запа́рыць 1, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць варам, парай драўляную пасудзіну. Запарыць дзежку.

2. Заліць варам сухі корм, каб размякчыць, распарыць. Запарыць мякіну. □ Усціння спярша запарыла сеч[ку] карове, занесла ў хлеў, пасля пачала таўчы бульбу. Чыгрынаў. // Прыгатаваць настой, заліўшы варам. Запарыць ліпавы цвет.

3. Разм. Доўга парачы ў лазні, давесці да знямогі.

4. Разм. Стаміць шпаркай або працяглай яздой, хадой, цяжкай працай. Запарыць каня. □ — Ды і нам пара адпачыць, — адгукнулася Аня, якая дагэтуль пакорліва ішла моўчкі. — Запарыла ты мяне, Шурачка: сарочка — хоць выкручвай. Шамякін.

запа́рыць 2, ‑рыць; безас. зак.

Пачаць парыць (у 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., што і чаго.

1. Прыгатаваць навар, настой з чаго‑н. Заварыць шалфей. Заварыць ліпавага цвету. □ Чай гаварылі густы, ажно чорны, рафінад не кідалі ў шклянкі.., пілі ўпрыкуску. Шамякін. Сцюжа, мрок... Я ізноў хвараваты .. Заварыць бы гарачай гарбаты, Разагрэць бы хутчэй самавар. Багдановіч. // Абдаць варам пры гатаванні чаго‑н. Заварыць цеста. // Прыгатаваць шляхам варкі ці залівання варам. Заварыць клей. Заварыць крухмал.

2. Заліць расплаўленым металам шчыліны, пустоты і пад. у металічных вырабах. Заварыць прабоіну.

3. перан. Разм. Распачаць справу, якая вымагае шмат клопату, дзейнасці і пад. — Ну, зараз будзем расхлёбваць тое, што гаварылі. Карпюк.

•••

Заварыць кашу — распачаць якую‑н. непрыемную, клапатлівую справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насто́яць 1, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.

Зрабіць настойку або настой. Настояць чай. Настояць вішні. Настояць ягад на спірце.

насто́яць 2, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., на чым і без дап.

Тое, што і настаяць ​1. Як бы ні пярэчылі ў «Новым свеце», а аб’яднацца са старыцкім калгасам усё роўна давядзецца, настояць на гэтым — ясна. Хадкевіч. У Пасадцы былі свае добрыя краўцы, але Самуіл настояў везці шыць гарнітур няйначай, як у Даўгінава. С. Александровіч.

насто́яць 3, ‑стою, ‑стоіш, ‑стоіць; зак., што і чаго.

Разм. Тое, што і настаяць ​2. [Юрка:] — То які, пане Халуста, гной улетку! У лесе ён увесь і астаецца. А свае ў мяне колькі тае худобы! Ці многа яна настоіць за зіму... Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сасны, уласцівы ёй. Сасновая кара. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва. Колас. Тут [у вёсцы] водар сасновы, здаровы, Ігліцы, жывіцы настой. Бялевіч. // Які здабываецца з сасны. Грудзямі гарачымі зноў я ўдыхаю Пах кветак палёў і сасновай жывіцы. Хведаровіч.

2. Які складаецца з соснаў, парос соснамі. Няма ў ціхае надвор’е лесу болей спакойнага, паважна-ўрачыстага, чым сасновы бор. Навуменка. Лагер размяшчаўся ў сасновым гушчары. Мележ.

3. Зроблены з сасны. На заставе.. ўздымаюцца вялікія сасновыя зрубы. Брыль. Мёрзлыя камякі зямлі глуха падалі на сасновыя векі дамавін. Лынькоў.

4. у знач. наз. сасно́выя, ‑ых. Тое, што і хваёвыя.

5. Як састаўная частка пазваў раслін, жывёл, птушак. Сасновы шаўкапрад. Сасновая саўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.

Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.

спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прына́да ’тое, чым прывабліваюць птушак, рыб, жывёл; тое, што прыцягвае, прываблівае’ (ТСБМ, Чач., Нас., Мал., Арх. Федар., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк.; віл., лях., маст., Сл. ПЗБ, ТС), ’настой пахучага зелля (якім крапілі вуллі)’ (віл., З нар. сл.), ’ласунак’ (ваўк., Сл. ПЗБ), пріна́да ’прынада’ (Бяльк.), пріна́дка ’невялікі вулей з кары для прываблівання пчол, які ставяць на дрэве’ (слаўг., Нар. сл.), принадэнка ’прынада’ (Булг.), ст.-бел. прына́да, прына́да пташа (Ст.-бел. лексікон). Аддзеяслоўны назоўнік ад прына́дзіць. Стараж.-рус. принада ’прыбаўленне, далучэнне’, рус. паўд., зах., смал., бранск., дан. прына́да ’тое, чым прынаджваюць розных жывёл’, дан. ’сіло (для лоўлі птушак)’, смал. прина́душка ’прынада’, укр. прина́да ’тс’. Інакш Фасмер (3, 365), які прапануе складаны шлях утварэння: прыстаўкі *при‑, *на‑ + кантынуанты і.-е. каранёў *dō‑ ці *dhē‑, што не пераконвае; гл. таксама Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лякарства, медыкамент, прэпарат / вадкае, з некалькіх рэчываў: мікстура / настой з лекавых раслін: зелле / вадкае ці мазь, знадворнае: націранне; лекі (мн., разм.); бальзам (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

зе́лле, ‑я, н.

Разм.

1. Дзікарослыя травы; пустазелле. Вал асунуўся, зарос травою, зеллем, кустамі лазы і каліны. Колас. Загон у часе добрым будзе зжаты, у тарпу не трапіць зелле. Дубоўка.

2. Травы як корм для жывёлы; храп’е. Збіраць зелле ў агародзе. Насячы зелля. □ Чарнушчыха .. раптам ухапілася мяшаць свінням зелле. Мележ.

3. Лекавыя травы, а таксама настой на гэтых травах, які выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне; зёлкі. Варыць зелле. Лячыцца зеллем. □ Густа стаялі паўз сцены столікі, шафачкі,.. збаночкі з сухім зеллем. Чорны. // Усё тое, што лечыць, чым лечаць; лякарства. Ірка любіць пчол: яны збіраюць мёд. А позні мёд — зелле. Пташнікаў. Прыйшлі сёстры, каб раздаць зелле і зрабіць перавязкі. Галавач. // Жарт. Пра тытунь, гарэлку і пад. — А каб цябе, з тваім курывам. Задыміў усю хату зеллем гэтым праклятым, — бурчыць Макарыха. Асіпенка. — Можа ў сельпо зойдзем, паўлітэрку возьмем? Не хочаце? Ну, як сабе хочаце. Гэтага зелля ў маёй кабеты няма. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́тачнік1, маточнік ’ячэя ў сотах, дзе выводзіцца пчаліная матка’, ’скрыначка для адсадкі пчалінай маткі пры раенні’ (ТСБМ, Бес., Шат., Некр., Анох., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Бел. хр. дыял.; ашм., З нар. сл.), слаўг. ма́тышнік ’тс’ (Нар. сл.), матачніца ’тс’ (віл., З нар. сл.; Мат. Гом.), ма́тушнік ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Укр. ма́точник ’тс’, рус. ма́точник, свярдл. ма́точница ’скрыначка для пчалінай маткі’, польск. matecznik, чэш. matečník, серб.-харв. ма̏тичњак, макед. матичник. Культурнае слова, утворанае ў паўд.-слав. мовах ад матица ’матка ў пчол’, а ў паўночных ад матка, matka.

Ма́тачнік2 ’сярэдзіна пушчы, цалкам недасягальная, у якой жыве лясун’ (Багд.). З польск. matecznik ’тс’.

Ма́тачнік3, ма́тъчнік ’зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (маг. Кіс.; міёр., Жыв. сл.). Назва паходзіць ад матка ’маці’, параўн. польск. Panny Marii len, ст.-чэш. len Matky Boží ’лён багамацеры’, аналагічна ням. unser Frauen Flachs.

Ма́тачнік4 ’чабор звычайны, Thymus serpyllum L.’ (рэч., добр., ветк., Мат. Гом.). У аснове гэтай назвы, як і інш. слав.: укр. матеріду́шка, богоро́дская (богоро́дицына) трава, ст.-польск. macierza duszka, суч. macierzanka, чэш. mateřídouška, славац. materina duška, славен. materna dušica, харв. materina dušica, ляжыць першаснае значэнне ’душа багародзіцы — дзевы Мэрыі, маці Харыста’, звязана з прыемным пахам краскі (Махэк, Jména, 202). Бернекер (1, 235) у аснову матывацыі кладзе пчаліную матку і пах, які прыцягвае пчол. Фасмер (2, 582) прытрымліваецца таго веравання, што ў гэту расліну ператварылася маці, якая рана памерла (гл. мацярдушка).

Ма́тачнік5, ма́ташнік (брасл., віл., даўг., швянч., Сл. ПЗБ) ’падбел звычайны, Tussilago farfara L.’, астрав.настой падбелу’ (Сл. ПЗБ), ’падбел’ (маг., Смал., Кіс.; Нас.). Рус. паўн., смал., ёнаў. (ЛітССР), прэйл. (ЛатССР) ма́точник ’тс’. Ад ма́тка ’пчаліная матка’: падбел з’яўляецца добрай пераноснай і нектараноснай раслінай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туры́ца1 ‘дзікая карова’; ‘рослая, дужая дамашняя карова’, перан. ‘мажная, здаровая жанчына’ (Нас.), ту́рыца ‘карова’: пайду́ ту́рыцу заганяць (Рэг. сл. Віц.), туры́ця фалькл. ‘самка тура’ (драг., Сл. ПЗБ). Насовіч (644) лічыў назву вытворнай ад тур ‘дзікі вол’ (гл. тур1), параўн. укр. тури́ца ‘самка тура’, рус. фалькл. тури́ца ‘эпітэт свахі’, польск. turzyca ‘шэрсць на некаторых жывёлах’, ‘вясенняя ўрачыстасць’, харв. дубр. ту̀рица ‘карнавальная маска на Грамніцы’, адносна апошняга Вук Караджыч дапускае сувязь з назвай бога вайны Тура (Сабр. дела, 17, 166); славац. Turice ‘Сёмуха’ Вайтыла-Свяжоўска (Зб. Слаўскаму, 481) лічыць плюралізаванай формай з суф. ‑ica ад прыметніка *turьjь ‘тураў, які датычыць тура’; паводле Краліка (634), назва паганскага свята прыходу вясны або лета, прысвечанага зверу, які сімвалізуе сілы прыроды.

Туры́ца2 ‘шабельнік балотны, Comarum palustre L.’ (бяроз., Нар. лекс.), туры́ця ‘тс’ (драг., Бел. дыял. 1), туры́ца ‘шляз, Aithaea officinalis L.’ (лун., Арх. Вяр.), туры́ца (травы) (Сержп. Грам.): ад крываўкі добрэ піць настой у гарэлцы карэння турыцы (Сержп. Прымхі), туры́ца, туры́ця ‘вадаперыца, вадзяны кураслеп, Hottonia palustris L.’ (ганц., драг., Сл. ПЗБ). Няясна; назва аб’ядноўвае розныя расліны, пераважна балотныя, фармальна звязаныя з тур1, турыца1, аднак матывацыя застаецца да канца не высветленай, параўн. укр. тури́ця ‘асака, Carex L.’, польск. turzyca ‘тс’, серб., харв. ту́рица ‘павіліца, Galium L.; панікніца, Geum L.’. Аўтары ЕСУМ (5, 680–681), спасылаючыся на польск. turza trawa, turzowa trawa ‘асака’, лічаць, што з-за сваёй жорсткасці яна магла быць кормам толькі для такіх буйных жывёл, як тур або зубр, параўн. польск. turówka ‘зуброўка’; перанос назвы на іншыя расліны мае іншую матывацыю (магчыма, колер травы, падобны да поўсці звяроў, як паказчык эфектыўнасці ўздзеяння пры лячэнні і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)