пу́льхны, ‑ая, ‑ае.

1. Мяккі, быццам надзьмуты, пухлы. Пульхныя вусны. □ Саладжавая, некалькі тупая наіўнасць [Шчыгельчыка] застыла на пульхных мяккіх шчоках. Пестрак. Твар.. [Ціхана] распух, стаў бялявы, пульхны. Дуброўскі. // Тоўсты, сыты. Малады Сурвіла — пульхны, выглян[ц]аваны хлопец. Чорны. Чалавек ветліва падаў маленькую, пульхную, як у жанчыны, ручку. Пянкрат.

2. Мяккі, пухкі. А з пшанічнае мукі І выходзіць хлеб такі, Белы, нібы вата, Пульхны, наздраваты. Грахоўскі. Тэкля выцягнула з печы талерку аладачак у смятане, беленькіх і пульхных, і паставіла на стол. Краўчанка. // Лёгкі, пушысты. Снег быў пульхны, і ссоўваць лапатамі яго было няцяжка. Скрыпка. Зямля цёпла пахне, пульхная, адвечна-вільготная. Ермаловіч.

3. Тоўсты, аб’ёмісты, раздуты. Мажэйка паклаў на трыбуну пульхны том даклада, прыціснуў яго кулаком. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сімпаты́чны 1, ‑ая, ‑ае.

Які выклікае сімпатыю, прывабны (пра чалавека). На мяне ветліва, з запытальнай усмешкай, глядзіць сімпатычная чарнавокая шатэнка. Шынклер. — Сімпатычныя людзі твае латышы! — адазваўся Павал. Гартны. // Мілы, прыемны. Сімпатычны голас. □ Нешта вельмі шчырае было ў пявучым голасе, у грубаватым, але сімпатычным твары жанчыны. Васілевіч. / Аб прадметах. Сімпатычны гальштук. Сімпатычны дамок.

сімпаты́чны 2, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які мае адносіны да аддзела вегетатыўнай нервовай сістэмы. Сімпатычная нервовая сістэма. Сімпатычны нерв.

2. Які ўзнікае, аддаецца на іншых, блізкіх або сіметрычна размешчаных участках. Сімпатычныя болі ў зубах.

3. Які дае палёгку, аслабленне болю ў хворых (пра нейтральныя лекавыя сродкі). Сімпатычныя сродкі.

•••

Сімпатычнае чарніла гл. чарніла.

[Ад грэч. sympathēs — успрымальны, адчувальны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыве́т ’зварот да блізкага пры сустрэчы’ (ТСБМ; шчуч., Сл. ПЗБ), пріве́тка ’прывітанне’ (Бяльк.), прывітанка ’тс’ (Нік. Очерки); сюды ж дзеясловы прыве́ціць ’прыязна, ласкава сустрэць каго-небудзь, аднесціся да каго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., Ян.), прыве́ціцца ’прывітацца’ (чэрв., Сл. ПЗБ), прывіта́ць, прывіта́цца (Мік., Байк. і Некр., Пал., ТСБМ; воран., ашм., ігн., Сл. ПЗБ). Маючы на ўвазе ст.-слав., балг. і ст.-рус. формы, можна выказаць меркаванне аб працягу прасл. *privětiti > *privětъ, якое ў сваю чаргу з’яўляецца прэфіксальным утварэннем ад добра адлюстраванага ў славянскіх мовах прасл. *vět‑ (у другой ступені чаргавання — *vit‑). Укр. привіт ’прывітанне, вітанне’, привіта́ти ’прыняць каго-небудзь, павітацца з кім-небудзь’, привіта́тися ’павітацца’, привіта́ння ’прывітанне, вітанне’, рус. приве́т ’прывітанне’, приве́тить ’даць станоўчы адказ свату жаніха пры першым наведванні нявесты’, привита́тъветліва, ласкава адносіцца, звяртацца да каго-небудзь, берагчы каго-небудзь’, стараж.-рус. привитати ’знайсці прытулак’, привѣтъ ’вітанне, зварот; выслоўе, слова; намер’, польск. przywitać się ’прывітацца’, балг. привѐт, прѝвет ’прывітанне’, ст.-слав. привитати ’пасяліцца, знайсці прытулак’, ’намер, (добрая) задума’. Аб развіцці значэнняў лексем, звязаных з *vit‑/vět‑, падрабязней гл. Рудніцкі, 1, 400; ЭСБМ, 2, 165–166; гл. таксама Фасмер, 3, 363; ЕСУМ, 4, 569 (прасл. *privětъ выводзіцца з *privětiti); БЕР, 5, 701.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыма́ць1, незак. тр. да прыня́ць (гл.) (ТСБМ, Нас., Мал.). Узыходзіць да прасл. *prijьmati, прэфіксальнага ўтварэння ад прасл. *jьmati, гл. мець. Сюды ж дзеясловы з захаваным ‑j‑: прыйма́ць ’прымаць (у розн. знач.)’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), прыйма́ты ’прыбіраць’ (драг., Сл. ПЗБ), прыймава́ць ’зазнаваць; цярпець’: не доведзи Богъ, што мы отъ его пріймуемъ (Нас.), ст.-бел. приимати, приимовати ’атрымліваць, браць; прымаць; прызнаваць’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав., ст.-рус. приимати ’тс’, рус. дыял. прима́ть ’браць, атрымліваць; прымаць’; ’прыбіраць, здымаць’, прийма́ть ’прымаць, браць; зазнаваць (гора, няшчасце)’, приима́ть ’прымаць, браць да сябе; даваць прытулак’, ’запрашаць, ветліва сустракаць’, ’цярпець, зазнаваць (непрыемнасці, пакуты)’, укр. прийма́ти ’прымаць; атрымліваць, браць; цярпець, зазнаваць’, польск. przyjmować, дыял. przyjmać ’атрымліваць, браць’, серб.-харв. при́мати ’атрымоўваць, прымаць’ і пад.

Прыма́ць2 ’браць мужа ў сям’ю жонкі’ (Ян.). Да прыма́ць1 з вядомымі значэннямі, але, відаць, з захаваннем старой семантыкі, параўн. літ. priim̃ti ’прыняць зяця ў двор’, таксама рус. дыял. прима́ть ’пускаць у дом, да сябе’, укр. прийма́ти ’браць каго-небудзь у сваю сям’ю як мужа, зяця, нявестку і пад.’ Паводле Мартынава (Бел.-укр. ізал., 51), з’яўляецца балтыйскім пранікненнем, што магчыма прыняць толькі для часткі беларускіх і ўкраінскіх гаворак. Параўн. прыма́к (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

загляну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Глянуць куды‑н., унутр чаго‑н.; кінуць позірк на тое, што трэба разгледзець, убачыць. Заглянуць у вочы. Заглянуць за шафу. Заглянуць пад ложак. □ Цыбаты бялявы хлопчык .. заглянуў у адчыненае акенца машыны. Гамолка. // перан. Пранікнуць куды‑н., асвятліць прамянямі (пра сонца, месяц і пад.). Святло месяца заглянула ў акно, і ў хаце стала неяк весялей і святлей. Кавалёў. // перан. Бегла пачытаць асобныя месцы (у кнізе, газеце і пад.). Заглянуць у кнігу.

2. Разм. Зайсці, заехаць куды‑н. мімаходам, на кароткі час. Ёсць над Сожам гарадок. Просім, ягамосці: Ехаць будзеце здалёк, Загляніце ў госці. Калачынскі. Невысокі рухавы стары, да якога мы заглянулі ў хату, сустрэў нас ветліва. С. Александровіч.

•••

Заглянуць наперад (у заўтрашні дзень) — задумацца над будучыняй, уявіць яе сабе.

Заглянуць у душу (нутро і пад.) каму, чыё — адгадаць чые‑н. думкі, пачуцці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абысці́ся, абыдуся, абыдзешся, абыдзецца; пр. абышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. абыдзіся; зак.

1. Задаволіцца тым, што ёсць; знайсці выйсце са становішча, абмяжоўваючыся наяўнымі сродкамі. Ды зрабілі хлопцы з толкам, абышліся без вяроўкі: паяскі свае сабралі, у адзін усе звязалі. Дубоўка. // Здолець пражыць без каго‑, чаго‑н., не выкарыстаць каго‑, чаго‑н. Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Ніводнае вяселле без іх не абышлося. Гарэцкі.

2. Так ці інакш паставіцца да каго‑, чаго‑н., выявіць пэўныя адносіны. Абысціся па-людску. Ветліва абысціся. □ Тут дзед пачаў пералічаць усе здарэнні, дзе з сялянамі абышліся несправядліва. Колас.

3. Выклікаць пэўныя расходы, страты; каштаваць. Перавозка грузаў абышлася ў 50 рублёў. □ Маёрава смерць дорага абышлася немцам. Гурскі.

4. Закончыцца добра, без непрыемнасцей; уладзіцца. Андрэй быў рады, што ўсё абышлося шчасліва. Шахавец. [Шафёр:] — Добра, што ўсё так абышлося. Кулакоўскі.

•••

Абысціся ў капейку (капеечку) — дорага каштаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упле́сціся, уплятуся, упляцешся, упляцецца; упляцёмся, уплецяцеся, уплятуцца; пр. уплёўся, уплялася, ‑лося; заг. упляціся; зак.

1. Уставіцца, увіцца ў што‑н. пры заплятанні. / у перан. ужыв. Хай сабе і ўплялася ў валасы сівізна, але адчувала.. [Ганна], што здароўе яе яшчэ не зусім растрачана. Гроднеў. // Сплесціся, пераплесціся пры росце. Сіняя валошка, Травы разрасліся, Палыны на межах Густа ўпляліся. Колас. // Уліцца, уключыцца ў што‑н. А Марыся ветліва, шырока заўсміхалася насустрач.. [Вінцусю] і, выбіваючы такт песні нагой, непрыкметна адклала гітару, радасна замахала рукамі, кіруючы песняй, у якую ўплялося і яшчэ некалькі ціхіх галасоў. Галавач. Я аж вушам сваім не даў веры, калі пачуў аксамітны голас Метлюга. Мне здалося, што ў яго нават упляліся нейкія металічныя ноткі гневу. Сабаленка.

2. Разм. Моцна ўхапіцца, учапіцца за што‑н. Дзімка ўплёўся за цешчыну жакетку і памалу пасоўваўся бліжэй да дзвярэй. Капыловіч.

3. Разм. Увязацца за кім‑н. Потым ваўкі ўпляліся следам, загналі яго на грушу-дзічку і завылі жудаснымі галасамі. Наўроцкі. Уплёўся [камарык] за мною, ніяк не адстане. Звініць, нібы сыпле на вочы пясок. Камарык, камарык, навошта старонкі? Найлепшы ў свеце яе галасок... Тармола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., каго-што.

1. Паставіць пад што‑н. Ніна наліла вады ва ўмывальнік, тазок падставіла. Лобан. [Халуста] падышоў да скрыні, у якую праз жолаб сыпалася мука. Падставіў далонь і памацаў муку. Чарнышэвіч. // Падперці, падтрымаць чым‑н. [Максім Сцяпанавіч] падышоў да труны і, калі яе сталі падымаць, падставіў плячо. Карпаў.

2. Наблізіць, прыставіць да каго‑, чаго‑н. з якой‑н. мэтай. — Можна каля вас прысесці? — спытала [Людміла] салодкім галаском. — Проша, проша! — прамовіў Лабановіч і падставіў ёй крэсла. Колас. — Ды вы сядайце, сядайце, — падставіў бліжэй да стала два крэслы стары, — Сцяпан Ігнатавіч зараз павінен з’явіцца. Пальчэўскі. // Наблізіўшы або павярнуўшы, зрабіць даступным для каго‑, чаго‑н. Сева нехаця падставіў.. [бацьку] шчаку, хуценька ўзяў чамадан і палез з маці ў аўтобус. Карпаў. Васіль памаўчаў. Адышоў ад манумента да абрыву, зноў падставіў твар салёным пырскам. Шамякін.

3. Паставіць узамен, замяніць кім‑, чым‑н. Падставіць лічбу ў формулу. □ Наталля падышла да Рыгора, каб запрасіць на круг, той ветліва падставіў Уладыся Барэйку. Скрыган.

•••

Падставіць нагу (ножку) — а) паставіць сваю нагу так, каб аб яе спатыкнуўся другі чалавек; б) перан. зрабіць непрыемнасці пашкодзіць каму‑н. [Максім:] — Яно я і сам думаў паспрабаваць шчасця, але саступаю. Сваім нагу не падстаўлю. Асіпенка.

Падставіць (свой) лоб — прыняць на сябе нейкі ўдар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сустрэ́ць, ‑стрэну, ‑стрэнеш, ‑стрэне; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго. Краўчанка. Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне. Лойка. Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне. Бядуля. Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося. Чарнышэвіч. // Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон. Крапіва. На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой. Астрэйка. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма. Шамякін. І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы. Грамовіч. // Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў. Хромчанка. У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння. Кудраўцаў. // Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся. «Звязда». [Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш. Ляўданскі. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. □ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар! Глебка.

2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне? Колас. Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака]. Мурашка. Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком. Пестрак. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага. Якімовіч. Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач. Ярош. Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй. Шахавец. / у перан. ужыв. Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём. Васілевіч.

3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад. Танк. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны. Астрэйка.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс. Непачаловіч. Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця. Брыль.

•••

Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страха́, і́, ДМ страсе́; мн. стрэ́хі (з ліч. 2, 3, 4 страхі́), стрэх; ж.

1. Верхняя, звычайна саламяная, частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад атмасферных з’яў. Сіняе неба ветліва атульвала старыя стрэхі смагінскіх будынкаў. Гартны. Над маўклівым млыном, над сціхшай вадой, над стрэхамі дзвюх лазовіцкіх хат, над дрэвамі, кустамі і лугамі абапал Быстранкі — над усім узвышалася ціхае зорнае неба. Брыль. Бусел, стораж хаціны, склаў гняздо на страсе. Дубоўка. З-за высокай разгацістай елкі выглядае страха хлява і калодзежны журавель. С. Александровіч. // Ніжні, звісаючы край гэтай часткі будынка. Праціснуўшыся, [Аня] зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Мележ. Я зайшоў на двор крайняй хаты і стаў пад страху. В. Вольскі. // у вобразным ужыв. А лес, як добры той знаёмы. Стаіць збялелы, нерухомы Абапал рэчачкі сцяною, Над ёю сплёўшыся страхою. Колас. Часам месяц, бяздомны бадзяга, Забярэцца на стрэхі дзіравыя хмар. Танк. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой і пад зялёную страху Прыселі грамадой. Астрэйка.

2. Пра дом, жыллё, прытулак. [Насця:] — Што можа быць горш, калі ў дзіцяці няма страхі над галавой. Чорны. Неўзабаве, з-пад матчынай гэтай страхі, Паляціць і яна [Кацярына] на шляхі, на шляхі. Куляшоў. Прышлы хлопец прытуліў на пачатак сваю галаву пад страхою старога Апанаса. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)