Скна́ра ‘скупы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Янк., Варл., ТС, Ян., Растарг.), скнэ́ра ‘тс’ (Сл. ПЗБ), скны́ра ‘тс’ (ТС), скна́рына ‘тс’ (Юрч.), скна́рыць ‘выпрошваць; жміндзіць’ (Касп., Байк. і Некр.), скно́рыць ‘тс’ (Ласт.), скнары: да работы скнары ‘ахвочы, прагны’ (Б. Сачанка), скны́ры ‘скупы’ (ТС). Запазычанне з польск. sknara, sknera ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 149; Кюнэ, Poln., 97). Слова лічыцца выключна польскім (Брукнер, 494). Не адзначана ў ст.-бел., таму, відаць, запазычанне даволі позняе. Польскае слова — дэвербатыў ад sknerać ‘скардзіцца, хныкаць’, гукапераймальнага паходжання; гл. Борысь, 551.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спі́на ‘задняя (у жывёл — верхняя) частка тулава’ (ТСБМ, ТС; лід., карэліц., мін., Сл. ПЗБ; браг., Шатал.), спі́на ‘хрыбет’ (Пятк. 2), ‘вільчык’ (Сл. ПЗБ); таксама спіна́, спэна́ ‘спіна’, ‘прадаўгаватая горка’ (ТС). Укр. спи́на, рус. спина́ ‘спіна’. Лічыцца запазычаннем праз ст.-польск. spina ‘хрыбет’ (параўн. націск) з лац. spīna ‘спінны хрыбет, пазваночнік’; гл. Міклашыч, 318; Брукнер, 509. Фасмер (3, 735) прапаноўвае яшчэ бачыць роднасць з лат. spina ‘прут’, лац. spīna ‘цёран; шып, хрыбет’, ст.-в.-ням. spinula ‘шпілька’, тахар. A spin‑ ‘крук, колышак’, с.-н.-ням. spîle ‘ражон’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 371; Трубачоў, Проспект, 81.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стра́гнуць ‘вязнуць, гразнуць, грузнуць’ (Сл. ПЗБ, Скарбы), стря́гнути ‘грузнуць’ (кам., Жыв. НС). Укр. стря́гнути ‘вязнуць, грузнуць’, стра́гнути ‘заблытвацца ў сетцы або ў невадзе (пра рыбу)’, польск. zastrzęgać ‘захрасаць, вязнуць’, zastrąc, zastrzągł ‘тс’, якія Брукнер (522), ЕСУМ (5, 455) аб’ядноўваюць з усходнеславянскімі: застра́ць, застрэ́ць, рус. застря́ть, застря́нуть, бел. укр. встря́ти, застря́нути, супраць чаго Фасмер (2, 82). Формы з ‑г‑, магчыма, звязаны з літ. stringù, strìgti ‘захраснуць, завязнуць’, лат. strẽgu, strigt ‘патануць (у чым-небудзь)’, straignis ‘багна, твань’; гл. Траўтман, 290; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1089; Міклашыч, 325; ЕСУМ, 5, 455 (рэканструюецца прасл. дыял. *stręgati ‘грузнуць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Струт: але дух народу струт (А. Абуховіч). Значэнне няпэўнае; Пацюпа (Наша слова, 1995, 29 лістап.) узнаўляе як ‘параза’, спасылаючыся на ст.-бел. струтъ, якое Зізаній (79) тлумачыць “збурене мѣста албо люду побитье”. Няясна. Пацюпа (там жа) выводзіць з трут (гл.), параўноўваючы з літ. treñkti ‘грымнуць, ударыць’. Параўн. таксама ўкр. дыял. струт ‘выгоднае, зручнае месца’, якое спрабуюць звязаць з старым польск. stręt ‘перашкода’ (ЕСУМ, 5, 455). Фармальна адпавядае польск. strącic ‘збіць, скінуць’ (гл. стронціць), якое лічаць роднасным названаму літоўскаму слову (польск. trącic ‘штурхаць; чэш. trútiti ‘тс’, гл. Брукнер, 575; Махэк₂, 655)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трач1 ‘пільшчык, чалавек, які распілоўвае ўздоўж бярвенні’ (Сл. Брэс., Бес.; кам., малар., ЛА, 3, Вруб.; беласт., Сл. ПЗБ, АБ, 9). З польск. tracz ад trzeć ‘церці, шараваць’, у тым ліку і ‘пілаваць’ (Брукнер, 580; Борысь, 648), параўн. ст.-бел. пила которою трутъ (Александрыя). Сюды ж: трачы́на ‘пілавінне’, трачкува́ті, трачува́ты ‘распілоўваць бервяно ўздоўж’, тра́чка ‘распілоўка’ (Сл. Брэсц.; беласт., Сл. ПЗБ).

Трач2 ‘пугач’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, памылкова расчытанае рукапіснае “пугач”; параўн., аднак, польск. дыял. tracz ‘długodziob’, ‘murogęś’, што не выключае гукапераймальнага паходжання, параўн. славен. trač ‘балбатня’, якое, паводле Сной₃, 797, з ням. tratschen ‘балбатаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́нак ‘напітак’, ‘алкагольны напітак’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Гарэц., Федар. 4, Сцяшк., Яруш., Бес., Адм., Скарбы; астрав., Сл. ПЗБ), ‘віно’ (Сцяшк.), ‘прыправы’ (Жд. 3), пераносна ‘атрута (пра гарэлку)’ (астрав., Сл. ПЗБ), ‘пітво, піццё’ (полац., Нар. сл.), ст.-бел. трунокъ ‘напітак, трунак’ (1538 г., ГСБМ): хмелний трунек (Кітаб Луцкевіча). Запазычана са ст.-польск. trunek ‘тс’, ‘глыток, лык’ (Булыка, Лекс. запазыч., 117), якое з с.-в.-ням. trunc, trunkes ‘глыток’, tranc, trankes ‘напой, трунак’ > ням. Trunk ‘глыток’, ‘напітак’, Trank ‘напітак, трунак’ (Борысь, 644–645; Брукнер, 578; Шустар-Шэўц, 1538; Вінцэнц).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трык ‘некастрыраваны баран’ (Бес.). Параўн. польск. tryk, trykacz ‘баран-вытворнік’, trykać ‘басціся, бароцца’, ст.-польск. trykać, tryksać ‘тс’, tryks ‘штуршок’, ‘баданне’, чэш. trkat ‘басці, бадацца’, славац. strkať ‘штурхнуць’, славен. tŕk ‘удар’ і інш., што ўзыходзяць да прасл. *tъrkati ‘штурхаць, удараць’, роднаснага літ. tùrkterėti ‘штурхнуць’. Больш падрабязна гл. торкаць (Буга, Rinkt., 1, 490; Бязлай, 4, 226; Брукнер, 578; Сной₂, 784; Махэк₂, 651; Скок, 3, 504; ЕСУМ, 5, 604–605). Трубачоў (Происх., 81), Осіпава (Этимология–1988–1990, 70) выводзяць з *terti (гл. церці). Магчыма, сюды ж семантычна аддаленае рус. ярасл., валаг. трык ‘франт, фарсун, моднік; легкадумны чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тырысава́ць (търъсъва́ць) ‘таптаць’, тырысава́цца (търъсъва́цца) ‘таптацца’ (мёрск., Нар. сл.). Няясна; зыходная фанетычная форма, магчыма, тарасава́ць, тарасава́цца ‘тс’, гл. Аніч., Вопыт, 414. Апошняе можа ўзыходзіць да ст.-бел. тарасъ ‘падкатны зруб пры асадзе горада’ (1568 г.): тарасы оные передъ собою катячи, перекопъ деревомъ наполнили, параўн. укр. тарасува́ти ‘масціць дарогу хмызамі’, серб. тара̀цати ‘масціць’; або да запазычанага польск. tarasować ‘узмацняць, запіраць’ ці дыял. tarasić ‘таптаць, таўчы, прыгнятаць’, што выводзяць з с.-в.-ням. tarraz ‘земляны насып’ ад лац. terra ‘земля’ (Брукнер, 565; Трубачоў, Дополн. у Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 521).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́рак ‘лік і лічба 40’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Стан.), со́рок ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сорок. Укр., рус. со́рок, стараж.-рус. сорокъ ‘сорак’, ‘звязка з 40 скур собаля’. Польск. sorok ‘звязка з 40 скур собаля’ (XVІ–XVІІ стст.) запазычана з рус. (Брукнер, 507). Гэтае слова замяніла больш старажытнае четыре десѧте. У старабеларускай мове яшчэ ў XVII ст. для абазначэння лічэбніка ўжывалася четыредесять і сорокъ, а ў XVI і XVII стст. сорокъ таксама шырока ўжывальнае як адзінка лічэння футравых скурак (гл. Скурат, Меры, 167–168). Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Тлумачылі (Міклашыч, 316; Брукнер, там жа і інш.) з грэч. (τε)σσαρακοντα ‘сорак’, новагрэч. σαράντα, або з грэч. τεσσαρακοστή, с.-грэч. σαρακοστή ‘саракадзённы пост’, але гэта версія не ўлічвае значэння ‘звязка футравых скурак’. Таму дапускалі сувязь з сарочка (гл.) аналагічна ст.-сканд. serkr ‘кашуля’ і ‘200 скур’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 100; Фасмер, 3, 722–723 з літ-рай. Груненталь (AfslPh, 42, 318) прыводзіць яшчэ славац. meru ‘сорак’ з венг. mérő ‘футра’. Трубачоў (у Фасмер, 3, 723) не выключае магчымасці запазычання ст.-усх.-слав. *съркъ, да якога можа ўзыходзіць сорак, з цюркскіх моў, параўн. тур. kirk ‘сорак’, з дысіміляцыяй kk > sk. Агляд праблематыкі гл. Жураўлёў, Язык и миф, 641–642. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́мка ’выраб са скуры, тканіны, торбачка’ (ТСБМ; маг., Шн. 2; Бяльк., Сл. ПЗБ), ’кайстра’ (усх., ЛА, 5), ’ранец’ (Сл. ПЗБ), су́ма ’жабрацкая торба’ (ТС). Укр. сума́, рус. сума́, су́мка, стараж.-рус. сума, сумъка. Праз польск. suma, sumka ’перакідная сумка’ са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. soum ’уюк’, першасна ’колькасць грузу, якую можа падняць адна ўючная жывёліна’, н.-в.-ням. Saum ’ноша’ ад нар.-лац. sauma, sagma ’ўючнае сядло’, якое, у сваю чаргу, з грэч. σάγμα ’тс’, σάττω ’наўючваю’; гл. Мацэнаўэр, 315; Брукнер, 256; Фасмер, 3, 802. Ст.-бел. сумка ’сумка’ (1516 г.) < ст.-польск. sumka (XVI ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 102).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)