род кветкавых раслін сям. араліевых. 35 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН інтрадукавана аралія маньчжурская, або чортава дрэва (A. mandshurica), разводзіцца ў садах і парках.
Невялікія дрэвы або кусты і высокія травы Сцябло густа ўкрытае вострымі калючкамі. Лісце няпарнаперыстае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, жоўта-белыя, сабраныя ў мяцёлчатыя суквецці. Плод — ягадападобная касцянка. Дэкар., харч. расліна. У каранях ёсць эфірны алей, смолы, сапаніны, вітаміны C, B, B1; настой з іх ужываецца як танізоўны сродак (сурагат жэньшэню).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГНО́ЎКА, вадзяніка,
вараніка, шыкша (Empetrum),
род кветкавых раслін сям. багноўкавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодных абласцях Паўн. паўшар’я, у паўд. раёнах Паўд. Амерыкі і на некаторых прылеглых астравах, ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі і ў паўд.-зах. Еўропе. На Беларусі пераважна ў паўн. раёнах трапляецца багноўка чорная (Empetrum nigrum). Расце на вярховых балотах, у забалочаных хваёвых і яловых лясах, утварае зараснікі.
Шматгадовазялёны кусцік выш. 10—20 см з доўгім паўзучым разгалінаваным сцяблом, сцелецца па зямлі, даўж. да 1 м. Лісце дробнае, вузкаэліптычнае. Кветкі дробныя, адзінкавыя, зрэдку па 2—3 у пазухах лісця, ружовыя або цёмна-чырвоныя. Плод — шарападобная шыза-чорная ягадападобная касцянка. Плады ядомыя, кіславатыя, з пурпуровым сокам, маюць вітамін С, андрамедатаксін, фарбавальныя і дубільныя рэчывы. Настой з травы ўжываецца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЕ́Р
(Acorus),
род шматгадовых травяністых раслін сям. ароннікавых. 2 віды, пашыраныя ва ўмераных і субтрапічных зонах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі аер звычайны (Acorus calamus; нар. назвы — ірны корань, шувар, касатар, явар, ярай, яір). Расце на балотах, водмелях рэк, азёр, сажалак, старыц, канаў. Радзіма Усх. Азія; у 13 ст. як лек. расліна завезена ў Польшчу, у 16 ст. яго пачалі разводзіць у Зах. Еўропе. Аер злакавы, або акурус (Acorus gramineus), асабліва пашыраны ў Японіі, на Беларусі вядомы як акварыумная расліна.
Расліны аеру звычайнага выш. 30—120 см маюць характэрны пах. Сцябло прамое, лісце даўж. да 1 м. Карэнішча тоўстае, доўгае, з бародаўчатай паверхняй. Кветкі дробныя, зеленавата-жоўтыя, у цыліндрычных зялёных катахах даўж. 6—8 см. Плод — маланасенная сухая ягада. Размнажаецца пераважна дзяленнем карэнішча. Настой з яго ўжываецца для ўзбуджэння апетыту, як танізоўны сродак, прэпараты — пры лячэнні язвавай хваробы, гастрыту. Эфірны алей выкарыстоўваецца ў лікёра-гарэлачнай і кандытарскай вытв-сці, парфумерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОГ
(Crataegus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 дзікарослыя віды: глог адагнутачашалісцікавы (C. curvisepala), глог аднапесцікавы (С. monogyna). Растуць на схілах у далінах рэк і катлавінах азёр, у хмызняках, мяшаных лясах і на ўзлесках. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана каля 140 відаў, 25 формаў і сартоў. На азеляненне выкарыстоўваюцца каля 20 відаў.
Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя кусты і невял. дрэвы выш. да 15 м, з парасткамі, укрытымі калючкамі даўж. 0,5—15 см. Лісце ад суцэльнага да перыста-лопасцевага і перыста-рассечанага. Кветкі двухполыя, пераважна белыя або ружова-белыя (у садовых формаў іншы раз ружовыя або чырвоныя), у паўпарасонікавых або шчыткападобных суквеццях. Цвітуць у канцы мая — пачатку чэрвеня. Плады яблыкападобныя, чырв., амаль чорныя, жоўтыя або зеленавата-жоўтыя, выспяваюць у вер. — кастрычніку. Дэкар., фітамеліярац., вітамінаносныя, харч., тэхн., меданосныя і лек. (экстракт з пладоў або настой з кветак выкарыстоўваюць пры сасудзістых захворваннях) расліны. Плады многіх відаў ядомыя, корм для птушак і звяроў. Размнажаюцца насеннем і атожылкамі. Выкарыстоўваецца як дэкар. ў адзіночных і групавых пасадках, для стварэння жывых агароджаў, узлескаў, падлеску, замацавання яроў і адхонаў.