Віш 1 ’зазімаваўшая (няскошаная) трава’ (Маш., Янк. I, З нар. сл., Мат. Гом., Шатал.), віша ’тс’ (Некр., Янк. I, Бір. Дзярж., З нар. сл.). Рус. дыял. кур. виш ’зараснікі кустоў, вялікая колькасць купін, леташняй травы ў паплавах’, ст.-рус. вишь ’зялёныя галінкі, хвораст’, польск. wisz ’тс’, н.-луж. wiš ’чарот, трава, якая расце на балоце’, чэш. viš, víš ’назва пэўнай расліны або парасткаў’, чэш. дыял. ’высокая лясная трава, якая расце на вільготных і балоцістых месцах’, серб.-харв. виш ’від балотнай травы’, славен. vȋš м. р., vȋš ж. р. ’асака, чарот’. Прасл. višь. Роднаснымі з’яўляюцца ст.-прус. wissene ’багун, Ledum palustre’, літ. viksvà ’асака’, vikšvà, vìkšris ’чарот, асака’, vizgà ’трава’ (Траўтман, 363; Брукнер, KZ, 44, 334; Фасмер, 1, 325; Махэк₂, 691). У якасці роднасных прыводзяцца таксама нарв. vîse ’мяцёлка, верхавіна расліны, сцябло’, vîs м. р. ’мяцёлка’, veis ’сакавітае сцябло’, veisa ’ціна’, ст.-в.-ням. wisa ’луг’ (Петэрсан, AfslPh, 36, 151; Хольтхаузен, IF, 32, 337). Магчыма, сюды ж рус. виша, вишь ’водная губка, Spongia fluviatilis’; параўн. нарв. veise ’ціна’. Гл. віс.

Віш 2 м. р. ’іней’ (Мат. Гом.). Рус. арл., кур. вишь, ж. р., ви́шей, ви́шай, ви́шар ’тс’. Магчыма, да віш 1, вішар (гл.) праз прамежкавую семантычную ступень ’вадзяная губка, Spongia fluviatilis, наплыў, рачная зеляніна’, якая ўтрымліваецца ў рус. вишь, виша; апошнія лексемы Махэк₂ (691) аб’ядноўвае з віш 1. Фасмер (1, 326) пытанне аб сувязі рус. виша ’вадзяная губка’ з виш 1 пакідае нявырашаным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ва 1, укр. карова, рус. корова, чэш. kráva, в.-луж. krowa, палаб. korvo, польск. krowa, балг. крава, макед. крава, серб.-харв. кра̏ва, славен. kráva (прасл. korva). Пошукі этымону для гэтага слова заўсёды былі цяжкімі. Што датычыць старажытнасці, то відавочным з’яўляецца яго яшчэ балта-славянскае паходжанне. Параўн. літ. kárve ’тс’, ст.-прус. curwis ’вол’ (апошняе, магчыма, каш.-слав. паходжання: каш. karw ’стары вол’). Усе іншыя паралелі не з’яўляюцца надзейнымі, бо аўтары адпаведных этымалогій прымаюць за пастулат унутраную форму ’рагатая’, што трэба абгрунтаваць. Перш за ўсё, паколькі лац. cornu ’рог’, ст.-грэч. χέρας (χέρσας) і ст.-іран. srū, srva (Бернекер, 557) узыходзяць да k̑or‑u̯/kor‑n, мы б чакалі на балта-славянскім моўным грунце s‑пачатак, але прасл. korva не мае такіх паралелей ні ў адной з індаеўрапейскіх моў (нават калі лічыць паралелямі назвы сарны і лані). Так, ст.-прус. sirwis ’лань’ хутчэй, генетычна тоесна літ. šir̃vis ’шэры конь, заяц’ (яўная назва па колеру), šir̃vas ’шэры’. Прасл. sьrna ’сарна’ можна параўнаць са ст.-слав. срѣнъ ’белы’ (іншыя славянскія паралелі абазначаюць ’іней, шэрань’). Мы падтрымліваем іншую версію з унутранай формай не ’рагатая’, а ’жвачная’. Тады прасл. korva суадносіцца са ст.-інд. cárvate ’жуе’ (Махэк, KZ, 64, 262; Мартынаў, Слав. акком., 163). Сюды ж прасл. červo ’чэрава’ (адно са значэнняў — ’страўнік’). Спроба супаставіць korva з сапсаванай глосай Гесіхія χάρτην τήν βοῡν (χάρτην замяняецца на χάρτην) не пераконвае (Параўн. Трубачоў Эт. сл. 11, 108–109).

Каро́ва 2 ’назва грыба гаркуха, кароўка’ (Жыв. сл.). Гл. кароўка, кароўяха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цвет ​1, ‑у, М цвеце, м.

1. зб. Кветкі на раслінах і дрэвах у перыяд цвіцення. Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань. Брыль. Прыемна пахне агурочным цветам. Мыслівец. / у перан. ужыв. Так, будзе дождж, і снег, і іней — Ніколі ж цвет жыцця не згіне. Чарнушэвіч.

2. Цвіценне; час цвіцення. Верас у самым цвеце. Заліты бледна-ліловым полымем дол, і як залатыя ўспышкі па ім — бярозкі. Навуменка. Пакідай хлеб на бабовы цвет. Прыказка.

3. перан.; чаго. Лепшая частка якога‑н. грамадства, асяроддзя. Цвет навукі. □ Ідзе эпохі новай цвет — То піянеры, акцябраты. Хведаровіч. Мы — цвет чалавецтва, мы — сілы ўздым. Дудар.

4. перан. Гады маладосці, росквіт сіл. Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына можа маладая У поўным цвеце красы-сілы Сыйшла без часу да магілы? Колас. От і жыццё праходзіць, і ў самым, можна сказаць, цвеце яго .. [Агата] асталася адна. Сабаленка.

5. Абл. Кветка. Малы махаў ручкамі, цягнуўся, каб сарваць цвет, але бацька яго стрымліваў. Гурскі.

•••

Ліпавы цвет — высушаныя кветкі ліпы, якія ўжываюцца ў якасці патагоннага лякарства.

цвет ​2, ‑у, М цвеце, м.

Разм. Колер. Мы прасілі саломы — у ёй цвет сонца і раздолле неабсяжных палёў, якім родны былі нашы сэрцы і думкі, нашы казачныя пераходы. Лынькоў. Зімой і летам адным цветам. З нар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапі́ць, хаплю́, хо́піш, хо́піць; зак.

1. Зак. да хапаць (у 1 знач.).

2. што, чаго і без дап. Разм. Выпіць: хутка праглынуць што‑н. Каўрыжка.. хапіў поўную лыжку журавіннага кісялю і папярхнуўся. Пянкрат. [Валянціна Васільеўна:] — На маім месцы ты, можа б, атруты хапіла. Гроднеў. // без дап. Напіцца спіртнога. [Мікіта:] — Нешта яшчэ казала [Феня], але я так моцна хапіў, што нічога не помню... Ракітны. У важнага Мядзведзя, На гасцявым абедзе Хапіў залішне Леў, Сп’янеў. Корбан. Хапіў з дзежкі, што не бачыць сцежкі. Прымаўка.

3. перан.; чаго. Разм. Перажыць, перанесці што‑н. цяжкае, непрыемнае. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Крапіва. / у безас. ужыв. Матросам хапіла ў час шторму.

4. што. Разм. Зрабіць цвёрдым, ушчыльніць (пра дзеянне холаду). Іней пабяліў траву, дахі і дрэвы. Малады марозік хапіў і сырую зямлю. Гаўрылкін. Марозік галашчокам хапіў, ды сонейка — мала калі зімою такое высвечвае — аж вочы слепіць. Лобан. / у безас. ужыв. Была позняя восень, зямлю хапіла першым прымаразкам. Навуменка.

5. Разм. У разважаннях, выказваннях пераступіць межы чаго‑н., зайсці занадта далёка, дапусціць перабольшанне ў чым‑н. [Вера Антонаўка] заўважыла, як забегалі ў Тацяны вочы, і, ужо шкадуючы, што хапіла занадта, прапанавала прайсціся па лесе... Карпаў. [Дзераш:] — Бач, куды хапіў?! У мяне, брат, планы пакуль інакшыя... Шынклер.

6. каго-што і па чым. Разм. Моцна ўдарыць. Уцякаючы, .. [Сашка] раптам спыніўся, хапіў кавенькай па калене, і яна хруснула, разламалася. Кухараў. // Раптоўна і моцна адчуць боль. [Чалавек:] — Калі сяджу, нічога не робячы, ці ляжу, — тады амаль і не баліць, а як толькі вазьмуся што рабіць, ды сагнуся раз — другі, жывот і хопіць. Галавач.

7. каго. Разм. Раптоўна праявіцца, прынесці пакуты (пра хваробу і пад.). Волата хапіў удар, Вызверыўся люты цар: — Дзе ахова? Дзе чыны? І куды глядзяць яны? Вітка. Шчокі малога залівала чырвань, на лбе выступіў пот, рэдзенькія белыя валаскі ўскудлачыліся... — Што з ім? — А хто ж яго ведае... Гарачка хапіла. Ліхаманка нейкая. Новікаў.

8. Разм. Адразу, з ходу, хутка зрабіць што‑н. Кладаўшчык узяў маркі, даў Глушко пяць пачак цыгарэт і раптам хапіў дзверы на зашчапку. Навуменка. // Нечакана, моцна запець, закрычаць. — А што ж ты думаеш? — хапіла адразу некалькі галасоў. Чорны. Голас Клаўдзі ўпэўнена вёў песню далей, а падгалоскі чакалі, каб у патрэбны момант зноў хапіць хорам. Ракітны.

9. безас. чаго. Быць дастатковым. — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. Гасцей у званскіх сватоў сабралася гэтак многа, што не ўсім хапіла месца для начлегу ў доме. Лось. Андрэй крыху ажывіўся, павесялеў. Толькі весялосці гэтай хапіла ненадоўга. Шахавец.

10. безас. каго. Разм. Змагчы, быць здольным зрабіць што‑н. Яго не хопіць на гэту справу.

11. хо́піць з інф. і без дап. Разм. Досыць, даволі, годзе; трэба перастаць, спыніць (гаварыць, рабіць што-н). — А ты падыдзі, сам паглядзі! — Хопіць ужо, нагледзеўся... Лынькоў.

•••

Хапіць цераз край — страціўшы пачуццё меры, зрабіць або сказаць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага.

Хапіць шылам кашы (патакі) — пра няўдалую спробу зрабіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёгкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікі цяжар, мала важыць; проціл. цяжкі. Лёгкі чамадан. □ На галінках вісеў лёгкі, як пух, іней. Кулакоўскі. // Тонкі, няшчыльны. Лёгкае летняе плацце. □ Лёгкая матэрыя розных колераў уздымалася ветрам, і здавалася, што адзетыя ў яе людзі не маюць у сабе ніякай цяжкасці. Чорны. // Які мала грэе, няцёплы. У зямлянцы нікога не было: адны пустыя нары, засланыя лёгкімі летнімі коўдрамі і посцілкамі. Якімовіч. [Іван Іванавіч] даўно зняў скураное паліто і насіў лёгкі фрэнч. Даніленка. // Які здаецца бязважкім, прыгожым (пра збудаванні і інш.). Дзякуючы такім [вялізным] вокнам, дом выглядаў лёгкім, як бы плаваючым у паветры. Бядуля. //Які лёгка ператраўляецца, не тлусты (пра ежу). [Лена] заказала лёгкае снеданне і села за круглы столік перад акном. Скрыган.

2. Спрытны, прыгожы, хуткі (пра паходку, рухі і пад.). Праз пяць дзён пасля вызвалення роднага горада Людміла Лаўраўна як ніколі лёгкаю хадою вярталася з партызанскага краю. Якімовіч. Нягледзячы на сваю грузнасць, .. [Андрэй Данілавіч] вельмі быў лёгкі на рухі. Ракітны.

3. Просты, даступны разуменню. Лёгкі урок. Лёгкая задача. // Няцяжкі для выканання, нескладаны. [Габрусь] узяўся за тыя лёгкія работы, што рабіў яшчэ хлапчуком: сена грэбці, баранаваць, вяровачкі віць, трушанку трэсці... Бядуля. // Просты, ясны. Лёгкі стыль. // Вясёлы, мілагучны; несур’ёзны. Лёгкая музыка. □ [Італьянец] няспынна насвістваў нейкі лёгкі і шпаркі матыўчык. Мікуліч. // Які дастаецца, набываецца без цяжкасцей. Лёгкі заработак. Лёгкая перамога. Лёгкае жыццё. □ — Калі лёгкае шчасце, То, кажуць, яно Не трывалае шчасце. Куляшоў. / у знач. наз. лёгкае, ‑ага, н. Хоць бывае цяжка — не бядую, не шукаю лёгкага ў жыцці. Смагаровіч. // Які не прычыняе цяжкасцей, мук. Лёгкі дзень. Лёгкая смерць. □ Ідзі, баец, Хай будзе шлях твой лёгкім, Хай куля не кране тваіх грудзей. Панчанка.

4. Нязначны, невялікі, слабы (па велічыні, сіле, ступені праяўлення). Лёгкі мароз. Лёгкі туман. □ Над комінам хаты паказаўся пакуль што не бачны нікому лёгкі дымок. Брыль. На захадзе яшчэ палымнела неба, але лёгкі змрок ужо пасоўваўся. Чарнышэвіч. // Слабы, неглыбокі (пра сон, дрымоту). Лёгкі сон. // Чуць прыкметы. Лёгкая сівізна. Лёгкая ўсмешка. □ Лёгкі пробліск радасці мільгануў на твары старога. Крапіва. // Нямоцны, слабы (пра шум, трэск і пад.). У поўнач пачуўся лёгкі стук у сцяну. Якімовіч. // Які слаба праяўляецца. Лёгкая іронія. Лёгкая злосць. // Які слаба дзейнічае, нямоцны (пра віно, тытунь і пад.). Лёгкае віно. Лёгкі тытунь. // Які не з’яўляецца небяспечны для жыцця і хутка вылечваецца. Лёгкая прастуда. Лёгкае захворванне. □ [Раненых] было чалавек дзесяць з перавязанымі галовамі, рукамі, нагамі, але раны былі лёгкія. Маўр.

5. Павярхоўны, неглыбокі, несур’ёзны. Лёгкія адносіны да жыцця. □ Нават і не заўважыла Ірына, як адляцела бесклапотнае дзявоцтва, з песнямі, з пагулянкамі, познімі карагодамі, з лёгкімі і мінучымі дзявочымі крыўдамі, з вясновымі світаннямі. Лынькоў. // Бесклапотны, легкадумны. Вынікі нашага лёгкага жыцця то там, то сям цяпер давалі сябе знаць. Скрыган. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколькі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

6. Які не мае цяжкага ўзбраення; рухомы. Лёгкія танкі. □ Дывізіён са сваімі лёгкімі гарматамі рухаўся выключна лясамі, па бездарожжы. Шамякін.

•••

Лёгкая атлетыка гл. атлетыка.

Лёгкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Лёгкая прамысловасць гл. прамысловасць.

З лёгкай рукі гл. рука.

З лёгкаю параю гл. пара.

З лёгкім сэрцам (душой) гл. сэрца.

Лёгкая рука ў каго гл. рука.

Лёгкі на ногі — пра таго, хто можа хутка і многа хадзіць.

Лёгкі на пад’ём — пра чалавека, якога лёгка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.

Лёгкі на слова — хуткі на абяцанні.

Лёгкі на ўспамін — пра таго, хто з’яўляецца ў той момант, калі пра яго гавораць (думаюць).

Лёгкі на язык — гаваркі; які любіць многа гаварыць.

Лёгкі хлеб гл. хлеб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)