выступіць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

1. Выйсці наперад адкуль‑н., з-за чаго‑н. Васіль.., не цямячы больш нічога, не бачачы, як сляпы, выступіў з-за ясакару. Мележ. // Стаць бачным, абазначыцца. З правага боку выступілі з-за шэрай заслоны дажджу абрысы касы. В. Вольскі. Вада.. [у сажалцы] значна спала, у некаторых месцах выступіла зямля. Маўр.

2. Выйсці, адправіцца. На світанні партызаны выступілі ў пушчу.

3. перан. Пачаць працу ў якой‑н. галіне. Выступіць на літаратурную арэну. Выступіць на падмостках сцэны.

4. Звярнуцца да грамадскасці з якім‑н. паведамленнем, прапановай, планам і пад. Выступіць з дакладам. Выступіць у спрэчках на сходзе. ▪ Калі ўсе.. пытанні былі абмеркаваны, выступіў дзед Талаш, каб расказаць пра Саўку Мільгуна. Колас. // Адкрыта выказаць свае думкі, погляды, прапановы і пад. Выступіць у абарону міру. Выступіць супраць падрыхтоўкі новай вайны.

5. Прасачыўшыся знутры, паказацца на паверхні. Выступіў пот на твары. ▪ Гарачыня была такая, што ў людзей ад поту на гімнасцёрках выступіла соль. Гурскі. // перан. Праявіцца, выявіцца (пра рысы характару, пачуцці і пад.). І тут усе ўбачылі, што раней незаўважаная рыса гэтай натуры.. выступіла наверх. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)