Ка́верт ’невялікая глыбокая яма з вадой на лузе’, ’лужына, роў’ (стол., Яшк.), ’вір’ (маз., Мат. Гом.; слаўг., Яшк.), ’вокнішча сярод дрыгвы’ (стол.), ’невялікае забалочанае паніжэнне’ (палес., тур., Яшк.; Крывіцкі, вусн. паведамл.). Магчыма, сюды ж адносіцца кавець ’роў з вадой’ (стол., Яшк.). Тураўскі слоўнік дае значэнне ’калдобіна, яма на лузе, запоўненая вадой’, аднак існаванне памянш. кавярток і некаторыя прыклады (параўн. «каверты булі, як болота булі, вулезці не можно. То ў гэтых кавертох рыбу було!») дазваляюць думаць, што значэнне слова нельга зводзіць толькі да ’яма’. Жакава (Совещание по ОЛА, 1975, 198) паведамляе, што ў беларускім Палессі слова каверть ’невялікая глыбокая яма з вадой’ вядома ў Петрык. і Мазыр. раёнах. Анкета Жакавай наконт тэрміна каверт выявіла яго ў крупск. у значэнні ’топкае месца ў балоце’. З укр. Палесся вядома каверт ’глыбокае месца ў рацэ’. Шматлікія даныя прыводзіць Ніканчук, Этимология–1977, 123. Слова адзначаецца толькі ў цэнтральным і ўсходнім Палессі (паводле Талстога, Геогр., 215, «лакальнае», і магчыма, архаічнае ўсходнепалескае). Вывад адносна архаічнасці, зроблены на падставе словаўтваральнай структуры і лінгвагеаграфічных даных, можна падтрымаць, улічыўшы наяўнасць слова ў іншым беларускім арэале (можна ўявіць, што слова было вядома больш шырока, аднак на большай тэрыторыі забыта і захавалася ў зоне «лексічнай кансервацыі». Этымалогія тэрміна была прапанавана ўпершыню Талстым, Геогр., 215. Паводле Талстога, каверт можна прадставіць як *ka‑vьrt‑ь, дзе ka‑ — займеннікавая прыстаўка, а аснова — vьrtь, звязаная з дзеясловам *vьrt‑ě‑ti ’вярцець’. З боку семантыкі гэту этымалогію падтрымліваюць такія прыклады, як палес. каверчане дʼерево ’чачотка’, каверчʼі ’дрэнны, няякасны лес, дрэнная, няякасная драўніна’ (Ніканчук, там жа), рус. пск. верть ’лунка для рыбнай лоўлі’ (Жакава, там жа). Параўн. яшчэ рус. вертей ’узвышша, груд’; ’рэчка ў балоцістых, імшыстых, багністых берагах’, калуж., смал. і інш., што датычыць словаўтварэння, то структура слова патрабуе ўдакладнення. Аналогія са структурна тоесным каверзь ’лухта’, якое, відаць, з каверзіць дае падставу меркаваць, што і каверт, каверць таксама паходзіць ад адпаведнага дзеяслова, параўн. укр. ковертати ’перакульваць’, палес. кавернуть ’упасці з вышыні’ (Ніканчук, там жа), кавярзень ’лапаць’, кавярзаць ’плесці лапці’. Адзначым, што ў такім выпадку можна растлумачыць фанетыку (ка‑ ў назоўніку, ко‑ ў дзеяслове). Цяжка прапанаваць для кожнага назоўніка з гіпатэтычным ка‑ прэфармантам адпаведны дзеяслоў з прэфармантам, магчыма, што некаторыя з такіх назоўнікаў утвораны суфіксальна-прэфіксальным спосабам, параўн. кадаўб, кадаўба (гл.). Да словаўтварэння канкрэтных слоў параўн. бел. дыял. верч, рус. дыял. верть, верч, верча > вертети (у розных значэннях).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліха, лі́хо, лі́ка, лі́хінько ’бяда, гора, зло, няшчасце’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Яруш., Бяльк., Шат., Грыг., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ, Янк. 1; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ’боль’, ’нячыстая сіла, чартаўшчына’ (Нас.); ’эпілепсія’ (бялын., Нар. сл.), ’блага, кепска’ (КЭС, лаг.; ТС, Бяльк., ТСБМ), ліхо́ ’моташнасць’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), лі́хо паду́шчае, паду́шчэ лі́хо ’эпілепсія’ (Сл. ПЗБ, ТС); ліхі́, ліхі́й, ліхы́й, лыхы́й, лыхе́й ’благі, паганы, дрэнны’, ’нядобры’, ’злы (аб сабаку)’, ’хворы, худы, састарэлы, стары’, ’д’ябал’, ’смелы, удалы, маладзецкі’, ’рэзвы, жвавы, хуткі, імклівы (аб кані)’, ’адваротны бок матэрыі, адзення’ (Нас., Яруш., Мал., Бес., Касп., Шат., Янк. 1, Сцяшк., Маш., Мат. Гом., Клім., Федар. 1, ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ, Ян.; КЭС, лаг.; слонім., Нар. лекс.); ст.-бел. лихий ’нядобры, паганы, нізкаякасны, стары, непрыдатны’, ’злы, нячэсны, варожы’, ’неспрыяльны, непадыходзячы’ і другаснае (Булахаў, Гіст., 115) ’левы’. Укр. лихо, рус. лихо ’зло, бяда, няшчасце’, смал. ’нячыстая сіла’, ’злы лёс’, валаг., арханг. ’гора, смутак’; перм., алан. ’гультайства’, арханг. ’задавальненне’; ст.-рус. лихо ’зло’, ’лішка’, ’прыбыль’; польск. licho, драг. lich ’няцотны лік’, а з XVII ст. ’зло, няшчасце, бяда’, ’д’ябал’, каш. ’няшчасце’, ’няўдача, няпоспех’, чэш. licho ’няцотны лік’, ’няшчасце’, ’нячысцік’, мар. lichó ’няцотны’, славац. у выразах sudo licho, četno či licho, серб.-харв. та̏ко или лијо, ст.-слав. токъмоѥ и лихоѥ ’цот і лішка’, балг. лихо ’тупы чалавек’, прасл. lixo. Утворана ад прыметніка lixъ (укр. лихий, рус. лих, лихой, ст.-рус. лихый; польск., н.-луж. lichy, в.-луж. lichi, чэш., славац. lichú, славен. lȋh, серб.-харв. ли̑х, балг. лих, ст.-слав. лихъ) агульнай лініяй развіцця семантычнай структуры кораня якога lix‑ у слав. мовах быў, па-першае, пераход ад сінкрэтызму першапачатковага значэння кораня да расчлененых палярных якасных значэнняў: ’які перавышае норму’ і ’які не дасягае нормы’, па-другое, фарміраванне другасных якасных значэнняў, уласцівых усім або некаторым асобным слав. мовам, напрыклад н.-луж. ’свабодны’, рус. ’смелы, зухаваты’ (Сіліна, ОЛА–1975, 38). Узыходзіць да і.-е. *leiku̯‑so < *leiku̯‑ ’пакідаць’ (ст.-грэч. λείψᾰνον ’рэшта, астатак’, λειψό‑θριξ ’той, хто згубіў валасы’, лац. relinquō, ‑ere, relietus ’пакідаю’, літ. liẽkas ’няцотны, які застаецца пакінуты’, ãtlykis ’перапынак пасля работы’, лат. lìeks ’лішні, празмерны’, ст.-інд. rinákti ’пакідае, уступае’ (Фасмер, 2, 505; Слаўскі, 4, 228–229; 237–239; Бязлай, 2, 140. Махэк₂ (333) у прасл. lixъ бачыць дзве лексемы: 1) ’лішні, няцотны’; 2) ’злы, благі’. Няма падстаў). Сюды ж ліхам ’дрэнна; не так, як трэба; навыварат’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зязю́ля ’птушка Cuculus’, дыял. зязю́лька, зогзу́ля, зеўзю́лка, зовзуля, зяўзуля. Рус. кур., бранск. зязю́ля, зах., паўд., кур., цвяр., табол., прыбалт. зозу́ля, укр. зозу́ля, дыял. зезу́ля, ст.-польск. gżegżołka, палаб. züzaicka (< *zozučьka), чэш. нар. žežulka, žežhulka, zezulka, славац. дыял. žežhulica (Калал). Ст.-рус. жегъзуля, жегозуля, зегзица, зегула (XIV ст.). Геаграфію і формы зязюля гл. ДАБМ, к. 309. Зязюля < зезюля < зезуля < зегзуля (параўн. ст.-рус. зегзица) < прасл. дыял. žegъzulja. Літ. geguže, gegùžis, лат. dzęguze, ст.-прус. geguse ’зязюля’, літ. gegužė̃lė ’заразіха’ разам са слав. коранем *žegъz‑ дазваляюць рэканструяваць балта-слав. *gegugʼ‑ і гаварыць аб агульнай суфіксацыі (‑ė̃le, ‑ulʼa). Пра суфікс ‑la гл. Слаўскі, SP, 1, 110–111. Да і.-е. адпаведнікаў балт. і слав. форм адносяць герм: ст.-ісл. gaukr, ст.-в.-ням. gouh ’зязюля’. Тады і.-е. праформа з *gh: *gheghŭg‑. Калі сюды ням. Kuckuck, і.-е. з *g. Ясна, што анаматапея аказвала моцнае ўздзеянне на лёс кораня. І.‑е. аснова тлумачыцца як узнікшая ў выніку рэдуплікацыі. Калі падвоены (часткова) элемент ghugʼ‑ назва, роднасная іншым назвам птушак: літ. gùžas ’бусел’; параўн. рус. дыял. черногуз, укр. чорногуз ’тс’. Трубачоў, КСИС, 25, 99; Клепікава, ВСЯ, 5, 162. Але семантычны ход патрабуе ў гэтым выпадку ўдакладнення. Магчыма, у і.-е. назве зязюлі падваенне гукапераймальнага элемента *ghe‑, як у гагара, гогаль (Пякарны, 1, 407). Параўн. назвы зязюлі ў іншых мовах з гукапераймальным паўторам тыпаў ku‑ku, gu‑gu, напр. кірг. kükük, тур. guguk, груз. guguli, кабардз. kʼǝgugw, венг. kakuk, у тым ліку ў і.-е.: лат. cuculus, асец. gakkuk, guguk і інш. На слав. глебе першае *g‑ (< gh‑?) палаталізавалася ў *ž‑, а потым адбылася дыстантная асіміляцыя ‑ž‑ да апошняга ‑z‑ < ‑gʼ‑ (‑gʼh‑?). Другое ‑g‑ было ўтрачана ў спалучэнні зычных у некаторых дыялектах (у іншых захавалася). Габаўшцяк (ОЛА, 1973, 23–25) паказаў, што тэрыторыя пашырэння назвы тыпу зязюля ахоплівае перш за ўсё ўкр. і бел. мовы, а таму думка Арлова (Слово о полку Игореве₂. М., 1946, 131–133) пра зах.-слав. запазычанне ва ўсх.-слав., падтрыманая Булахоўскім (Избр. тр., 3, 258–259), не можа быць прынята. Пра балт. адпаведнікі і і.-е. форму гл. Траўтман, 81; Фрэнкель, 142–143; Тапароў, E–H, 189–191. Параўн. яшчэ Абаеў, 1, 506; Шантрэн, 553–554; Эрну-Мейе, 154. Аб слав. формах Фасмер, 2, 91–92; Сабалеўскі, Лекции, 143; Махэк₂, 726; Будзішэўска, Słown., 97; Струтынскі, Nazwy 44–45, 88, 148–149, карта; Непакупны, Baltistica, XI (2), 139–140. Польск. дыял. zieziula з укр. і бел. Дзендзялеўскі, Паралелі, 62–63; Пальцаў, Тэзісы дакл. маладых вучоных, 1970, 37. Параўн. Антропаў, дыс., 258–259.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́яс1, пая́с, по́іс, по́ес ’рэмень, шнур і пад., якімі падпяразваюць адзежу на таліі’, ’паясніца, талія’, ’што-небудзь разморанае паласой’, ’брус паміж кроквамі ці слупамі’, ’гарызантальныя планкі ў раме кроснаў’, ’спавівач’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк. Сл., Уладз., Шушк., Інстр. 1, Тарн., Маш., П. С., Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС, Бяльк.), ’паясніца’ (жлоб., Мат. Гом.; ТС), петрык. ’падбрушнік’, талач. ’спавівач’, свісл. ’папярочная планка ў лаве’; лун. ’папярочная планка ў кроквах’ (Шатал.), ’вянок у калодзежным зрубе’, поесні́ца ’пояс ў штанах’, поесо́к ’выступ, карніз’ (ТС), ст.-бел. поясъ, поѣс, поесокъ, поясок ’рэмень, шнур’, ’паясніца, талія’, укр. по́яс, рус. по́яс, польск. pas, в.-луж., н.-луж. pas, чэш., славац. pás, славен. pojâs, серб.-харв. по̏јас, па̑с, pȃs, балг. по́яс, ст.-слав. поꙗсъ. Да прасл. *po‑jasъ, якое з’яўляецца адваротным дэрыватам ад *po‑jasati (< і.-е. *jōs‑ ’падпаясаць’ ’апаясаць’; літ. júosti ’апаясваць’, júosta ’пояс’, лат. júôsta ’пояс’, juôzt ’апаясваць’, грэч. ζῶμα ’пояс’, авест. yāsta‑ ’адперазаны’), дзе *ро‑ — дээтымалагізаваны прэфікс (ESSJ, 1, 187), гл. па‑, параўн. бел. апаясаць ’падперазаць’, і *jasati, адкуль ц.-слав. ꙗсало ’пояс’ (Фасмер, 3, 351; Глухак, 429), сюды ж по́вяс, по́вес (гл.).

По́яс2 ’вясёлка’ (іван., стол., ДАБМ, камент., 901–902), пая́с (брасл., шарк., ДАБМ, камент., 901–902), бо́жы паяс ’тс’ (брасл., там жа), укр. бо́жій по́йас, по́йас Бо́жойі матери, балг. поя́с, го́сподʼов по́яс, богородичен пояс, макед. појас, славен. svete Marije pȃsес, серб.-харв. bȏzji pasȉć, božji pȃs, hožji pojas, Marijin pas. Пра геаграфію распаўсюджання значэння по́яс ’вясёлка’ гл. Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 35–38. По́яс ’вясёлка’ на Браслаўшчыне лічаць славянскай калькай літоўска-латышскай назвы, параўн. літ. dievo juosta (літаральна ’божы пояс’), malonės juosta (літаральна ’добры пояс’), лат. dieva josta. Непакупны (Связи, 64–66), насуперак Талстому, палеска-паўночнаславянскую лексіка-семантычную ізаглосу адмяжоўвае ад літоўска-латышскай і лічыць іх прыкладам незалежнага семантычнага развіцця агульнай балта-славянскай лексемы (семантычная універсалія, параўн. франц. дыял. ceinture ’вясёлка’, літаральна — ’пояс’). Лічыцца, што асновай метафары ’пояс’ — ’вясёлка’ разам з формай пояса мог паслужыць звычай насіць шматколерныя паясы ў Латвіі, Літве і Балгарыі (Непакупны, тамсама; Чэкман, Baltistica, 8, 2, 155). Мяркуецца, што існаваў агульны міф на балта-славяна-грэчаскай і заходнееўрапейскай тэрыторыі, у якім вясёлка выступала ў якасці пояса жаночага бажаства (Алінеі, Зб. Івічу, 78).

По́яс3 ’Млечны Шлях’ (Мат. Гом.). Такая назва існуе і ў іншых народаў, параўн. рус. дыял. по́яс ’тс’, лац. Caeli Cingulum ’нябесны пояс’ і лагічна выцякае з гаспадарчай дзейнасці і побытавых рэалій гэтых народаў. У назве по́яс адлюстроўваецца форма Млечнага Шляху, які ўяўляе сабой серабрыстую туманную паласу, што апаясвае нябесную сферу (Карпенка, Назв., 14–23). Пра іншыя назвы і геаграфію іх распаўсюджання гл. таксама Гладышова, Wiedza, 77–89; Купішэўскі, Słown., 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыд ’выраз у ніжняй частцы бочкі ці цэбра, у які ўстаўляюць дно’ (Мат. Маг.), прыд, прыдо́к ’край у дне драўлянай пасудзіны’ (Нас.), прыды́ ’выразанае заторам шнуравіднае заглыбленне ўнізе драўлянай пасудзіны, куды ўстаўляецца дно’ (Мядзв.); з працягам і развіццём семантыкі прыд ’пруг, край палатна’: не садзіся на край красён — прыд адціснеш (Бяльк.). Разам са смал. прид ’ніжняя частка бочкі (разам з днішчам)’ утварае адзіны арэал. Узыходзіць да прасл. *pridъ, дзе pri‑ — прэфікс, а d‑ — нулявая ступень кораня *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічаць’ ці *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, прадстаўленне, напр., у такіх праславянскіх лексемах, як *sǫ‑dъ ’суд; пасудзіна’, *obъ‑do ’скарбніца’, *na‑da ’надзея; настаўка, дадатак; сталь’ і інш. (падрабязна гл. Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207–209 з амаль вычарпальнай папярэдняй літ-рай; без уліку беларускага матэрыялу). У зах.- і паўд.-слав. мовах зафіксаваны фармальна ідэнтычныя лексемы, але з семантыкай, якая істотна адрозніваецца ад папярэдняй: чэш. příď ’пярэдняя частка; нос (судна)’, каш. přid ’даплата пры куплі’, балг. прид ’прыданае і пад.’, дыял. (Самоков) прит ’дадатак (пры размене)’, серб.-харв. при̂д, ж. р. при́да ’прыдача (пры абмене); прыбаўка (пры куплі-продажы)’, славен. prìd, prída ’карысць’, дыял. pŕda ’адзенне, якое нясуць за нявестай у дзень вяселля’ (< *pridъ ’тое, што прыбаўляецца, дадатак, карысць’, гл. Бязлай, 3, 120–121); стараж.-рус. придъ ’прыбытак, карысць’, ц.-слав. придъ ’абмен’ (’прыдача’). Семантычная калізія вырашалася па-рознаму. Так, Запрудскі (дыс., 86–87) узводзіў, як, дарэчы, і Скок (1, 382), серб.-харв. словы да прасл. *pridъ з коранем d‑, а бел. прыд прапанаваў суаднесці з брыды́ ’канцы клёпак ля дна кадушкі’ (гл.), дзе аглушэнне пачатковага б такое ж, як і ў пары бро́варпарыц. про́вар (Некр.), што, зразумела, вельмі няпэўна — і не толькі з-за адзінкавасці фіксацыі. Пятлёва, аналізуючы гэтыя лексемы з боку суадноснасці іх з семантыкай дзеясловаў *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічасць’ і *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, лічыць, што *pridъ магчыма звязаць як з першым значэннем ’штосьці прыстаўленае, дададзенае, прыробленае’ альбо ’дададзенае, прыбаўленае’ (магчыма, пра днішча ці, дададзім, пра нос (судна), як у чэшскай), так і з другім — у гэтым выпадку гаворка пойдзе пра адзіны *pridъ з двума значэннямі ’прыдача, прыбаўка’ і ’ніжняя частка бочкі з днішчам’ (там жа, 209). Інакш БЕР, 5, 706–707, дзе балг., серб.-харв. і стараж.-рус. лексемы (іншыя славянскія не адзначаны) лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі ад прасл. *pridāti. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 128), каш. přid ’даплата; дадатак’ і адпаведныя формы з гэтым значэннем у іншых славянскіх мовах, насуперак Трубачову (Слав. языкозн., V, 182), не звязаны са словам. Спецыяльна пра польск. дыял. przyd гл. Шыманскі, JP, 53, 1973, 48–50. Параўн. прыда́нае (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыбу́х (трабу́х, трябу́х) ‘страўнік’ (ТСБМ, Федар. 4, Бяльк., Касп., Варл., Сцяшк., Сл. Брэс., Пятк. 2, Растарг.), ‘страўнік у жывёл’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ‘кіндзюк; страўнік жывёлы, начынены грэцкай кашай са шкваркамі альбо з кавалачкамі сала’ (Ласт., Малч.), ‘вантробы’ (Байк. і Некр., Др.-Падб., Сл. Брэс.), ‘сальцісон’ (Сл. Брэс.), трыбухі́ ‘вантробы (страўнік, кішкі і інш.)’ (Нас., Гарэц., ТСБМ, Ласт., Пятк. 2, Байк. і Некр., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч. Вытв.), трыбухе́ ‘тс’ (Скарбы), трыбушкі́ ‘ўнутранасці дробных жывёл, якія ўжываюцца ў ежу (парасячыя, індычыя, рыбныя)’ (Нас.), трыбу́х/трыбушо́к ‘пуп у птушак’ (гродз., ЛА, 1), трыбу́х ‘пуза, чэрава’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Байк. і Некр., Вруб.), ‘вялікі жывот’ (Сл. ПЗБ, Скарбы, Жд. 1); ст.-бел. требухи ‘трыбухі, вантробы’ (ГСБМ), ц.-слав. трибухъ ‘страўнік, жывот’; сюды ж трыбуха́ч ‘пузаты чалавек’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц.; маладз., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс., ТСБМ, Сцяшк., Сл. Брэс.), ‘чалавек з вялікім жыватом’ (карэліц., ЖНС; гарад., Сл. ПЗБ); трыбухле́й ‘брухач, пузан’ (зэльв., Нар. словатв.; івац., Сл. ПЗБ); трыбушы́шча ‘таўстун’ (Юрч. СНЛ); трыбушы́на ‘цела, тоўстае чэрава’ (Нас.), трыбу́шнік ‘падчарэўе (сала з ніжняй часткі свіной тушы)’ (дзятл., ЛА, 4), трыбушня́ ‘трыбухатая’ (Сцяц.), трыбуха́тасць ‘тлустасць’ (Юрч. СНЛ). Укр. требу́х ‘чэрава’, ‘страўнік’, ‘вантробы жывёлы’, ‘свіны страўнік, начынены мясам і правялены’, требу́ха́ ‘тс’, трибу́х ‘тс’, трембуха́ч ‘пузан’; рус. требуха́ ‘вантробы’, польск. дыял. trybuch, terbuch ‘чэрава, пуза’, н.-луж. tarbuch ‘тс’, усх.-чэш. terboch ‘тс’, ст.-чэш. teřbuch, teřich (у якім ‑řich пад уплывам břich ‘пуза, чэрава, жывот’), славац. terbuch, trebucha ‘падбародак’, ‘вялікае пуза, чэрава’, славен. trébuh ‘жывот, пуза, кішэчнік’, trebûšec, trebûšek, trebûšič ‘тс’, рэз’ян. tríbu, trebuh, treibuh ‘чэрава, пуза’ (XVI ст.), харв. tr̀buh, чак. trbȕh, серб. тр́бух ‘жывот, кішэчнік’, ‘пуза’, тр́ба ‘страўнік’, тр́бу, трбу̏а ‘тс’, балг. тръбу́х, тъ́рбух ‘жывот, пуза’, макед. трбув ‘жывот; страўнік’, ст.-слав. тръбухъ ‘рэшткі з вантробаў’, ‘кішэчнік’. Этымалогія і рэканструкцыя праславянскай формы няпэўныя (ESJSt, 17, 995). Прасл. *tьrbuch, згодна з Карскім (1, 188), адпавядае найбольш распаўсюджанай форме беларускага слова; рус. требух таксама можна вывесці з прасл. *tьrbuxъ; да апошняга ўзводзяцца некаторыя паўд.-слав. лексемы. Для славенскай мовы адпаведным з’яўляецца *trěbuxъ (Сной у Бязлай, 4, 217–218), для н.-луж. характэрна *tъrb‑ , а для зах.-слав. моў — *terb‑ (пасля метатэзы плаўных з *treb‑). Дапускаючы прасл. *terbuxъ/*tьrbuxъ, Куркіна (ОЛА, Исследов. 1984, 275) тлумачыць семантыку слова як ‘вантробы забітага звера, з якіх даставалі (“выцярэблівалі”) ‘мяса’, гл., аднак, супрацьлеглае дзеянне ў трабі́ць ‘набіваць у трыбух’: трабіць і трабіць трабух (Мова Сен.). Экспрэсіўная суфіксацыя, як у *kъlbuxъ (Глухак, 637), параўн. каўбу́х ‘страўнік жывёлы’ (Сл. ПЗБ), гл. коўб2. Іншыя версіі з’яўляюцца менш пераканаўчымі. Сюды ж, відаць, таксама трыбушно́ ‘сытна, трывала’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапі́ць1 ’апускаць у ваду, прымушаць тануць, губіць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Ян., Бяльк., Федар. 4): тапіць русалку ’(траецкі) звычай’ (Сержп. Прымхі), ’навадняць, заліваць вадой’ (Нас.), топі́ць ’губіць у вадзе’, ’затапляць, заліваць вадой’ (ТС), тапі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4), ’ехаць па гразкай дарозе’ (Нас.), топі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТС), топі́тісʼе ’тс’ (Вруб.). Укр. топи́ти ’прымушаць захлынуцца; заліваць (пра ваду)’, рус. топи́ть ’прымушаць тануць’, польск., в.-луж. topić ’засоўваць у ваду’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’тс’, славен. topíti ’акунаць’, серб.-харв. то̀пити ’затапляць’, макед. топы ’засоўваць у ваду’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’тапіць’, якое звязана з *topnǫti ’тануць’. Корань *top‑ у гэтым значэнні Фасмер звязвае з аманімічнымі прасл. *top‑ ’награваць’ і *topь ’балота’, ’месца, дзе растаў снег, лёд’ (Фасмер, 4, 78–79). Паводле Шустара–Шэўца (1504), схема развіцця семантыкі ’награваць’ > ’расплаўляць’ > ’затапляць’ > ’тапіць’. Паводле Борыся (638): ’растапляць’ — ’апускаць у растопленае’ — ’пагружаць у ваду’. Праславянскі корань *top‑ супастаўляюць таксама з прасл. *tep‑ ’біць’ > польск. tepać ’тс’ (Брукнер, 573; Младэнаў, 636; Варбат, ОЛА, Исследов. 2003–2005, 220) з развіццём значэння ’біць, прыбіваць’ — ’трамбаваць’ — ’тапіць’.

Тапі́ць2 ’награваючы, распускаць, расплаўляць; вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), топі́ць ’тс’ (ТС). Укр. топи́ти ’расплаўляць’, рус. топи́ть, польск. topić ’растопліваць, плавіць’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’растопліваць, плавіць’, славен. topíti ’награваць, плавіць’, серб.-харв. то̀пити ’растопліваць, плавіць’, макед. топи ’тс’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’награваючы, распускаць, расплаўляць’, паводле Борыся (638), каўзатыва ад незахаванага прасл. *tepti ’быць цёплым’, параўн. *teplъ (гл. цёплы) і далей роднасныя ст.-інд. tápati (tápyati) ’награвае і награваецца, гарыць’, tāpáyati ’спальвае’, авест. tãpayeiti ’тс’, лат. tepeo, ‑ēre ’быць цёплым’ да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’. Гл. таксама Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484; Глухак, 633; ЕСУМ, 5, 599.

Тапі́ць3 ’паліць (у печы і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Барад., Пятк. 2, Жд. 1; усх.-бел., палес., ЛА, 4): баню тапіць (гом., Д.-Хадак.), ’палячы дровы, ацяпляць’ (Сл. ПЗБ), топі́ць ’паліць у печы’ (ТС), топі́ті ’тс’ (Вруб.), топі́ты, топы́ты ’паліць у печы’ (Сл. Брэс.), тапі́цца ’ацяпляцца’ (Мат. Гом.), топі́цца ’паліцца (пра печ)’ (ТС). Параўн. укр. топи́ти ’падтрымліваць агонь’, рус. топи́ть ’паліць (у печы і пад.)’, польск. дыял. topić (w piecu) ’паліць (у печы)’, в.-луж. tepić ’паліць, апальваць’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topit ’тс’, славен. topiti ’награваць’. Ад прасл. *topiti з сінкрэтычным значэннем ’награваць, абпальваць; плавіць’, з далейшымі роднаснымі сувязямі (гл. тапіць2) да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’ (ЕСУМ, 5, 599; Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484). Няясныя адносіны з тапіць1 тлумачаць развіццём семантыкі праз стадыю тапіць2 (асабліва ў адносінах да снегу, лёду) і прыродных наступстваў гэтага працэсу (затапленне, паводка). Ластоўскі (Выбр. тв., 417) меркаваў пра табуізацыю слова паліць (параўн. палаць ’гарэць буйным полымем’, гл.) шляхам замены яго словамі тапіць (“быццам кідаць агонь у ваду”) і цепліць (гл.) з мэтай пазбегнуць т. зв. слоўнай магіі (каб не запалілася хата), параўн. мокнуць у значэнні ’гарэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мір1 ’згода, адсутнасць сваркі, вайны’, ’спакой, цішыня’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк.; драг., КЭС), мі́рнасць ’спакой’ (Нас., Гарэц.), міравая ’мірнае вырашэнне спрэчкі’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр., рус. мир, польск. mir, mier, н.-, в.-луж. měr, чэш. mír, славац. mier, славен. mȋr, серб.-харв. ми̑р, макед. мир, балг. мир(ът), ст.-слав. миръ. Прасл. mirъ, а таксама měrъ, паводле сведчанняў з польск., славац., ст.-чэш. і харв. моў, утвораныя пры дапамозе суф. ‑r‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-літ. mieras, лат. miērs ’спакой, цішыня’, якія Буга (Rinkt., 1, 352–353) лічыць слав. запазычаннямі, алб. mirë ’добры’, ст.-інд. mitras ’сябар’. Да і.-е. *mei̯‑ ’сябраваць, звязваць’ (Бернекер, 2, 60; Траўтман, 175; Фасмер, 2, 626; Бязлай, 2, 185). Махэк₂ (364) у якасці крыніцы паходжання прасл. mirъ прапануе літ. rìmti, rimóti ’сціхаць, заспакойвацца, быць спакойным’, у якіх адбылася перастаноўка зычных асновы r — m > m — r. Мала верагоднай з’яўляецца версія аб суаднясенні прасл. mirъ і milъ паміж сабою (протаі.‑е. неадрозненне l — r, гл. F. Specht, Der Ursprung der indogerm. Deklination. Göttingen, 1947, 318–320) і з лац. mitis ’ціхі, лагодны, рахманы’, ст.-інд. mitráh ’сябар, прыяцель, Мітра’. Апошняе падтрымліваецца Пухвелам (Etudes mithriaque, 1978, Tegeran — Liege, 335–343), які мяркуе, што прасл. mirъ трэба разглядаць як утворанае з *mitro‑/*mitru (або *meyro‑/*meyru‑) — з таго ж кораня, што і імя Мітры, а не як запазычанае з іран. (скіфск.) *mihro, як сцвярджае Траймер (Wiener slav. Jahrb., 14, 1967–1968, 77). Варбат (ОЛА–1979, 327), падтрымліваючы даследаванні Тапарова (Pratidānam. The Hague–Paris, 1968, 109–113; ён жа, Semiotyka і struktura tekstu, Wrocław etc., 1973, 366–370) і бачачы ў семантыцы і фразеалогіі прасл. mirь старажытныя і.-е. уяўленні (у вобразе інда-іранскага Мітры) аб сацыяльнай арганізацыі як выніку дамоўленасці, аб стане сяброўства, мяркуе, што каш. mʼiěa ’жаніх’, mířota ’маладая’ — рэлікты старажытнай семантыкі mirъ ’дагавор (шлюбны)’, а *miriti абазначала ’заключаць дагавор’. Тапароў (Этимология–1967, 18–21) гаворыць аб Мітры як аб аб’яднальніку людзей у сацыяльную структуру, рус. в мир у формуле Mit(h)ra‑yat‑, у якой *yat‑ першасна азначала ’збіраць, згуртоўваць’, і мяркуе, што верагоднай можа быць адпаведная прасл. формула тыпу *mirъ jatiti ’збіраць людзей у грамаду’ або *miromъ (mirъmъ) jatiti sę ’збірацца грамадою’. Цалкам здавальняючай з’яўляецца этымалогія Мартынава (Зб. Аванесаву, 188–190): ён, абапіраючыся на словаўтваральную структуру лексем з r‑суфіксам і ŭ‑асновай, прыводзіць паралель да прасл. žьrětižirъ, vьrětivirъ, таксама і mьrěti ’паміраць’ — mirъ (сувязь паміж mirъ і mьrěti гл., напрыклад, у славен. mir! ’маўчы’, zamréti ’анямець’). Сюды ж міры́цца, міры́ць ’наладжваць мірныя адносіны’ (ТСБМ, ТС), міры́льнік ’той, хто мірыць’ (Бяльк.).

Мір2 ’сельская грамада’, ’народ, людзі’, ’свет’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Ян., ТС; пух., Нар. сл.; стаўбц., в.-дзв., Сл. ПЗБ). З рус. мир ’сельская грамада’, якое развілося са значэння ’мір, мірная суполка, згуртаванне’ у мір1 (гл.). Пух. мір ’мноства’ (Жыв. сл.) развілося з мір2.

Мір3 ’маруна, павіліца сапраўдная, Galium verum L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1). Да мір1, мі́рны ’сяброўскі, дружны’. Матывацыя: лісты і плады лёгка чапляюцца да іншых раслін, прытуляюцца, як да сяброў, прыліпаюць. Адсюль і іншыя адпаведныя назвы: чэш. přitula, польск. przytulia, ляш. přitulek, рус. дереза, чэш. lepenice, lepovica, мар. lipkač, укр. липчица.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́да1 ’кароткае тоўстае бервяно; абрубак тоўстага бервяна, прыстасаваны для якіх-н. гаспадарчых або бытавых патрэб’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Нік., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Федар., Шат., Шатал., Яруш.). У дыялектных слоўніках таксама ўдакладненні семантыкі: ’бервяно, якое вісіць ніжэй вулля на дрэве і не дае мядзведзям разбурыць пчаліную сям’ю’ (Анох.), ’каток, якім прыкатваюць пасевы’ (Касп.), ’дзесяцівяршковая плаха ў прыстасаванні’ (Нік. Очерки), ’кусок тоўстага палена, які прывязваецца на канцы жураўля’ (Шатал.), ’кароткае тоўстае бервяно’ (Сл. паўн.-зах., ТС), магчыма, сюды неабходна аднесці і колода ’сядзенне для малых дзяцей, якія не ўмеюць хадзіць’ (ТС, апісанне рэаліі адсутнічае, сувязь з калода1 бясспрэчная). Далей сюды дэмінутыў калодка ’абрубак бервяна і да т. п.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; воран. З нар. сл.; Касп., Кліх., Нас., Нік. Очерки, Радч., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’драўляная падстаўка для кавадла’ (зах.-бел., Нар. словатв.), ’адрэзак бервяна для гаспадарчай патрэбы’ (Сл. паўн.-зах., Ян.), ’апорны слуп’ (Сл. паўн.-зах.), ’нерасшчэплены кругляк дроў’ (там жа). Укр. колода ’калода, бервяно’, гуц. ’тоўсты брусок у прыстасаванні для расцягвання скуры’, бойк. ’калода з гнілой сярэдзінай’, укр. колодка ’абрубак бервяна’, рус. колода ’абрубак бервяна і інш.’, дыял. яшчэ і ’ствол старога дрэва, якое гніе на дне ракі, возера, балота’, ’намоклы абрубак дрэва на дне ракі’, ’вялікі пень’, ’драўляны каток для абмалоту збожжа’, ’сельскагаспадарчая прылада’ і мн. іншыя, польск. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., в.-луж., н.-луж. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., чэш. klȁda ’тс’, славац. klada ’тс’, славен. kláda ’калода і інш.’, серб.-харв. клада ’тс’, макед. клада, балг. дыял. клада ’тс’. Больш падрабязна аб фіксацыях лексікі і слав. семемах гл. ніжэй. Узнаўляецца прасл. kolda, дэрыват ад *kolti ’калоць’, семантыка ў немалой ступені рэканструюецца на базе этымалогіі, паводле якой слав. слова находзіць з і.-е. *kel‑/*kol‑ ’дзяўбці’. Прасл. значэнне ўзнаўляецца як ’што-н. расшчэпленае, абчасанае’, ’абрубак дрэва, калода’, параўн. Слаўскі, 2, 259. З і.-е. адпаведнікаў можна прывесці ст.-грэч. κλάδος ’галіна, атожылак дрэва’, ст.-ісл. holt ’дрэва, лясок’, ням. Holz ’дрэва’ і інш., с.-ірл. caill ’лес’, кімр. celli (кельц. *kaldī), параўн. іншыя адпаведнікі пад *kel‑, *kel‑, *klā‑ у Покарнага, 546. Да прасл. семантыкі параўн. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 159.

Кало́да2 ’вулей, зроблены з камля дуплістага дрэва’ (БРС, ТСБМ, Анох., віл., ашм., іўеў., З нар. сл., Касп.; слаўг., Нар. сл.; Нас., Сержп. Грам., Сцяшк., Федар. 1, Шат.), сюды ж калодны вулей (Мат. Гом.). Сл. паўн.-зах. адзначае слова з паметамі вільн. і віл.; кало́да ’вуллё’ (ТС). У Янковай колодка ’від вулля’. Сюды далей і празрысты перанос калода ’сям’я пчол’ (слаўг., Нар. сл.), калодка ’тс’ (вор., З нар. сл.). Сл. паўн.-зах. (ганц., віл.) адзначае калода’ сям’я пчол, адзінка пры лічэнні сем’яў пчол’, калодка ’вулей’. Укр. колода ’вулей’, колодка ’тс’, усх.-пал. колуодка ’вулей-дуплянка’, рус. кур., свярдл. і інш. колодка ’вулей у дупле дрэва, борць’; дакладнасць рус. адпаведнікаў не вельмі высокая. Магчыма, бел.-укр. інавацыя, да калода1, матывацыя назвы празрыстая. Не выключана, што цесна суадносіцца з польск. kłoda ’бочка’ і да т. п. утварэннямі.

Кало́да3 ’частка красён, навой’ (Касп.; рас., Шатал.), калоды, калодка ’тс’ (Нік.). Сл. паўн.-зах. падае гэтае слова з бел. гаворак на тэрыторыі Латвіі. Апрача бел., адзначаюцца ў іншых слав. мовах: рус. пск., асташк., цвяр., наўг., валаг., калін., маск. і інш. колода ’задні навой’. Здаецца, бел. слова нельга лічыць архаізмам у адносінах да бел. тэрыторыі, паколькі кампактны арэал бел. калода ’навой’ нельга аддзяліць ад рус. фіксацыі Апрача ўсх.-слав., звяртае на сябе ўвагу балг. дыял. клада ’любое з дзвюх асноўных бакавых станін у кроснах’, што паводле семантычнага крытэрыю нельга лічыць адпаведным да бел. Відаць, інавацыя ў паўн. бел. і адпаведных рус. гаворках. Трубачоў (Ремесл. терм., 130) адзначаў, што большасць слав. назваў навоя толькі другасна рэквізавана з іншых пластоў лексікі, аднак тыпалагічна найбольш старажытная стыхія адзначаецца ў бел. калодка, што, магчыма, своеасаблівае мясцовае вяртанне да найбольш простага (і, відаць, найбольш даўняга) спосабу намінацыі. Неабходна дадаць, што паводле структуры калодка з’яўляецца дэрыватам ад калоды, якое і неабходна разглядаць у плане прапанаванай Трубачовым версіі аб старажытным тэрміне для навоя.

Кало́да4 ’калодзеж’ (Федар., 6). Параўн. ілюстрацыю ў Федароўскага, 6, 168: «Пашла дзеўка па воду, уваліласе ў калоду». Статус бел. слова не вельмі ясны — архаізм?, інавацыя? або тут калька? Значэнне бел. слова вельмі цікавае ў плане дыскусіі адносна паходжання слав. назвы студні (гл. калодзеж). Звяртае таксама на сябе ўвагу семантычны адпаведнік — літ. šulinỹs ’студня’ (< šulas, сярод значэнняў якога ёсць і ’слуп, падстаўка’). Ці не калька? Аднак па спосабу утварэння літ. слова іншае, аб матывацыі назваў можна толькі здагадвацца (апісання бел. рэаліі няма, матывацыя літ. слова можа быць рознай). Этымалагічна да калода1 (гл.). Да магчымай гісторыі рэаліі параўн. ст.-рус. з канца XVI ст. колода варничная ’выдзеўбаная калода, якая замяняе зруб у саляным калодзежы’.

Кало́да5 ’мера збожжа’ (Нас.). Іншых фактаў з бел. гаворак няма. Лексема адзначаецца Карскім у ст.-бел. мове, аднак не вельмі ясна, як суадносіцца яна з больш новымі фактамі. Укр. бойк. колода ’мера збожжа’, магчыма, далей сюды неабходна аднесці і ст.-рус. колода, для якога мяркуецца значэнне ’мера’. Сразнеўскі падае гэта слова без тлумачэння, у той час як Сл. XI–XVII стст. дае дэфініцыю ’кадзь, кадка, выдзеўбаная з кавалка дрэва’. Ілюстрацыя («Перцю же выходила колода безо князя, а пры князи Г колоды на неделю, а колода Н бочек») сведчыць хутчэй на карысць дэфініцыі ’мера’, паколькі бочка, відаць, ужыта тут таксама як мера ёмістасці. Такая думка пацвярджаецца яшчэ і тым, што метрычнае значэнне было ўласціва ст.-бел. лексеме колода (параўн. Скурат, Меры, 62, дзе і аб ст.-укр. значэнні). Статус гэтых лексем не вельмі ясны, этымалагічна яны ўзыходзяць да колода ’пасудзіна’, аднак засведчана такое значэнне вельмі слаба (магчыма, ёсць ст.-бел., параўн. у Скурата, там жа). Слова з такім значэннем ёсць у польск. мове, дзе kłoda ’кадаўб’, затым ’кадзь’ (з XIV ст., аб сучасным дыялектным размеркаванні гл. МАПГ, 3, к. 106) як ’мера’ адзначаецца таксама з XIV ст. Параўн. яшчэ палаб. klád ’бочка’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыя для бел. мовы нельга выключыць уплыву польскай мовы, аднак пры гэтым неабходна ўлічваць і рус. валаг. колода ’кадка-дуплянка’, а таксама сведчанне аб ужыванні гэтага слова на захадзе (хоць не выключана, што тут на ўвазе меліся зах.-бел. фіксацыі).

Кало́да6 ’тоўстая, непаваротлівая жанчына’ (Жд. 3; міёр., З нар. сл.; Мат. Маг.), калотка ’тс’ (міёр., З нар. сл.). З прычыны рэгулярнага характару пераносу ад калода1 цяжка з упэўненасцю меркаваць аб статусе слова. Магчыма, незалежныя ўтварэнні па распаўсюджанай мадэлі.

Кало́да7, колода ’палатно, якое кладуць на крышку труны’ (стол. Нар. лекс.). Мясцовы перанос ад колода ’труна’. Рус. валаг., арханг., кастр., маск. і інш. колода ’труна, выдзеўбаная з суцэльнага дрэва’. Цяжка меркаваць аб старажытнасці пераносу колода ’трупа’ ад колода ’бервяно і да т. п.’ (калода1), магчыма, архаічнае ўсх.-слав., яшчэ да прыняцця хрысціянства (параўн. рэгіянальны палескі звычай пакідаць па могілках бервяно-лодку для нябожчыка); магчыма, спачатку колода ’лодка’ (з такім значэннем у рус. гаворках — жыздр., калуж. і інш.), якое пазней злілося з паняццем ’труна’.

Кало́да8 ’божая кароўка, Coccinella septempunetata’ (Жд. 3; Шатал. З жыцця, Сцяшк.). Паводле матэрыялаў Шаталавай (З жыцця, 166 і наст.), колода ’божая кароўка’ пашырана ў брэсц., івац., навагр., стол., малар., пін. гаворках, а ў кам.кулода. Апрача гэтага, у злучэннях: калода‑багода (клец., пруж.), колода‑волода (кам.), Матруна‑колода (брэсц.), Андрэйка‑калода, дранчык‑калода (слуц.). Матруна‑колодыця (кам). Далей сюды ж калодачка ’тс’ (лід., Сл. паўн.-зах.), параўн. у ілюстрацыі: «У нас называюць калодачка, а божая кароўка — красненькая ў зямлі». Магчыма таксама, што прыгаворы № 626 (Кацілася калода…) і 627 (Гнілая калода…), віц. і ў Дабравольскага (нумерацыя паводле выдання «Дзіцячы фальклор», Мн., 1972) таксама адлюстроўваюць гэту назву. Апошнія значна б пашыралі ў такім выпадку геаграфію слова, якую інакш неабходна кваліфікаваць як паўднёва-заходнюю (з выхадам за межы палескага арэалу). Дакладныя адпаведнікі да бел. слова адсутнічаюць. Пакуль што неабходна кваліфікаваць назву або як бел. інавацыю, або архаізм, або, што не выключана, як запазычанне (ці кальку). Адносна апошняга ніякага пэўнага матэрыялу няма, аднак наяўнасць у слав. мовах запазычанняў для назвы Coccinella ў прынцыпе дапускае такое тлумачэнне для бел. слова. Фармальнае супадзенне назвы з калода1 яшчэ не азначае неабходнасці прыняць такую этымалогію як канчатковую. Разам з тым такая сувязь была несумненнай для Шаталавай (З жыцця, 174), якая мяркуе, што назва магла ўзнікнуць паводле знешняга падабенства да рэаліі. Па сутнасці, той жа думкі прытрымліваецца Уцешны (ОЛА, 1975, 19), які разумее бел. лексему як назву паводле прадмета. Нават калі яго меркаванне правільнае, яно патрабуе ўдакладнення. Іншыя назвы з гэтай класіфікацыйнай групы, паводле таго ж аўтара, усх.-слав. korbъka і чак. gospa škrinica «каробка божая» (пра божую кароўку). Адзначым, што семантыка прыведзеных лексем дапускае два тлумачэнні. Паводле першага — ўсх.-слав. коробка, чак. škrinica можна разумець як ’ёмішча’ і такім жа чынам разглядаць беларускую назву, для якой неабходна такую семантыку рэканструяваць (’пасудзіна, бочка’, ’наогул пасудзіна’). Матывацыя назвы божай кароўкі ў такім выпадку не вельмі зразумелая. Паводле другога тлумачэння, калода, коробка — назвы пераносныя, параўн. бел. калода ’тоўстая жанчына’, рус. смал. коробка ’маленькая тоўстая або цяжарная жанчына’, параўн. да апошняга рус. калін. бабочка‑коробочка ’нейкі від матылька’. Семантыка рус. дыял. коробка, коробочка, дзе значэнні ’тонкі дашчаты гнуты дах пад ганкам’, ’кошык’ і да т. п. сустракаюцца паслядоўна (параўн. яшчэ пашыранае коробиться, коробатиться, перм. коробка ’сагнутая частка спіны курыцы ці качкі’) дазваляе меркаваць, што асноўвай назвай такога тыпу для божай кароўкі магла быць коробка, у той час як бел. калода — толькі калька гэтай назвы. Параўн. адпаведнае да прыведзенай рус. назвы бел. брэсц. бабочка‑коробочка ’божая кароўка’; слова на той жа тэрыторыі; такім чынам, калька магчымая. Супраць такой версіі — відавочна іншая семантыка ўсх.-слав. колода і короб/коробка. Іншыя версіі: згодна з думкай Уцешнага, ОЛА, 1975, 28–29, 31, для назваў божай кароўкі былі характэрнымі розныя трансфармацыі бел. багоўка (кароўка-багоўка), для іншых — кантамінацыя і да т. п. У прыватнасці, ад’ідэацыю і скажэнне формы нельга выключыць і для рус. коробка і пад., і для бел. калода, у такім выпадку зыходнай для іх з’яўляецца агульнавядомае korvъka. Аднак, калі такое тлумачэнне для назвы коробка (< коровка) можна прыняць, сумненні адносна слова калода застаюцца. Фармальная варыянтнасць слав. тэрмінаў для Coccinella дазваляе прыняць і такое меркаванне, тым больш, што трансфармацыі адбываюцца ў рыфмаваных кантэкстах дзіцячых прыгавораў, аднак іменна апошні факт дазваляе прапанаваць яшчэ і наступнае тлумачэнне назвы. Так, для шэрагу бел. тэкстаў лексемы калода, пень‑калода з’яўляюцца характэрнымі. Параўн. прыклады з «Дзіцячага фальклору», 363 і наст.: «Божая кароўка, што заўтра будзе — Дождж ці пагода, пень ці калода?» Нельга выключыць, што бел. слова таксама эксцэрпіравана з вышэй прыведзеных і іншых тэкстаў.

Кало́да9, колода ’рад саломы на страсе’ (ТС). У ілюстрацыі: «Колода — одзін шар соломы, як стромчэйша хороміна, то дзев’яць колод» (ТС, 2, 207). Далей, магчыма, сюды ж таксама тур. жыто як колода ’густое, добрае жыта’, тое ж і адносна травы, трава колодою ’густая трава’. У беларускіх гаворках адпаведнікаў да гэтых лексем не выяўлена; тут або інавацыя, або архаізм. Магчыма, да калода ’трубка палатна’ (адкуль вычляняецца семема ’шчыльна скручанае’?). Звяртаюць па сябе ўвагу таксама некаторым славянскія ўтварэнні, дзе семантыка «густаты» з’яўляецца відавочнай. Можна прывесці ўкр. колода ’(у ганчароў) партыя місак, да 35 штук, укладзеных адна ў другую; ставіцца бокам у ганчарную печ’ (прыклад двухсэнсоўны, можа, тут перанос паводле падабенства ад колода ’бервяно’), ’чарада’ («Колода — отара, як іде тісно, не в роспаш», Грынч., 270), рус. кастр. колода ’самы вялікі лік (у мове дзяцей)’, новасіб. ’група людзей, якія носяць адно прозвішча і звязаныя паміж сабой сваяцтвам’. Адносна бел. слова яшчэ мяркуецца (Цыхун, вусн. паведамл.) аб магчымасці ўтварэння ад калода ’сям’я пчол’; неабходна адзначыць, што сям’я пчол яшчэ не азначае ’рой’, семантыка якога была б больш падыходзячай. Звяртаюць на сябе ўвагу яшчэ і рус. новасіб. крыша колодой ’двухсхільны дах’, у сувязі з якім узнікаюць няпэўныя асацыяцыі з калода ’вулей’, паколькі ёсць рус. колода ’вулей’ і колодезня ’пакрышка на вулей’. Магчыма, у такім выпадку бел. калода першапачаткова ’страха як крышка ў калоды (вулля)’. Аднак, паводле словаўтварэння і інш. прычынах, гэта вельмі няпэўна. Магчыма, усё-такі ў сувязі з колькасцю саломы, якая патрабуецца для пакрыцця даху? Параўн. у такім выпадку, з аднаго боку, рус. куйбыш. колода ’укладка з дзесяці-пятнаццаці снапоў’, а з другога — ст.-рус. колотка ’маток (карункаў і да т. п.) пэўнай таўшчыні’.

Кало́да10, колода ’кавалак або трубка палатна’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Рус. колодка ’кавалак карункаў даўжынёй у 10 аршын’ неабходна суадносіць хутчэй са ст.-рус. колодка ’маток мішуры, карункаў і да т. п. пэўнай таўшчыні’. Бел. колода ў такім выпадку — мясцовы перанос ад калода ’выдзеўбанае дрэва’. Што датычыць семантыкі, параўн. калодачкі ’пянёўе ў птушак’, рус. колодка пера і да т. п., гл. таксама Аткупшчыкоў, Из истории, 124–126, дзе для прасл. kolda наогул у якасці зыходнай семантыкі мяркуецца значэнне ’нешта выдзеўбанае’. Такім чынам, тураў. калода сапраўды ’трубка палатна’, параўн. да семантыкі яшчэ і наступнае слова, а таксама бел. калодка ў коле і трубка ’тс’.

Кало́да11 ў выразе жыто ў колодзе ’жыта, якое яшчэ не выкаласілася’ (ТС). Параўн. у прыкладзе: «На Юрэй, як хорошэго году, то жыто ў колосе, а як плохого — то ў колодзі» (ТС, 2, 207). Тут калода ’трубка’ (жыта ў фазе трубкавання, утварэння трубкі — сцябла). Тая ж семантыка і ў тураўскай назве для трубкі палатна — колода, магчыма, сюды ж рус. колодка пера; адносна семантыкі (’пяро з поласцю’) параўн. укр. дыял. колодка ’першае пер’е маладой птушкі’, далей звяртае ўвагу калодка ’ступіца кола’ і трубка ’тс’. Не выключана, што палес. кадыца ’ступіца’ таксама адлюстроўвае тую ж семантыку. Сюды, відаць, і бел. калода ’студня’, дзе калода ’выдзеўбанае дрэва’, фактычна ’труба’. Статус бел. слова — магчыма, усх.-слав. архаізм.

Калода12 ’камплект ігральных карт’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС), укр. колода ’тс’, рус. колода карт, дзе адзначаецца з канца XVIII ст. Паводле крыніц бел. слова і характару рэаліі можна думаць, што яно запазычана з рус. мовы. Паводле Шанскага, II, К, 208, колода (ігральная) утворана лексіка-семантычным спосабам на базе колода ’абрубак дрэва’; у аснову назвы пакладзена падобнасць поўнай калоды карт з калодкай, абрубкам дрэва. Наіўнасць такой этымалогіі відавочная, разам з тым неабходна адзначыць, што пошукі этымона на ўсх.-слав. глебе могуць быць і небесперспектыўнымі. Так, параўн. шэраг фактаў, сабраных намі (гл. калода), а таксама рус. дыял. колода ’цюк, звязка рыбалоўных снасцей (сетак) у 50 «делей» (г. зн. кускоў пэўнай велічыні)’ (Касп.), ’частка рыбалоўнага невада — адно звяно ў сетцы («дели»). Гэтыя факты дазваляюць меркаваць пра наяўнасць лічбавага значэння ў слове колода, якое магло складвацца рознымі спосабамі, у тым ліку і на базе розных мер ёмістасці. Было і нейкае даўняе значэнне ў гэтага слова, аб якім пісаў Даль (калода ’сто мільёнаў’) і якое адзначана ў рус. кастрам. (у мове дзяцей) як ’самы вялікі лік’. Разам з тым, няма дакладвай інфармацыі адносна лічбавага значэння слова колода, якое б супадала з колькасцю карт у калодзе (52). Рус. колода ’цюк з 50 сетак’ можна разумець па-рознаму, да таго ж зафіксавана яно толькі аднойчы. Магчыма, большую увагу неабходна звярнуць на ст.-рус. колотка ’футляр’, у такім выпадку першапачатковая семантыка назвы ’футляр’, ’запакаваныя карты’, ’набор, камплект карт наогул’. Цікава адзначыць і рус. дан. колодочка серняков ’каробка запалак’. Аднак галоўнае не ў гэтым, паколькі ў даным выпадку сам характар рэаліі патрабуе ў першую чаргу праверкі магчымага іншамоўнага ўплыву. У сувязі з гэтым адразу звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўласна запазычання быць не магло — аб гэтым сведчыць празрыстая форма рус. слова. Аднак, паводле семантычнага крытэрыю, непасрэдную сувязь з калода ’бервяно’ дапусціць нельга (як перанос). Думаецца, што рус. колода (карт) неабходна суаднесці талия/талья (карт). Даль (2, 719) тлумачыць: апрача рус. мовы, слова ведае ў тым жа значэнні польск. мова (taija). Фасмер не звяртае ўвагі на гэту лексему, у той час як яна непасрэдна суадносіцца з адпаведнай тэрміналогіяй у зах.-еўрап. мовах. Можна спаслацца на ням. Taille ’новая калода карт’, Taill schlagen ’пачынаць новы круг у гульні’, taillieren ’тасаваць карты’ (і ’адкрываць’), франц. tailler ’банкаваць’, якія, відаць, толькі часткова адлюстроўваюць як даўнюю картачную тэрміналогію, так і сувязі з асноўным значэннем зыходнага дзеяслова ’рэзаць, сячы і мн. інш.’, параўн. семантыку франц. tailler, італ. tagliare. Значэнне ’абрубак’ (< ’сячы’) не падаецца сучаснымі слоўнікамі для вытворных ад гэтых дзеясловаў, аднак лёгка рэканструюецца. Апрача таго, Мартынаў (вусн. паведамл.) звярнуў увагу на славеснае запазычанне (з італ.) táija ’калода, абрубак бервяна’. Мяркуем, што зацямненне матывацыі вышэй прыведзеных тэрмінаў, празрыстая сувязь з дзеясловам tailler і вытворнымі, у шэрагу якіх значэнне ’абрубак’ павінна было быць адным з асноўных або лёгка рэканструявацца ў рус. двухмоўным асяроддзі. Такім чынам, рус. колода — этымалагічная калька з адпаведнага зах.-еўрап. тэрміна; пры гэтым не выключана, што сам тэрмін не проста быў страчаны, а ўзнік як эфемер ва ўмовах двухмоўя. Апошняе меркаванне не выключае магчымасці звычайнага (аднак з этымалагізацыяй!) калькавання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рай1 ’месца, куды накіроўваюцца і дзе знаходзяць шчаслівае існаванне душы праведнікаў пасля смерці’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Бел. міф.), ра́йства ’тс’ (Сл. ПЗБ), ра́йство ’збавенне, райскае жыццё’ (ТС), параўн. укр., рус. рай, польск., в.-луж., н.-луж. raj, чэш. ráj, славац. raj, славен. ràj, серб.-харв. pȃj, балг. рай, макед. paj, ст.-слав. рай. Слова выключна славянскага моўнага арэалу, не мае іншамоўных адпаведнікаў з такім самым значэннем; літ. rõjus ’тс’, хутчэй за ўсё, запазычанне са славянскіх моў. Перадусім азначаецца як ’месца, дзе жылі Адам і Ева’, ’прыгожая краіна’, у тым ліку ’сад, кветнік, жытло, прытулак прабацькоў’, ’чароўны край, дзе не бывае зімы’. Этымалогіі прасл. *rajь пераважна абапіраюцца на асноўныя хрысціянскія ўяўленні пра рай як пра сад, параўн.: кругом сад, бацца у раю (Сержп.). Прынята, што ў бел. міфалогіі захавалася “класічная, найстаражытная” канцэпцыя рай — ’сад, у якім заўжды шмат усяго, што душа прымае, і заўсёды цёпла, бо стаіць вечнае лета’ (Бел. міф., 421), тое ж адносіць Брукнер (452) да першаснага значэння рай, што не зусім правільна. Славянскія ўяўленні пра рай не абмяжоўваюцца значэннем ’сад’, і рай, відавочна, з’яўляюцца агульнаславянскім рэлігійным паняццем, якое перш за ўсё мела семантычную сувязь з дахрысціянскім светам памерлых, насуперак меркаванню Борыся (509), што сувязь рая з душамі памерлых усталёўваецца з прыняццем хрысціянства. Рай як агульнаславянскі хрысціянскі тэрмін мог замацавацца пазней. Пошукі роднасці слав. *rajь з ’сад’, відавочна, падмацоўваюць распаўсюджаныя ў іншых мовах утварэнні з грэч. παράδεισος, што звязана з паняццем ’сад, парк, агароджанае месца’ ці ’прыемнае прыгожае месца’. Фармаванне рэлігійнай семантыкі формы рай не мае адназначнага тлумачэння. Прызнаецца роднасць слав. *rajь з авест. rāy ’багацце, шчасце’, ст.-інд. rā‑, rās ’маёнтак, скарб, багацце’, rayís ’падарунак, уласнасць’ (Младэнаў, 556; Мацэнаўэр, Cizí sl., 16, 163; Фасмер, 3, 435; Глухак, 516; БЕР, 6, 163; ESJSt, 12, 746; Борысь, 509 і інш.). Адсюль выводзіцца першасная семантыка рай ’край багацця’ (Сной, 521), ’край, дзе пануе багацце і шчасце’ (Борысь, 509). Трубачоў (Этногенез₂, 189–190, 417, 421, 424) выказвае сумненні адносна сувязі слав. *rajь з інд.-іран. rāy‑ ’багацце’ паколькі названыя формы не з’яўляюцца сакральнымі. Менавіта вывядзенне рай з апафанічнага шэрагу *rei‑/*roi‑ з шырокай семантыкай дае новы накірунак этымалагічным даследаванням. Найбольш імавернае вывядзенне рай з дахрысціянскіх уяўленняў пра свет памерлых праз паняцці воднай прасторы, параўн. *raj < *roj, як свет памерлых, што знаходзіўся пад вадой, плынню (Голуб-Копечны, 309) *rajь < і.-е. roi̯‑ з першапачатковым значэннем ’зарэчны’ ў сувязі з *rěka (дыскусію гл. Этимология–1994–1996, 13–14; 23–24; Этногенез, 173–175; Этногенез₂, 190), гл. рака. Аднак у дахрысціянскіх славянскіх вераваннях не існуе адназначнай сувязі паміж раем і менавіта ракой, параўн. сведчанні даследчыка славенскай міфалогіі З. Шмітака, што ў славенскай абраднасці вандроўны на той свет павінен перайсці шмат водаў, паколькі воды аддзяляюць гэты свет ад таго, а ў старажытнай карынційскай малітве памерламу жадаюць, каб на моры яму дзьмуў добры вецер (Шмітак, Mit., 42). Бязлай (Onomastica Jugoslavica, 6, 57–70) лічыць, што слав. рай суадносіцца з паняццем не толькі воднай прасторы, але і паветранай, можа азначаць ’мора’ і ’неба’, ’край мора’ і ’край гарызонтаў што пацвярджаюць і іншыя вераванні (скандынаўскія, сірыйскія — Бязлай, там жа), параўн. таксама авест. źrayas‑ ’мора, сусветны акіян’, ст.-інд. jrayas ’мора, прастора’. Паводле Трубачова (Этногенез₂, 417, 421), рай у славян не з’яўляўся супрацьлеглым паняццем да пекла (гл.), як гэта прадстаўлена ў хрысціянскіх уяўленнях, а мог азначаць “потусторонний мир вообще”, куды “переселяются все умершие”, гэта проста “тот свет”, месца, “связанное c/или находящееся за водой”. Сной (521), як варыянтнае, разглядае першаснае значэнне рай як ’тое, што звязана з патокам, цячэннем, адносіцца да воднай ці падводнай сферы’. Вывядзенне рай з прасл. *iroi‑ (параўн. і.-е. *erei‑ ’цячы, рухацца’) дазваляе параўноўваць рай з вір (гл.; пра гатую сувязь згадвалася ў літ-ры, гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920) і вырай (гл.), а таксама з іх славянскімі варыянтамі: вырай ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’ і ’старажытная назва раю’, укр. вир, вірій, ірій ’край, куды адлятаюць увосень птушкі і дзе жывуць памерлыя’, укр. обрій ’гарызонт’, рус. дыял. ирей, вырей, ирий ’далёкі, чароўны, цёплы край, куды адлятаюць на зімоўе птушкі’, ст.-рус. ірій ’далёкі казачны край, магчыма, рай’, польск. wyraj ’тс’, польск. iść na wyraj ’пачаць лепей жыць, адысці на пакой’. Істотна для параўнання рай, вырай з вір. Параўн. бел. вір ’вір, вадаварот’, рус. вир, выр ’тс’, славен. ir, virij, izvir ’вір’. Параўн. да гэтага славен. rajanje ’завіванне і адвіванне ўдзельнікаў абраднага танца на могілках’ (Шмітак, Mit., 45–46). Rajanje сімвалічна павязвала жыццё і смерць, як бы заключаючы ў лабірынт нячыстую сілу, у тым ліку душа памерлага праходзіла праз вадаварот, кола, лабірынт забыцця ў краіну мёртвых (там жа). Параўн. рус. дыял. вырей ’рачны вядзьмак, вадзянік’ і славенскую міфалагічную постаць вадзяніка, што праз вір уцягвае ахвяры ў свет памерлых. Роднасць рай, рус. дыял. райдуга ’вясёлка’, вір і вырай можа пацвярджаць імавернасць міфалагічнага ўяўлення, што райдуга ўцягвае ў сябе дождж, ваду, з’яўляецца нябесным вірам (Даль, 3; Талстой, ОЛА, Исследов., 1974, 22–76), насуперак меркаванню Талстога, што райдуга (падае Даль, 4, 56) мае народна-этымалагічнае паходжанне (Талстой, тамжа, 29). Адсюль рай‑дуга можа азначаць ’мяжу свету памерлых’, ’акрай, браму рая’, ’нябеснае акно’ (Талстой, там жа, 56), а сам рай, роднасны да вір і вырай, магчыма, даўней азначаў не столькі ’свет памерлых’, сколькі ’праход у свет памерлых’, так званы “апошні шлях”, вадзяны ці паветраны вір, праз які душы трапляюць на той свет, параўн. да гэтага ўстойлівае рус. проводить в последний путь, рус. дыял. птичья дорога ’назва Млечнага шляху’, славен. večna pot, bogova cesta ’назва Млечнага шляху’, што звязвала душы з богам (Шмітак, Mit., 38), славенскае міфалагічнае ўяўленне пра тое, што па mavrici ’вясёлцы’ нябожчыкі, як па нябесным мосце, пераходзілі ў рай. Адносна сувязі рай і рака, адпаведна вырай і райдуга, параўн. с.-ірл. rīan ’рака, дарога’, ням. Rain ’мяжа’, швед. ren‑ ’мяжа’ і ’край канавы’. Да таго ж у беларусаў — змеі ідуць у вырай у норы (Чарвонцава, Куфэрак Віленшчыны, 3, 142), што адначасова пераносіць (вы)рай не толькі да нябеснай, але і да падземнай прасторы і можа азначаць, што (вы)рай мог звязваць неба і падземны свет як сферы незямныя. Сумніўна параўнанне рай з рад‑ і прасл. *radъ як ’край радасці’ (Бязлай, 3, 145; Сной, 521), а таксама з рости/расти (Страхаў, Palaeoslavica, 11, 2, 115). Агляд праблематыкі і літ-ры гл. Жураўлёў, Язык и миф, 920–921.

Рай2 ’дажыначная песня’, ’пучок нязжатага жыта, прыбраны кветкамі’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ): нада рая́ убраць (ЛА, 3), ’міфічная істота, што дапамагае жнейкам жаць жыта, клапоціцца пра зжатае збожжа’, адсюль заклік Рай, Рай, хадзі да нас! (Пятк., 2), гл. раёк. Як назва абраду лексема вядомая на ўсходзе Украіны, параўн. харк. ходи́ти в рай ’звычай абмывання рук парадзіхі і інш. на другі дзень хрэсбінаў, пасля чаго ўдзельнікі (апрача парадзіхі) ідуць у шынок частавацца за кошт бабкі’, а таксама ў рэдукаваным выглядзе на паўднёва-рускай тэрыторыі, параўн. тыпалагічна блізкае стаўрап. рай ’абрад, які здзяйсняецца на другі дзень пасля хрэсбінаў, калі гасцей абвязваюць стужкай’. Не зусім ясна. Магчыма незалежнае развіццё ад формы і семантыкі рай1 (гл.). Відавочна, вынікае з язычніцкай абраднасці славян і ад міфалагічнай істоты ці назвы міфалагічнай прасторы, напрыклад, вялікага лесу, ад чаго пазней, магчыма, адбыўся перанос на песню, на сноп жыта ці каравай. Параўн. таксама рус. паўдн. раи́на ’пірамідальная таполя’, рай‑дерево ’бэз’, райник ’вялікі лес’, што звязанае з уяўленнямі пра рай як пра міфалагічнае рытуальнае дрэва ў славян (Іванаў-Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 247; Іванаў–Тапароў, Зб. Крапіве, 163–175). Таксама Глухак (Глухак, 516) апісвае святое дрэва *rajь як паганскі пантэон. Праз семантычную сувязь з багаццем, дастаткам, урадлівасцю не выключана блізкасць да інд.-іран. rāy‑ ’багацце, шчасце (гл. рай1). Меней верагодна сувязь з рад‑, што да ра́дасць (гл.), аднак параўн. пачатак дажыначнай песні: “Рада, рада баба, што лета даждала, што жыта пажала” (Сл. ПЗБ).

Рай3 у фразеалагізме з добрага раю ’дабравольна, з хацення’; ’нізавошта, без прычыны’ (Янк. БФ, Сержп. Прык.). У пэўнай ступені супрацьлеглыя ў адносінах адно да аднаго значэнні ўстойлівага выразу сведчаць на карысць існавання незафіксаванага *рай ’парада’ < ра́іць (гл.). Але ў адносінах семантыкі параўн. яшчэ рус. уладз., раз. рай у значэнні выказніка ’удача, шчасце’, ’аб чым-небудзь прыемным, лёгкім’, што, безумоўна, звязана са стрыжнёвай семантыкай рай1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)