Га́каць ’гакаць’ (Бяльк.), ’секчы’ (Сцяц.), га́кну́ць (Касп.), га́кнуць (БРС). Параўн. рус. га́кать ’вымаўляць глыбокі гартанны гук (га, ага), калі сякуць дровы, удараюць цяжкім молатам і г. д.’, ’моцна ўдараць, біць’ (СРНГ). Ад прымарнага выклічніка га! Дзеяслоў га́каць утворан пры дапамозе звычайнага ў такіх фармацыях суфікса ‑к‑. Аналагічны па паходжанню і дзеяслоў го́каць (гл.). Не мае да гакаць ніякага дачынення ням. дзеяслоў hacken ’секчы’ (гэта выпадковае супадзенне).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
я́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. У мовазнаўстве — вымаўляць ненаціскны гук «е» як «а» («я») пасля мяккіх зычных у першым складзе перад націскам.
2. Разм. Выхваляючыся, вельмі часта паўтараць у размове «я». Не звык я змалку якаць, Ды ў справе важна — Якасць! Барадулін. [Яўген:] — Не тое што, як другі — каторы любіць выстаўляцца, штосьці якаць: — Я! я! Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракансультава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.
Даць кансультацыю па якому‑н. пытанню. Сакратар сашчапіў рукі, схіліў набок галаву — так яму, мабыць, лягчэй было вымаўляць словы. — Дык вось, та-ва-а-арыш Ка-аліна, трэба спачатку а-акты са-аставіць, у-у-улік пра-а-авесці. Зойдзеш у выканком, та-ам цябе пракансультуюць. Асіпенка. Пракансультаваўшы колькі хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лапата́ць, -пачу́, -по́чаш, -по́ча; -пачы́; незак.
1. Удараць па якой-н. паверхні, ствараючы аднастайныя, прыглушаныя гукі; шалясцець.
Л. крыламі па вадзе.
Дождж лапоча па страсе.
2. Хутка, нязвязна гаварыць, паспешліва расказваць (разм.).
Вінавата л.
3. Гаварыць многа, бесперастанку аб чым-н. пустым, нязначным; балбатаць (разм.).
Яна цэлы дзень бегала па вёсцы і лапатала.
4. Незразумела гаварыць, гаварыць на чужой, незнаёмай для каго-н. мове; невыразна вымаўляць.
Дзяўчынка лапатала на сваёй дзіцячай мове.
Немец лапатаў нешта незразумелае.
|| зак. пралапата́ць, -пачу́, -по́чаш, -по́ча; -пачы́.
|| наз. лапата́нне, -я, н. і ло́пат, -у, М -паце, м.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Каве́рыць ’скажаць гучанне слова, няясна вымаўляць, хлусіць’ (Жакава. Совещание по ОЛА, 198–199). Як магчымыя паралелі можна прывесці рус. кастрам. коверить ’ламаць, згібаць, мяць што-н.’ і, як вельмі ненадзейнае, рус. паўн.-дзвін. каверить ’хварэць, нядужаць; кашляць’ (адносна развіцця значэння параўн. рус. дыял. вертёж ’галавакружэнне; заразная хвароба, эпідэмія’). Утворана прэфармантам ко‑ ад верыць, роднаснага рус. дыял. верать ’плесці (лапці, кашолкі, сеткі і да т. п.)’, верать ’хлусіць, расказваць байкі’, якія ад verti ’плесці і інш.’ Развіццё значэння аналагічнае вярзці ’несці лухту’ < вярзці ’плесці (лапці і інш.)’. Да словаўтварэння параўн. кавярзаць, укр. ковертати.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
То́рыць ’хадзьбой, яздой пракладваць дарогу’ (ТСБМ, Ласт.), ’ісці, накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.). Укр. тори́ти, торува́ти ’утоптваць, пракладваць дарогу’, рус. тори́ть ’пракладваць баразну, сцежку, дарогу частай хадзьбой’, польск. torować ’тс’, utorować ’пракласці дарогу’, чэш. валаш. tořiť, ляш. torovať se, славац. torovať ’пакідаць след пасля сябе’, харв. чак. tòriti ’загнойваць’, ’выпаражняцца (пра скаціну)’. Прасл. *toriti ’пракладваць дарогу, сцежку’, з якім Буга (Rinkt., 2, 630) звязвае ўсх.-літ. tarýti ’вымаўляць, гаварыць’, літаральна — ’церці языком’; гл. таксама Фасмер, 4, 83. Разглядаецца як ітэратыў ад *terti ’церці’, мажліва, і прасл. *tariti, гл. тары́ць (Варбат, Этимология–1970, 58).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
заплята́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заплесціся 1.
2. (у спалучэнні з назоўнікам «ногі»). Няўпэўнена, з цяжкасцю рухацца, чапляцца адна за адну. Па калідору ідзе [Міця], як у тумане. Заплятаюцца ногі. Навуменка. Дзеці змарыліся. Ножкі ў іх запляталіся. Няхай.
3. (у спалучэнні з назоўнікам «язык»). Невыразна, нячленараздзельна вымаўляць. Рая расказвала пра ўсё, што бачыла і перажывала, але язык яе пачаў заплятацца. Новікаў. — Вось я і прыйшоў, Юлька, — гаварыў Андрыян нейкім не сваім голасам; язык яго заплятаўся. Марціновіч.
4. Зал. да заплятаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што і без дап.
1. Гаварыць, вымаўляць што‑н., суправаджаючы якое‑н. дзеянне; прыгаворваць. Калі лажыўся на далонь З сявенькі завадскі авёс, Я прымаўляў: — Расці, каб конь Браў з ходу лёгка цяжкі воз. Астрэйка. Прымаўляючы «а давай, братка, пабачым, ці смачны дарожны хлеб», .. [Кузьма Чорны] разламаў акрайчык на роўныя кавалкі і адзін падаў мне. Кірэенка.
2. Уст. Угаворваць каго‑н. што‑н. зрабіць. Крыўдна трохі і на бацьку, што прымаўляў .. [Насту] ісці [замуж] — ды стары ён, што ты возьмеш з яго... Каваль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чо́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць рэзкія, адрывістыя гукі пры ўдары аб што‑н. шкляное, металічнае, пры хадзьбе па бруку і пад. Чуваць, як чокаюць абцасы, Нібы ходзікі, І танга плаўнае кранае слых. Чарняўскі. На яліне крывой дзяцел стукаў яму. Па суку дзюбай цвёрдаю чокаў: — Падымайся, салдат! Не ўцякаеш чаму? Бялевіч.
2. Абзывацца гукамі, падобнымі на «чок-чок» (пра некаторых птушак і жывёл). Чокае вавёрка на суку.
чо́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Спец. Вымаўляць гук «ч» на месцы гука «ц».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
1. Вымаўляць, зачытваць што‑н. уголас з тым, каб слухачы (слухач) запісвалі. Дыктаваць тэкст пісьма машыністцы. □ — Я не хутка дыктую, вы паспяваеце запісваць? Краўчанка.
2. Загадваць, прадпісваць што‑н. для безагаворачнага выканання. Дыктаваць сваю волю. □ Укалола .. [Ельскага] графская пыха, што не можа дыктаваць .. ён, афіцэр, пан, шляхціц. Пестрак. // перан. Падказваць, пераконваць. Сам розум дыктаваў даць гэту паркалёвую хустку Марылі: ёй не прыйшлося мануфактуры, а хустка гэтая аставалася. Чорны. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Аднак нейкая маўклівая праца розуму, унутранае пачуццё дыктавала зусім іншае. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)