Страж ‘ахоўнік, абаронца’ (ТСБМ), страж, стра́жа ‘варта’ (беласт., ашм., Сл. ПЗБ). Мяркуючы па прыкладах, даволі позняе запазычанне з рус. страж ‘тс’, дзе праз царкоўнаславянскую з ст.-слав. стражь, стража ‘тс’, або праз польск. straż ‘тс’, што з чэш. straž, параўн. ст.-польск. stróża (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 341). Сюды ж стра́жнік ‘ляснік, лясны абходчык’ (Нас., Гарэц.; ганц. Ск. нар. мовы), ‘паліцэйскі’ (Бяльк.), што з рус. стра́жник ‘вартаўнік’ або польск. strażnik ‘вартаўнік, наглядчык’. Гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 62.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́шыць ’пляскаць (далонню аб далонь)’ (мазыр., Мар. Том.). Няясна; магчыма, балтызм. Параўн. літ. plekšėti ’пляскаць’, ’плёскаць’, plekšnoti ’апладзіраваць’.

Плашы́ць1 ’ганьбіць’ (карэліц., Сцяшк. Сл.), ’ганіць’ (Жд. 1). Да плахі ’благі’, гл. плах. Параўн. плашэй ’горш’ (Юрч. СНЛ). Сюды ж плашэць ’слабець здароўем’ (Юрч. Вытв.), плашаць і плашэць ’пагаршацца’ (Нас.). Паводле Цвяткова (Запіскі, 2, 56). апошняе слова выводзіцца з польск. (“э замест а пасля шыпячых гукаў з агульнаславянскага ъ манафтонгавага”), што неабавязкова, параўн. харашэць і пад.

Плашы́ць2 ’паспрабаваць’ (Бяльк.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раске́п ’раскол, шчыліна’ (Нас., ТСБМ). Сюды ж раске́п, роске́п ’раздвоены дышаль у вупражы валоў’ (ПСл, Лексика Пол.). Зыходнай формай лічыцца *расскеп, параўн. рус. дыял. расскеп ’тс’, што, паводле Фасмера (3, 445), ад скепать ’расшчапляць, калоць’. Ад раске́піць, гл.; паводле Карскага (1, 368), вядомае і ў старабеларускі перыяд, пры звычайным рашчэп (ращеп). Захаванне першасных спалучэнняў ске‑ (< прасл. *skoaip‑) Векслер (Гіст., 92) звязвае са старажытным падзелам славянскіх моў, параўн. макед. расцеп ’разлом, шчыліна ў скале’. Меркаванне пра запазычанасць гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скяпа́ць, скепа́ць, скіпа́ць, с(ь)капа́ць ‘шчапаць’ (Нас., Касп., Шн. 1; віц., Нар. словатв.; бялын., Нар. сл.; Мат. Маг., Растарг.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ске́паць ‘сячы’ (ПСл). Укр. скіпа́ти, рус. скепа́ть ‘расшчапляць, калоць’, ст.-рус. поскѣпани ‘расколатыя’, оскѣпище, оскѣпъ ‘дрэўка кап’я’. Галоўная цяжкасць — наяўнасць к перад ѣ, якое тлумачылі па-рознаму. Шахматаў (Очерк, 176), Брандт (РФВ, 24, 174), Сабалеўскі (РФВ, 53, 8) і інш. лічылі ўсходнеславянскія формы наватворам ад рэгулярнага *сцѣпати > *стѣпати, скепати, паколькі існуюць балг. це́пя ‘калю (дровы)’, серб.-харв. цијѐпати, цѝјепа̑м ‘расколваць, разрываць’, поруч з *ščepati, гл. шчапаць. Адсюль Фасмер (3, 638) і Махэк₂ (626) мяркуюць аб існаванні прасл. *skьp‑ > ščьp‑ і *skoip‑ > sčep‑. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) лічыць пачатковае ск‑ у +скѣпати заканамерным перад ѣ з ‑oi‑. Паводле апошніх даследаванняў, наяўнасць *s перад *k з’яўляецца фактарам, які можа стрымліваць палаталізацыю (Крысько, Слав. языкозн., XIII, 350). Меркаванні пра спалучэнне ске‑ ў беларускай мове гл. Карскі 1, 368 (адзначае яго старажытнасць), Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 72 (немагчыма даць фанетычнае тлумачэнне), Векслер, Гіст., 92 (лічыць рысай, характэрнай для т. зв. кіеўска-палескага прадыялекта), а таксама Коген, Запіскі 2, 9, 84 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяке́льны (пякѣльный) ’звязаны з пеклам; страшны, страшэнны, жахлівы, нясцерпны’ (Нас., Шымк. Собр., Гарэц., Шат.): пяке́льны аго́нь (лаг., Сл. ПЗБ), сюды ж пяке́льнік ’чорт у пекле’ (Нік., Няч.), ’кат’ (Нас.), ’той, хто выконвае цяжкую працу’ (брасл., Сл. ПЗБ), пяке́льніца ’жанчына, што выконвае цяжкую працу; кепскае жыццё, пекла’ (брасл., Сл. ПЗБ; Сцяц.), ’халадэча’ (мядз., Жыв. сл.). Запазычана з польск. piekielny ’пякельны, страшэнны’, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 71 (мяккі к перад ъ, “які праясніўся”, параўн. *pьkъlъ, гл. пекла). Параўн. польск. piekielnik (1471, < ст.-чэш. pekelník), piekielnica (1564), гл. Банькоўскі, 2, 549.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ску́ра ‘верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы’, ‘вырабленая шкура жывёлы’ (Нас., ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 3). Ва ўсходнеславянскіх помніках скура з’яўляецца пасля XVI ст., да XV ст. — ст.-бел. скора (Ст.-бел. лексікон). З прычыны наяўнасці ‑у‑ лічыцца запазычаннем з польск. skóra (Карскі, Белорусы, 146; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 56), таксама як чэш. дыял. skura і рус. шкура (Махэк₂, 547; Фасмер, 4, 451). Польскае слова, як і формы з каранёвым ‑о‑ (гл. скорка) працягваюць прасл. *skora, вытворнае ад і.-е. *(s)ker‑ ‘рэзаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́рка ’прадмет кухоннага ўжытку, які служыць для раздрабнення, расцірання’ (ТСБМ, Нас., Шымк., Касп., Растарг., Варл., Сержп. Грам., Арх. Вяр.), сюды ж ’дошка для мыцця бялізны’ (Сцяц. Сл., Сцяц.; ваўк., Сл. ПЗБ), ’церніца (лён церці)’ (трак., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тарка ’тарка’: тарку купили в дорогу (1682 г., КГС); таркава́ць ’церці на тарцы’ (Скарбы, Сцяшк., Янк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), таркава́ць ’тс’ (ТС, ЖНС, Лекс. Бел. Палесся), таркава́ны ’сцёрты на тарцы’ (Сцяшк.; паст., швянч., Сл. ПЗБ; лун., Шатал.), таркава́ная ка́ша ’бабка (страва)’ (паст., ЛА, 4). Запазычана з польск. tarka ’кухонная прылада’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 58).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пэ́ндзаль ’квач, шчотка для малявання, бялення’ (Нас., ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ), пэ́ндзэль ’тс’ (Сл. Брэс.), пэ́нзаль ’тс’ (Бяльк.), пэнзэль ’тс’ (Мядзв.), пэ́ндаль, пэ́ндэль ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.), пе́нзыль (Шымк. Собр.), сюды ж пэ́ндзліць ’маляваць, бяліць’ (Сцяшк. Сл.). Запазычана праз польск. pędzel, pęzel, penzel ’тс’ з ням. Pinsel ’тс’, паводле Цвяткова (Запіскі, 2, 57), пра гэта сведчыць фанетыка (э пад націскам); Банькоўскі (2, 537) дапускае пасрэдніцтва чэш. penzlik, ст.-чэш. penzl і выводзіць са ст.-франц. pincel, што ўзыходзіць да лац. pēnīcillus, pēnīculus (літаральна ’хвосцік’), памянш. ад pēnis ’хвост’; польскія насавыя пад уплывам pędzać, pędzić ’паганяць, гнаць’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варажы́ць ’гадаць, чараваць’ (БРС, Інстр. II, Гарэц., Яруш.). Рус. ворожить ’гадаць’, укр. ворожити, польск. wróżyć, чэш. vražiti ’тс’, балг. вража́ ’варажу’, серб.-харв. вра̀жати ’лячыць, працаваць урачом’, славен. vražiti ’шкодзіць шляхам варажэння’. Прасл. *vorẑiti. Варажыць лічыцца вытворным ад вораг ’чараўнік, д’ябал’ (Праабражэнскі, 1, 96–97; Фасмер, 1, 353; БЕР, 1, 179–180; Абаеў, Осет. язык, 1, 581). Вайян (RÉS, 35, 1958, 93 і наст.), спасылаючыся на Брукнера (632), дзе wróżyć супастаўляецца з wierzgać, лічыць, што варажыць першапачаткова мела значэнне ’кіданне жэрабя’ (параўн. рус. ворожа, ст.-польск. wróża ’жэрабя’). Гл. таксама Шанскі, 1, В, 165–166; Рудніцкі, 1, 478–479; Скок, 3, 616–617; Коген, Запіскі, 191.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́каць ’лопацца (пра пупышкі), перыць бялізну’ (Сл. ПЗБ), ’без меры есці ці піць’, ’рвацца; надрывацца’, ’раздувацца (ад гневу)’: цебе сянни покаець (Нас.), по́кыць ’лопаць, гучна ляскаць; прагна есці’ (З нар. сл.), покнуць ’трэснуць, лопнуць’ (Варл.), ’разбіць’ (Сл. ПЗБ), ’выцяць’ (Бяльк.), по́кацца ’лопацца, трэскацца’ (Касп.), ’распускацца (пра пупышкі)’ (Варл.), по́кала ’пражора’ (Бяльк.). Укр., рус. покать ’стукаць, калаціць’, палаб. păkně ’падае’, славен. pókati ’ляскаць, грымець’, балг. по́кам ’стукаць’, макед. по́кнуват са ’трэскацца (пра вусны)’. Ад гукапераймальнага *pokъ (*pukъ): пок ’гук падзення; гук стрэлу’ (Юрч. СНЛ), ’гук трэскання’ (Нас.), покаўка ’ляскаўка’ (Нас.), рус. пок ’гук пры разрыве; трэск’, славен. pòk ’трэск’ (параўн. Цвяткоў, Запіскі, 69; БЕР, 5, 482; Сной, 463). Гл. пукаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)