Пісталет, пістоле́т, пістоль, пістоля ’агнястрэльная зброя з кароткім ствалом’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Касп.), ’дурны, сляпы’ (Нас.), ст.-бел. пистолетъ, пиштолетъ ’тс’ (з 1616 г.) запазычана са ст.-польск. pistolet, якое з франц. pistolet ’тс’. Аднак пістоль, пістоля узыходзіць да ст.-чэш. pišťala (са слэнгу гусітаў у XVI ст.) < písčala, píščela, píščel ’музычны інструмент’ і ’агнястрэльная зброя’; гэтае слова ў XV ст. запазычылі немцы (pitschal, pitschole, petstole) і слова (ужо *pitstol) перайшло ў франц. мову як pistolet — памяншальная форма ў сувязі з тым, што ў франц. мове pistole абазначае ’залатая манета’. У XVI ст. pišťala пранікла ў Польшчу (piszczel), у канцы XVII ст. — і ў Расію, а таксама ў іншыя краіны. Раманісты (Штрэкель, AfslPh, 26, 408; Меер–Любке, 542) выводзілі франц. pistolet з італ. pistola, а апошняе — з назвы горада Pistola ў Таскане. Гэтаксама і Варш. сл., 4, 210. Васэрцыер (173) у якасці крыніцы запазычання прыводзіць італ. pistolese ’паляўнічы нож з Пістоі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Рух, перамяшчэнне ў паветры ў якім‑н. напрамку. Палёт ракеты ажыццяўляўся строга па зададзенай траекторыі. «Звязда». // Характар, манеры, асаблівасці такога перамяшчэння. Бясшумны палёт. // Спец. Акрабатычны скачок на вялікую адлегласць або на вялікай вышыні. Палёт пад купалам цырка.

2. Авіяцыйны вылет, рэйс. У дзень палётаў лётчыкі прачынаюцца рана. Хомчанка. Афіцэр-парашутыст паказаў падпольшчыкам, як карыстацца парашутам, як трымацца ў палёце і на пасадцы. Новікаў.

3. перан. Імкненне, парыў. Якія тут бясконцыя прасторы І для ўспамінаў, і палёту дум! Танк. З галечы, з руін спусташэння, Як волат, падняўся народ — Нястрымная воля імкнення, Нябачаны творчы палёт! Колас.

•••

Брыючы палёт — палёт самалёта на невялікай вышыні над зямлёй.

Сляпы палёт — палёт ноччу, у тумане пры дапамозе адных толькі навігацыйных прыбораў.

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушка высокага палёту гл. птушка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дождж, дажджу, м.

1. Атмасферныя асадкі ў выглядзе капель вады, якія падаюць з хмар. Асенні дождж. Праліўны дождж. □ З самага рання.. ішоў дождж перагонамі. Чорны. У паветры была страшэнная духата — нібыта збіралася на дождж. Чарот. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Раніцай прайшоў спорны дождж, дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў. З вялікага грому дажджу не бывае. Прыказка.

2. перан.; які або чаго. Мноства, вялікая колькасць чаго‑н., што падае, сыплецца. Метэарытны дождж. □ З абодвух бакоў няспынна грукатала зенітная артылерыя, на зямлю сыпаўся жалезны дождж асколкаў. Дудо.

3. у знач. прысл. дажджо́м. У дождж, у дажджлівае надвор’е. Хто дажджом косіць, той пагодай сушыць. Прыказка.

4. у знач. прысл. дажджо́м. Падобна дажджу; у мностве. Іскры сыпаліся дажджом.

•••

Зорны дождж — вялікае падзенне метэораў; зарапад.

Сляпы (цыганскі) дождж — дождж, які ідзе пры сонцы.

Залаты дождж — вялікія грошы, прыбыткі.

Як грыбоў пасля дажджу гл. грыб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слепата́, ‑ы, ДМ ‑паце, ж.

Поўная або частковая адсутнасць зроку. Сляпы Гамер быў і, глухі Бетховен... Відушчы, чуйны, кожны б з нас хацеў свой зоркі зрок, свой тонкі слых настроіць па іхняй слепаце і, глухаце... Рудкоўскі. // перан. Няўменне заўважаць, правільна разумець, разбірацца ў чым‑н. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ. — Марыя Дзям’янаўна, выбачайце за маю такую слепату, някемлівасць, — прамовіў Грушка, — вось сяджу і не бачу, хто сядзіць са мною побач. Пестрак. Мароз выкарыстаў гэту паўзу, каб дакорліва зірнуць на Вячыстага: вось бачыш, да чаго давяла твая палітычная слепата! Лобан.

•••

Колеравая слепата — тое, што і дальтанізм.

Курыная слепата — а) хвароба вачэй, пры якой чалавек не бачыць пры слабым святле, у цемры; б) народная назва некаторых травяністых раслін, кураслеп. Лета ў самым пачатку, і столькі курынай слепаты, што не ступіць нагою, каб не трапіць на краску. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сле́пет1 зборн. ‘пчолы (дзікія)’, ‘дупло, у якім жывуць дзікія пчолы’ (Мат. Гом.), ‘мёд з дупляных лясных вулляў’ (Сцяшк. Сл.), слепета́ зборн. ‘дзікія пчолы’ (ПСл, Мар. Том.), сле́пат ‘тс’ (Некр., Маш.; палес., Сержп. Бортн.), сле́пят ‘тс’ (Маш.), сле́паты ‘тс’ (Некр.), сле́пет, сле́пят, сле́пяты, сле́патні, сле́плі, сляпні́, сле́пцы, сляпцы́ ‘тс’ (ЛА, 1), сле́петы, сле́патні ‘тс’ (ТС, Шатал.), сле́пета, сле́пето, сле́пецень, сле́пацень, сле́пет, сле́пят, сле́пец, сляпа́к ‘дупло, дзе пчолы’ (ЛА, 1); слепатне́ ‘лясныя пчолы, што жывуць у дуплах’ (ганц., Сл. ПЗБ), ст.-бел. слепетъ (свепетъ) ‘дзве борці, злучаныя разам на дрэве’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. палес. сле́пень, слє́потєнь, слі́епетєнь ‘тс’. Паводле Машынскага (Pierw., 188), узыходзіць да прасл. *svep‑. Хутчэй за ўсё, у выніку збліжэння з сляпень (гл.), параўн. лезці сле́петнем (слепіцэю) ‘лезці нахабна, назойліва’ (ТС). Параўн. ЕСУМ, 5, 304. Гл. свепет.

Сле́пет2 ‘кураслеп дуброўны, Anemone nemorose L.’ (Шат., Сл. ПЗБ, Кіс.), ‘казялец, Ranunculus L.’ (Сл. ПЗБ), слепата́ ‘тс’ (там жа). Калі меркаваць па іншых назвах раслін (сляпуха, кураслеп, слепнік (Сцяшк. Сл.), рус. куричья слепота, укр. сліпота, курослі́п), ад сляпы (гл.) з суф. ‑et‑, ‑ot‑ (‑e‑ у суфіксе можа быць пад уплывам каранёвага галоснага, гл. Вондрак, Vergl. gr., 1, 450); паводле Аненкава (34), у народнай медыцыне першая з названых раслін ужываецца супраць курынай слепаты. Параўн. ЕСУМ, 5, 305.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́ступіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

1. Выйсці наперад адкуль‑н., з-за чаго‑н. Васіль.., не цямячы больш нічога, не бачачы, як сляпы, выступіў з-за ясакару. Мележ. // Стаць бачным, абазначыцца. З правага боку выступілі з-за шэрай заслоны дажджу абрысы касы. В. Вольскі. Вада.. [у сажалцы] значна спала, у некаторых месцах выступіла зямля. Маўр.

2. Выйсці, адправіцца. На світанні партызаны выступілі ў пушчу.

3. перан. Пачаць працу ў якой‑н. галіне. Выступіць на літаратурную арэну. Выступіць на падмостках сцэны.

4. Звярнуцца да грамадскасці з якім‑н. паведамленнем, прапановай, планам і пад. Выступіць з дакладам. Выступіць у спрэчках на сходзе. □ Калі ўсе.. пытанні былі абмеркаваны, выступіў дзед Талаш, каб расказаць пра Саўку Мільгуна. Колас. // Адкрыта выказаць свае думкі, погляды, прапановы і пад. Выступіць у абарону міру. Выступіць супраць падрыхтоўкі новай вайны.

5. Прасачыўшыся знутры, паказацца на паверхні. Выступіў пот на твары. □ Гарачыня была такая, што ў людзей ад поту на гімнасцёрках выступіла соль. Гурскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра рысы характару, пачуцці і пад.). І тут усе ўбачылі, што раней незаўважаная рыса гэтай натуры.. выступіла наверх. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раі́цца, ра́юся, ра́ішся, ра́іцца; незак.

Пытацца, прасіць парады ў каго‑н. Раіцца з настаўнікам. □ У .. [камісара] была каштоўкая прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін. Ружыцкі некалькі разоў бачыўся з войтам, раіўся з асаднікамі, судовымі выканаўцамі. Бажко. // Абменьвацца думкамі; радзіцца. Старыя і пажылыя людзі раіліся, што рабіць, складалі свае планы. Колас. Потым піянеры пачалі раіцца між сабой, калі і куды накіравацца па жалуды. Якімовіч.

раі́цца, раі́цца; незак.

1. Утвараць новы рой (пра пчол і падобных да іх насякомых). Дык жа па цэлых днях бабка сядзіць у садку і пільнуе, каб не зляцеў рой. Пчолы цяпер вельмі раяцца, і раі высыпаюцца ледзь не кожны дзень. Баранавых. Стары пчалавод Тодар Юрко дык, як толькі пачыналі раіцца пчолы, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

2. Лятаць, збірацца роем. Мухі раіліся ля яго гнойных вачэй — конь, небарак, быў сляпы. Чорны. // Кружыцца ў паветры (аб сняжынках). Над полем раіліся сняжынкі.

3. Паяўляцца адразу ў вялікай колькасці (пра думкі, пачуцці, сны і пад.). Пазней, калі .. вочы, стомленыя ўгляданнем у цемру, закрыліся .. павекамі, у галаве пачалі раіцца сны. Галавач. Розныя думкі раіліся ў галаве старога. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глухі́, ‑ая, ‑ое; глух, ‑а.

1. Часткова або поўнасцю пазбаўлены слыху; няздольны чуць. Глухі на адно вуха. □ Як ем, дык глух і нем. Прымаўка. // у знач. наз. глухі́, ‑ога, м.; глуха́я, ‑ой, ж. Пра чалавека, пазбаўленага слыху. Жылі ў адной вёсцы сляпы, глухі і бязногі. Якімовіч. Глухі не дачуе, дык прыдумае. Прымаўка. // перан. Неспагадлівы, нячулы, раўнадушны. Жанчына жыла толькі .. [дзіцем], глухая да навакольнага. Карпаў.

2. Невыразны, нязвонкі, прыглушаны. Глухі голас. Глухія выбухі. □ Прызвычаенае вуха інжынера пачула.. глухі перастук колаў, водгукі рэха, якое кацілася над палямі. Лынькоў. // Які вымаўляецца без удзелу голасу (пра гукі). Глухі зычны. // перан. Затоены, невыразны. Між сялян пайшла глухая гаворка, у якой чулася нейкая трывога і страх. Колас. Не патрэбна ні скарг, ні скрухі, ні глухіх нараканняў на лёс. Глебка.

3. Густы, цёмны, непраходны. Наўкол глухія хмызнякі — Сынок малы ад жалю плакаў, Калі ў піліпаўку ваўкі Заелі сёмага сабаку. Арочка.

4. Які знаходзіцца ў глушы, далёка ад населеных месц; далёкі ад жыццёва важных цэнтраў. Глухая вёска. □ Калісьці гэткі цёмны і глухі, Мой родны кут, сягоння ты ў агнях. Смагаровіч. // Пустынны, бязлюдны. Глухі завулак. Глухая дарога.

5. перан. Такі, калі спыняецца рух, замірае жыццё; глыбокі, позні. Глухая поўнач. Глухая восень.

•••

Глухая крапіва гл. крапіва.

Глухая сцяна гл. сцяна.

Глухія дзверы гл. дзверы.

Глухое акно гл. акно.

Глухі як пень — зусім глухі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаўзці́ся, ‑паўзецца; ‑зёмся, ‑зяцеся, ‑зуцца; пр. распоўзся, ‑паўзлася, ‑лося; зак.

1. Папаўзці ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх насякомых, жывёл). Мурашкі распаўзліся. □ [Змеі], як відаць,.. вызваліліся і распаўзліся па караблі. Маўр. З учарашняга дня ваўчыца не вярнулася ў бярлогу, і галодныя ваўчаняты распаўзліся па кустах. Якімовіч. // Разм. Разысціся ў розныя бакі (пра людзей). — Вось што, хлопцы, — перавёў Лабановіч гутарку на іншае, — усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Колас. // Павольна разыходзячыся, захапіць вялікую прастору (пра хмары, дым, туман і пад.). Па небе распаўзлася шэрая хмара і схавала сонца. Гроднеў. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў у сярэдзіну. Маўр. // Рассунуцца, раз’ехацца. Яна засталася адна. Рукі яе апусціліся, не давязаўшы вузла, і рагі ў прасцірадле распаўзліся з-пад рук. Чорны. // Разм. Прасторна, шырока размясціцца. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым .. суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Караткевіч.

2. Расплыцца, расцячыся па паверхні чаго‑н. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі, па снезе распаўзлася рыжая, як вывернуты стары кажух, пляма. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ. // Страціць пэўныя, яскравыя абрысы, форму пад уздзеяннем вільгаці, вады і інш. Дзе папера ад поту прамокла, там літары распаўзліся, але пыталіся выразна. Грамовіч. На прыгрэве каля ляска заечыя сляды. Пад цёплымі промнямі веснавога сонца яны распаўзліся. Ігнаценка. // Размокнуць, раскіснуць (пра зямлю, дарогу). Дождж прайшоў сляпы, спорны. Дарога распаўзлася. Лукша.

3. Разм. Разваліцца, разлезціся ад доўгай носкі, ад старасці. Алесь устаў. Можна выкруціць, выбіць аб руку пілотку. Выкруціў. Асцярожна, каб не распаўзлася. Брыль. [Крымянец] крыху паправіў падушку, якая даўно ўжо распаўзлася і з якой церушылася старая спарахнелая салома. Лынькоў. А тут новая бяда — чаравікі распаўзліся. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; заг. сунься; зак. і незак.

Разм.

1. зак. Кінуцца, палезці куды‑н. Сляпы куды ні сунецца, усё на агонь натыкаецца. Якімовіч. Сунуліся мы з Санькам у адно месца — багна; паткнуліся ў другое — грузне пад нагамі куп’ё. Сяркоў. Не зведаўшы броду, не сунься ў воду. Прыказка. // Паспрабаваць зрабіць што‑н. (цяжкае, рызыкоўнае, небяспечнае і пад.). [Цімошка:] — А калі Мурашка на рэўком паляціць? Што тады? — Ага, паляціць, — хмыкнуў Сцёпка. Няхай сунецца. Хомчанка. Спрабавалі карнікі сунуцца ў лес, але партызаны так іх паперлі назад, што больш і носа баяліся паказаць туды. Кірэйчык. — Ды я на парог яго [Ігара] не пушчу, дачушка!.. Ды я яго памыямі аб[лію], калі сюды сунецца! — горача паклялася маці. Сіняўскі.

2. зак. Звярнуцца да каго‑, чаго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай. Браток .. пайшоў да старога пана. Як адважыўся сунуцца да яго Браток, застанецца назаўсёды загадкай. Асіпенка.

3. зак. Раптоўна ўпасці, паваліцца. Косця сунуўся носам на брук. Новікаў.

4. незак. Ісці, ехаць вельмі павольна. Віктар ідзе наперадзе, і я моўчкі сунуся следам, і дошкі сходкаў зыбаюцца пад нашымі нагамі. Савіцкі. Сунецца лодка па роўнай паверхні ракі, і зусім не відаць таго, хто вяслуе. Ваданосаў. // Плысці, пасоўвацца (пра хмары, туман і пад.). З лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Пушчай сунуўся змрок, хмарай высь завалок. Куляшоў. Ветру няма, а хмара сунецца, цёмная, страшная. Жычка. / у перан. ужыв. Так і думкі ў галаве ідуць, сунуцца неахвотна, спакваля. Шынклер.

5. незак. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. Напружваючы апошнія сілы, дырэктар зірнуў угору. Край даху паволі сунуўся ўніз. Нядзведскі. Завішнюк ціха адчыніў вароты — яны зарыпелі, аселі і сунуліся, хоць і новыя, па зямлі. Пташнікаў. Ножка [дзіцяці] была цэлая, толькі, відаць, трохі зачапіла яе колам, калі машына сунулася ў адхон. Кулакоўскі. // Адсоўвацца. Людзі пачціва сунуліся ў бакі, уступаючы .. [Баталевічу] дарогу. Васілёнак.

6. незак. Умешвацца без спросу ў што‑н., куды‑н.; імкнуцца прыняць удзел у чым‑н. Маша ўзлавалася: чаму .. [жанчыны] па-бабску сунуцца ў чужыя справы. Шамякін. [Жорка:] — А ты [Васіль] без паняцця сунешся ў такую скрыпічную тонкасць. Беразняк.

•••

Сунуцца з (сваім) носам — умяшацца (умешвацца) звычайна не ў сваю справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)