сінява́ты, ‑ая, ‑ае.

З сінім адценнем, па колеру блізкі да сіняга. Сіняватыя вочы. □ Сіняватая, быццам свінцовая, вада б’е ў берагі, хвалі як бы гамоняць адна з адной. Сабаленка. Дробныя акенцы былі залеплены звонку сіняватым снегам. Бядуля. Віця бачыў худыя грудзі хлапчука, сіняватую скуру, з-пад якой выпіралі рэбры. Нядзведскі. Сыманчук.. стаіць, прыціснуўшыся плячыма да сіняватай сцяны хутарскога хлява. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

травяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да травы; з’яўляецца травою. Травяное покрыва. Травяны пах. // Прыгатаваны з траў, па травах. Травяная мука. Травяная настойка. // Які жыве ў траве, на траве. Травяная жаба.

2. Які зарос травою, пакрыўся травою. На змярканні [хлопцы] прыйшлі да ракі. І паселі на травяным абрывістым беразе. Брыль.

3. Уласцівы траве, зялёны (пра колер). Сукенка травянога колеру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцяг, -а, мн. сцягі́, -о́ў, м.

1. Палотнішча ўстаноўленага памеру, формы і колеру (колераў), звычайна з эмблемай дзяржавы, вайсковай часці, арганізацыі і інш., якое выкарыстоўваецца ў якасці іх сімвалу і, як правіла, прымацоўваецца адным бокам да дрэўка або шнура.

Дзяржаўны с.

Беларусі.

Палкавы с.

С.

Перамогі.

2. Кавалак тканіны пэўнай формы і афарбоўкі, які служыць знакам чаго-н., упрыгожаннем і інш.

Зялёны с.

Махаць сцягамі.

Пад сцягам міру — у імя міру.

Трымаць высока сцяг (чаго-н.) — захоўваць якія-н. ідэалы, запаветы (высок.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Буксінка ’бручка, Brassica napus L.’ (маг., Кіс.). Бясспрэчна, мясцовае ўтварэнне (няма ў іншых мовах і суседніх дыялектах). Паколькі бручка часта носіць розныя, яўна новыя назвы (параўн., напр., немка, чыгірынка), у тым ліку і па колеру (сінюха), то можна меркаваць пра сувязь з прыметнікам тыпу рус. дыял. букси́новый ’чырвона-жоўты або цёмна-аранжавы’ (< фукси́н < ням.). Адсюль буксінка ’бручка’. Параўн. бу́кса2 ’бручка’. Гл. Краўчук, БЛ, 1973, 3, 56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Відо́мец1 ’Parnassia L.’ (БРС), відомец балотны ’Parnassia palustris L.’ (гродз., Кіс.). Не мае адпаведнікаў у іншых слав. мовах. Відавочна, паходзіць ад відомы ’відны, бачны, светлы, прыкметы’ < viděti > vidom‑ъ і суф. ‑ьcь. Параўн. яшчэ рус. белозор, укр. білозор, рус. белоцвет, белоцветка, матывацыя наймення якіх падобна да называння відо́мец.

Відомец2 ’Angelica silvestris’ (маг., гом., Кіс.). Узнікла ў выніку пераносу значэння паводле колеру кветкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўце́нь ’кветка жоўтага колеру, жаўтушнік, Erysimum L.’ (Бяльк.). Ад асновы прыметніка жоўты (гл.) з суфіксам ‑ень (Сцяц., Афікс. наз., 100). Літаратурнае жаўтушнік суадносіцца з той самай асновай, але суфіксацыя ўказвае на магчымасць рус. уздзеяння. Бел. дае хутчэй, жаўтушка ’Erysimum cheiranthoides L.’ як шэраг назваў грыбоў, птушак, ад жаўтуха (> жаўтушка) утвараецца прыметнік жаўтушны і назоўнік з суфіксам ‑ік (рус. желту́шник). Польск. żółcień назва іншай кветкі (Carthamus)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярло́ўка, парло́ўка ’ячныя крупы’ (в.-дзв., бяроз., Сл. ПЗБ). Да пе́рл ’жэмчуг’ (гл.) з-за падабенства колеру круп да жэмчуга, хаця больш праўдападобна запазычанне з рус. перло́вка ’ячныя крупы’, што як і польск. kasza perłowa з ням. Perl‑graupen ’ячныя крупы’, гл. пе́рла (пэ́рла) ’тс’. Пярловыя маціцы ’каралі з жэмчуга ці падробак пад жэмчуг’ (Малч., 162) таксама з’яўляюцца дакладным перакладам ням. Perlemutter, гл. перламутр.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́тны1 ’ваенны, баявы’ (ТСБМ, Нас.): ратны чарвяк ’лічынка грыбнога камара’, паходжанне назвы тлумачыцца яе паводзінамі: “Лічынкі гэтага насякомага збіраюцца ў вялікую групу і пачынаюць “падарожнічаць”. Яны белага колеру і паўзуць суцэльнай лентай, шырынёю да двух сантыметраў і даўжынёю да чатырох-шасці метраў, за што і атрымалі сваю народную назву” (Кахманюк, Родная прырода, 1978, 6, 13). Гл. раць.

Ра́тны2 ’арэндны’: ратные грошы (Нас.). Ад ра́та (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смаго́ль ‘галавешка ад смольнага палена’ (Шат.), сюды ж, відаць, смагалі́ ‘грыбы белага колеру з крэмавым адценнем’ (смаляв., Весці АН БССР, 1972, 1, 83), смуго́ль ‘загарэлы на сонцы’ (Барад.). Рус. зах. смо́голь ‘смоль’, пск. смо́гарье ‘дровы для начной лоўлі рыбы’, польск. smogorz ‘торф’, н.-луж. smogor ‘тс’, ст.-чэш. smogor. З прычыны наяўнасці ў іншаславянскіх формах каранёвага ‑o‑ лічыцца звязаным чаргаваннем галосных з смага, гл. (Фасмер, 3, 689).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сураві́зна ’нябеленае льняное палатно’ (в.-дзв., астрав., мін., Сл. ПЗБ; ашм., Нар. ск.; мёрск. Ск. нар. мовы), ’прыродная афарбоўка саматужных нітак і палатна сівога ці рудаватага колеру’ (Варл.), ’рудая вада ад суравога палатна’ (шчуч., швянч., віл., Сл. ПЗБ), ’суравы, руды колер’ (смарг., лід., Сл. ПЗБ), ’балота з іржавай вадой’ (швянч., Сл. ПЗБ). Да суравы́ з суф. ‑ізна, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 103.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)