Пісталет, пістоле́т, пістоль, пістоля ’агнястрэльная зброя з кароткім ствалом’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Касп.), ’дурны, сляпы’ (Нас.), ст.-бел. пистолетъ, пиштолетъ ’тс’ (з 1616 г.) запазычана са ст.-польск. pistolet, якое з франц. pistolet ’тс’. Аднак пістоль, пістоля узыходзіць да ст.-чэш. pišťala (са слэнгу гусітаў у XVI ст.) < písčala, píščela, píščel ’музычны інструмент’ і ’агнястрэльная зброя’; гэтае слова ў XV ст. запазычылі немцы (pitschal, pitschole, petstole) і слова (ужо *pitstol) перайшло ў франц. мову як pistolet — памяншальная форма ў сувязі з тым, што ў франц. мове pistole абазначае ’залатая манета’. У XVI ст. pišťala пранікла ў Польшчу (piszczel), у канцы XVII ст. — і ў Расію, а таксама ў іншыя краіны. Раманісты (Штрэкель, AfslPh, 26, 408; Меер–Любке, 542) выводзілі франц. pistolet з італ. pistola, а апошняе — з назвы горада Pistola ў Таскане. Гэтаксама і Варш. сл., 4, 210. Васэрцыер (173) у якасці крыніцы запазычання прыводзіць італ. pistolese ’паляўнічы нож з Пістоі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)