бязглу́зды, ‑ая, ‑ае.

1. Неразумны; які нічога не разумее; бесталковы. Бязглузды чалавек. // Які выражае адсутнасць думкі; тупы. Бязглузды выгляд.

2. Пазбаўлены сэнсу, зместу; недарэчны. Прыгадаліся [Анатолю] вечары ў цешчы Адзелаіды Сяргееўны, напоўненыя сумам, бязглуздымі гульнямі і агідным крыўляннем. Асіпенка. Але тое, што Іван схаваўся ад адказнасці ў кусты, пабаяўся з’явіцца на сход, прыслаўшы толькі нейкую бязглуздую запіску, канчаткова збянтэжыла Колю. Шахавец. [Сухадольскі Русаковічу:] А я заяўляю, што ніякая сіла не прымусіць мяне прыняць вашы бязглуздыя прапановы. Крапіва. Гэты цвердалобы Карпенка гатовы разбіцца ў шчэпкі, каб толькі выканаць які бязглузды загад. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неуме́стный недарэ́чны; (неподобающий) непатрэ́бны;

неуме́стный вопро́с недарэ́чнае пыта́нне;

неуме́стное любопы́тство непатрэ́бная ціка́ўнасць; безл., в знач. сказ. чаще переводится словами не да ме́сца, недарэ́чы;

ва́ше прису́тствие здесь неуме́стно ва́ша прысу́тнасць тут недарэ́чы (не да ме́сца).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

бредово́й

1. (бессознательный) непрыто́мны; а также переводится конструкциями со словами: у ста́не тры́знення;

в бредово́м состоя́нии у непрыто́мным ста́не (у ста́не тры́знення);

2. (бессмысленный) бязглу́зды; (нелепый) недарэ́чны; (сумасбродный) вар’я́цкі;

бредовы́е иде́и вар’я́цкія (бязглу́здыя, недарэ́чныя) ідэ́і.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Наха́лам ’нахабна, бесцырымонна’ (Сл. ПЗБ), ’нахабна, назойліва’ (ТС), сюды ж наха́льны ’вялікі, моцны’: дажджэ́ наха́льныя (Сл. ПЗБ), наха́лны ’нахабны’, наха́льніца ’празмерна цікаўная асоба, назола’ (ТС), рус. наха́л ’зб. няпрошаныя госці; нахабнік’, нахал делать ’паводзіць сябе нахабна’, нахальный ’нахабны; дармавы’; ’гвалтоўны’: нахальная смерть (смал., СРНГ). Значэнні і формы, прадстаўленыя ў рускіх і беларускіх словах, прымушаюць звязаць з рус. ха́лко ’хутка, паспешна; моцна’, халовой ’танны, дурны, недарэчны’, хал ’дарэмшчына’, ха́лкать ’прагна глытаць’, да якіх належаць таксама бел. аха́лкам ’не перажоўваючы, вялікімі кускамі (есці)’, ха́лкаць экспр. ’есці’, халькам ’абы-як’, што, відаць, гукапераймальнага паходжання. Развіццё значэнняў, як у на́глы (гл.), параўн. рус. нага́л ’заклік, крык ці песня ў такт працы’; у сувязі з гэтым наўрад ці звязана з *xoloto (параўн. Фасмер, 3, 50; з л-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

няскла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не вызначаецца складнасцю, зграбнасцю. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом.. Побач з ім сядзеў узводны Букрэй — няскладны і шырокі, як шафа. Колас. [Громаў-Дар’яльскі] сядзеў, абхапіўшы калені няскладнымі кашчавымі рукамі, і курыў. Васілевіч. // Дрэнна, непрыгожа зроблены; нязграбны. [Жанчына] прыехала на нейкім няскладным вялікім возе, у які быў запрэжаны высозны і худы конь. Чорны.

2. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці, сувязі. Дзед.. насмешліва пазіраў на хлопцаў, слухаючы іх няскладную гутарку. Чарнышэвіч. // Нязладжаны, нястройны (пра гукі, спеў і пад.). А тут музыка грае ўвесь час, нейкая няскладная, дзікая; гучней за ўсё грыміць бубен. Нікановіч.

3. Няўдалы, недарэчны. Варка — кемлівая, разумная, але сама, здаецца, пакутуе ад няскладнага кахання. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абысці́, абыду́, абы́дзеш, абы́дзе; абышо́ў, -шла́, -шло́; абыдзі́; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго-, чаго-н.

Ён абышоў кругом сваю сялібу.

2. У ваеннай справе: зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго.

Нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго-н.; абагнуць каго-, што-н.

Абысці вёску.

4. перан. Мінуць, не закрануць каго-, што-н.

Ні адна бяда яго не абыдзе.

5. перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго-н. у размове, апавяданні і пад.

А. недарэчны выпадак.

6. перан. Не палічыцца з чым-н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго-н.

Абысці закон, загад.

7. перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

8. Прайсці па ўсёй прасторы чаго-н., наведаць розныя месцы.

З песняй абыду я нашу родную краіну.

9. Падысці да кожнага па чарзе.

10. Пашырыцца, стаць усюды вядомым.

Навіна абышла ўвесь раён.

11. Падмануць, ашукаць.

Ён умеў абысці начальства.

12. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць.

А. ўсіх на раённых спаборніцтвах.

За вярсту абысці каго-што (разм.) — не мець жадання сустрэцца з кім-, чым-н., убачыць каго-, што-н.

|| незак. абыхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць і абхо́дзіць, -джу, -дзіш, -дзіць.

|| наз. абыхо́джванне, -я, н., абыхо́д, -у, М -дзе, м. і абхо́д, -у, М -дзе, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

спаку́слівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны спакусіць (у 1 знач.); прынадны, прывабны. Поезд выкідваў групы сялян і дачнікаў, якія вярталіся з горада, абвешаныя рознымі клункамі, кайстрамі і гірляндамі спакуслівых абаранкаў. Рамановіч. Бывае, з’явіцца спакуслівая думка, падхопіць, закруціць і панясе цябе, як вецер жменю снегу, а потым знікне. Пташнікаў. Я загадзя чую спакуслівы пах падсмажаных скварак. Скрыган. // Які выклікае жаданне браць прыклад; гарэзлівы. Дзяўчаты аж чырванелі ад натугі, каб як-небудзь стрымацца ды не кінуцца ў гэты спакуслівы рогат. Лынькоў. І раптам недарэчны здарыўся з ім [Агафонам] «пералом» — Спакуслівай паддаўся модзе: Па сцэну ён Цяпер выходзіць І не пяе ўжо, а бл[я]е, што баран, Шалёна лямантуе. Валасевіч. // Які ўзбуджае пачуццёвую цягу. [Лёдзя] пачала сніцца — спакуслівая і недасяжная. Карпаў. [Макар] падыходзіць, абнімае .. [Еву] і моцна цалуе ў спакуслівыя пун[с]овыя вусны. Асіпенка.

2. Прагны да чаго‑н. Сярод жанчын была Базыліха — дужа спакуслівая на навіны старая. Савіцкі.

3. Які абуджае грэшныя думкі. Яго [Севу] рана пачалі цікавіць і хваляваць дзяўчаты, якія здаваліся яму забароненай і спакуслівай тайнай. Карпаў. // Не зусім сціплы, непрыстойны. Р. Барзава, выканаўца ролі Лары, стараецца ўвесь час прыняць спакуслівыя позы. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лом ’ламачча, сухія, апаўшыя галіны’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Кл.), ломʼе ’тс’ (ТС), лу͡ом (Федар. Дад.); лом (луж, ло̂м, лим) ’тс’, ’куча галля’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛАПП), ’хвораст’ (ЛАПП), ’агонь, касцёр’ (мядз., Нар. лекс.; паст., Сл. ПЗБ), ’буралом’ (Др.-Падб.), ’лес’ (віц., Ів.; Вяр.), ’хатняе стар’ё’ (Шат.), ламяйко ’дробнае галлё, сукі’, ламы ’абцярэбленыя сукі дрэва, сабраныя ў кучы’ (Сцяшк.), ’сучча ў лесе, наваленае на зямлю’ (Нас.). Укр. лім, лом, валын. лумо́, рус. паўн., наўг. лом, польск. łom, каш. łȯm, зах.-прус. u̯ůmǝ, н.-луж. łom, чэш. lom, мар. łom, славац. lom, славен. lòm, серб.-харв. ло̑м, макед., балг. лом. Прасл. lomъ ’ламанне’ > ’нешта паламанае’ > ’ламачча’ > ’месца, дзе быў павалены лес’, ’пралом’ > ’расколіна ў зямлі, нізіна, яма з вадой, балота’ (параўн. рус. пск. лом ’балота’). Гл. Слаўскі, 5, 168–169. Утворана ад асновы lom‑, роднаснай з літ. lãmas ’частка, кавалак, кавалак зямлі’, гэтак жа і Аткупшчыкоў (Этимология–84, 193), lamãkas, lamañtas ’кавалак’, lìmti ’ламацца’, лат. limt ’згінацца пад цяжкай ношай’, ст.-прус. limtwei ’ламаць’, літ. ãp‑lamas ’нязграбны’, лат. aplamsнедарэчны’, а таксама, відавочна, алб. lëmë, lamë ’ток’, ’маслабойка’; ірл. laime ’сякера’, ст.-в.-ням. lam, ст.-ісл. lami ’кульгавы, пакалечаны’ (падрабязна агляд літаратуры гл. таксама Фасмер, 2, 515). Скок (2, 316) выводзіць lomъ з lomiti. Непакупны (Бел. лекс., 121 і Связи, 194), падаючы арэалы распаўсюджання лоўж і лом, мяркуе, што лом з’яўляецца ’перакладной’ (з балтыйскага láužas) лексемай.

Лом2 ’боль у касцях, ламота’ (Бяльк.) прымыкае да рускамоўнага арэалу, дзе лом ’ламота, артрыт, рэўматызм’. Укр. ломець ’тс’. Да лама́ць (гл.).

Лом3 ’жалезны лом’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш.), ветк. ламок ’тс’ (Мат. Гом.). Відавочна, пашырылася з рус. мовы. Да лом1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

абысці́, абыду, абыдзеш, абыдзе; пр. абышоў, ‑шла, ‑шло; заг. абыдзі; зак., каго-што.

1. Рухаючыся па крузе, прайсці вакол каго‑, чаго‑н. Стаў клікаць Дубяга бацькоў і сям’ю. Кругом абышоў ён сялібу сваю. Ніхто не азваўся. Танк. Абыдзе Ян камень навокал, нават абмацае яго рукою і плюне. Пестрак. // Абкружыць, абступіць. Кінь вокам на увесь абшар зямлі: Вось хату шчыльна абышлі Парканы з вострымі цвікамі. Багдановіч.

2. У ваеннай справе — зайсці ворагу з тылу або з фланга, каб акружыць яго. Па горадзе хадзілі розныя чуткі: адны казалі, што нашы войскі занялі Кенігсберг, другія, што нямецка-фашысцкія войскі абышлі Брэсцкую крэпасць, хоць гарнізон не здаўся і вядзе гераічную барацьбу. Гурскі.

3. Прайсці бокам, мінуўшы каго‑, што‑н.; абагнуць каго‑, што‑н. Абысці вёску. □ Батальён потайкам уначы абышоў Прымакі і Вепры і хаваўся ў лесе, выставіўшы варту і рассыпаўшы дазоры. Колас. // перан. Мінуць, не закрануць каго‑, што‑н. [Волька:] — Людзей неяк мінае, а мяне ні адна бяда не абыдзе. Васілевіч. // перан. Знарок пазбегнуць, не закрануць чаго‑н. (у размове, апавяданні і пад.). І той выпадак недарэчны — Аб ім так прыкра ўспамінаць — Ён [Гедвіла] абышоў лагодна, «гжэчна», Бо ж людзям трэба меру знаць. Колас. // перан. Не палічыцца з чым‑н., не прыняць пад увагу, не ўлічыць чаго‑н. Абысці закон, загад. // перан. Пакінуць без павышэння, узнагароды і пад.

4. Прайсці па ўсёй прасторы чаго‑н., наведаць розныя месцы. Сёння з песняй абыду я Уваскросшую з руінаў Залатую, маладую Нашу родную краіну. Панчанка. Шмат вёсак і гаспадароў абышоў Пракоп, але прыпынку ўсё не знаходзілася. Колас. // Падысці да кожнага па чарзе. Нецярпліва прычакаў.. [Гушка] пачатку работы і абышоў усіх рабочых, шукаючы Адася. Чорны. // Пашырыцца, стаць усюды вядомым. Навіна абышла ўвесь раён.

5. Падмануць, ашукаць. Вер людзям, ды не будзь занадта прасцяком, Бо іншы дабрадзея носіць маску, Каб пры выпадку абысці цябе цішком... Валасевіч. Міхайлаў быў добры канцылярыст, ён умеў абысці паперкаю начальства. Шынклер.

6. Перамагчы, узяць верх; выперадзіць. Доўгі і тонкі, як вудзільна, Стась Рудніцкі рыўком абышоў Віктара, а потым і Васіля. Шашкоў.

•••

За вярсту абысці — не мець жадання сустракацца, бачыцца з кім‑н.; пазбягаць каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)