горкі, ‑ая, ‑ае.

1. З непрыемным едкім смакам (смакам палыну, гарчыцы); проціл. салодкі. Горкі перац. ▪ Горкая рэдзька, ды ядуць, кепска замужам, ды ідуць. З нар.

2. Поўны гора; цяжкі, гаротны. Горкая доля. Горкае жыццё. ▪ [Волька] пачала паціху галасіць над сваёй горкай жаночай доляй. Б. Стральцоў. // Выкліканы цяжкім горам. Горкія слёзы. ▪ Марыну бабка суцяшае, Каб горкі сум развеяць ёй. Колас. Усё часцей і часцей бацька садзіўся ля стала, паклаўшы пад бараду рукі, думаў горкую думу, цяжка ўздыхаў. С. Александровіч. // Які выклікае гора, непрыемнасці. Пачуць горкую вестку. Выслухаць горкую праўду.

3. Набыты ў выніку цяжкай працы, доўгіх выпрабаванняў. Горкі хлеб. ▪ [Усіх людзей] затрымаць не ўдалося, сёй-той, навучаны горкім вопытам, паспеў схавацца. Лынькоў.

4. Які жыве ў цяжкім горы; бяздольны. Горкая сірата. Горкі бядняк.

5. у знач. наз. горкая, ‑ай, ж. Гарэлка. На пачатак справы — чарка горкай, На прыправу — добрая гаворка. Панчанка.

•••

Горкая соль гл. соль.

Гора горкае гл. гора.

Горкае дзіця гл. дзіця.

Горкі п’яніца гл. п’яніца.

Збіць (зрэзаць) на горкі яблык гл. збіць.

Як горкая рэдзька гл. рэдзька.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)