Наха́лам ’нахабна, бесцырымонна’ (Сл. ПЗБ), ’нахабна, назойліва’ (ТС), сюды ж наха́льны ’вялікі, моцны’: дажджэ́ наха́льныя (Сл. ПЗБ), наха́лны ’нахабны’, наха́льніца ’празмерна цікаўная асоба, назола’ (ТС), рус. наха́л ’зб. няпрошаныя госці; нахабнік’, нахал делать ’паводзіць сябе нахабна’, нахальный ’нахабны; дармавы’; ’гвалтоўны’: нахальная смерть (смал., СРНГ). Значэнні і формы, прадстаўленыя ў рускіх і беларускіх словах, прымушаюць звязаць з рус. ха́лко ’хутка, паспешна; моцна’, халовой ’танны, дурны, недарэчны’, хал ’дарэмшчына’, ха́лкать ’прагна глытаць’, да якіх належаць таксама бел. аха́лкам ’не перажоўваючы, вялікімі кускамі (есці)’, ха́лкаць экспр. ’есці’, халькам ’абы-як’, што, відаць, гукапераймальнага паходжання. Развіццё значэнняў, як у на́глы (гл.), параўн. рус. нага́л ’заклік, крык ці песня ў такт працы’; у сувязі з гэтым наўрад ці звязана з *xoloto (параўн. Фасмер, 3, 50; з л-рай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)