фо́кус 1, ‑а, м.
1. Спец. Пункт перасячэння адбітых або праломленых прамянёў. // Адлегласць ад шкла, якое праламляе або адбівае прамяні, да гэтага пункта.
2. Пункт, у якім прадмет, што фатаграфуецца або разглядаецца пры дапамозе аптычнага прыбора, мае найлепшую рэзкасць, выразнасць. Дзмітрый паднёс да вачэй акуляры бінокля. Пальцы чамусьці зрабіліся непаслухмянымі, лінзы доўга не ўдавалася навесці на фокус. Беразняк.
3. Месца, у якім найбольш выразна выяўляецца дзеянне, прымета чаго‑н. Фокус землетрасення. // Ачаг запаленчага працэсу ў арганізме.
4. перан. Цэнтр якіх‑н. з’яў, уласцівасцей, падзей. У фокусе п’есы [І. Мележа «Пакуль вы маладыя»] стаяць важныя маральна-этычныя і грамадскія пытанні аб духоўным, інтэлектуальным і прафесіянальным жыцці маладых інжынераў. Гіст. бел. сав. літ. Усе.. сюжэтныя напрамкі [рамана А. Чарнышэвіча «Світанне»] развіваюцца і сходзяцца ў адным фокусе. «Полымя».
5. Спец. Пастаянны пункт, які мае асаблівыя ўласцівасці ў адносінах да любога пункта на крывой.
[Ад лац. focus — ачаг.]
фо́кус 2, ‑а, м.
1. Лоўкі прыём, заснаваны на малавядомых гледачам фізічных ці хімічных з’явах або проста лоўкасці рук. Картачны фокус. □ То ён скажа што-небудзь такое, ад чаго ўсе аж падаюць ад смеху, то выдумае нейкую цікавую забаву, то пакажа дзіўны фокус. Краўчанка. // Незвычайнае дзеянне, прыём, якія заснаваны на штукарстве. [Кузя] вырабляў розныя фокусы: клаў ногі па руль, адпускаў рукі. Жычка.
2. Складанасць, сакрэт чаго‑н. [Міхалка] прыдумваў дзіцячыя ветраныя млынкі з рознымі фокусамі. Бядуля.
3. перан. Разм. Хітрасці, выдумкі. [Мірон:] — А цяпер выходзьце па адным, пойдзем у раён... Ды глядзіце, каб без фокусаў! Лынькоў.
4. звычайна мн. (фо́кусы, ‑аў); перан. Разм. Капрызы, прычуды. Кінь свае фокусы. □ [Чумакоў:] — Што здарылася? Зноў які-небудзь Светчын фокус? Мехаў.
[Ад ням. Hokuspokus.]