цы́тра 1, ‑ы, ж.

Струнны шчыпковы музычны інструмент у выглядзе плоскай скрынкі, выгнутай з аднаго боку накшталт гітары, з грыфам і металічнымі ладамі. Дык, арфы і цытры, — гучней і гучней! Хай вашыя рытмы абудзяць людзей. Дубоўка.

[Ням. Zither ад грэч. kithara.]

цы́тра 2, ‑ы, ж.

Разм. зневаж. Пра расфуфыраную легкадумную, хітрую жанчыну. Зусім здурнеў на старасць мой Паўлюк — Завёў наводшыбе каханку-цытру. Валасевіч. — Ого! Так і пакрыўдзіш гэтую цытру! — паддаючыся просьбе, сказаў .. [Барташэвіч] ужо нязлосна. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяльпу́к, цельпука, м.

Разм.

1. Кароткі тоўсты кавалак дрэва; цурбан, калодка. [Дудок] перасек усё дробнае ламачча на дрывотніку, узяўся быў за буйныя бярозавыя цельпукі, але з адной рукой не мог управіцца з імі. Лынькоў.

2. Пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека. [Суседка:] — Спрытная дзеўка, маладзец! А то вунь у Палаткі нейкі цяльпук удаўся, дык не павернецца, людзей баіцца. Галавач. Трэба нешта было б сказаць, каб Кірыла не падумаў, што я нейкі там цяльпук. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а², злуч.

1. Злучае сказы і члены сказа са знач. супрацьпастаўлення, супастаўлення.

Ён паехаў, а я застаўся.

Гэта ж не восень, а ранняя вясна.

Яна пачала суцяшаць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю.

Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам.

2. Далучае сказы або члены сказа са знач. дабаўлення чаго-н. пры паслядоўным апісанні, паяснення, узмацнення, пярэчання, пераходу да другой думкі.

Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра.

Навокал лес, а за лесам — балота, а за балотам — рэчка.

А тозлуч.

1) Іначай, у адваротным выпадку.

Бяжы, сынок, а то спознішся;

2) Аказваецца, а на самай справе.

Каб хоць рэчка была, а то ручаёк нейкі;

3) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку.

Змрокам, а то і пазней, людзі ішлі дадому;

4) Ужыв. пры ўгаворванні, пажаданні.

Пабудзьце яшчэ.

А то пераначавалі б;

5) Або, ці.

Хлопчык бегаў, смяяўся, а то хаваўся за дзеда.

А не то (дык)злуч. Тое, што і «а то» (у 1 знач.).

Дапамажыце, а не то я скардзіцца буду.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гнеў (род. гне́ву) м.

1. гнев, негодова́ние ср.;

2. разг. оби́да ж. (чаще переводится конструкцией с гл.);

яго пакрытыкава́лі, дык ко́лькі гне́ву было́ — его́ покритикова́ли, так он стра́шно разоби́делся;

змяні́ць г. на мі́ласць — смени́ть гнев на ми́лость;

не ў г. хай бу́дзе ска́зана — не в оби́ду будь ска́зано

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кій м.

1. па́лка ж.;

2. (для опоры при ходьбе) па́лка ж., трость ж., по́сох;

3. (бильярдный) кий;

не кі́ем, дык па́лкай — что в лоб, что по́ лбу; не мытьём, так ка́таньем;

у ста́рца к. адабра́ць — у ни́щего по́сох отня́ть;

вы́меняць к. на була́ўку — променя́ть куку́шку на я́стреба

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

парася́ и парасё, -ся́ці ср. поросёнок м.;

хто п. ўкраў, таму́ ў вуша́х пішчы́цьпогов. на во́ре ша́пка гори́т;

свінні́ не да парася́т, калі́ яе́ сма́ляцьпогов. свинье́ не до порося́т, ко́ли её па́лят;

не ме́ла ба́ба кло́пату, (дык) купі́ла п.погов. не́ было печа́ли, (так) че́рти накача́ли

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прычапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., што.

1. Зачапіўшы за што‑н., прывесіць, прымацаваць. Зрабілі браты доўгі пасак з валовых шкур, прычапілі да яго кош. Якімовіч. Віця ўвагнаў у пясок жалезную палку, а канец капронавага троса, які быў наматаны на ёй, прычапіў да Паўлавага пояса. Шыцік. // Разм. Прышпіліць што‑н. да чаго‑н. Калі .. [Язэп] апрануўся, туга зацягнуў рэмень, адзеў на галаву пілотку, прычапіў медалі і два баявых ордэны, дык раптам адчуў сябе дужым, упэўненым і як бы зусім здаровым. Асіпенка.

2. Далучыць, прымацаваць пры дапамозе счэплівання (для руху). «Калі да цягніка прычапіць больш вагонаў, — разважаў Пеця, — дык і грузу можна перавезці больш». Шыловіч. Бавар, пераапрануты ў замасленую палатняную куртку, вывеў з-пад павеці старэнькі задымлены трактар, прычапіў да яго касілку. Ракітны.

3. Разм. Замацаваць за кім‑н., даць каму‑н. (празванне, мянушку і пад.). Ён рабіў справу старанна і дбала, З першай зоркай на працу заўсёды ўставаў. Хтось мянушку яму прычапіў — Грукатайла У адплату за тое, што спаць не даваў. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стаўбу́н, ‑а, м.

Абл.

1. Збан без ручкі. А раніцой, пабраўшы ў рукі стаўбуны з пітвом для жней і кошык з яблыкамі-падалкамі, ідуць [Васілінка з Зоськай] на поле. Ус.

2. Высокі конусападобны прадмет з круглым верхам; падобны на такі прадмет. На Серабранцы цвілі каштаны. Белыя стаўбуны кветак сама браліся ў сілу. Паўлаў. Як акінуць вокам ляжалі высокія штабялі аблузанага яловага бярвення і стаўбуны сухой кары. Машара. / у вобразным ужыв. Не менш прыгожая Сонька... І вялікі белы стаўбун валасоў на галаве, і чысты румяны твар, і блакітныя вочы. Мыслівец. // перан. Пра высокага чалавека. Каб у яго быў бацька, дык, можа, Віця быў бы большы і за гэтага стаўбуна Кастуся. Марціновіч.

3. Слуп чаго‑н. (пылу, дыму і пад.), які падымаецца ўверх. Пад вёскаю падымаліся белыя стаўбуны дыму, а ў акенцах пагойдвалася няроўнае святло — палілі ў печах. Грахоўскі.

4. Віхор, ураганны вецер. [Дзед:] — Мінулым летам як наляцеў быў стаўбун, дык у Варывончыка — майго суседа — усю хату аскуб. Кулакоўскі.

5. Кветаноснае сцябло ў клубневых раслінах, цыбур. Цыбуля ў стаўбуны пайшла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ёлуп, ёлоп ’дурань, асталоп, бесталковы тупы чалавек’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Яруш., Гарэц., Бір. Дзярж.). Укр. йолуп, йолоп ’тс’, рус. смал. ёлуп, польск. jołop. У рускіх і польскіх дыялектах запазычана з беларуска-ўкраінскага арэала, дзе гэта слова можна лічыць інавацыяй. Надзейна вызначыць этымалогію лексемы цяжка. Для яе існуюць некалькі этымалагічных версій. Бернекер (308) выводзіў укр. йолуп з укр. оглуп (апошняе да глупы). Існуе магчымасць выпадзення фрыкатыўнага г у форме оглуп. Параўн. бел. арэх (гл.) < агрэх. Можна таксама выводзіць рус. олух з *оглух (укр. оглух ’той, хто дрэнна чуе’). Брукнер (KZ, 45) звязваў ёлуп з яловы, што яшчэ менш верагодна. Слаўскі (1, 584) гаворыць пра магчымасць усходняга паходжання, але не прыводзіць крыніцы. Апрача гэтых версій, якія зарэгістраваны ў літаратуры, можна разгледзець магчымасць новай этымалогіі, якая грунтуецца на беларускіх дзеяслоўных і прыметнікавых формах ёлупіць ’вытрэшчваць вочы’ (Нас.), ёлуплівы ’вытрашачаны (аб вачах)’, ’дурнаваты’. Калі гэта так, дык ёлуп узыходзіць да *о‑луп. Параўн. лупіць (вочы). Змена пачатку слова (ёлуп < *олуп) таксама мае аналагічныя прыклады (ёлкі < *олъкъ, ён < он і г. д.). Пацвярджае гэту этымалагічную версію бел. валапокі, рус. смал. волопокий ’зіркасты’ (< *волопо‑окий). У волопокий мы выдзяляем волоп‑ (< *олуп). Такім чынам, волопокий: лупаты (ёлуплівы) = вірлавокі: вірлаты (усе лексемы маюць агульнае значэнне ’вірлавокі, лупаты’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ай, выкл.

Часта вымаўляецца з паўтарэннем: ай-ай і ай-ай-ай.

1. Выказвае боль, спалох, страх. Ай, баліць! Ай, баюся!

2. Выказвае здзіўленне, захапленне, радасць і пад. Вось дык дзеці! Ай, малайцы! Вока радуецца! Гурскі.

3. Выказвае жаль, засмучэнне і пад. Дайшла да.. [Журавінкі] ўчора падвечар чутка, што начальнік палітаддзела можа ў калгас наведацца. І ай жа позна дайшла! Што цяпер можна зрабіць? Лобан.

4. у знач. выкл. ах. Ай, як хораша ў лесе!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)