патапіць 1, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак.
1. каго-што. Апусціць у ваду, на дно. Я стаяла на гары, прымяралася, як зручней скаціцца на лёд, які даўно пагалеў, пасінеў, патапіў сасмактаныя беражкі свае ў вадзе. Лось. // Знішчыць, апусціўшы пад ваду, на дно. Патапіць караблі. ▪ Тата расказваў, як фашысцкі бамбардзіроўшчык патапіў іх сейнер. Шыловіч. // перан. Нагаворамі, паклёпам загубіць, падвесці каго‑н. Як ні хацеў патапіць яго Каршукоў, а ён [Макар] выжыў і вярнуўся да сваёй хаты. Асіпенка. // перан.; што. Загубіць, зрабіць малапрыкметным сярод мноства чаго‑н. Патапіць жывую справу ў размовах.
2. каго. Утапіць, пазбавіць жыцця, сілаю апусціўшы ў ваду ўсіх, многіх. [Загорскі:] — Полацкіх усіх [раскольнікаў] жыўцом у Дзвіне патапілі, з дзецьмі маленькімі... Караткевіч. [Антанюк:] — Многа людзей на абарону лагера паслаць мы не маглі. Па-першае, нельга абяссільваць атрад.. Па-другое, не кожны партызан з ходу, уначы, упэўнена і без рызыкі мог пераплыць Дняпро. Не хапала яшчэ патапіць людзей. Шамякін.
3. перан.; што. Заглушыць, прыглушыць (пачуцці, думкі), пазбавіцца ад чаго‑н. [Мірон:] Ці перажываў? Ого, яшчэ як! Але праз год-два змірыўся. Як кажуць, патапіў гора... ды не ў пітве, а ў працы. Хадкевіч. Народы няволі Патопяць свой сум, Адзіны уславяць саюз. Глебка.
•••
Патапіць у крыві — жорстка расправіцца з кім‑, чым‑н.
патапіць 2, ‑таплю, ‑топіш, ‑топіць; зак., што.
1. Растапіць, ператапіць усё, многае. Патапіць усё сала на тлушч. Патапіць воск.
2. і без дап. Тапіць некаторы час.