вы́рваць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; зак., што.

1. Выцягнуць, дастаць што‑н. рыўком; высмыкнуць. Вырваць пустазелле. Вырваць цвік. Вырваць зуб. □ Убачыўшы Алеся, Зіна спынілася, вырвала з Сямёнавай рукі далонь. Шыцік. // Выдраць, адарваць. Вырваць ліст з сшытка. // Выхапіць што‑н. у каго‑н. Вара.. усхапілася, падскочыла да Рыгоркі, вывала аловак і шпурнула далёка на сметнік. Дуброўскі. // перан. Разм. Вызваліць, выратаваць. Вырваць з няволі. Вырваць з палону. □ [Нэлі] верыла, што Білі не забыў пра яе, што ён вырве яе з гэтага пекла, што яны яшчэ знойдуць шчасце. Гамолка.

2. перан. Дабіцца чаго‑н. сілай, прымусам; Зрабіць што‑н. настойлівымі намаганнямі. Вырваць прызнанне. □ Ад арыштаванай за ўвесь час не вырвалі ніводнага слова. Якімовіч. [Яраш:] — Вырвалі мы.. [Зосі] кватэру, купілі мэблю, прывезлі яе з бальніцы. Шамякін.

3. Рвучы з коранем, сабраць ураджай чаго‑н. Вырваць лён, буракі.

•••

Вырваць з горла (з зубоў) — груба, нахабна дамагчыся чаго‑н.

Вырваць з коранем — зусім, канчаткова пазбавіцца ад чаго‑н.

Вырваць з мясам — адарваць з кавалкам тканіны (пра гузік і пад.).

Вырваць з сэрца каго-што — прымусіць сябе забыць каго‑, што‑н., перастаць кахаць каго‑н.

вы́рваць 2, ‑рве; безас., зак.

Званітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)