вало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., кім-чым.

1. Умець абыходзіцца з чым‑н., умела карыстацца чым‑н. Валодаць зброяй. Валодаць шпагай. □ Лагуновіч вельмі любіць тэхніку і людзей, якія валодаюць ёю дасканала. Казека. // Добра ведаць якую‑н. справу, быць майстрам у якой‑н. галіне. [Васіль] валодаў цяслярскай справай, быў нядрэнным мулярам і плытагонам. Няхай. Андрэй Вуйскі так валодаў нямецкай мовай, як не валодалі ёю многія немцы. Шамякін.

2. Падпарадкоўваць сваёй уладае, волі, уплыву; кіраваць. Валодаць аўдыторыяй. // Ахопліваць (пра пачуцці, імкненні, думкі). [Турсевіч:] — І нейкія асаблівыя думкі пачынаюць валодаць табою. Колас. Валодала мной у той час юнацкае імкненне шукаць прыгожы х, сапраўды ідэальных людзей. Навуменка.

3. Дзейнічаць, рухаць часткамі свайго цела. Убачыўшы катэры, матросы з апошняй сілы падаліся насустрач, але стомленыя рукі ўжо слаба валодалі. Кулакоўскі. [Дубік] далонь ушчэнт пашчапаў, тры пальцы, кажа, валодаць не будуць. Скрыган. Часта перад тым, як ісці дадому.., [Захар Зынга] ужо ледзьве валодаў нагамі. Чорны.

4. Мець у сваёй уласнасці, уладаць. Валодаць маёмасцю. // Мець якія‑н. якасці, уласцівасці. Не толькі ў нашым сяле, а і ў суседніх лічылася, што Нямко валодае незвычайнай сілай. Кулакоўскі.

•••

Валодаць пяром — умець выразна і пераканаўча выказваць свае думкі на паперы.

Валодаць сабою — трымацца спакойна ў любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)