элемента́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пачатковы, які датычыцца толькі асноў чаго‑н. Элементарная матэматыка. □ — Каб вы [Андрэй] пазнаёміліся, ну, хоць бы з самымі элементарнымі асновамі палітграматы, вы зусім іначай глядзелі б на папоў і на іх шкодную для працоўных прафесію, — заўважыў Кузьма. Колас. Элементарную тэорыю музыкі ўсе абітурыенты павінны ведаць не ніжэй праграмы дзіцячай музычнай школы. «Маладосць».

2. Нескладаны, прасцейшы. Я не разумеў, ды, мусіць, і рэдактар таксама не разумеў, бо мы перакінуліся позіркамі, навошта гэта сакратар гаркома кінуўся ў такія тэарэтычныя разважанні, быццам перад ім сядзелі якія невукі, якіх ён павінен быў, лічыў сваім абавязкам навучыць, растлумачыць ім самыя элементарныя палітычныя пытанні. Сабаленка. // Павярхоўны, спрошчаны; абмежаваны. Элементарны погляд на рэчы. Элементарная схема. // Зразумелы кожнаму без тлумачэнне. Адна бяда аўтара ў тым, што ягонаму герою часам не стае элементарнай тактоўнасці. Марціновіч. — Толькі за прыгажосць! Бач, які шчасліўчык, — неадабральна смяецца Марынчук. — Ніякай элементарнай логікі... Ракітны. / у знач. наз. элемента́рнае, ага, н. Неабходна пачынаць работу над сабой з элементарнага. Асіпенка.

3. Асноўны, самы неабходны. Паэт [Я. Купала] паказвае жудасную бытавую прыніжанасць сялянства, пазбаўленага элементарных правоў, даведзенага да становішча жывёлы. Івашын.

4. У хіміі — звязаны з вызначэннем саставу элементаў у чым‑н. і іх суадносін паміж сабою. Элементарны аналіз. Элементарны састаў рэчыва.

5. У фізіцы — найменшы з тых, што існуюць, што ёсць. Элементарныя часціцы. Элементарны зарад.

[Ад лац. elementārius.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці; проціл. блізкі. Далёкія зоры. Водгулле далёкага грому. □ Паімчыць цягнік на поўдзень, У казахскі стэп далёкі. Аўрамчык. На далёкай планеце ўзаўецца наш сцяг — Нашай доблесці сведка праўдзівы. Гілевіч. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Далёкі паход. □ Калі пайду ў далёкую дарогу, З табой на час расстануся ізноў. Прыходзька. [Шлях] .. параходаў непамерна далёкі, на другі ускрай зямлі. Самуйлёнак.

2. Аддзелены ад сучаснага моманту вялікім прамежкам часу. Далёкае мінулае. Далёкая будучыня. □ Чаму ж я далёкай назваў тую восень? Дванаццаць гадоў — мо не так ужо многа. Гілевіч. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка. / у знач. наз. далёкае, ага, н. Як цяжкі сон прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае перажытае. Пальчэўскі.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей. Далёкі сваяк. Далёкая радня.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім‑, чым‑н.; не падобны, інакшы. У формуле матэматычнай залежнасцю звязаны такія, здавалася б, далёкія ад матэматыкі «велічыні», як ціск крыві, пульс, пругкасць артэрый. Матрунёнак. // Чужы, абыякавы да ўсяго. [Надзя] стаяла на беразе, склаўшы на грудзях рукі, задумлівая, далёкая. Ваданосаў. А Віктар, чужы і далёкі ад усяго, што вакол яго адбывалася, стаяў, прысланіўшыся плячамі да сцяны хаты. Палтаран.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што‑н., думаць аб чым‑н. і пад. Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вялі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Значны па велічыні і памерах; проціл. малы. Вялікі горад. Вялікі будынак. Вялікія вокны. // Значны па колькасці. Вялікая сям’я. Вялікія грошы. □ Яны — байцы вялікай раці, Іх хата там, дзе ёсць прастор. Чарот.

2. Значны па сваёй сіле, інтэнсіўнасці, якасцях. Вялікі бой. Вялікі энтузіязм, уплыў. Вялікія здольнасці.

3. Выдатны па свайму значэнню. Вялікія падзеі. // Геніяльны, таленавіты. Вялікі палкаводзец. Вялікі вучоны.

4. Большы, чым патрэбна; які перавышае звычайную меру. Вялікі каўнер. Вялікая нагрузка.

5. Дарослы. Быў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў. Якімовіч.

6. Састаўная частка назваў, тытулаў. Вялікая зямля. Вялікае княства Літоўскае. Вялікі князь.

7. у знач. наз. вялі́кія, ‑іх. Дарослыя. Малыя і вялікія. □ Праз паўгадзіны, пасля першай шклянкі чаю, паміж вялікімі за сталом ішла жывая і вясёлая гаворка. А дзеці завялі патэфон. Чорны. // вялі́кае, ага, н. Значнае, важнае.

•••

Вялікая калорыя гл. калорыя.

Вялікая Мядзведзіца гл. мядзведзіца.

Ад (з) вялікага розуму гл. розум.

Ад малога да вялікага гл. малы.

Вялікай рукі гл. рука.

Вялікая галава гл. галава.

Вялікая дарога гл. дарога.

Вялікі клопат гл. клопат.

Вялікая песня гл. песня.

Вялікая штука гл. штука.

Вялікі свет (уст.) гл. свет.

(Зрабіць) вялікія вочы гл. вока.

З вялікай ласкі чыёй гл. ласка.

На (вялікі) жаль гл. жаль.

Не вялікая штука гл. штука.

Не вялікі хлеб гл. хлеб.

Сам вялікі — сам сабе гаспадар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гара́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае высокую тэмпературу; моцна нагрэты. Гарачая вада. Гарачая печ. □ Поўныя тугія каласы важка пагойдваюцца пад гарачым павевам ветру, пругка выгінаючы спелыя сцябліны. Мележ. // Спякотны, душны. Гарачае летняе сонца. □ Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Ваданосаў. // З павышанай тэмпературай (пра цела, часткі цела). Дыханне Волкава было цяжкае, гарачае. Такія ж гарачыя выпі яго рукі, лоб. Шамякін. // Паўднёвы, трапічны. Гарачы клімат. Гарачыя краіны.

2. перан. Страсны, палкі. Гарачы прыхільнік. □ У асобе Купалы мы бачым вернага паслядоўнага і гарачага абаронцу той тэндэнцыі ў паэзіі, сутнасць якой была вызначана Някрасавым. Івашын. // Які вызначаецца глыбінёй пачуццяў, выражае глыбокія пачуцці. Гарачае прывітанне. Гарачае жаданне. □ Вочы .. [Ганны], сухія, гарачыя.., глядзелі на малую. Мележ. Толькі той заваёўвае заслужаны поспех, хто аддае творчай працы гарачае сэрца. Макаёнак.

3. Вельмі моцны, напружаны; інтэнсіўны. Гарачы бой. Гарачая работа. Гарачыя спрэчкі. // Які патрабуе выкарыстання ўсіх сіл і сродкаў (аб часе). Гарачая пара ўборкі.

4. перан. Запальчывы, нястрыманы. Характар у Юры і сапраўды не зусім удалы. Юра гарачы, упарты. Бяганская. // Рэзвы, шпаркі, імклівы (пра коней). Грымела зямля пад гусеніцамі магутных танкаў, слаўся пыл пад капытамі гарачых коней. Дамашэвіч.

5. Які робіцца пры высокай тэмпературы, апрацоўваецца з дапамогай высокай тэмпературы. Гарачая апрацоўка дэталей.

6. у знач. наз. гара́чае, ага, н. Разм. Гарачая страва. З’есці гарачага.

•••

Гарачая галава гл. галава.

Гарачая кроў гл. кроў.

Па гарачых слядах гл. след.

Пад гарачую руку гл. рука.

Усыпаць гарачых гл. усыпаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. каго-што. Прайсці, праехаць каля каго‑, чаго‑н., пакінуўшы яго ззаду або збоку. Мінуў Сцёпка сяло, у поле выйшаў. Колас. [Рыгор і Ліба] зацішылі хаду, каб абысці роў, і моўчкі мінулі першыя дзве хаты. Гартны. // (часта з адмоўем). Прайсці, праехаць міма. Ехаў .. [Васіль Іванавіч] у Турчу, але не мінуў ніводнай вёскі, дзе .. прадаваліся кнігі. Дубоўка. // перан. Не закрануць, абысці. Няшчасце мінула мяне. Куля мінула салдата. □ Будзь шчасліва, дзяўчынка, ў нядолі Хай пацеха цябе не міне! Купала.

2. безас. каго-чаго (ужываецца з адмоўем). Пазбегнуць чаго‑н. Чула сэрца, што праборкі І папругі не мінуць. Колас. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне. Астрэйка.

3. Скончыцца, прайсці (пра час, пару, падзеі і пад.). Ішлі спачатку месяцы; потым мінуў год, другі. Ракітны. Вось і лета мінула, пастав восень... Краўчанка. Як бы там ні было, небяспека мінула. Мележ. / Пра пачуцці, перажыванні. Хваля страху мінула. Бядуля.

4. Споўніцца (пра ўзрост). І мужны юнак з непакорнай душою — Яму яшчэ толькі семнаццаць мінула — Прабег да пшаніцы шырокай мяжою, І родная ніва яго захінула. Гілевіч.

•••

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.). рук — а) стаць чыім‑н. незаконным набыткам; б) не пазбегнуць каго‑н., апынуцца ў чыім‑н. распараджэнні. Ага! Папаўся такі, не мінуў маіх рук! Лынькоў. — Пойдзе [Іліко] ў парабкі да таго ж Сімона! Ён не міне яго рук! Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нячы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Брудны, неахайны. К твайму аконцу каля ганка Падходзіць варожыць цыганка ў лахмане зрэбным і нячыстым. Багдановіч. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Нячысты пакой.

2. Неаднародны, з дамешкам чаго‑н.; забруджаны. Нячысты спірт. Нячыстая вада. // Не чыстакроўнай пароды. Конь нячыстай пароды. // Мутны, няясны, невыразны (пра колер). Нячыстыя фарбы. // З прышчыкамі, вуграмі і пад. (пра скуру). Нячыстая скура па твары.

3. Разм. Неахайна выкананы, неакуратны. Нячыстая апрацоўка.

4. Разм. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак). У маёра голас пісклявы, у суседа яго — хрыплы, нячысты. Навуменка. [Колас:] — Ну, палепшу я радок ці два, гэта ж справы не ратуе. Сырызна застаецца сырызнай, мова нячыстая, верш недасканалы. Лужанін.

5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, несумленны, здольны да машэнства. [Ладынін:] «Трэба сказаць Башлыку, каб прасачыў за гэтымі нарыхтоўшчыкамі сваімі. Нячыстыя, відаць, людзі». Шамякін. // Заснаваны на машэнстве; нячэсны. Цяпер новая думка кальнула.. [Зосю]: «Можа.. [Міхал] і тады ўжо ў якіх нячыстых авантурах быў?». Чорны. [Грэт] інстынктам адчула, што справа тут нячыстая. Маўр.

6. У некаторых рэлігійных вучэннях — непрыгодны, непажаданы богу, грэшны. [Сымон] даводзіў, што свіння для старазаконнікаў-яўрэяў — грэшная і нячыстая жывёла. Бядуля.

7. Разм. У забабонах — звязаны са злым духам, чараўніцтвам. Пятрусь і не думаў спыняць каня, скарэй бы ад гэтага нячыстага месца. Колас. // у знач. наз. нячы́сты, ага, м. Злы дух, чорт. [Жонка брыгадзіра:] — Не сорам табе, і нячыстага не баішся ты. Мурашка.

•••

Нячыстая сіла гл. сіла.

Нячысты дух гл. дух.

Нячысты на руку — схільны да крадзяжу, махлярства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гато́вы, ‑ая, ‑ае; гатоў, гатова.

1. Які падрыхтаваўся да чаго‑н., зрабіў усе неабходныя прыгатаванні. Усе гатовы да выканання заданняў. □ Святлану з нецярплівасцю чакала гатовая ў дарогу сям’я. Шахавец.

2. на што або з інф. Ахвочы, схільны зрабіць што‑н., згодны на што‑н. За свет новы Мы гатовы І на бой пайсці суровы Супроць чорнай зграі. Колас. // з інф. Які знаходзіцца ў стане, блізкім да чаго‑н. Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца. Чорны.

3. Падрыхтаваны, прыгодны да выкарыстання. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік. Лынькоў. // Канчаткова зроблены, закончаны ў сваёй вытворчасці. Гатовая дэталь. □ Удар за ўдарам, удар за ўдарам, і вось на кавадле ляжыць амаль гатовы лямеш. Курто. // Загадзя абдуманы, падрыхтаваны (пра думку, фразу і пад.). Гатовае паняцце. Гатовая схема. / у знач. наз. гато́вае, ага, н. Згодаю двор збудуеш, а нязгодаю — гатовае разгубіш. Прыказка.

4. толькі кар. ф., у знач. вык. Разм. Вырашае канчатковы вынік якога‑н. дзеяння або стану і ужываецца ў значэннях: а) памёр, сканаў; б) зусім п’яны. Ужо гатоў, напіўся! // безас. Усё закончана, канец. — Атрымалася проста: вылецеў цецярук, я бац — і гатова! Гамолка.

•••

Будзь гатоў! — вітанне піянераў пры сустрэчы; Заўсёды гатоў! — адказ на такое вітанне; дэвіз.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца — выраз, які азначае моцнае жаданне знікнуць, схавацца куды‑н. ад сораму, страху і пад.

На ўсім гатовым — на поўным забеспячэнні, ні аб чым не клапоцячыся (жыць, быць і пад.).

Раз-два і гатова гл. раз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць асалоду сваім знешнім выглядам, вызначаецца гармоніяй фарб, ліній, форм. Прыгожы від. Прыгожы дом. Прыгожая знешнасць. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. // Які вызначаецца сваёй гарманічнасцю, стройнасцю, зграбнасцю рухаў. Прыгожы танец. □ Усё .. рабіла .. [Таццяна], не спяшаючыся, скупымі і прыгожымі рухамі спрытнай гаспадыні. Шамякін. // Добры, пагодлівы; маляўнічы (пра час, пару). Прыгожы вечар. Прыгожы зімні дзень. □ Сухая, прыгожая восень не хацела аддаваць сваё хараство жудасным сілам вайны: дыму, копаці, смерці. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Які прыемна гучыць, добра ўспрымаецца на слых. Прыгожае імя. Прыгожая мелодыя. Прыгожая песня.

2. Які мае багаты ўнутраны змест, вызначаецца ўнутраным хараством. Сёння стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое,.. як адданы былі [рэвалюцыянеры] сваёй небяспечнай, але прыгожай і слаўнай справе. Зарэцкі. Самая прыгожая ў свеце — У краіне нашай маладосць! Броўка.

3. Неадабр. Эфектны знешне, але беззмястоўны. — Сапраўдны чалавек мірнае жыццё плануе, — заўважыў Ягор і .. засароміўся, што словы выйшлі занадта ўжо прыгожымі... Кавалёў.

4. у знач. наз. прыго́жае, ага, н. Тое, што адпавядае ідэалам прыгажосці, хараства. Пачуццё прыгожага. Праблема прыгожага. □ Так, прынцэса ў поўным росквіце маладосці. Яна прыгожая, і шукае прыгожага, і пакланяецца прыгожаму. Купала. Метад крытычнага рэалізму не выключае, а, наадварот, мае на ўвазе ідэал, прыгожае, якое сцвярджаецца, між іншым, праз адмаўленне агіднага. Конан.

•••

Прыгожае пісьменства гл. пісьменства.

Прыгожы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хці́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.

2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.

3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хці́вы, ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не паддаецца страху, храбры, адважны. Нор па тым, што ўбачыў і пачуў, уявіў сабе гэтую вялікую краіну, у якой жывуць такія добрыя, дужыя і смелыя людзі. Шамякін. Алесь асцярожна абыходзіў навічкоў, што нясмела трымаліся на каньках, спрытна ўхіляўся ад занадта смелых і рызыкоўных бегуноў. Шыцік. / у знач. наз. сме́лы, ага, м. Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых. Колас. [Грыцко:] — Чалавек ён [бацька] смелы, адважны, а смелых і кулі не бяруць. Кулакоўскі. // Які выказвае адвагу, бясстрашнасць. Тыя ж вочы, Позірк смелы, Нібы глянуў сам камбат... Прыходзька. У мой пакой прыйшлі яны з эфіру, прабіўшыся скрозь цемру і туман, — то смелы голас абаронцаў міру, то мужны голас слаўных парыжан. А. Вольскі. // Які сведчыць аб бясстрашнасць адвазе; які робіцца з адвагай. Смелы манеўр. □ Арыштаваныя зрабілі смелы напад на канвой. Лынькоў. Дэсант быў напорысты і смелы. Аляхновіч.

2. Які не баіцца цяжкасцей, перашкод; рашучы. Смелы даследчык. // Поўны смеласці, рызыкі. [Ганна:] Аб гэтым, плане трэба параіцца з Максімам Іванавічам... Смелы план... Кучар. [Зёлкін:] Ад даклада паважанага Аляксандра Пятровіча я ў вялікім захапленні. Які палёт думкі! Якое смелае пранікненне ў глыбіню сівых вякоў! Крапіва. Адважыўся на смелы крок: з-пад носа кралю павалок! Колас. // Які мае ў сабе нешта арыгінальнае, новае. Думка смелая прыйшла: Зробім столік са стала! Калачынскі. // Які ўзнімае вострыя пытанні. Смелая крытыка. Смелая прамова.

3. Нязвыклы; нетрафарэтны. Смелы архітэктурны прыём. □ Праект [студэнта] горача падтрымлівае сакратар райкома, перамагае наватарскі, смелы погляд на жыццё. Бярозкін.

4. Які выходзіць за межы прынятага; не зусім сціплы. Смелы жарт. Смелае дэкальтэ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)