адце́нне, ‑я, н.
1. Разнавіднасць якога‑н. колеру (гуку і пад.). Галава, шыя і ўвесь ніз у гэтай птушкі [сіваграка] блакітна-сіняга колеру з зеленаватым адценнем. В. Вольскі. Увесь мокры, у гразі, я стаяў і разглядаў вялікую, прыгожую, з бронзавым адценнем рыбіну. Ляўданскі. [Кандратовіч] прыгубіў шклянку з вадою. — Таварышы! — Голас яго гучны з металічным адценнем. Алешка.
2. Разнавіднасць якой‑н. з’явы; лёгкі адбітак чаго‑н. Недзе далёка прагрукаў гром, і зноў дрыготлівым адценнем далёкага святла праляцела ўначы бледная зарніца. Самуйлёнак. Густыя бровы, прычым левае з лёгкім заломам, надавалі твару адценне лёгкага здзіўлення і дзіцячай наіўнасці. Васілевіч.
3. Тонкая розніца ў ступені праяўлення пачуцця, настрою, стану і пад.; нязначнае змяненне сэнсу слова. Апошнія словы прафесар вымавіў з адценнем злосці. Галавач. — Для цябе, здаецца, усе харошыя, — з адценнем насмешкі заўважае Мартын. Колас. Будучы прызнаным знаўцам мовы,.. [Чорны] прагна ўслухоўваўся ў мелодыю сказа, у яго гукавыя і сэнсавыя адценні, з цікаўнасцю ловячы кожнае незнаёмае слова. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)