тяготи́ть несов.

1. абцяжа́рваць;

снег тяготи́т кро́влю снег абцяжа́рвае дах;

тёплая оде́жда его́ тяготи́ла цёплае адзе́нне абцяжа́рвала яго́;

2. (быть в тягость) быць у цяжа́р (каму, чаму), быць (з’яўля́цца) ця́жкім (для каго, для чаго);

меня́ тяготи́т его́ прису́тствие мне ў цяжа́р яго́ прысу́тнасць;

3. уст. (угнетать) гнясці́; (мучить — ещё) му́чыць;

его́ тяготи́ли воспомина́ния яго́ прыгнята́лі (му́чылі) успамі́ны;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пратрыма́цца сов.

1. в разн. знач. продержа́ться;

п. за по́ручні — продержа́ться за по́ручни;

п. на ўмацава́най пазі́цыі — продержа́ться на укреплённой пози́ции;

высо́кая цана́а́лася нядо́ўга — высо́кая цена́ продержа́лась недо́лго;

п. з харча́мі да вясны́ — продержа́ться с продово́льствием до весны́;

2. продержа́ться, продо́лжиться, продли́ться;

цёплае надво́р’е ўжо не до́ўга ~ма́ецца — тёплая пого́да уже́ не до́лго проде́ржится (продли́тся)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

памачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., каго-што.

1. Намачыць, змачыць злёгку, трохі. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Каб не плёскаць вадой, Маша асцярожна памачыла ручнік і выцерла твар. Шамякін. // Зрабіць зусім мокрым; вымачыць. Сагнуўшы ногі, [Андрэй] пачуў, што мокрыя калені: памачыў у расу, калі ішоў ля жыта. Пташнікаў. Доўга хадзілі нашы паляўнічыя, ногі памачылі, але ніякай здабычы не траплялася. Лынькоў.

2. Разм. Прыгубіць. Галя памачыла губы і адставіла [шклянку]. — Што гэта вы — і за сябе не хочаце выпіць? Сабаленка. Андрэй прынёс з хаты цёплае пойла, забеленае мукой. Кабыла ў ім толькі памачыла мызу. Чарнышэвіч.

3. Апусціць ручку з пяром у чарніла, чарніліцу. Прыстаў даў пратакол. Дзед Хрушч прысеў за стол, узяў ручку, памачыў у чарні[лі]цы пяро і выразна .. вывеў сваё прозвішча, пасля чаго па-рыцарску вярнуў пратакол прыставу. Колас.

4. і без дап. Мачыць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

устанаві́цца, ‑новіцца; зак.

1. Разм. Стаць, размясціцца дзе‑н., якім‑н. чынам. Паліцыянты ўстанавіліся шпалерамі ўздоўж нораў. Пестрак. Вось і ўстанавілася своеасаблівая чарга, наперадзе якой знаходзіцца старэйшае птушаня, а ў канцы — самае маленькае. Самусенка.

2. Стаць устойлівым, пастаянным; умацавацца. Калі ўстанавілася Савецкая ўлада, Андрэй Бабейка быў ужо рослы, ладны хлопец, паўнапраўны гаспадар бацькавай сядзібы. Хадкевіч. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Пагода, нарэшце, установіцца і ў бліжэйшыя дні будзе скончаны сенакос. Чарнышэвіч. На поўдні Украіны ўстанавілася цёплае надвор’е. «Звязда».

3. Скласціся, наладзіцца, усталявацца. [Юскавец:] — Скажу толькі, што ваша трактоўка Лабановіча разыходзіцца з той, якая ўстанавілася ў нас цяпер і лічыцца бясспрэчнай. Дамашэвіч. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Між бабкай і Слаўкам скончыліся сваркі. Устанавілася такая любоў і дружба, што толькі можна было пазайздросціць. Няхай. // Наступіць. За сталом устанавілася мёртвая цішыня. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хму́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пахмурны, воблачны (пра неба, пагоду, пару года, частку сутак). Дзень па-асенняму хмурны, таму пад шатамі елак амаль вячэрні паўзмрок, і немагчыма разгледзець зубравы вочы: што ў іх? Шамякін. Была хмурная, гразкая восень. Скрыган. Потым узышоў месяц. Ён паволі падымаўся па хмурным небе. Асіпенка. // Такі, дзе змрочна. Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, у бярэ хмурныя лясы. Гартны.

2. перан. Сумны, пануры (пра чалавека). [Элінора] зразумела, чаму Сузан вельмі часта ўставаў з-за хатняга стала хмурны, нездаволены. Лынькоў. Паглядзела дачка, стала хмурная: Знаць, не прыйдзе ён [любы] гэткай бураю. Панчанка. Архіпцоў сядзеў моўчкі, схіліўшы галаву, нейкі хмурны ці, можа, разгублены. Кухараў. — Ты нейкая хмурная сёння? — адразу заўважыў.. [Антось] жончын настрой. Васілевіч. // Які выражае суровасць, панурасць, заклапочанасць. Выйшаў на ганак.. хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма. Мележ. Слёзы ў мяне праступаюць з-пад хмурных павек. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́сца, -а, мн. -ы, -аў, н.

1. Прастора, якая занята або можа быць занята кім-, чым-н., дзе што-н. адбываецца або размяшчаецца.

Перасоўваць з месца на месца.

Рабочае м.

Ні з месца!(не рухацца!).

2. Участак на зямной паверхні, мясцовасць.

Маляўнічае м.

3. перан. Становішча, якое займае хто-н. (у спорце, грамадскім жыцці, навуцы і пад.).

Заняць першае м. ў спаборніцтве.

4. Служба, работа, пасада.

Вакантнае м.

5. Урывак, частка літаратурнага, мастацкага або музычнага твора.

Самае цікавае м. ў рамане.

6. Адзін прадмет багажу (спец.).

Здаць у багаж тры месцы.

Балючае месца — пра тое, што ўвесь час хвалюе, мучыць.

Да месца — якраз калі трэба, дарэчы.

Душа не на месцы — пра адчуванне трывогі, непакою.

На месцы — там, дзе што-н. адбылося ці будзе адбывацца.

Не знаходзіць (сабе) месца — быць у стане крайняй трывогі.

Паставіць каго-н. на сваё месца — збіць пыху з каго-н., зрабіць рэзкую заўвагу каму-н. пра нясціплыя паводзіны.

Пустое месца (разм., неадабр.) — пра чалавека, ад якога няма ніякага толку.

Таптацца на месцы (разм., неадабр.) — не рухацца наперад.

Цёплае месца (разм.) — аб даходнай службе.

|| памянш. ме́сцейка, -а, н. (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ю́шка 1, ‑і, ДМ юшцы; Р мн. юшак; ж.

Металічны кружок, якім закладаюць адтуліну ў коміне, каб не выходзіла цёплае паветра. Маці.. стаяла ля прыпечка і зачыняла ў коміне юшкі, каб пайшоў дух на выстуджаную за ноч хату. Капыловіч. Каб не здарылася бяда, вокны і юшкі ў коміне перад навальніцай зачыняюць. Грамовіч.

ю́шка 2, ‑і, ДМ юшцы, ж.

1. Страва са свежай рыбы з прыправамі; рыбны адвар. Увечары, калі прыехаў з горада Шыковіч, яны палілі свой касцёр і на агні варылі юшку; Яраш з сынам паспелі налавіць рыбы. Шамякін.

2. Поліўка (у 1 знач.). Сабіна з цікавасцю глядзела ў акно. Яна бачыла, як Сабастыян сам сёрбаў лыжкай юшку, спрабуючы, ці ўварыліся грыбы. Сабаленка.

3. Жыжка ва ўсякай страве. Сёрбай юшку, на дне гушча! З нар.

4. перан. Разм. Кроў. [Чалавек:] Сам бачыў, як у Бабруйску на Казначэйскай нейкі дзяцюк сунуў кулаком у храпу гарадавому, а той толькі юшку выцер, лахі пад пахі ды ходу. Грахоўскі.

•••

Пусціць юшку гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́рвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да уварыцца.

2. Зал. да ува́рваць.

уварва́цца, ‑рву́ся, ‑рве́шся, ‑рве́цца; ‑рвёмся, ‑рвяце́ся; зак.

1. Увайсці сілай, пераадольваючы перашкоды. Пад вечар рота прабіла абарону і ўварвалася ў сярэдзіну варожага апорнага пункта. Мележ. Дзверы, зашчэпленыя на кручок, з сілай былі расчынены, і ў магазін уварваўся мужчына. «Звязда». На станцыю мы ўварваліся з поўнага ходу і ўсім агнём абрушыліся на ворага. Ракітны. // Бесцырымонна пранікнуць куды‑н., вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Мімаходзь кінула [Ліза] на стол папку і ветрам уварвалася ў бацькаў кабінет. Сачанка. // перан. Умяшацца ў што‑н. Якая яна, гэтая жанчына, што так нахабна ўварвалася ў .. асабістае жыццё [Люсі]? Шашкоў.

2. перан. Хутка пранікнуць куды‑н. (пра гукі, пахі і пад.). У зямлянку разам з марозным паветрам уварваўся напружаны і цяжкі гул матораў. Паслядовіч. Цёплае красавіцкае паветра ўварвалася ў пакой, напоўніла яго веснавой свежасцю. Васілевіч. Павольна наблізіўся вялікі, ярка асветлены будынак. Яго святло ўварвалася праз акно ў адзін кут купэ. Васілёнак. // Імкліва напоўніць сабою, пранікнуць (пра думкі, пачуцці, здарэнні і пад.). У галаве [Несцера] бліснула думка, што патрэбна хата новая і інакшая. Нават неяк спалохаўся стары такое думкі, але што зробіш, калі яна ўварвалася так неспадзявана. Пестрак. Гаравала бабка Наста. Гэткае ж ліха ўварвалася ў іх жыццё! Колас. Вайна ўварвалася ў лёс Акіліны, як урывалася яна ў тысячы другіх жаночых лёсаў. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ізба́ ’жылы драўляны будынак’ (Інстр. I, 49), ’маленькая хата, жылы будынак меншага памеру’ (Лекс. Палесся, 154), ’хата-чытальня’ (Сцяшк. МГ). У сучаснай бел. мове выціснута словам хата, але ст.-бел. изба мела цэлы комплекс значэнняў: ’жылы будынак’, ’пакой у хаце’, ’кладоўка’, ’памяшканне для чэлядзі і інш.’ (КГС). Рус. изба́ ’драўляная сялянская хата’, дыял. ’жылы будынак з аднаго пакоя (з рускай печчу)’, ’частка жылля, якая ацяпляецца’, ’пакой’, ’гара, вышкі’, ’жыллё з гліны, саману і г. д. (у адрозненне ад цагельных і драўляных дамоў)’, польск. izba ’пакой’, в.-луж. jstwa, stwa ’тс’, н.-луж. śpa ’святліца, вялікі пакой’, палаб. jåzbă ’гасціная’, чэш. jizba ’жылое памяшканне, пакой’, славац. izba ’тс’, славен. ȋzba ’пакой’, ’гара, вышкі’, jȇzba ’сталовая’, серб.-харв. уст. ѝзба ’пакой’, ’святліца’, балг. и́зба ’падвал, склеп’, ’хаціна, зямлянка’, макед. дыял. изба, визба ’склеп’. Ст.-слав. истъба ’пакой’, ст.-рус. истьба, изъба, изба ’драўляны будынак’, ’частка дома, пакой’. Пэўнай этымалогіі няма. У адных тлумачэннях прасл. *jьstъba выступае як запазычанне, у другіх — як спрадвечна слав. слова. Найбольш пашырана версія аб запазычанні з герм. *stuba (ст.-в.-ням. stubaцёплае памяшканне, лазня’, ст.-ісл. stofa, stufa ’лазня з печчу’), але ў гэтым выпадку няма тлумачэння для пачатковага jь‑. Гл. Міклашыч, 97; Уленбек, AfslPh, 15, 1893, 487; Бернекер, 1, 436–438. Больш абгрунтавана Мейе (BSL, 29, 1929, 211), Махэк₂ (230), Трубачоў (Эт. сл., 8, 243–245), якія бачаць крыніцу запазычання ў раман. арэале; параўн. франц. étuve, італ. stufa, ісп. estufa, праванс. éstuba ’лазня, апарня’ < *estūfa (скарачэнне ū > яшчэ ў нар.-лац.). Спроба аб’яднання абедзвюх крыніц падана ў Слаўскага, 1, 475–476; Etnografia polska, 1960, 351–354. Тлумачэнне слова на слав. глебе належыць Мартынаву, Лекс. взаим., 122–125: *jьstъba ’нерухомая маёмасць, гаспадарка’ < *istъ‑ba звязваецца з гняздом *istъ (гл. існы). Гёрнер (ZfslPh, 32, 1965, 332) прыцягвае сюды прасл. *ьstěja/*ěstěja ’печ, вогнеахвярнік’ і лічыць семантычную адзнаку ’ацяплення’ зыходнай для слав. *jьstъba; параўн. народна-этымалагічнае збліжэнне з *istopiti. Інакш Мядзведзева (Праблемы мовы і літаратуры, 1972, 103–114) выяўляе ў *jьstъba корань *stьb‑, як у сцябло, ствол. Этнаграфічны аспект гл. А. С. Харузін, Славянское жилище, 1907. Гл. істопка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шэпт, ‑у, М ‑пце, м.

1. Ледзь чутная гутарка, пры якой гукі вымаўляюцца без удзелу галасавых звязак. Ледзь чутны шэпт прашумеў па грамадзе. Мурашка. Не пакідай. Пакінуўшы — успомні. Хоць перад смерцю шэптам пазаві. Вярба. Бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт. Брыль. За перагародкаю шапталіся Кашалькі, нешта вырашалі, і гэты тайны шэпт адганяў усе думкі. Парахневіч. Прычыненыя дзверы вялі ў другі пакой — адтуль чуўся шэпт, нехта завіхаўся ля печы. Хадкевіч. // перан. Ціхі, невыразны шум, шапаценне, цурчанне і пад. Цёплае, ласкавае паветра, ледзь чутны шэпт хваляў, што ляніва і пяшчотна набягаюць на пясок. В. Вольскі. У пералівах галасоў Чуваць быў шэпт калосся. Трэль салаўя і шум лясоў — Усё ў адно злілося. Смагаровіч.

2. Погаласка, вестка, чутка, якія перадаюцца па сакрэту. Невядома, з якою мэтай — для большага страху ці для большай стойкасці, — у першыя дні кампаніі па акопах быў пушчаны шэпт: швабы расстрэльваюць камандзіраў і кулямётчыкаў, ім — палону няма... Брыль. І хадзілі ад вёсак да вёсак, ад двароў да двароў шэпты-перашэпты, што Блазан той хутка і да нас прыйдзе. Барашка.

3. толькі мн. (шэпты, ‑аў). Разм. Набор слоў, якія паводле забабонных уяўленняў маюць чарадзейную сілу; заклінанне. Дактароў усіх рэцэпты І бабулек розных шэпты не памоцны хворай тут, Не памог і пан Тугут. Крапіва. Паглядзела бабка пану ў вочы і кажа: — Думаеш: заплаціць мне за шэпты ці не? Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)