чака́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.

1. Рабіць металічны выраб, выбіваючы на яго паверхні адбітак або ўзор. Чаканіць манеты. □ — Хіба гэта грошы? Гэта смецце, пане. Не спытаўшы круля, Ільчык іх чаканіў І мяняў, нягоднік, на вашы дукаты... Бажко. // Выбіваць (узор або малюнак) на паверхні металічнага вырабу. У сонца ператварылася галава Мядузы Гаргоны, якую любілі чаканіць на сваіх лагах паганцы. Караткевіч. // Рыхтаваць фігурныя металічныя вырабы шляхам халоднага кавання. Чаканіць медны посуд.

2. перан. Рэзка аддзяляць адно ад другога (крокі, словы, гукі і пад.). Конскія капыты віхрылі дарожны пыл, цьмяна пабліскваючы срэбрам падкоў, і дружна чаканілі ціхі крок, трапляючы на гнуткія дошкі старых масткоў і грэбляў. Лынькоў. Чаканяць крок, раўняюцца [пажарнікі], Парадак у радах, І людзі пасміхаюцца На прызбах, у дварах. Калачынскі. Генерал ідзе, бы сокал, І арлом глядзіць навокал, Ротны тут пад казырок, Ідзе з рапартам з прыскокам, За апошнім цвёрдым крокам Стаў чаканіць назубок. Колас.

3. У тэхніцы — апрацоўваць выраб з металу з мэтай надаць яму дакладны памер, вагу, чысціню паверхні. // Апрацоўваць заклёпачныя швы і няшчыльныя злучэнні ў металічных вырабах, каб ліквідаваць шчыліны.

4. У сельскай гаспадарцы і садаводстве — абразаць верхавіны сцябла і бакавых парасткаў раслін для ўзмацнення плоданашэння і скарэйшага паспявання; пасынкаваць. Чаканіць вінаград.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пан, ‑а, м.

1. Уладальнік маёнтка, памешчык (у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах). Быў у адным маёнтку такі ліхі пан.. Як толькі не здзекаваўся з людзей! Не аднаго на смерць засек. Прыгонных сваіх і за людзей не лічыў. Якімовіч.

2. Асоба, якая належыць да прывілеяваных (чыноўных, арыстакратычных) слаёў грамадства дарэвалюцыйнай Расіі. Сюды, на ўлонне бароў і палян, Калісь прыязджаў з-за паўсвету Красой любавацца вяльможнейшы пан. Арочка. І я ўявіў і спевака, і сцэну, і залу, дзе не знатныя паны сабраліся, а людзі, што сумленна жадаюць жыць, без крыўды, без маны. А. Вольскі.

3. Асоба, якая карыстаецца ўладай у адносінах да залежных ад яе людзей. Выходзяць на поле плугі, Узнімаюць плугі дзірваны. Ні пана няма, ні слугі, Не гоняць народ бізуны. Купала.

4. Разм. Пра чалавека, які ўхіляецца ад працы, імкнецца набыць звычкі, уласцівыя пану. [Бацька:] — Глядзі ты, які пан стаў. Пальцам нельга крануць. Навуменка.

5. (звычайна пры звароце, часта ў клічнай форме пане). Разм. Форма ветлівага звароту або ўпамінання асобы, якая належала да прывілеяваных слаёў грамадства. [Стары:] — Выбачайце, пан афіцэр, калі я, магчыма, не так зразумеў вас... Лынькоў. [Салдат:] — Нядобрае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Караткевіч. // У наш час — форма ветлівага звароту да афіцыйных прадстаўнікоў або грамадзян іншых краін. Паважаныя дамы і паны!

•••

Сам сабе пан гл. сам.

[Чэшск. pan.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. чым і без дап. Вылучаць, распаўсюджваць які‑н. пах. Асабліва здорава, зусім па-хатняму, пахла ў зямлянцы цыбуля. Брыль. Рукі пахнуць зярнятамі, Што высяваў, Ці снапамі, нажатымі У часе жніва. Арочка. Пасля летняга цёплага дажджу каралінская вуліца пахне кветкамі і духмянай мятай. Сабаленка. / у безас. ужыв. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У паветры пахла сенам, грыбамі. С. Александровіч.

2. перан.; чым. Разм. Мець прыкметы або рысы чаго‑н. [Багуцкі:] — Я даўно заўважыў яго злачынную работу, якая пахла нічым іншым, як звычайнай дыверсіяй. Лынькоў. / у безас. ужыв. Раптам .. [Міхал Тварыцкі] убачыў грошы. Гэта быў ужо не трохсотрублёвы пачак. Тут пахла ўжо не сотнямі, а тысячамі. Чорны.

3. перан.; чым. Разм. Сведчыць пра набліжэнне чаго‑н., магчымасць чаго‑н. — Вы ведаеце, што гэта пахне выключэннем, мой юны сябра? — сказаў Гедымін. Караткевіч. — Вось што, сынок, — Еўдакім узяў Юрку за плячо. — Бяжы да старшыні, скажы, што госці завіталі. А я сачыць за імі буду. Тут нечым нядобрым пахне... Курто. / у безас. ужыв. З дахаў звісаюць доўгія ледзя[ш]ы капяжу. Пахне вясной. Асіпенка.

•••

Грошы не пахнуць гл. грошы.

Зямлёю пахнуць — быць блізкім да смерці (пра вельмі хворага, пра зусім старога чалавека).

І не пахне чым‑н. — няма і не прадугледжваецца з’яўлення, наступлення чаго‑н.

Порахам пахне — пагражае вайна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пача́так 1, ‑тку, м.

1. Месца, пункт, з якога што‑н. пачынаецца; проціл. канец. Роў браў .. пачатак за вёскай, з балот. М. Ткачоў. У пачатку вёскі Салаўёў, адпусціў машыну .. і пайшоў далей пехатою. Шахавец.

2. Першы момант якога‑н. дзеяння, працэсу, з’явы. Пачатак жніва. Пачатак сеанса. □ Скончылася лета. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Колас. У засадзе [партызаны] ляжалі дзень, ноч і пачатак другога дня. Навуменка. [Васіль:] — Мне здаецца, што гэта пачатак нашай новай дружбы. Шамякін.

3. Аснова, крыніца, сутнасць чаго‑н. У творах ананімнай дэмакратычнай літаратуры прыкметна выяўляецца крытычны пачатак. Барысенка. У .. паэзіі [Някрасава] зліліся ў адно цэлае два процілеглыя пачаткі — і радасць і цяжкасць працы. Івашын.

4. звычайна мн. (пача́ткі, ‑аў). Асноўныя палажэнні, прынцыпы. Яшчэ ў ліпені 1858 года член Дзяржаўнага савета і міністр унутраных спраў граф Сяргей Ланской падаў гасудару запіску аб асноўных пачатках будучай рэформы. Караткевіч.

5. звычайна мн. (пача́ткі, ‑аў); перан. Першыя праяўленні чаго‑н.; зачаткі. У гэтым абуджэнні крытычнае думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Колас.

6. толькі мн. (пача́ткі, ‑аў). Першыя, пачатковыя звесткі ў якой‑н. галіне ведаў; начаткі. Пачаткі матэматыкі. Пачаткі хіміі.

•••

Даць пачатак чаму гл. даць.

пача́так 2, ‑тка, м.

Суквецце з патоўшчанай воссю, на якой размешчаны кветкі або плады. Кукурузны пачатак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунуўшы, змясціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н.; увапхнуць у што‑н. Усунуць шуфляду ў стол. Усунуць рэчы ў мяшок. □ Гадзіна выпрасталася, усунула галаву ў місу і пачала хлябтаць малако. Паўлаў. [Міколка] ўзяў сваю старую школьную торбачку.. Напакаваў яе, усунуў туды і стары абгрызены пенал, любімы сшытак. Лынькоў.

2. Уцягнуць у што‑н. Усунуць нітку ў іголку.

3. Уткнуць у што‑н. Севярын моцна зашчапіў кручок, усунуў у ручку дзвярэй лату і сеў ля стала, спінаю да нараў. Караткевіч.

4. Засунуць што‑н. у што‑н. Усунуць руку ў кішэнь. // Уставіць. Усунуць пяро ў ручку.

5. Прасунуць унутр чаго‑н. — Таварыш камандзір! — усунуў галаву ў дзверы разведчык. — Вас можна на хвілінку? Федасеенка.

6. Разм. Даць у рукі. — Бяры! І бяжы ў цэх... — неяк злосна прамовіў вахцёр, усунуўшы Асташонку ў рукі пропуск. Ваданосаў.

•••

Носа не ўсунуць — тое, што і носа не ўбіць (гл. убіць).

Усунуць галаву ў пятлю — а) павесіцца; б) трапіць у цяжкае, небяспечнае становішча. Бег [Рыгор] назад, бясконца ўзрадаваны дабратой Тараса Тарасавіча. Бег і не ведаў, што сам усунуў галаву ў пятлю, канец ад якой у майго былога гаспадара. Асіпенка.

Усунуць свае тры грошы — тое, што і уткнуць свае тры грошы (гл. уткнуць).

Усунуць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хрыбе́т, ‑бта, М ‑бце, м.

1. Пазваночнік чалавека, жывёлы або рыбы. Поўсць на высокім хрыбце непрыгожа ўскудлачаная, брудна-бурая, а пад шыяй вісіць клоччам, як бывае вясной, калі звер ліняе. Шамякін. Абодва бакі жэраха пакрыты бліскучай серабрыстабелай луской, якая на самым хрыбце афарбавана ў шэры і нават цёмны колер. Матрунёнак. [Чабаноўскі] абапёрся на яе плячо. Ядзя абхапіла рукой яго спіну, праз тонкі шынель адчувала востры хрыбет. Асіпенка. // перан. Аснова, апора, касцяк. Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч.

2. Разм. Спіна (у чалавека або жывёлы). Пад зялёным хмызам Церлася хрыбтом, Хмыз бязрогім, лысым Кратала ілбом [ласяня]. Калачынскі. [Андрэй:] — А я нагой у хрыбет [вартавога], а рукой на рэгулятар. Лынькоў.

3. перан. Верхні край чаго‑н. (хвалі, страхі і пад.). На страсе, на самым хрыбце, селі два белыя галубкі і сядзяць, нікуды не хочуць ляцець. Пестрак. Вецер грае на прасторы, На хрыбтах імглістых хваль. Бядуля.

4. Рад гор, якія працягнуліся ў адным кірунку; горны ланцуг. Горны хрыбет. □ Раптам шлях засланілі хрыбты Алатау, Ля падножжа — у яблынях Алма-Ата. Панчанка. Унізе зялёная даліна, кветкі, сцюдзёная вада ў шумлівай рачулцы, а ўзнімеш вочы — не верыцца: хоць смаліць сонца, а вунь на хрыбтах снегавыя шапкі. Гроднеў. Над Аюдагам — над Мядзведзь-гарою — Хрыбет увесь імглой завалакло. Караткевіч.

•••

Спінны хрыбет — пазваночнік.

Ламаць хрыбет гл. ламаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак.

1. што. Спыніць, затрымаць што‑н. у час руху. Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага. Караткевіч. // Заўважыць, сустрэць (позірк, усмешку і пад.). [Васіль] хмурна адарваў вочы, .. паглядзеў на сваіх, перахапіў востры матчын позірк. Мележ.

2. каго. Затрымаць, спыніць каго‑н. У доўгім інстытуцкім калідоры [Антанюка] перахапіў зяць. Шамякін. Адразу пасля прыёму.. два браты Таркайлы перахапілі.. [Алеся] і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Караткевіч. Сказалі [казакі], з каровамі ды авечкамі мы далёка не заедзем: немец насцігне і перахапіць нас з усім нашым скарбам. Якімовіч. Пасля адной з .. удалых вылазак Марата партызаны перахапілі важнага гітлераўскага начальніка. В. Вольскі. // каго-што. Ідучы наперарэз, перагарадзіць шлях, дарогу каму‑н. І ніхто яго [самалёт] у такую ноч не перахапіць, толькі хіба над лініяй фронту абстраляюць зеніткі. Шамякін.

3. каго-што. Захапіць каго‑, што‑н., прызначанае для іншых; схапіць раней за іншых. Барадаты, атросшыся ад пылу, хуценька бег да чырвонаармейцаў, каб раней Мішкі перахапіць адпаведную плату за прадстаўленне. Лынькоў. Хутка зайгралі танга, юнак амаль подбегам падаўся да Чыліты, баючыся, каб яе не перахапілі. Скрыпка. // Захапіць што‑н. чужое ў час дастаўкі, перадачы адрасату. Фашысты маглі перахапіць і расшыфраваць... [радыёграму], і тады смельчакоў чакаў верны правал. Шашкоў. «А што калі перахапіць пісьмо?! Перахапіць — і канцы ў ваду», — працяла Веньку нечаканая думка. Шыловіч.

4. каго-што. Абвязаць, абвіць, аперазаць; перавязаць. Гэткім жа лоўкім рухам .. [Коўбец] адразу ж перахапіў аорту і, спыніўшы кровацячэнне, пачаў сцягваць яе швом. М. Ткачоў.

5. што. Размясціцца ўпоперак чаго‑н. А праз масток, які перахапіў .. [рэчку] ў адным месцы, на сядзібу РТС узыходзіла дарожка. Гроднеў.

6. што. Сціснуць спазмай. Там сядзела Мацючыха. Хацелася крыкнуць, каб і яе сюды, за гэты паркан, але нешта перахапіла голас, і Галя хуценька выбегла з залы на свежае паветра. Сабаленка. Роб глыбока ўздыхнуў і адчуў, як горла перахапіў пякучы боль. Гамолка. / у безас. ужыв. Сэрца неяк тужліва сціснулася і ў горле адразу перахапіла. Алешка.

7. што. Схапіць, абхапіць рукамі што‑н. інакш або ў другім месцы. Дотык пальцаў з чырвоным лакам манікюру на пазногцях быў непрыемны, і Васіль непрыкметна, нібыта трэба было перахапіць лейцы, вызваліў руку. Савіцкі.

8. што і чаго. Пазычыць на кароткі час. Лепш перахапіць у каго лішні рубель, чым ісці ды ніякавата адводзіць убок вочы, пакуль прадаўшчыца запісвае ў тоўсты сшытак твой даўжок. Даніленка.

9. што і чаго. З’есці чаго‑н. на скорую руку, перакусіць. Пасля .. [Джыавані] думаў збегаць на суседнюю вуліцу перахапіць парудругую сасісак у знаёмым ларку. Лынькоў. — Дзякую, не хачу. Я там у буфеце перахапіў сёе-тое, — адмовіўся я, бо пасля таго, што чулі мае вушы, наўрад ці палезла б мне ў рот цешчына перакуска. Сабаленка.

10. што і без дап. Разм. Перабраць меру, праявіць празмернасць у чым‑н. Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца. Мележ.

•••

Дыханне перахапіла — тое, што і дыханне заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патапі́ць 1, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак.

1. каго-што. Апусціць у ваду, на дно. Я стаяла на гары, прымяралася, як зручней скаціцца на лёд, які даўно пагалеў, пасінеў, патапіў сасмактаныя беражкі свае ў вадзе. Лось. // Знішчыць, апусціўшы пад ваду, на дно. Патапіць караблі. □ Тата расказваў, як фашысцкі бамбардзіроўшчык патапіў іх сейнер. Шыловіч. // перан. Нагаворамі, паклёпам загубіць, падвесці каго‑н. Як ні хацеў патапіць яго Каршукоў, а ён [Макар] выжыў і вярнуўся да сваёй хаты. Асіпенка. // перан.; што. Загубіць, зрабіць малапрыкметным сярод мноства чаго‑н. Патапіць жывую справу ў размовах.

2. каго. Утапіць, пазбавіць жыцця, сілаю апусціўшы ў ваду ўсіх, многіх. [Загорскі:] — Полацкіх усіх [раскольнікаў] жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі... Караткевіч. [Антанюк:] — Многа людзей на абарону лагера паслаць мы не маглі. Па-першае, нельга абяссільваць атрад.. Па-другое, не кожны партызан з ходу, уначы, упэўнена і без рызыкі мог пераплыць Дняпро. Не хапала яшчэ патапіць людзей. Шамякін.

3. перан.; што. Заглушыць, прыглушыць (пачуцці, думкі), пазбавіцца ад чаго‑н. [Мірон:] Ці перажываў? Ого, яшчэ як! Але праз год-два змірыўся. Як кажуць, патапіў гора... ды не ў пітве, а ў працы. Хадкевіч. Народы няволі Патопяць свой сум, Адзіны уславяць саюз. Глебка.

•••

Патапіць у крыві — жорстка расправіцца з кім‑, чым‑н.

патапі́ць 2, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., што.

1. Растапіць, ператапіць усё, многае. Патапіць усё сала на тлушч. Патапіць воск.

2. і без дап. Тапіць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цячы́, цячэ; цякуць; пр. цёк, цякла, ‑ло; незак.

1. Ліцца струменямі, патокам; ліцца, струменіцца ў якім‑н. напрамку. Рака цячэ. Слёзы цякуць. Кроў цячэ. □ Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка. Колас. У тры ручаі, мяшаючыся з густым пылам на твары за дарогу, цяклі з-пад мокрых валасоў рагі поту. Нікановіч. / у безас. ужыв. Са стрэх цякло.

2. Сыпацца, падаць струменьчыкамі (пра сыпкія рэчывы). З-пад ног сухі пясок цячэ Янтарнымі драбінкамі. Хведаровіч. Зерне цякло праз пальцы залатымі крупінкамі. Хадкевіч.

3. перан. Праходзіць, працякаць (пра час). Міналі, цяклі ночы і дні. Сачанка.

4. перан. Праходзіць, адбывацца; ісці сваім парадкам. Доўга гутарка цякла. Гілевіч. // Развівацца ў пэўнай паслядоўнасці. Ветрык ад халодных водаў дзьмуў у твар Данілу, а думкі ўсё роўна цяклі далей. Пестрак. Калі быць — дык мастом Над імклівай вадой, — Каб каханне цякло наша Рэчкай жывой. Куляшоў. Спакойна цякло жыццё. Гурскі. // Бесперапынна плаўна гучаць. І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня, Плыве ў душу, у сэрца хлапчука. Караткевіч.

5. перан. Ісці, рухацца суцэльным патокам, масай (пра вялікую колькасць людзей). Абуджаюцца вуліцы, цякуць патокі людзей. Гамолка. Цячэ праспект ракой шумлівай... Лойка.

6. Ісці ад чаго‑н., пахнуць; павяваць. Грыбны водар цёк з зямлі. Чорны. Ветры з поўдня на ўсход цякуць. Лявонны.

7. Прапускаць ваду (праз адтуліну, дзірку і пад.); мець цечу. Кацёл цячэ. Боты цякуць.

•••

Слінкі цякуць гл. слінкі.

Цёкам цячы — моцна цячы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэ́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чэз, ‑ла; незак.

1. Станавіцца чэзлым (у 1 знач.). У гарачыню, у лета, калі скрозь на падворках у нашай вёсцы жаўцела і перасыхала трава, калі на вуліцы быў гарачы, як прысак, жоўты пясок, калі вяла і скручвалася ў трубку лісце на бэзе, а на полі гінула і чэзла ўсё, у нашай хаце збіраліся кабеты і ішлі на рэчку сыпаць мак, каб быў дождж. Адамчык. Яблыня.. раптоўна пачала чэзнуць, вянуць. Лісточкі і пялёсткі зморшчыліся, абамлелі. М. Ткачоў.

2. Губляць здароўе, сілы, знясільвацца. — То што ж мне рабіць з вамі? — пачала ламаць рукі маці. — Сядзець ды глядзець, як вы [дзеці] марнееце ды чэзнеце? — яна заплакала. Сачанка. Прыбітыя горам бацька і маці бачаць, як на вачах чэзне дачка. Кудраўцаў.

3. перан. Станавіцца менш яркім, цямнець; гаснуць. Чэзлі цьмяныя фарбы захаду на спадах гор, хмурнела далеч. Надыходзіла ноч. Самуйлёнак. Касцёр то ярчэў, то чэз... Сябры, што разам хадзілі, Змахнуўшы слязу з вачэй, Ядлоўцавы дым вінілі. Кляўко. // Змяншацца, радзець, станавіцца менш выразным; знікаць. Прадвесне пеўня паіць з верхаводкі, сумёт зляжалы ўвачавідкі чэзне. Пысін. Чэзла, адступала нязвыкласць і прыходзілі ўпэўненасць, адчуванне павагі і даверу да складанай і магутнай тэхнікі, што была вакол. Савіцкі. І не дзіва, што чэзне туман, Што, народжаная ўначы, З павароткаю кожнай адходзіць зіма, Пасля студзеня ўладна прыходзіць май, Гучна звонячы ў сонечны шчыт. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)