я́касць, ‑і, ж.

1. Характэрная адзнака, істотная ўласцівасць, якая адрознівае адзін прадмет ад другога. Страявы афіцэр, капітан, гэты чалавек дзіўным чынам спалучаў у сабе многія якасці, самыя супрацьлеглыя. Шамякін.

2. Ступень прыгоднасці, вартасці чаго‑н. Якасць прадукцыі. □ [Гарлахвацкі:] Што да даклада, то ад яго якасці залежыць ваш [Тулягі] лёс у першую чаргу. Крапіва. Міхась лічыцца сёння.. адказным за якасць друку. Брыль. Аптымістычнасць — выдатная якасць мастацтва. Бугаёў.

3. У філасофіі — катэгорыя, якая выражае істотную пэўнасць прадмета, дзякуючы якой ён з’яўляецца іменна гэтым прадметам, а не іншым. Пераход колькасці ў якасць.

4. У шахматнай гульні — розніца ў цэннасці цяжкай фігуры (ладдзі) у параўнанні з лёгкай фігурай (канём, сланом).

•••

Дзяржаўны знак якасці гл. знак.

Інспекцыя па якасці гл. інспекцыя.

У якасці каго-чаго — як хто‑н. або што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

права́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. праваліцца (у 2 знач.).

2. Месца, якое правалілася. Вось ужо відаць шырокі чорны правал ля падножжа гары. Арабей. Нягледзячы на тое, што правал у лежаку пагражаў пажарам, санітар і вухам не вёў: ёсць гаспадар, пан Тарбецкі, — няхай ён і правіць. Колас.

3. Тое, што і праём. Дамы ашчэрваліся чорнымі праваламі вокан. Асіпенка. [Рыгорка] знікаў у правале расчыненых дзвярэй. Дуброўскі.

4. перан. Поўная няўдача ў якой‑н. справе. Шкода не толькі волі, жыцця, а шкода і правалу той работы, якую даручыла яму партыя. Колас. // Раскрыццё (падпольнай арганізацыі). Пасля правалу арганізацыі бацьку майму прыйшлося доўга хавацца. Гарэцкі. // Нездавальняючая адзнака на экзамене.

5. перан. Адсутнасць яснага ўспрымання ўсяго, што акружае (пры некаторых хваробах, моцным ап’яненні). Як фарсіравалі рэчку — помніць [Баталаў], як абганялі абоз на шашы — таксама. А далей — правал. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба «5». // Разм. Назва розных прадметаў, якія нумаруюцца гэтай лічбай (трамваяў, аўтобусаў і пад.).

2. Адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая абазначае «выдатна». Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік. А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Разм. Колькасць 5; пяцёра. Падзяліўшы групу напалам, .. [Шыбаеў] пакінуў пяцёрку байцоў у лесе паблізу дарогі. Краўчанка. // Група, якая складаецца з пяці чалавек або з пяці прадметаў. [Мікола:] — Мазурэнка сказаў расшырыць арганізацыю. Браць правераных. Уключаць у пяцёркі. Так, каб адзін другога не ведалі, а толькі таго, хто дае заданне. Навуменка.

4. Разм. Грашовы знак або сума ў пяць рублёў. Калі дзялілі каравай, на талерку клаў кожны, колькі мог. Палажыў і Якаў цэлую пяцёрку. Чарнышэвіч. [Соня] разгладжвала пакалечаных рублёўкі, траячкі, пяцёркі. Корбан.

5. Ігральная карта, якая мае пяць ачкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Першы, найменшы цэлы лік, а таксама яго лічбавы знак «1». // толькі мн. (адзі́нкі, ‑нак). Апошняя лічба ў мнагазначных ліках. Двухзначны лік складаецца з адзінак і дзесяткаў.

2. Самая нізкая адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая азначае: «вельмі дрэнна».

3. У спалучэнні з назоўнікамі або прыметнікамі азначае велічыню, якая прынята для вымярэння аднародных велічынь. Адзінка вымярэння. Грашовая адзінка. Адзінка даўжыні. Кармавая адзінка. Адзінка паскарэння. Сістэма адзінак.

4. Кожная асобная істота, прадмет, паасобнік. Аддзел рукапісаў сабраў каля 2000 адзінак рукапісных твораў. «Беларусь». // Службовае месца ў штатным раскладзе якой‑н. установы, арганізацыі. Штатная адзінка. Вакантная адзінка. // толькі мн. (адзі́нкі, ‑нак). Мала хто; паасобныя. З вялікай групы экскурсантаў толькі адзінкі дасягнулі вяршыні гары.

5. звычайна з азначэннем. Самастойная частка нечага цэлага. Адміністрацыйная адзінка. Гаспадарчая адзінка. Баявая адзінка.

6. Асобны чалавек; асоба, індывідуум. Гераізм савецкіх людзей — не якасць выключных адзінак, а масавая з’ява, уласцівасць усяго народу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чацвёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба 4. Напісаць чацвёрку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 4), якія нумаруюцца лічбай 4.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем «добра». Тарас Яцэвіч скончыў у тым годзе сярэднюю школу. Праўда, не зусім удала: з тройкамі і чацвёркамі. Якімовіч. Клава думала цяпер і пра тыя тры балы, якіх яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта «тройка» па пісьму і «чацвёрка» па хіміі. Кавалёў.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з чатырма ачкамі. Чацвёрка пік.

4. Запрэжка ў чатыры кані. Вёз [гаспадар] на .. [кабыле] дровы з лесу, ажно тыц! — едзе пан на чацвёрцы. Бядуля.

5. Колькасць каго‑, чаго‑н. у чатыры адзінкі; чатыры аднародныя прадметы. Чацвёрка самалётаў. □ Потым аблічча яго праяснялася, Аляксандр развясельваўся, падыходзіў да Уладзіка, ці да Сымона, або да Андрэя — гэта была самая знітаваная чацвёрка ў камеры. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казу́лька ’божая кароўка’ (Шатал., З жыцця; Чач.), казулькі ’конікі палявыя’ (Федар. Рук.). Укр. козуля, козулька ’насякомае Cerambix’. Словаўтваральна празрыстая структура; цяжэй вытлумачыць як вытворнае ад каза1, ці тут перанос назвы з казуля, вядомага ў розных значэннях. Параўн. у Федароўскага ў рукапісным слоўніку: kozaczki ’конікі палявыя’. Лексемы з апошнім значэннем могуць быць аўтаномнымі ўтварэннямі (паводзіны насякомага нагадваюць паводзіны жывёлы), магчыма, нават першаснымі для семемы ’божая кароўка’, напр., супадзенне назвы коніка і божай кароўкі ў бел. лельч. кавалік. Разам з тым міфалагічны кантэкст, які суправаджае розныя назвы Coccinella septempunctata як у слав., так і неслав. мовах, дазваляе меркаваць аб магчымай субстытуцыі назвы або міфалагічным варыянце, параўн. бел. кароўка, ярыца, укр. щедрик‑ведрик і рус. козуля, козурка, козюлька, коровка і інш. для сакральнага печыва з відавочнымі зааморфнымі адзнакамі.

Казу́лька ’маленькая лавачка’ (Касп.). Рус. козуля ’кароткая лавачка, зробленая так, што сучкі дрэва з’яўляюцца ножкамі’, казулька ’тс’, халм., пск. ’маленькая лавачка, на якую садзяцца, калі дояць карову’, маск. ’санкі, якія робяць са старой лаўкі’. Матывацыя назвы зразумелая (рожкі, зааморфная адзнака), аднак не вельмі ясна, утворана слова суфіксальным спосабам ад каза або тут перанос назвы ад казуля, параўн. інш. назву лавачкі каза (гл.). Статус інавацыі (усх.-слав.?) няясны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адбі́так, ‑тка і ‑тку, м.

1. ‑тка. Тое, што адлюстравалася на гладкай, бліскучай паверхні ў выніку пераламлення светлавога праменя; адлюстраванне. Тут ціха ля ног плешча чорная хваля азёрная, Адбіткі дубоў і сасонак чарнеюць з вады. Лойка. Справа і злева мільгаюць вуліцы, дамы-палацы, часта іх адбіткі купаюцца ў забетанаваных водах Неўкі і Фантанкі. Лупсякоў. // Цень прадмета, асветленага з процілеглага боку, на якой‑н. паверхні. На бледна-сіняй сцяне, на белых дзвярах палаты ўжо [свяціўся] вялікі сонечны квадрат з адбіткамі рамы. Шамякін.

2. ‑тка. След, які астаўся на чым‑н. ад іншага прадмета. Адбіткі пальцаў. □ Вільготны пясок увесь спярэшчаны.. слядамі [чаек]. Усюды адбіткі іх лапак, нібы нейкі складаны, адмысловы ўзор. В. Вольскі.

3. ‑тку. Тое, што з’яўляецца адлюстраваннем, перадачай у вобразах і паняццях чаго‑н. Тое, што азначала карэнныя змены ў агульным жыццёвым лёсе народа, не магло не знайсці свайго адбітку ў сферы мастацтва, літаратуры. Перкін.

4. ‑тку. След, пячаць, адзнака якіх‑н. пачуццяў, уздзеянняў, уплываў і пад. На ўсіх рэчах у хаце ляжаў адбітак маладой свежай дбаласці. Васілевіч. Час бяжыць імкліва, нястрымна і на ўсё кладзе свой адбітак. Хадкевіч.

5. ‑тка. Тэкст, малюнкі і пад., адціснутыя паліграфічным спосабам. І калі, нарэшце, прэс падымаюць, на кардоне застаецца выразны адбітак як тэксту, так і малюнкаў. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.

1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.

2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.

4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.

5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.

6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.

7. Разм. Тры рублі.

•••

На тройках ехаць гл. ехаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знак м. знак, род. зна́ка м.; (признак) адзна́ка, -кі ж.; (примета) прыме́та, -ты ж., разг. прыкме́та, -ты ж.;

вопроси́тельный знак пыта́льнік;

восклица́тельный знак клі́чнік;

знак вла́сти знак ула́ды;

знак почто́вой опла́ты знак пашто́вай апла́ты;

зна́ки разли́чия зна́кі адро́знення;

подава́ть, пода́ть знак падава́ць, пада́ць знак;

в знак па́мяти у знак па́мяці;

под зна́ком (чего) пад зна́кам (чаго);

знак ра́венства знак ро́ўнасці;

зна́ки препина́ния зна́кі прыпы́нку;

де́нежный знак грашо́вы знак;

знак отли́чия знак узнагаро́ды;

знак ка́чества знак я́касці;

дурно́й знак дрэ́нная прыме́та.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

до́бра,

1. Прысл. да добры (у 4, 7 і 9 знач.); проціл. дрэнна. Значыць, скончылі добра ўборку, Плённай працы сабралі дары. Броўка. Сталі .. [муж з жонкай] жыць добра і шчасліва. Якімовіч.

2. прысл. Ладна-такі, парадкам; зусім. Ужо добра сцямнела на дварэ, калі людзі пачалі разыходзіцца. Чарнышэвіч. Сонца ўжо ўзнялося вышэй за гарадскія дахі і добра грэла. Самуйлёнак. / з часціцай «такі». Уночы зямля добра-такі падшэрхла, і машыны не сыходзілі з поля. Пальчэўскі. Стары ўжо ён, наш бацька, добра-такі стары. Шэсць дзесяткаў з ладным гакам мае. Васілёнак.

3. безас. у знач. вык. Пра спрыяльную абстаноўку, прыемнае акружэнне. Добра ў лузе ў час палудны! Лёгка там дыхнуць. Колас. У гасцях добра, а дома лепш. Прыказка. // каму. Пра адчуванне прыемнасці, унутранага задавальнення ад чаго‑н. І добра нам — маўчаць і пазіраць На родны край вачамі маладымі! Панчанка.

4. безас. у знач. вык., са злучн. «што», «калі». Шчасце, якраз дарэчы. Добра, што не згубіў [Шура] складанчык — ёсць чым заняць рукі. Навуменка. Калі дарогу перабег воўк — добра. Чарнышэвіч.

5. у знач. сцвярджальнай часціцы. Абазначае: ладна, згодзен, хай будзе так. — Давай правядзі мяне да перавозу. — Добра, якраз я сам меўся тудэю ісці. Гартны. — Добра, цётка Куліна, буду заходзіць. Паўлаў.

6. у знач. часціцы (звычайна ў спалуч. з часціцай «ж»). Ужываецца ў значэнні пагрозы, папярэджання: глядзі, пачакай. Добра ж! Я табе прыпомню!

7. у знач. наз. до́бра, нескл., н. Адзнака, якой ацэньваюць параўнальна высокі ўзровень ведаў. Атрымаць добра на экзамене.

•••

Добра кажаш гл. казаць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)