гарачы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае высокую тэмпературу; моцна нагрэты. Гарачая вада. Гарачая печ. ▪ Поўныя тугія каласы важка пагойдваюцца пад гарачым павевам ветру, пругка выгінаючы спелыя сцябліны. Мележ. // Спякотны, душны. Гарачае летняе сонца. ▪ Дзень быў сухі, гарачы. Усё жывое хавалася ў цень. Ваданосаў. // З павышанай тэмпературай (пра цела, часткі цела). Дыханне Волкава было цяжкае, гарачае. Такія ж гарачыя выпі яго рукі, лоб. Шамякін. // Паўднёвы, трапічны. Гарачы клімат. Гарачыя краіны.
2. перан. Страсны, палкі. Гарачы прыхільнік. ▪ У асобе Купалы мы бачым вернага паслядоўнага і гарачага абаронцу той тэндэнцыі ў паэзіі, сутнасць якой была вызначана Някрасавым. Івашын. // Які вызначаецца глыбінёй пачуццяў, выражае глыбокія пачуцці. Гарачае прывітанне. Гарачае жаданне. ▪ Вочы .. [Ганны], сухія, гарачыя.., глядзелі на малую. Мележ. Толькі той заваёўвае заслужаны поспех, хто аддае творчай працы гарачае сэрца. Макаёнак.
3. Вельмі моцны, напружаны; інтэнсіўны. Гарачы бой. Гарачая работа. Гарачыя спрэчкі. // Які патрабуе выкарыстання ўсіх сіл і сродкаў (аб часе). Гарачая пара ўборкі.
4. перан. Запальчывы, нястрыманы. Характар у Юры і сапраўды не зусім удалы. Юра гарачы, упарты. Бяганская. // Рэзвы, шпаркі, імклівы (пра коней). Грымела зямля пад гусеніцамі магутных танкаў, слаўся пыл пад капытамі гарачых коней. Дамашэвіч.
5. Які робіцца пры высокай тэмпературы, апрацоўваецца з дапамогай высокай тэмпературы. Гарачая апрацоўка дэталей.
6. у знач. наз. гарачае, ‑ага, н. Разм. Гарачая страва. З’есці гарачага.
•••
Гарачая галава гл. галава.
Гарачая кроў гл. кроў.
Па гарачых слядах гл. след.
Пад гарачую руку гл. рука.
Усыпаць гарачых гл. усыпаць.