адце́нне, ‑я, н.

1. Разнавіднасць якога‑н. колеру (гуку і пад.). Галава, шыя і ўвесь ніз у гэтай птушкі [сіваграка] блакітна-сіняга колеру з зеленаватым адценнем. В. Вольскі. Увесь мокры, у гразі, я стаяў і разглядаў вялікую, прыгожую, з бронзавым адценнем рыбіну. Ляўданскі. [Кандратовіч] прыгубіў шклянку з вадою. — Таварышы! — Голас яго гучны з металічным адценнем. Алешка.

2. Разнавіднасць якой‑н. з’явы; лёгкі адбітак чаго‑н. Недзе далёка прагрукаў гром, і зноў дрыготлівым адценнем далёкага святла праляцела ўначы бледная зарніца. Самуйлёнак. Густыя бровы, прычым левае з лёгкім заломам, надавалі твару адценне лёгкага здзіўлення і дзіцячай наіўнасці. Васілевіч.

3. Тонкая розніца ў ступені праяўлення пачуцця, настрою, стану і пад.; нязначнае змяненне сэнсу слова. Апошнія словы прафесар вымавіў з адценнем злосці. Галавач. — Для цябе, здаецца, усе харошыя, — з адценнем насмешкі заўважае Мартын. Колас. Будучы прызнаным знаўцам мовы,.. [Чорны] прагна ўслухоўваўся ў мелодыю сказа, у яго гукавыя і сэнсавыя адценні, з цікаўнасцю ловячы кожнае незнаёмае слова. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.

Разм.

1. Есці або піць паволі, з асалодай, стараючыся адчуць смак чаго‑н. Але ж якім потым мёдам частавала маці, — еў бы, здаецца, штодня ды смакаваў бы! Лынькоў. Смакуюць ягады малыя... А пасівелыя дзяды Гады прыпомнілі былыя. І. Калеснік. [Лялькевіч] выцер рукавом пот і, закінуўшы галаву, пачаў піць павольна, смакуючы кожны глыток. Шамякін.

2. Есці або піць на пробу. Толькі пры лоўлі карася, ляшча і асабліва ліня, якія спачатку смакуюць, а ўжо потым глытаюць насадку, магчыма адхіленне ад.. правіла. Матрунёнак.

3. перан. Успрымаць, перажываць што‑н., адчуваючы асаблівае задавальненне; цешыцца з чаго‑н., радавацца чаму‑н. Варожыя языкі ахвотна перамолвалі ўсю гэту бязглуздзіца, упрыгожвалі яе не менш бязглуздымі дадаткамі, смакавалі з усіх бакоў. Крапіва. Мне хацелася смакаваць гэты сон, забыцца ў ім хоць на нейкую хвілю пра ўсё, хацелася працягнуць яго як мага далей. С. Александровіч. Памчымся мы на ніз крыніцы, Аж толькі вецер засвідруе! — Язду ўжо дзядзька тут смакуе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаляваць.

2. зб. Тонкія дошкі, якія ідуць на абшыўку драўляных пабудоў. Сярод двара чарнеюць пад дажджом напілаваныя на цыркулярцы шалёўкі, складзеныя высокім трохкутнікаў, каб не каселі. Ермаловіч. Высокая масіўная брама была збіта ўзорам з нарэзаных шалёвак. Дуброўскі. Пятро доўга ішоў.. паўз абшытыя шалёўкай прысадзістыя дамы — амаль кожны з блакітнымі аканіцамі. М. Стральцоў. // Абшыўка з такіх дошак. Пятро і ў сваім двары быў гаспадар. Хоць дом у яго быў даўні, але жаўцеў шалёўкай, нібы падвошчаны. Ракітны. Чалавек працягнуў паверх шалёўкі калючы дрот, каб не лазілі падшывальцы ў сад, бліжэй перавязаў сабаку. Даніленка.

3. Р мн. шалёвак. Адна з такіх дошак. Выбраўшы паточаную шашалем шалёўку, [стары] скінуў яе на ніз. Брыль.

4. Накладныя планкі вакол акна, дзвярэй. Бярвенне было здаровае, смольнае, шуфляды ў вокнах тоўстыя, і шалёўка на іх шчыльна дапушчана. Чорны. Алёша пачуў, як яго пацягнула ўперад, падняло ўгору ад зямлі аж да верхняй шалёўкі ў акне. Пташнікаў.

[Ад польск. szalówka.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пот1 ’вадкасць, вылучаемая падскурнымі залозамі’, ’вільготны налёт на прадметах’ (ТСБМ: пух., бяроз., КЭС; драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.; Сл. ПЗБ, Ян., ТС, Бяльк.), ст.-бел. пот (Сл. Скар.), сюды ж путкі ’потны’ (Нас., Касп., Байк. і Некр.). Параўн. укр. піт, рус. пот, польск. pot, в.-луж. pót, чэш. pot, славац. pot, славен. pȏt, серб. по̏т, харв. pôt, балг. пот, макед. пот, ст.-слав. потъ ’тс’. Няма адпаведнікаў у балтыйскіх мовах. Агульнапрынятая этымалогія (Міклашыч, 260; Махэк₂, 474; Скок, 3, 17; Фасмер, 3, 343; Голуб-Копечны, 288; Шустар-Шэўц, 2, 1141; Бязлай, 3, 94) ад *pok‑/*pek‑ (што звязана з пячы, гл.) > *pok‑tъ (дзе ‑іь‑ — суфікс, як у мост, молат і пад.) > *potъ. Даслоўна азначае ’выпек’, ’вынік перагрэву’. Семантычна блізкія н.-луж. znoj ’пот’, ст.-слав. варъ/вара ’тс’.

Пот2 ’воск’ (Анох.). Звязана з уяўленнем пра тое, што воск так выдзяляецца ў пчол, як пот з цела чалавека: пчолы воск поцяць. Гл. пот1.

Пот3 ’рыжы, непрыдатны асадак у дзёгці’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, да подніз’ (гл.)

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ператыка́ць (перэтыка́ць) ткаць ніткамі рознага колеру. перэтыка́нье ’вытканыя па краях каляровыя дарожкі (на канцах ручніка, па краю сарочкі і г. д.)’ (ТС), перэтыка́ный ’з вытканым узорам (напр., ніз хвартуха, з чырвоных нітак)’, натка́ны, натыка́ны, заты́каны ’з вытканым узорам’, натыка́ты ’ткаць каляровым узорам’ (Уладз.), ператыка́нка ’спадніца з ператыканага палатна, ператыканая коўдра’, ператыка́ны ’саматканы (пра паўсуконны матэрыял)’ (стаўб., Нар. сл.), пірітыка́нкі ’пасцілка з узорамі’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірітыка́нычка ’саматканая посцілка’ (Юрч. СНЛ). Рус. перетыка́ть ’ткаць, пераплятаць ніткі асновы ўтком; ткаць на палатне палоскі, узор утком іншага колеру ці іншай фактуры’, перетыка́нный ’з тканым узорам (палатно, ручнік)’; польск. przetkać, в.-луж. přetkać, přetkawać, н.-луж. pśetkaś; славац. pretkávať ’ткаць ніткамі іншага колеру’, pretkať ’праткаць, ператкаць’, славен. pretkáti ’ператкаць, выткаць, выткаць нанава’, серб.-харв. pretkȁti ’зноў выткаць; абшыць аблямоўкай’. Да пера- (гл.) і ‑тыка́ць, якое з’яўляецца прасл. ітэратывам (*tykati) да першаснага прасл. *tъktʼi ’ткаць’, звязанага генетычна з *tъknǫti; *tъktʼi узыходзіць да і.-е. *tek‑ ’плесці, віць’ > ’ткаць’. А семантыка прасл. інавацыі *tъkati адлюстроўвае нейкія больш актуальныя прыкметы, напрыклад, значна большую імклівасць увядзення і прасоўвання ў зеве ўточнай ніткі дзякуючы выкарыстанню чаўнака’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 117–118). Да ткаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пад..., (а таксама пад’..., пада...), прыстаўка.

I. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і вытворных ад іх слоў, падаючы ім значэнне:

1. Накіраванасці дзеяння знізу ўверх, напрыклад: падкінуць, падняць, падскочыць, падважванне.

2. Накіраванасці дзеяння ў бок ніжняй часткі, да нізу або пад ніз чаго‑н., напрыклад: падкапаць, падрыць, падбіўка.

3. Набліжэння да каго‑, чаго‑н., напрыклад: падпаўзці, падплысці, падбяганне, падноска.

4. Дабаўлення чаго‑н., напрыклад: падліць, падмяшаць, падсыпаць.

5. Праяўлення дзеяння або стану не ў поўную меру, не на поўную сілу, напрыклад: падгаіцца, падгнісці, падквасіць, падлячыць, падмазаць, падсохнуць.

6. Дадатковага дзеяння (для дасягнення лепшага выніку), напрыклад: падвінціць, падгладзіць.

7. Тайнага, скрытнага ад іншых дзеяння, напрыклад: падгледзець, падпільнаваць, падслухаць.

8. Паўторнага дзеяння, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: падыграць (на музычным інструменце), падтакваць, падбрэхваць.

II. Ужываецца для ўтварэння назоўнікаў і прыметнікаў, надаючы ім значэнне:

9. Знаходжання ніжэй чаго‑н., унізе чаго‑н., напрыклад: падглеба, падзямелле, падкаўнерык, падводны, падземны, падстраўнікавы.

10. Знаходжання каля, паблізу чаго‑н., напрыклад: падгор’е, падлессе, падмаскоўны.

11. Часткі чаго‑н. цэлага, буйнога, напрыклад: падатрад, падвід, падклас, падстанцыя.

12. Знаходжання пад чыёй‑н. уладай, у сферы чаго‑н., напрыклад: падначалены, паднявольны, падсудны.

13. Звання ніжэй каго‑н., пасады памочніка, напрыклад: падпалкоўнік, падкухцік, падмайстар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́длы ’нізкі ў маральных адносінах; несумленны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’шкодны (пра дзіця)’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́длий, рус. подлый, польск. podły, чэш., славац. podlý, славен. podel, серб.-харв. по̏дао, балг. по́дъл ’тс’. Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1, 61), у беларускай мове ’барбарызм” замест нягодны. Прасл. *podьlъ, *podьlъjь ад *podъ (гл. под) і суф. ‑ьl‑, як у *svět‑ьl‑ъ (Чарных, 2, 49); першакрыніца ў польск. podły ’нізкі, подлы, дрэнны’, ’убогі’, дыял. і арх. ’дробны, нязначны’, ’просты, грубы, простанародны’ (параўн. рус. подлый ’халопскага паходжання; бедны’). Версія Шанскага і інш. (КЭСРЯ, 347) пра вытворчасць podły ад podlec, podlegać ’падпарадкоўвацца’ (гл. падлеглы) неімаверная як фармальна, гэтак і семантычна. Паводле іншай распаўсюджанай версіі, польск. podły — другаснае ўтварэнне ад прыметніка podlejszy ’абы-які, збочны, нізкага гатунку’, чэш. podlejší ’тс’, вытворнага ад podle, але зразуметага як форма параўнальнай ступені (Махэк, 467; Банькоўскі, 2, 660); развіццё значэння ’які знаходзіцца побач, з краю’ > ’другасны’ > ’дрэнны’, але гэтая версія пры ўсёй яе пераканаўчасці не вычэрпвае разнастайнасці гэтай лексічнай групы (гл. таксама Брукнер, 424; Праабражэнскі, 2, 87; БЕР, 5, 473). Шэраг лексем у славянскіх мовах (рус. подлёнок ’ніжняя галінка дрэва’, по́длина ’падкладка’, чэш. podlina, серб.-харв. pódla ’падшыўка ў спадніцы’) сведчаць пра паходжанне прасл. *podьlъjь ад *podъніз, аснова’ (Варбат, Этимология–1994–1996, 283–286). Параўн., аднак, па́длы (па́длый) рус. ’падший’ і ’нізкі ў маральным плане’ (Нас.), што магло быць зыходным для подлый, дзе адбылася фанетычная і семантычная змена (пеяратывізацыя), і адкуль гэтая форма распаўсюдзілася ў іншых славянскіх мовах (Цыхун, Супр. чыт. III, 129). Вытворнае по́длость ’подласць’ (ТС), по́дласць ’тс’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нагна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Ідучы, едучы і пад., дагнаць каго, што‑н. Каля самага лесу партызан нагнала нямецкая бронемашына. Ставер. [Багдановіч] набавіў кроку і нагнаў пярэдні воз. Мікуліч. // перан. Дагнаўшы, папасці. Нагнала яе куля вось тут, ля стажка. Вартавыя камсамольцы беглі на крык Алесі і не паспелі. Пестрак.

2. перан.; каго-што. Дагнаць каго‑н. у поспехах, развіцці, выніках. Нагнаць таварышаў па вучобе. □ Да зімовых канікул.. [Грыша] нагнаў прапушчанае. Пальчэўскі.

3. што і без дап. Выканаць тое, што не было зроблена ў свой час. Юзік адлажыў прачытаную газету і ўзяўся за другую. У будні дзень часамі няма калі і глянуць у газету, дык трэба нагнаць хоць у свята. Крапіва. Пасля няўдалага вячэрняга палявання на качак мы заначавалі на лузе, спадзеючыся зранку нагнаць упушчанае. Ігнаценка.

4. што. Разм. Зберагчы час у параўнанні з вызначаным. Феадора Іванаўна ні на хвіліну не выпускала з-пад увагі рух цяжкавагавага эшалона. Вось дзяжурны па станцыі Радашковічы паведаміў, што эшалон.. [прайшоў] станцыю на 5 мінут раней графіка. Са станцыі Аляхновічы далажылі, што Забалотны нагнаў яшчэ 6 мінут. Васілёнак.

5. каго-чаго. Сагнаўшы, сабраць у адным месцы ў вялікай колькасці. Немцы пачалі перашываць чыгунку. На мясцовую сілу не спадзяваліся, нагналі палякаў. Навуменка. // часцей безас. што і чаго. Прыгнаць, нанесці (пра дождж, снег і пад.). Яшчэ з вечара паўночны вецер нагнаў дробных хмурынак. Якімовіч. Старшыня з трывогай пазіраў цяпер на неба: не нагнала б дажджу. Сіняўскі. // пераважна безас., каго. Разм. Аб з’яўленні каго‑н. нечаканага, нежаданага. — Нагналі чэрці сабаку... — вылаяўся бацька, калі лесніковыя крокі заціхлі ў гушчары лесу. Дамашэвіч.

6. перан.; што і чаго. Унушыць якое‑н. пачуццё, давесці да нейкага фізічнага ці псіхічнага стану. Нагнаць страху. Нагнаць бяссонніцу. □ Бочка зусім пахіснулася і, пакаціўшыся з грукатам наніз, нагнала вялікага перапалоху на каменданта. Лынькоў. Чаму ж, вецер, думкі злыя Ты ў душу маю нагнаў? Колас.

7. што і чаго. Выклікаць рэзкае павелічэнне якім‑н. спецыяльным прыёмам. Чырвоны, як рак, угнуўшы галаву, падаваўся Пракоп на ніз, бо такой гарачай пары, якой нагналі цяпер калгаснікі, ён, з непрывычкі мыцца ў лазні, не мог перанесці. Я. Колас.

8. што і чаго. Нацерці. Колькі мазалёў нагнаў Грыцко, пакуль зрабіў гэты буданчык! Кулакоўскі. // што. Нажыць якую‑н. хваробу ў выніку хуткага бегу. [Спіцын:] — Паглядзіце, як.. [конь] будзе бегчы дадому, прыйдзецца стрымліваць, каб не нагнаў дыхавіцы. Гурскі.

9. што. Набіць што‑н. на што‑н. Нагнаць абруч на бочку.

10. чаго. Перагонкай нагатаваць у нейкай колькасці. Нагнаць вядро спірту.

•••

Аскому нагнаць (набіць) — а) адчуць аскому ў роце ад чаго‑н. кіслага; б) перан. вельмі надакучыць каму‑н. чым‑н.

Нагнаць (набіць) цану — вельмі павысіць цану на што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)