пе́сціць, пешчу, песціш, песціць; незак.

1. каго. Любоўна даглядаць, гадаваць каго‑н. Нічога асаблівага [Аўстра] не жадае: самой хадзіць па хаце, завіхацца каля печы, карміць і песціць дзяцей. Кучар. // пераважна з адмоўем «не». Ствараць для жыцця, дзейнасці каго‑н. вельмі спрыяльныя ўмовы. Лёс не песціў вандроўнікаў космасу. Гамолка. Жыццё дарэмна іх [дзяўчат] не песціць, Яны не ў кветніку цвітуць. Пысін. Як малодшую, .. [Зіну] песцілі можа больш, чым трэба было, не адмаўлялі ні ў чым, хаця ў хаце было не густа. Шыцік. // Патураць усім жаданням каго‑н., балаваць; распешчваць. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў. // перан.; што. З любоўю даглядаць, ахоўваць што‑н. Думаў Дзям’ян пра шмат што: пра зямлю, якую песціў і любіў; пра дом свой, пабудаваны за савецкія часы. Кавалёў. Старыя любяць сваю справу, старанна даглядаюць машыну, песцяць яе. Шынклер.

2. каго. Праяўляць ласку, лашчыць, галубіць каго‑н. Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю. Мележ. Славік пайшоў па руках, яго песцілі, падкідалі, як мячык. Гурскі.

3. перан.; каго-што. Дзейнічаючы на органы пачуццяў, выклікаць прыемныя адчуванні (пра вецер, сонца і пад.). Вецер песціць твар. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. Сонца, быццам знарок, свеціць проста ў твар, сагравае цябе, песціць. Лупсякоў.

4. перан.; што. Жадаць здзяйснення чаго‑н. прыемнага; пялегаваць. Песціць надзею ў сэрцы. Песціць мару. □ Кожны глядзеў на полымя, песцячы свае пакуль нікому не адкрытыя думкі. Пестрак.

•••

Песціць вочы — пра што‑н. прыгожае, прыемнае на выгляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гато́вы, ‑ая, ‑ае; гатоў, гатова.

1. Які падрыхтаваўся да чаго‑н., зрабіў усе неабходныя прыгатаванні. Усе гатовы да выканання заданняў. □ Святлану з нецярплівасцю чакала гатовая ў дарогу сям’я. Шахавец.

2. на што або з інф. Ахвочы, схільны зрабіць што‑н., згодны на што‑н. За свет новы Мы гатовы І на бой пайсці суровы Супроць чорнай зграі. Колас. // з інф. Які знаходзіцца ў стане, блізкім да чаго‑н. Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца. Чорны.

3. Падрыхтаваны, прыгодны да выкарыстання. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік. Лынькоў. // Канчаткова зроблены, закончаны ў сваёй вытворчасці. Гатовая дэталь. □ Удар за ўдарам, удар за ўдарам, і вось на кавадле ляжыць амаль гатовы лямеш. Курто. // Загадзя абдуманы, падрыхтаваны (пра думку, фразу і пад.). Гатовае паняцце. Гатовая схема. / у знач. наз. гато́вае, ‑ага, н. Згодаю двор збудуеш, а нязгодаю — гатовае разгубіш. Прыказка.

4. толькі кар. ф., у знач. вык. Разм. Вырашае канчатковы вынік якога‑н. дзеяння або стану і ужываецца ў значэннях: а) памёр, сканаў; б) зусім п’яны. Ужо гатоў, напіўся! // безас. Усё закончана, канец. — Атрымалася проста: вылецеў цецярук, я бац — і гатова! Гамолка.

•••

Будзь гатоў! — вітанне піянераў пры сустрэчы; Заўсёды гатоў! — адказ на такое вітанне; дэвіз.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца — выраз, які азначае моцнае жаданне знікнуць, схавацца куды‑н. ад сораму, страху і пад.

На ўсім гатовым — на поўным забеспячэнні, ні аб чым не клапоцячыся (жыць, быць і пад.).

Раз-два і гатова гл. раз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́рача,

1. Прысл. да гарачы (у 1, 3 знач).

2. безас. у знач. вык. Пра высокую нагрэтасць паветра. На дварэ горача. □ У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. Нібы ля сонца, горача на полі, Плугі дымяцца ад гарачыні. А. Астапенка.

3. безас. у знач. вык., каму і без дап. Пра адчуванне кім‑н. гарачыні, якая ідзе ад чаго‑н. моцна нагрэтага. З адчыненых дзвярэй школы валіла пара, горача было сядзець у суконных світках, у кажухах. Лобан. — Горача, — пачуўся з-за коміна звонкі дзіцячы голас. Чорны. // Пра адчуванне гарачыні ў целе ад наплыву моцных пачуццяў, перажыванняў і пад. Ад радасці ўнутры горача робіцца. Бядуля. [Візэнеру] рабілася і горача і холадна, калі ён думаў аб гэтай звышснайперскай кулі нябачнага стралка. Шамякін.

4. безас. у знач. вык., каму і без дап. Цяжка, многа бяды, клопату. Натхніцелі санацыйнага рэжыму добра разумелі, што заўтра ім будзе яшчэ больш горача на «крэсах усходніх», чым сёння, і гэта парахавая бочка рана ці позна павінна будзе, нарэшце, узарвацца. Майхровіч.

•••

Аж небу горача (стане, будзе і пад.) — пра самую высокую ступень інтэнсіўнасці якога‑н. дзеяння або дзейнасці. — І потым наносім такія моцныя ўдары, што аж небу горача робіцца, — лічачы, што размова скончана, устаў Карніцкі. Паслядовіч.

Ні холадна ні горача каму — пра раўнадушныя адносіны, адсутнасць цікавасці да чаго‑н. Дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі, ад якіх цяпер нікому ні холадна ні горача. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэч, ‑ы, ж.

1. Усякі неадушаўлёны прадмет. Антось падбег да акна, спінай засланіў разбітую шыбу і азірнуўся, шукаючы вачыма рэч, якая магла б заткнуць адтуліну. Мележ. Палагея бегала вакол вогнішча, збірала розныя непатрэбныя рэчы і галасіла. Шамякін. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

2. мн. (рэ́чы, ‑чаў). Скарб, пажыткі, прадметы асабістага карыстання. Забрала Аленка свае пакуначкі, кніжкі і ўсе патрэбныя рэчы. Колас. Тут жа, ля пад’езда, стаяць, відаць, наспех скінутыя рэчы — шафа, ложкі, канапка, крэслы. Дадзіёмаў.

3. Твор літаратуры, мастацтва, навукі і пад. [Купала:] Прызнаюся табе, напісаў новую рэч — драму на вельмі горкую і блізкую мне тэму. Вітка.

4. Факт, з’ява рэчаіснасці, справа. Собіч гаварыў такія рэчы, якіх мы проста не маглі зразумець. Скрыган. [Хлопец] яшчэ толькі вучыўся на слесара, — пра гонар рабочага, пра планы, пра іншыя высокія рэчы мала дбаў. Лось.

5. у знач. вык. Нешта, штосьці, нейкая з’ява, абставіны. Сапраўды, конь такая рэч, што цяперашнім светам вельмі трэба даражыць. Нікановіч. — Але жыццё — дужа складаная рэч. Новікаў. // Штосьці значнае, важнае, каштоўнае. — Во, гэта — рэч! Тысяч пяцьдзесят будзе. Маўр. Дываны? Гэта — рэч. Усходняй казкай вее. Панчанка.

6. мн. (рэ́чы, ‑аў). У філасофіі — аб’ектыўны свет (прадметы, з’явы), які існуе па-за свядомасцю людзей і дзейнічае на гэтую свядомасць.

•••

Вядомая рэч (у знач. пабочн.) — вядома, безумоўна.

Глядзець на рэчы як гл. глядзець.

Дзіўная рэч! — вокліч, які паказвае на моцнае здзіўленне.

Іншая рэч — нешта іншае.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́яць, сею, сееш, сее; незак., што.

1. і без дап. Раскідваць насенне па падрыхтаваную для сяўбы глебу. Сеяць жыта. Сеяць лён. □ Хлопцы сеялі, касілі, Як паспее жыта, жалі, Адным словам — не ляжалі. Крапіва. Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Колас. // Спец. Змяшчаць (мікраарганізмы) у пажыўнае асяроддзе для вырошчвання.

2. перан.; Распаўсюджваць сярод людзей (асвету, ідэі, чуткі і пад.). Сеяць добрае. □ К. Каліноўскі.. хадзіў ад вёскі да вёскі, сеяў у народзе веру ў лепшую будучыню. С. Александровіч.

3. перан. Раскідваць, распыляць, што‑н. Цяжкія хмары нізка валакуцца над.. [зямлёю] і прабуюць сеяць на яе цёплую імглу. Чорны. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў, Ў думках радасна было, Беглі песні ад душы. Купала. Вецер, мабыць, разагнаў хмары, і пухлячок-маладзік сеяў на зямлю кволы россып сіняватага агню. Асіпенка. // без дап. Ісці, падаць (пра дождж, снег). На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж. Шамякін.

4. Разм. Засяваць (якую‑н. плошчу зямлі). Сеяць загон.

5. Прасейваць. Сеяць муку.

•••

Сеяць смерць — несці смерць каму‑н., забіваць каго‑н. Проста з неба ляцяць на дзяцей [самалёты], Сеюць смерць кулямёты. Куляшоў.

Сеяць смуту — распаўсюджваць трывожныя чуткі, падбухторваць на бунт, выклікаць хваляванні.

Хоць мак сёй — і не зварухнецца.

Хоць рэпу сёй — а) пра што‑н. вельмі бруднае. Бацька не раз гаварыў [Міхасю]: «Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сёй!» Колас; б) як і не было нічога. — І ўвесь двор згарэў? — Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сёй. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Блукаць, хадзіць без пэўнай мэты; бадзяцца. Быў і яшчэ адзін чалавек, які ў нядзельныя дні не сядзеў у бараку, а ўсё хадзіў, туляўся па ферме. Сачанка. // Знаходзіцца дзе‑н., хаваючыся ад каго‑, чаго‑н. Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам. Чорны. // Пазбягаць сустрэчы з кім‑н. [Загадчык гаража:] — Скажы [Надзя] проста, што не хочаш, са мною сустракацца, туляешся ад мяне. Кулакоўскі. Дзікім загнаным зверам туляўся .. [чалавек] па глухіх кутках, дзе можна было ўнікнуць непажаданых сустрэч. Ваданосаў. [Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш? Васілевіч. // Ухіляцца ад чаго‑н., быць незанятым чым‑н. — А што? — трохі збянтэжыўся гэтай грубасцю студэнт. [Дзядзька Антось:] — Як гэта — што? Людзі робяць, а ён туляецца, круціць. Прывык сабе на дурнічку. Брыль. Адзін толькі Яхім Суднік туляўся ад усяго новага і глядзеў на ўсё скоса і падазрона. Колас. [Штрыпке:] — Загадайце, каб .. [Верабей] адшукаў усіх, хто яшчэ туляецца недзе без справы. Лынькоў. [Сакратар партячэйкі:] — Дык ты, Антось, не туляйся там, а выйдзі наперад ды і скажы, што маеш. Калюга.

2. Быць бяздомным, беспрытульным. [Балатніцкі:] — Трэба думаць не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра другіх. Бачыў, колькі босай, галоднай дзетвары туляецца па лесе. Гурскі. Ля крам туляюцца галодныя, рабрыстыя сабакі. Гарэцкі. // Быць адзінокім. Рамір дастаў пачак папярос, закурыў: — Разумееш, абрыдла аднаму туляцца. Асіпенка. Сымон Карызна прыехаў у раён змрочны, пахмуры і праз увесь час, пакуль не пачалося пасяджэнне райкома, туляўся ў баку ад усіх. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́кус 1, ‑а, м.

1. Спец. Пункт перасячэння адбітых або праломленых прамянёў. // Адлегласць ад шкла, якое праламляе або адбівае прамяні, да гэтага пункта.

2. Пункт, у якім прадмет, што фатаграфуецца або разглядаецца пры дапамозе аптычнага прыбора, мае найлепшую рэзкасць, выразнасць. Дзмітрый паднёс да вачэй акуляры бінокля. Пальцы чамусьці зрабіліся непаслухмянымі, лінзы доўга не ўдавалася навесці на фокус. Беразняк.

3. Месца, у якім найбольш выразна выяўляецца дзеянне, прымета чаго‑н. Фокус землетрасення. // Ачаг запаленчага працэсу ў арганізме.

4. перан. Цэнтр якіх‑н. з’яў, уласцівасцей, падзей. У фокусе п’есы [І. Мележа «Пакуль вы маладыя»] стаяць важныя маральна-этычныя і грамадскія пытанні аб духоўным, інтэлектуальным і прафесіянальным жыцці маладых інжынераў. Гіст. бел. сав. літ. Усе.. сюжэтныя напрамкі [рамана А. Чарнышэвіча «Світанне»] развіваюцца і сходзяцца ў адным фокусе. «Полымя».

5. Спец. Пастаянны пункт, які мае асаблівыя ўласцівасці ў адносінах да любога пункта на крывой.

[Ад лац. focus — ачаг.]

фо́кус 2, ‑а, м.

1. Лоўкі прыём, заснаваны на малавядомых гледачам фізічных ці хімічных з’явах або проста лоўкасці рук. Картачны фокус. □ То ён скажа што-небудзь такое, ад чаго ўсе аж падаюць ад смеху, то выдумае нейкую цікавую забаву, то пакажа дзіўны фокус. Краўчанка. // Незвычайнае дзеянне, прыём, якія заснаваны на штукарстве. [Кузя] вырабляў розныя фокусы: клаў ногі па руль, адпускаў рукі. Жычка.

2. Складанасць, сакрэт чаго‑н. [Міхалка] прыдумваў дзіцячыя ветраныя млынкі з рознымі фокусамі. Бядуля.

3. перан. Разм. Хітрасці, выдумкі. [Мірон:] — А цяпер выходзьце па адным, пойдзем у раён... Ды глядзіце, каб без фокусаў! Лынькоў.

4. звычайна мн. (фо́кусы, ‑аў); перан. Разм. Капрызы, прычуды. Кінь свае фокусы. □ [Чумакоў:] — Што здарылася? Зноў які-небудзь Светчын фокус? Мехаў.

[Ад ням. Hokuspokus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

так, прысл., часціца злучн.

1. прысл. Абазначае акалічнасць спосабу дзеяння: такім чынам. Ён так расказваў, што ўсе смяяліся. □ [Юрка:] — Давай так дамовімся: ты [Алесь] сваё глядзі, а я сваё. Скрыпка. Прыгожых у шчасці, Цнатлівых у тайне, Іх так і застала Над рэчкай світанне. Гілевіч. / З даданым сказам спосабу дзеяння або даданым параўнальным, які ўдакладняе сэнс прыслоўя або дзеяслова. Нарэшце гром так неба скалыхнуў, Што ўпала і разбілася вясёлка І морам разлілася скрозь. Вітка. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так мы сёння ідзём узнімаць цаліну. А. Вольскі. // (звычайна з адмоўем). Адпаведным чынам. Тут штосьці не так. □ Не так жывеш, як хочацца, а так, як можацца. Прыказка. Не так чорт страшан, як яго малююць. Прыказка. // Наступным чынам, як сказана далей. Каханне ў іх [Андрэя і Насці] распачалося так. Яму было трынаццаць. Насці — восем. З. Астапенка.

2. прысл. У такім выглядзе, становішчы, стане, як ёсць, без каго‑, чаго‑н. (без дадатковых сродкаў, намаганняў, без платы і пад.). Я і так дастану, без лесвіцы. Памідоры прыйшлося есці так, без солі. □ Жанчына несла за плячыма вялікі клунак. Хлопчык ішоў так. Шамякін. // Без вынікаў, без рэагавання. Пакінуць гэту справу так нельга. Гэта табе так не пройдзе. □ [Наўмыснік] быў упэўнен, што ўцякаць яму нікуды не прыйдзецца, усё абыдзецца так. Чорны.

3. прысл. У такой меры, ступені, да такой меры, ступені; вельмі; настолькі. Гэта не так важна. □ А есці так хочацца, ажно млосна робіцца. Якімовіч. [Юхім:] — Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

4. прысл. Без прычыны, патрэбы, выпадкова; без сур’ёзнага намеру, пэўнай мэты, падставы. — Так проста зайшлі, — стаў апраўдвацца адзін з .. [хлопцаў], рыжагаловы і чырвоны ад хмелю, як вараны рак. — Святы дзень сёння. Кулакоўскі.

5. прысл. Правільна, дакладна, сапраўды. Мабыць, гэта так. □ Я вычытаў недзе, што, пасадзіўшы ў гэты час [зімой] галінку вішні, яна зацвіце... Захацелася праверыць, а ці так гэта? Кандрусевіч.

6. часціца. Ужываецца ў рэпліках пры адказе для выражэння сцвярджэння, згоды. У бібліятэку збіраецеся? — Так. □ Па-першае, ты адчуваеш, што робіш, карысную справу; па-другое, ты прывыкла наведваць сваю Журавінку; па-трэцяе, ты палюбіла яе. Так? — «Так», — адказала Валя. Маўр.

7. Ужываецца ў рэпліцы-адказе з агульным значэннем неакрэсленасці. Што з вамі? — Так, галава трошкі закружылася. □ — Здароў, сусед! — Здарова, ласянятка! — Як справы, дамасед? — Ды так... усё ў парадку. Калачынскі.

8. часціца ўказальная. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа для канкрэтызацыі, пацвярджэння раней выказанай думкі. [Турсевіч:] — Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш. Колас. — Будзем жыць, — паўтарыў стары, едучы дамоў. — Так. Будзем жыць. Чорны. Так, пазіцыя выбрана ўдала. В. Вольскі.

9. часціца ўзмацняльная. Выкарыстоўваецца для падкрэслівання большай выразнасці таго слова, пры якім яна стаіць. Ну так старанна вырабляў нагамі [Мацей], Што ўсе ў далоні пляскалі яму. Корбан.

10. часціца абмежавальная. Ужываецца для ўказання на прыблізную колькасць, меру чаго‑н., час і пад. Гадоў так дзесяць таму назад. □ [Акулька:] — Не даходзім так метраў сто да купальні, што насупраць Аўсейчыкавых. Домка наша як уздрыгне і стала як укопаная. Ракітны. Хвойнік, не зусім вялікі, так мо дзесяцін у трыццаць лясок, ляжаў на ўсходнім баку Сілцоў. Гартны.

11. часціца. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа, які растлумачвае папярэдняе выказванне, у значэнні: «а іменна», «напрыклад». Расказвалі, які быў ураджай. Так, адзін гектар жыта ў сярэднім даваў пудоў семдзесят пяць. Колас. Працу размеркавалі хутка. Так, напрыклад, першаму звяпу даручылі лён, другому сенажаць. «Звязда».

12. часціца. У спалучэнні з «і» указвае на характар дзеяння (энергічнасць, рашучасць, міжвольнасць і пад.). Стары не вытрымаў, так і асунуўся. Чакаў, чакаў, так і пайшоў ні з чым. □ [Сухадольскі:] Мы ж былі першым атрадам чырвоных спецаў, выгадаваных Савецкай уладай. [Фёдар Мікалаевіч:] Так і рваліся ў бой. Крапіва. // У спалучэнні з «і» указвае на скептычныя, негатыўныя і пад. адносіны да якога‑н. дзеяння, з’явы. Бач ты, ён яшчэ надумаў пагражаць! Так яго і спужаліся. □ Так і валэндаліся ў санаторыі з гэтым Малахам. Кавалёў.

13. злучн. У спалучэнні са злучнікам «што» выкарыстоўваецца для далучэння даданых выніковых сказаў у значэнні: у выніку гэтага, таму. [Валерый:] — Ад паноў і падпанкаў нацярпеўся за свой век нямала, так што зуб на іх у цябе [дзядзькі Рыгора] яшчэ востры. Якімовіч. // У спалучэнні са злучнікам «як» выкарыстоўваецца для злучэння аднародных членаў сказа і сказаў з параўнальна-супастаўляльным адценнем. Пажар заўважылі як з баракаў, так і з пасёлка толькі тады, калі згасла электрычнае святло. Пестрак.

•••

Вось так гл. вось ​2.

Даўно б так — адабрэнне чыйго‑н. учынку, задавальненне чыімі‑н. дзеяннямі.

За так — бясплатна, дарма (рабіць што‑н.).

І так гл. і ​3.

І так далей — ужываецца ў канцы пералічэння і ўказвае, што пералічэнне можа быць прадоўжана.

І так, і гэтак — а) рознымі спосабамі, на розны манер; б) па-рознаму; то добра, то дрэнна.

(І) так і сяк; ці так ці сяк — на розны манер, рознымі спосабамі; усяляк; тым ці іншым спосабам.

Не так, каб; не так каб — выкарыстоўваецца для некатэгарычнага адмаўлення якой‑н. думкі ў значэнні: не вельмі.

Не так сабе — з нейкай мэтай, з пэўным намерам. І ўсё ж зараз, на старасці гадоў, рашыў .. [сусед] заняцца вінаградарствам. І не так сабе: даўно сачыў за доследамі селекцыянераў. Кавалёў. [Тарас:] — Дык можа і за Валяй будуць сачыць? [Сымон:] — Не ведаю. Але думаю, што выпусцілі яе не так сабе... Якімовіч.

Проста так гл. проста.

Так званы гл. званы.

Так і быць гл. быць.

Так і ёсць — на самай справе, сапраўды.

Так і так — ужываецца замест пераказу, паўтарэння ўжо вядомага, таго, пра што ўжо расказвалася. [Гарошка:] — Так і так, расказваю, ёсць у суседзяў нашых закінуты кацёл. Краўчанка.

Так і трэба каму — за ўчыненае і адплата.

Так на так — а) без прыдачы, адно за другое (пра абмен); б) у роўнай прапорцыі, у роўных суадносінах.

Так сабе — а) ні добрае, ні дрэннае (пра каго‑, што‑н.). Гаспадар з яго так сабе; б) проста так, несур’ёзна. Гэта была толькі так сабе, прыстрэлка. Шыцік. [Алена:] — Прастойваеш вечары з хлопцам так сабе, выходзіць? Пальчэўскі.

Так сказаць гл. сказаць.

Так точна! — так, іменна так.

Так то (яно) так — усё гэта правільна, але... [Андрэй:] — Я ночы не спаў, насенне малаціў, а ўдзень за плугам ад раніцы да вечара. Конь і той ноччу адпачывае. — Так то яно так, сынок... Чарнышэвіч.

Так трымаць! гл. трымаць.

Так ці інакш (іначай) (у знач. пабочн.) — ва ўсякім выпадку, тым ці іншым спосабам.

То так, то сяк; то так, то гэтак — па-рознаму; то адным спосабам, то другім.

Хоць бы і так — няма нічога асаблівага, дрэннага ў чым‑н.

Ці так? — ці праўда?

Як жа так гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

псава́ць, псую, псуеш, псуе; псуём, псуяце; заг. псуй; незак.

1. што. Прыводзіць у няспраўны стан, рабіць непрыгодным, непрыдатным. Псаваць прадукты. □ Рабочыя псавалі паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзіць немцам вывозіць нарабаванае дабро. Лынькоў. Шмат хто з .. [хлопцаў] вызначаўся хіба тым, што на дзіва часта псаваў станкі ці ламаў дэфіцытныя фрэзы. Мележ. // Наносіць шкоду чаму‑н. Псаваць здароўе. Псаваць вочы. □ — Цукеркі дзеду — не, не любы, Няхай іх качкі: псуюць зубы, Дык лепш не знаць іх. Колас.

2. што. Рабіць непрыемным, брыдкім; пагаршаць. Псаваць адносіны. Псаваць смак. □ Цяжкая хвароба псавала настрой пісьменніку, і ён часам нават губляў веру ў свае сілы. Хведаровіч. Адно толькі псавала ўражанне — старая скрынка для посуду на сцяне побач з печкаю. Ваданосаў. Сяргей злаваўся, што Надзя не можа супакоіць сваю маці, і гэта вельмі псавала яго ўзаемаадносіны з жонкай. Рамановіч. // Рабіць непрыгожым. Псаваць выгляд. □ Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

3. каго-што. Дрэнна ўплываць на каго‑н., прывіваць дрэнныя схільнасці каму‑н. — У шафу павесіш пазней, — сказала Дора Змітраўна, успомніўшы мужавы дакоры, што сваімі клопатамі псуе дачку. Карпаў. [Тупала:] — Ты бачыў? Зазнаўся! Напісаў дзве бяздарныя кніжачкі і гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Шамякін.

4. што. Дарэмна пераводзіць, глуміць. Каму выдаралася вольная часіна, ішоў да кузні пацерціся каля людзей і закурыць з горна, каб не псаваць дома запалкі. Чорны. [Вера] нават падумала, што мастак гэты проста няўдачлівы аматар, які толькі дарэмна псуе дарагія фарбы. Асіпенка.

•••

Псаваць кроў каму — злаваць, раздражняць каго‑н.

Псаваць сабе кроў — злавацца, раздражняцца з-за чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Шырока развесці ў бакі. Раскінуць крылле. □ А Нінка яшчэ спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль. Хлопчык, як угледзеў Галю, раскінуў рукі і пабег да яе. Сабаленка. // Шырока распасцерці ў розныя бакі. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнай голле. Дуброўскі. // Адкінуць у бакі, разгарнуць, раскрыць. Тады Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў фурманку. Лобан. Вось раскінулі хлопцы варты, І на новай зялёнай трохтонцы, Як на сцэне, з раёна артыст Заспяваў аб радзімай старонцы. Нядзведскі.

2. Разаслаць, разгарнуць на паверхні што‑н. Люба раскінула на падлозе брызент — паслала сабе і Васілю. Даніленка. Прося здагадалася: сцягнула посцілку, раскінула на падлозе і натаптала клунак. Паўлаў. // Раскласці што‑н. складзенае. Раскінуць стол. Раскінуць антэну. // Знайшоўшы месца, паставіць, размясціць што‑н. Раскінуць палаткі. □ Падобна было на першы погляд, што тут [на ўзлеску] проста раскінулі свой часовы лагер маладыя турысты. Хадкевіч.

3. Распасцерці, працягнуць на вялікай прасторы. Вецер мяккі, Цёплы і сіні прыходзіць на помач, Гоніць крылатыя лодкі, Быццам іх хоча ўдаль заманіць, Туды, дзе сінія хвалі Раскінула Нарач на поўнач, На поўдзень, на захад, на ўсход. Танк.

4. Раскідаць, рассыпаць па чым‑н. што‑н. Сцяпан выскубнуў колькі ахапкаў сена, раскінуў іх па доле. Скрыган. Ганна раскінула падушкі на ложку, паслала белыя, як снег, просціны — словам, пасцель падрыхтавала так, як мае быць. Гроднеў. // перан. Разм. Размеркаваць, раздзяліць што‑н. паміж кім‑, чым‑н. Раскінуць абавязкі.

•••

Раскінуць розумам — падумаць, памысліць.

Раскінуць рукамі — тое, што і развесці рукамі (гл. развесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)