамут падпёр каню пад самае горла. // Разм. Аб прыступе якога-небудзь болю, кашлю і пад. Нечаканая бяда навалілася на Лявона.. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць. Ермаловіч. // перан. Разм. Прымусіць неадкладна ўзяцца за якую‑н. працу, выкананне або ажыццяўленне чаго‑н. тэрмінова наспеўшага. [Вяржбіцкі:] — А Клікаў — прайдзісвет. І лізаблюд. Прадасць і выменяе, Калі нявыкрутка падапрэ. Савіцкі. — А цяпер жа і сена, і жніво падперла! — успомніў.. [Алесь] словы Лены. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пля́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Удараць, стукаць далонню аб далонь або далонню па чым‑н. І тут перад.. [Васілём Андрэевічам] карціна: дзеці гуляюць у карагод, а Хамянок пасярэдзіне і ў далоні пляскае. Ракітны. Як малы, пляскае ў далоні Сяргей, лежачы разам з Вінцэсем Шастаком у густым шыпшынніку. Мікуліч.

пляска́ць 1, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак.

1. Удараць аб што‑н. з шумам, пляскам (пра ваду ці іншую вадкасць). Аднастайна пляскала ў бераг вясенняя вада. Краўчанка. Уздыхае свабодна рака, Плешча хваляй у бераг няроўны. Астрэйка. // Удараць, стукаць чым‑н. па вадзе. Набываў надвячоркам на Доўгіх азёрах, паслухаў, як у ціхіх затоках плешчуць хвастамі раз’ятраныя шчупакі. Краўчанка.

2. Стукаць, удараць чым‑н. плоскім. Алёна ў вадзе стаіць па калена, плешча моцна пранікам, а пырскі далёка раскідаюцца, і пранік выбівае «тахты»... Каваль.

3. Тое, што і пля́скаць. Зайка скача, плешча ў лапкі: — Я такой не бачыў шапкі! А. Александровіч. — Браты партызаны! Чаму ж вы не плешчаце ў ладкі? Колас. Напружанасць спадае ў адно імгненне. Дырэктар плешча ў далоні. Вітка.

•••

Пляскаць языком — гаварыць многа і абы-што.

пляска́ць 2, пляшчу́, пле́шчаш, пле́шча; заг. пляшчы́; незак., што.

Рабіць пляскатым, плюшчыць. Снарад такі ўгоніш у калодку абухом, а зверху на ім, на пяце, раўняй што хочаш, пляшчы канец, каб цвік той лепш у лагу лез, калі ты яго не наўскос адсек. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

злі́цца, зліюся, зліешся, з ліецца; зліёмся, зліяцеся і салыося, сальешся, сальецца; сальёмся, сальяцеся; заг. зліся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў адзін паток. [Ручаіны] бягуць несціхана, бягуць безупынна, .. покі не сальюцца ў бурлівыя патокі. Колас. Паток імчыцца ўніз з вяршыні, Каб зліцца з ведалі ракі І ўпасці на далонь турбіны. Смагаровіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца ў выніку плаўлення ў адну суцэльную масу. Соль злілася ў камяк.

3. Аб’яднацца ў адну арганізацыю, групу і пад. — Мы сталі ў адзін фронт з другім, выяўленым намі тут партызанскім атрадам. К вясне нашы атрады зліліся. Чорны.

4. перан. Утварыць з кім‑, чым‑н. адзінае цэлае. Наталька злілася з гэтым людскім патокам і загубілася ў ім. Колас. // перан. Змяшацца, перастаць, адрознівацца (для слыху, зроку і пад.). Грукат гармат зліўся ў суцэльную кананаду. Шашкоў. Сінія палоскі кашулі на.. [Міхасёвай] спіне зліліся ў адно. Савіцкі. // перан. Неразрыўна звязацца з кім‑, чым‑н. Жыццё [Нямко] злілося з інтарэсамі калгаса, з клопатамі аб конях. Кулакоўскі. // Наблізіўшыся, саставіць быццам бы адно цэлае з кім‑, чым‑н., стаць як бы часткай чаго‑н. Салаўёў ляжаў, прыціснуўшыся да зямлі і стараючыся зліцца з ёю. Шахавец. Пятрусь з Антосем прыпалі да зямлі і, падпоўзшы да жыта, зліліся з ім. Нікановіч.

5. Льючыся, перамясціцца; сцячы. Смятана злілася, а малако засталося.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пля́скаць, пляска́ць, пля́скыць ’удараць’, ’біць, хвастаць, сцёбаць’, ’стукаць далонню аб далонь ці па чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Бяльк., Яруш., Шат.; ашм., Стан.), ’апладзіраваць’ (ельск., хойн., Мат. Гом.); ’пляскаць па вадкасці’ (Шат., Сл. ПЗБ); ’плямкаць, чмякаць пры ядзе’ (сміл., Стан.; Шат.), пля́цкаць ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ); пляска́ць ’біць молатам’ (Касп.), ’таптаць, дратаваць’ (зэльв., Сл. рэг. лекс.); пля́скаць ’барабаніць, звінець (аб лыжках і місцы)’ (воран., віл., Сл. ПЗБ), экспр. ’касіць нізкую рэдкую траву’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’рабіць, майстраваць’ (карм., Мат. Гом.); плеска́ць ’ляскаць, пляскаць’ (ТС); пля́скаць ’біць па твары далонню’ (Нас.; Бяльк.: жлоб., Мат. Гом.). Укр. пля́скаты, пле́скати ’біць у далоні’, ’плёхаць па гразі’, ’гаварыць многа і абы-што’, ’кляпаць’, а таксама бойк. пля́цкати ’плямкаць, еўшы’, польск. plaskać ’гучна удараць далонню’, ’выдумляць, нагаворваць’, дыял. паморск. płaskac, plaskac ’пляскаць далонню на вадзе’, чэш. мар. pláskati, ляш. pľaskať ’пляскаць, шлёпаць’, славац. pľasknúť ’пляснуць па шчацэ, спіне’, ’бразнуць (дзвярыма)’, ’лопнуць (пра пупышку)’, ’пляснуцца (у гразь)’; славен. plȃskati ’пляскаць, апладзіраваць’, ’падрубаць’, ’крычаць’, plaskati, plaskáti ’біць у далоні’, серб.-харв. чак. пљаска̏ти ’пырскаць, пляскаць па вадзе’, макед. пласка ’удараць далонню’, ’вярзці лухту’, ст.-слав. плесклти ’ляскаць, ляпаць’. Прасл. *plaskati, варыянт *ploskati, роднаснае літ. ploskúoti ’пляскаць (рукамі), чмякаць’, ’бразгаць’ < і.-е. plok‑sk‑ ’плоскі’, ’біць, таўчы’ (Сной–Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 598) выводзіць польск. plaskać з прасл. plěsk‑a‑ti, якое з’яўляецца ітэратывам да *pleskati > бел. пле́скаць (гл.). Сюды ж з пераносным значэннем пля́ска́ць ’гаварыць многа і абы-што’ (Нар. Гом.; Шат.; Касп.), ’плявузгаць, малоць языком’ (Сл. ПЗБ), пляска́ч ’пустаслоў, пляткар’, ’які гаворыць абы-што’ (Скарбы), ’балбатун’ (Сцяшк. МГ), пля́скыньнік ’тс’ (Юрч. СНЛ), пляскава́ць ’плявузгаць, несці лухту’ (ігн., Сл. ПЗБ), параўн. чэш. pleskati ’тс’, славац. pleskotať ’тс’, паморск. plesk​uotac ’неразумна ілгаць’, якія Фурлан (JS, 39, 4, 123) узводзіць да *ple‑sk‑ < і.-е. *(s)pele‑, параўноўваючы з літ. pleškė́ti, лат. plekšet ’ілгаць’, што неабавязкова.

Пляска́ць ’рабіць пляскатым, плюшчыць’ (ТСБМ, Касп.), ’абабіваць лапатай’ (Сцяшк. Сл.), плыска́ты ’пляскаць (пра метал)’ (драг., Жыв. сл.), пляску́шка ’невялікі, расплясканы кавалак металу’ (Юрч. Вытв.). Да пля́скаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)