Ке́рыць ’гуляць, п’янстваваць’ (Нас., Яруш.), ’маніць’ (Сцяшк. Сл.). Слова балт. паходжання. Параўн. літ. gerti, gerióii ’піць, п’янстваваць’, gėržiasп’яніца’. Таго ж паходжання рус. кирять ’выпіваць’, польск. kirzyć ’п’янстваваць’, кіту ’п’яны’. Пранікненне да ўсходнеславянскіх і польскай моў ішло праз арго. Незразумелым застаецца другое значэнне (’маніць’). Параўн. Бандалетаў, Этимология–1980, 68–69.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

го́ркі, ‑ая, ‑ае.

1. З непрыемным едкім смакам (смакам палыну, гарчыцы); проціл. салодкі. Горкі перац. □ Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды ідуць. З нар.

2. Поўны гора; цяжкі, гаротны. Горкая доля. Горкае жыццё. □ [Волька] пачала паціху галасіць над сваёй горкай жаночай доляй. Б. Стральцоў. // Выкліканы цяжкім горам. Горкія слёзы. □ Марыну бабка суцяшае, Каб горкі сум развеяць ёй. Колас. Усё часцей і часцей бацька садзіўся ля стала, паклаўшы пад бараду рукі, думаў горкую думу, цяжка ўздыхаў. С. Александровіч. // Які выклікае гора, непрыемнасці. Пачуць горкую вестку. Выслухаць горкую праўду.

3. Набыты ў выніку цяжкай працы, доўгіх выпрабаванняў. Горкі хлеб. □ [Усіх людзей] затрымаць не ўдалося, сёй-той, навучаны горкім вопытам, паспеў схавацца. Лынькоў.

4. Які жыве ў цяжкім горы; бяздольны. Горкая сірата. Горкі бядняк.

5. у знач. наз. го́ркая, ‑ай, ж. Гарэлка. На пачатак справы — чарка горкай, На прыправу — добрая гаворка. Панчанка.

•••

Горкая соль гл. соль.

Гора горкае гл. гора.

Горкае дзіця гл. дзіця.

Горкі п’яніца гл. п’яніца.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык гл. збіць.

Як горкая рэдзька гл. рэдзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Дурні́цы ’ягады буякі’ (БРС, Нас., Касп., Бяльк., Сцяшк., Жд. 2). Параўн. іншыя назвы гэтай расліны: п’яніца, галава‑боль (гл. Кіс.). Укр. дурниця (таксама болиголов, дурнопян, дурнина, пияки), у рус. мове пьяница (дурни́ца азначае розныя травы), у ням. Rauschheere. Ужо Насовіч пісаў: «ягода, имеющая одуряющее, наркотическое свойство». Назва ўтворана ад дурны́ (паводле ўласцівасцей расліны). Параўн. буякі́ ’тс’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́нчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад кончыць.

2. ко́нчана; безас. у знач. вык., звычайна з кім-чым. Пра заканчэнне, спыненне чаго‑н. (адносін, справы і пад.). Кончана з панам, пан не ўваскрэсне, У край наш не знойдзе дарог. Колас.

3. у знач. прым. Вырашаны, скончаны. Кончаная справа.

4. у знач. прым. Адпеты, непапраўны ў сваіх паводзінах, імкненнях і пад. (пра чалавека). Кончаны п’яніца.

•••

І кончана — рашэнне канчатковае, далей размоў не можа быць.

Усё кончана гл. усё.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабака́р, ‑а, м.

1. Чалавек, які даглядае сабак у спецыяльным гадавальніку, у сабачніку.

2. Лаянк. Той, хто ганяе, дражніць сабак. Прыбегла і мая ўстрывожаная маці... А як паглядзела, што мы вясёлыя і здаровыя, на цёплай печы грэемся, узрадавалася і кажа: — Дык няхай мо ў вас і начуе мой сабакар? Якімовіч.

3. Разм. Брахун, чалавек, які любіць лаяцца, гаворыць брыдкія словы. Тады ўзяўся ажаніць.. [Івана] купец з мястэчка, свінабой. От, сабакар і п’яніца, ды брахаць вельмі спрытны. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Апіво́шп’яніца’ (Сцяц., Бір. дыс.), апівоша (Янк. III), апівошына (Абабур.). Польск. арг. opiwosz, piwosz. Рус. дыял. опивоха. Утворана ад дзеяслова апіваць ’часта і многа піць чужое’ (Янк. I), ад якога і апівака ’той, хто любіць апіваць’, пры дапамозе экспрэсіўнага элемента ‑ош. Гэты элемент суадносіцца з суфіксам ‑ох(а) (льсьцёх, раскідоха) (Карскі 2-3, 37) і суфіксамі на ‑ш (збродыш, поганыш) (там жа, 38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

П’янчу́га ’горкі п’яніца’ (ТСБМ; мазыр., Грыгор’еў, пісьмовае паведамл.), сюды ж пʼяню́га ’тс’ (Нас., Ян., Сл. ПЗБ); параўн. рус. разм. пьянчюга, балг. пиянчу́га, пиенчу́га. Утворана ад *pьjanъ, *pijanъ, гл. п’яны, пры дапамозе экспрэсіўнай суфіксацыі ‑уга (‑юга); формы з ‑ч‑ у якасці прамежкавай ступені маглі мець утварэнні на ‑чо, параўн. свінчо < свіння, свінка, а таксама балг. дыял. пиянчо́га (гл. БЕР, 5, 285).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Барда́1 ’брага’ (Сцяшк., Сцяшк. МГ). Рус. барда́, укр. барда. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў: тое ж самае, што і бурда́ (гл.). Фасмер (1, 126) указвае на паралелі салта́н|султа́н. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 43; Рудніцкі, 80. Сюды і бел. бардахлы́стп’яніца’ (Нас.) да барда́ і хлыста́ць. Парася. рус. бурдохлы́ст ’вельмі дрэнная ежа, дрэнны напітак’ (гл. Фасмер, 1, 207, пад брандахлы́ст).

Барда2 ’тупая сякера’ (Касп.). Гл. барта.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

П’я́ны ’які знаходзіцца ў стане ап’янення, нецвярозы’ (ТСБМ). Укр. пʼяни́й, рус. пьян, пья́ный, польск. pijany ’тс’, чэш. pijanп’яніца’, славац. pijan ’тс’, pijany ’п’яны’, в.-луж. pjany, н.-луж. pijany, палаб. pajoně, серб.-харв. пја̏н, пѝјан ’тс’, славен. pijàn ’п’яны; адурманены’, балг. пия́н ’п’яны’, макед. пијан ’тс’, ст.-слав. пиѩнъ ’тс’. Праслав. *pьjanъ(jь), *pijanъ(jь) ’п’яны; адурманены’, параўноўваюць са ст.-інд. pyāná‑ ’поўны, надуты’ (’напіты і наеты’), вытворнае ад прасл. *pijǫ, *piješь або *pьjǫ, *pьješь < і.-е. *pī‑, гл. піць (Фасмер, 3, 422; Зубаты, 2, 162; БЕР, 5, 285; Махэк₂, 452; Банькоўскі, 2, 576).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Забулды́га ’гуляка’. Рус. забулды́га ’тс’. Паводле версіі Гараева (113), метатэза з заблудыга. Але наяўнасць рус. дыял. булды́га, смал., уладз., маск., ніжнегар. ’гуляка, п’яніца’, сімб., калуж. ’грубіян, скандаліст’, уладз. ’дубіна’, калуж. ’высокае пустазелле’, ’маслак’, з якім, відаць, звязана забулдыга, робіць прапанову Гараева малаверагоднай (Фасмер, 2, 71). Булдыга ад булда, якое ў сваю чаргу ад була ’шышка, ком’ (Шанскі, 2, З, 11) ці ў выніку кантамінацыі булыга і балда (Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66–67). Дабрадомаў (Этимология, 1967, 260) кантамінацыю булава і балда, з аднаго боку, і волдыга, забулдыга, з другога, бачыць у самым слове булдыга, што выклікае сумненні. Бел. слова, магчыма, запазычана з рус., але, улічваючы пашырэнне ў смал. гаворках, магчыма, агульнае з рус. утварэнне. Гл. булд-, булдава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)