Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕТЭО́РЫ (ад гідра... + грэч. meteōros які лунае ў паветры),
атмасферныя ападкі, якія ўтвараюцца пры выдзяленні вільгаці з паветра на паверхні Зямлі і прадметаў — раса, іней, шэрань і інш. Першапачаткова пад гідраметэорам разумелі прадукты кандэнсацыі вадзяной пары ў атмасферы — воблакі, усе атм. ападкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНА́Я ПА́РАў атмасферы,
вада ў газападобным стане, якая пастаянна ёсць у паветры. Бесперапынна паступае ў атмасферу ў выніку выпарэння з паверхні вадаёмаў і вадацёкаў, глебы, снегу, лёду і праз транспірацыю раслінамі. Колькасная характарыстыка — вільготнасць (гл.Вільготнасць паветра). 90% вадзяной пары ў ніжніх 5 км атмасферы. Уплывае на выпраменьванне і паглынанне сонечнай радыяцыі. Над тэр. Беларусі ў ліп. каля 5,4 км³, у студзені каля 1,7 км³ вадзяной пары. Пры кандэнсацыі яе ўтвараюцца воблакі, туман, раса, іней, шэрань, галалёд. Выкарыстоўваецца для прывядзення ў рух паравых турбін і машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І,
дзесятая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай I («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай I («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з Н («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Н («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁД,
вада ў цвёрдым стане. Адрозніваюць аморфны Л. і 10 яго крышт. мадыфікацый. У прыродзе вядома адна форма Л. — са шчыльн. 0,92 г/см³, цеплаёмістасцю 2,09 кДж (кг∙К) пры 0 °C, цеплынёй плаўлення 334 кДж/кг. Л. празрысты, у тонкім слоі бясколерны, у вял. масе блакітнаваты. Звычайна чысцейшы за ваду, аднак можа мець мех. прымесі — цвёрдыя часцінкі, кропелькі раствораў, бурбалачкі газу. Л. бывае атмасферны (снег, іней, град), водны (сала, ледзяное покрыва, ледзяныя іголкі, донны Л.), падземцы (утварае зімовае прамярзанне глеб і вечную мерзлату) і ледавіковы. Адно з самых пашыраных цвёрдых цел на зямной паверхні (каля 30 млн.км³). Займае вял. прасторы ў Антарктыдзе (мацерыковы Л.), Арктыцы (марскі Л.), у горных раёнах (ледавікі), у абласцях пашырэння вечнай мерзлаты. Ва ўмовах Беларусі Л. утвараецца зімой на рэках і вадаёмах, у глебе і грунтах, выпадае з воблакаў, утварае снегавое покрыва, галалёд, галалёдзіцу, шэрань, іней, у цёплую пару выпадае з воблакаў у выглядзе граду. У геал. мінулым на тэр. Беларусі існавала магутнае ледавіковае покрыва, якое неаднаразова ўтваралася ў час мацерыковых зледзяненняў антрапагену, на прылеглых да яго тэрыторыях была вечная мерзлата. Л. аказвае значны ўплыў на фарміраванне ўмоў пражывання на Зямлі і гасп. дзейнасці чалавека. Абледзяненні самалётаў, суднаў, ліній сувязі і электраперадач, дарожнага палатна прыводзяць да аварый, гляцыяльныя селі знішчаюць населеныя пункты, прамысл. і трансп. збудаванні, рачныя заторы і зажоры выклікаюць мясц. паводкі і інш.Л. скарыстоўваюць для захавання і ахаладжэння харч. прадуктаў, біял. і хім. прэпаратаў.
Ёсць звесткі пра наяўнасць Л. на планетах Сонечнай сістэмы і ў каметах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОЛЬ (Абрам Іосіфавіч) (1.5.1913, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 3.2.1990),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1932). У лірычных, выразных паводле колеру пейзажах апяваў прыгажосць бел. прыроды: «Канец зімы» (1955), «Іней» (1960), «Брэсцкая шаша» (1961), «Раніца» (1963), «Беларускі прастор» (1967), «Беларускі краявід» (1968), «Новы Мінск» (1969), «Зіма беларуская» (1971), «Зямля» (1972), «Лагойшчына» (1977), «Зямля калгасная. Браслаўшчына» (1981), «Край беларускі» (1982) і інш. Я.Купалу прысвечаны палотны «Я. Купала і Цётка (А.Пашкевіч) у Пецярбургу ў 1913 годзе» (1954), «Таполя Купалы» (1960), «Думы пра Радзіму» (1962), «Сустрэча. Ян Райніс у гасцях у Янкі Купалы ў 1926 г.», «Купалаўскі край» (абодва 1982). Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Нараджэнне рэспублікі» (1968), «Ліпень 41-га» (1982), «Партызаны Міншчыны» (1984) і інш. Працаваў у галіне маст. афармлення экспазіцый музеяў рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
установа, якая праводзіць рэгулярныя метэаралагічныя назіранні за станам атмасферы і атмасферных працэсаў. Пры дапамозе метэаралагічных прылад вызначаюць сонечную радыяцыю, атм. ціск, напрамак і скорасць ветру, тэмпературу і вільготнасць паветра і глебы, атм. ападкі, снегавое покрыва, воблачнасць, атм. з’явы (раса, іней, шэрань, туман, мяцеліца, навальніца і інш.). Складаецца з метэаралагічнай пляцоўкі, дзе размешчаны метэаралагічныя прылады, і памяшканні, дзе ўстаноўлены аўтам. прылады-рэгістратары і вядзецца апрацоўка даных назіранняў. У залежнасці ад аб’ёму назіранняў і работ падраздзяляюцца на 3 разрады. М.с. 1-га разраду праводзіць і апрацоўвае даныя, ажыццяўляе тэхн. кіраўніцтва станцыямі 2-га і 3-га разрадаў, а таксама абслугоўвае зацікаўленыя ўстановы і прадпрыемствы звесткамі аб метэаралагічных умовах і матэрыяламі па клімаце. М.с. 2-га разраду праводзіць назіранні, апрацоўвае і перадае даныя па выніках назіранняў. М.с. 3-га разраду выконвае назіранні па скарочанай праграме. На некаторых станцыях дадаткова праводзяцца аэралагічныя, актынаметрычныя і градыентныя назіранні. На Беларусі першыя М.с. з’явіліся ў пач. 19 ст. (у 1809 у Магілёве, 1810 у Віцебску, 1834 у Брэсце, 1841 у Горках, у 1849 у Мінску). У 1999 назіранні па праграме М.с. праводзіліся ў 51 пункце Беларусі (гл. карту-схему).