псаваць, псую, псуеш, псуе; псуём, псуяце; заг. псуй; незак.

1. што. Прыводзіць у няспраўны стан, рабіць непрыгодным, непрыдатным. Псаваць прадукты. ▪ Рабочыя псавалі паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзіць немцам вывозіць нарабаванае дабро. Лынькоў. Шмат хто з .. [хлопцаў] вызначаўся хіба тым, што на дзіва часта псаваў станкі ці ламаў дэфіцытныя фрэзы. Мележ. // Наносіць шкоду чаму‑н. Псаваць здароўе. Псаваць вочы. ▪ — Цукеркі дзеду — не, не любы, Няхай іх качкі: псуюць зубы, Дык лепш не знаць іх. Колас.

2. што. Рабіць непрыемным, брыдкім; пагаршаць. Псаваць адносіны. Псаваць смак. ▪ Цяжкая хвароба псавала настрой пісьменніку, і ён часам нават губляў веру ў свае сілы. Хведаровіч. Адно толькі псавала ўражанне — старая скрынка для посуду на сцяне побач з печкаю. Ваданосаў. Сяргей злаваўся, што Надзя не можа супакоіць сваю маці, і гэта вельмі псавала яго ўзаемаадносіны з жонкай. Рамановіч. // Рабіць непрыгожым. Псаваць выгляд. ▪ Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

3. каго-што. Дрэнна ўплываць на каго‑н., прывіваць дрэнныя схільнасці каму‑н. — У шафу павесіш пазней, — сказала Дора Змітраўна, успомніўшы мужавы дакоры, што сваімі клопатамі псуе дачку. Карпаў. [Тупала:] — Ты бачыў? Зазнаўся! Напісаў дзве бяздарныя кніжачкі і гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Шамякін.

4. што. Дарэмна пераводзіць, глуміць. Каму выдаралася вольная часіна, ішоў да кузні пацерціся каля людзей і закурыць з горна, каб не псаваць дома запалкі. Чорны. [Вера] нават падумала, што мастак гэты проста няўдачлівы аматар, які толькі дарэмна псуе дарагія фарбы. Асіпенка.

•••

Псаваць кроў каму — злаваць, раздражняць каго‑н.

Псаваць сабе кроў — злавацца, раздражняцца з-за чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)