нагнаць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго-што. Ідучы, едучы і пад., дагнаць каго, што‑н. Каля самага лесу партызан нагнала нямецкая бронемашына. Ставер. [Багдановіч] набавіў кроку і нагнаў пярэдні воз. Мікуліч. // перан. Дагнаўшы, папасці. Нагнала яе куля вось тут, ля стажка. Вартавыя камсамольцы беглі на крык Алесі і не паспелі. Пестрак.

2. перан.; каго-што. Дагнаць каго‑н. у поспехах, развіцці, выніках. Нагнаць таварышаў па вучобе. ▪ Да зімовых канікул.. [Грыша] нагнаў прапушчанае. Пальчэўскі.

3. што і без дап. Выканаць тое, што не было зроблена ў свой час. Юзік адлажыў прачытаную газету і ўзяўся за другую. У будні дзень часамі няма калі і глянуць у газету, дык трэба нагнаць хоць у свята. Крапіва. Пасля няўдалага вячэрняга палявання на качак мы заначавалі на лузе, спадзеючыся зранку нагнаць упушчанае. Ігнаценка.

4. што. Разм. Зберагчы час у параўнанні з вызначаным. Феадора Іванаўна ні на хвіліну не выпускала з-пад увагі рух цяжкавагавага эшалона. Вось дзяжурны па станцыі Радашковічы паведаміў, што эшалон.. [прайшоў] станцыю на 5 мінут раней графіка. Са станцыі Аляхновічы далажылі, што Забалотны нагнаў яшчэ 6 мінут. Васілёнак.

5. каго-чаго. Сагнаўшы, сабраць у адным месцы ў вялікай колькасці. Немцы пачалі перашываць чыгунку. На мясцовую сілу не спадзяваліся, нагналі палякаў. Навуменка. // часцей безас. што і чаго. Прыгнаць, нанесці (пра дождж, снег і пад.). Яшчэ з вечара паўночны вецер нагнаў дробных хмурынак. Якімовіч. Старшыня з трывогай пазіраў цяпер на неба: не нагнала б дажджу. Сіняўскі. // пераважна безас., каго. Разм. Аб з’яўленні каго‑н. нечаканага, нежаданага. — Нагналі чэрці сабаку... — вылаяўся бацька, калі лесніковыя крокі заціхлі ў гушчары лесу. Дамашэвіч.

6. перан.; што і чаго. Унушыць якое‑н. пачуццё, давесці да нейкага фізічнага ці псіхічнага стану. Нагнаць страху. Нагнаць бяссонніцу. ▪ Бочка зусім пахіснулася і, пакаціўшыся з грукатам наніз, нагнала вялікага перапалоху на каменданта. Лынькоў. Чаму ж, вецер, думкі злыя Ты ў душу маю нагнаў? Колас.

7. што і чаго. Выклікаць рэзкае павелічэнне якім‑н. спецыяльным прыёмам. Чырвоны, як рак, угнуўшы галаву, падаваўся Пракоп на ніз, бо такой гарачай пары, якой нагналі цяпер калгаснікі, ён, з непрывычкі мыцца ў лазні, не мог перанесці. Я. Колас.

8. што і чаго. Нацерці. Колькі мазалёў нагнаў Грыцко, пакуль зрабіў гэты буданчык! Кулакоўскі. // што. Нажыць якую‑н. хваробу ў выніку хуткага бегу. [Спіцын:] — Паглядзіце, як.. [конь] будзе бегчы дадому, прыйдзецца стрымліваць, каб не нагнаў дыхавіцы. Гурскі.

9. што. Набіць што‑н. на што‑н. Нагнаць абруч на бочку.

10. чаго. Перагонкай нагатаваць у нейкай колькасці. Нагнаць вядро спірту.

•••

Аскому нагнаць (набіць) — а) адчуць аскому ў роце ад чаго‑н. кіслага; б) перан. вельмі надакучыць каму‑н. чым‑н.

Нагнаць (набіць) цану — вельмі павысіць цану на што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)