змо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змоўк, ‑ла; зак.

1. Перастаць раздавацца, сціхнуць (пра гукі). Песня змоўкла. □ Змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Гоман працы змоўк у полі, Сціхлі гукі за ракой. Гілевіч.

2. Перастаць гаварыць, крычаць, пець і пад.; замоўкнуць, заціхнуць. Мікіта Мінавіч на хвіліну змоўк і зноў абвёў усіх спакойным поглядам. Кулакоўскі. Недзе далёка зноў закукавала зязюля і адразу змоўкла. В. Вольскі. / Пра музычны інструмент, радыё, тэлефон і пад. Ужо і радыё змоўкла, але сама [Маша] ніяк не магла заснуць. Гроднеў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Кулямёт змоўк. □ Самаходка тым часам змоўкла, затое ротныя мінамёты пачалі біць раз-поразу. Кулакоўскі. // Перастаць напаўняцца гукамі, гоманам і пад. Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын. Шамякін. Не інакш, як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выбача́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каму, каму за што, на што і без дап.

1. Не караць за што‑н., дараваць. [Дзед Мароз:] — Выбачай мне за спазненне, Што ні хочаш — я ў імгненне Для цябе [Міхася] зраблю. Кірэенка. Сорам добрай гаспадыні даваць такі хлеб чужым людзям. А што ж інакш рабіць? Што ж, няхай.. [Кастусь] выбачае. Чорны.

2. заг. выбачай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. (часам як пабочнае слова), калі просяць прабачэння за турботы, непрыемнасць і пад. Госць падаўся да дзвярэй, але зноў авалодаў сабою і спакойна сеў. — Выбачайце, я ўзнерваваны. Чорны. [Жэня:] — Выбачайце, Віктар Сяргеевіч, мы вас патурбавалі... Якімовіч. // Ужываецца як форма пратэсту, нязгоды. [Дзед Бадыль:] — Дзеўка — золата, а на пасаг выбачайце! Крапіва. Каламуціцца ноч. Расшчапляецца атам. Гэта зноў Вы з вайной? Выбачайце, паны дыпламаты. Лужанін.

3. каго. Прызнаваць, што хто‑н. заслугоўвае даравання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

віта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Звяртацца да каго‑, чаго‑н. з прывітаннем. Толькі.. [Алесь] зноў узяўся за рычагі, як у другі раз пачуўся свіст і з-за алешыны, смеючыся і вітаючы яго паднятай рукой, выйшаў Васіль. Краўчанка. Цябе я, мора, не вітаю, Дзень добры не прыношу ў дар. Хадыка.

2. Сустракаць каго‑, што‑н. добразычліва, прыхільна, выказваючы павагу, грамадскае прызнанне. Вітаць герояў-касманаўтаў. □ Госці дружна заапладзіравалі, вітаючы прамову Івана Кузьміча. Каршукоў. Высока ў небе ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. Краіны савецкае знатных людзей Вітае сягоння сталіца. Кляшторны. // Ухваляць, падтрымліваць што‑н. Вітаць смелае пачынанне. Вітаць прапанову.

3. Віншаваць. Вітаць з надыходзячым святам. □ [Пятрусь:] — Цяпер можаш мяне вітаць — школу скончыў на «выдатна». Краўчанка.

4. без дап. Абл. Заходзіць, наведвацца. Варона гонар свой збаўляе, Ды зноў да сметніка вітае. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ране́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. ранні (у 1 знач.).

2. Які мае адносіны да мінулага, былога; колішні. Гэта не ранейшы час, што да бліжэйшай станцыі трэба было дабірацца па бездарожжы не менш за паўдня. Кулакоўскі. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе .. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. // Такі, якім быў некалі, у мінулым, раней. Толькі кароткая завіўка замест кос як бы падменьвала ранейшую Касю нейкай другой... Васілевіч.

3. Які быў перад гэтым, папярэдні. Хадзіць гуляць да сваіх ранейшых сяброў.. [Міхасю] не хацелася. Якімовіч. Каморка, прыбраная дбала, Свой від ранейшы прыняла. Колас.

4. Той самы; такі, які і быў. Затым [Місюк] адсунуў бляшанку, падзякаваў і зноў вярнуўся да ранейшай гаворкі. Пальчэўскі. Страказа час ад часу ўзлятала, рабіла ў паветры некалькі замыславатых кругоў і зноў садзілася на ранейшае месца. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уну́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Утуліцца ў што‑н. [Караба] зноў унурыўся галавой у падушку і адразу захроп. Асіпенка. // Паваліўшыся з разгону наперад, уткнуцца тварам у снег, зямлю і пад. Толя ўпаў каля нейкага драўлянага доміка і ўнурыўся тварам у пясок. Якімовіч.

2. Захапіўшыся, паглыбіцца ў што‑н., задумацца. У дарозе людзі паводзяць сябе па-рознаму: хто пазірае ў акно, хто ўнурыцца ў чытанне, а хто не можа маўчаць і з незнаёмымі. Марціновіч. Адам на момант змоўк. Схіліўся над варштатам, унурыўся ў чарцёж. Мыслівец. // Апусціць галаву, панурыцца. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Унурыўся і маўчаў. Колас. [Мужчыны] вядуць на перакур купкай, а.. [Мацей] воддаль прыткнецца, закурыць, унурыцца і маўчыць. Пальчэўскі.

3. Пільна, не зводзячы вачэй, глядзець на каго‑, што‑н. Зачуўшы крокі, .. [хлопец] спалохана ўстрапянуўся, агледзеў Ілью з галавы да ног, потым зноў унурыўся ў агонь. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успе́рціся, узапруся, узапрэшся, узапрэцца; узапромся, узапрацеся; пр. успёрся, ‑перлася; зак.

Разм.

1. Абаперціся, аблакаціцца на каго‑, што‑н. Стары давалокся да стала знясілены, усцягнуўся на край лавы і ўспёрся ўпалымі грудзямі на стол. Кірэенка. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Чалавек адказаў яму такім жа свістам і зноў успёрся на локаць. Крапіва. — Не, мне няцяжка, — бадзёра адказвае Косцік. А самому робіцца шкада маткі. Вунь якая яна. Белая і ледзь ідзе. — Ты ўзапрыся на мяне, узапрыся, пойдзем памаленьку, — гаворыць ён. Арабей.

2. Узлезці, узабрацца куды‑н., на што‑н. Адась успёрся на [плот] і пачаў глядзець на балота пад узгоркам. Чорны.

3. Рана ўстаць. Успёрся ў такую рань. □ А заспяваюць другія пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — і мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ню́нькі ’самыя раннія вясеннія кветкі, жоўценькія, што растуць у балоцістым месцы’ (Нас.), ’лотаць балотная, Caltha palustris L.’ (Кіс.), ’асака’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нюнки ’расліна Sparganium Simplex L. ці Sparganium ramosum L.’, рус. нюньки ’расліны Ptarmica vulgaris DC., Sparganium ramosum L., Festuca fluitans, асака Carex L.; расліна накшталт явару; корань чароту’, славен. njünje, njüne, njünke, nunke ’расліны Crokus і Colchicum autumnale’. Відаць, гукапераймальнае, бо некаторыя з гэтых раслін выкарыстоўваюцца ў якасці пішчалак, параўн. рус. смал. нюня, нюнька ’пішчалка з явару’, славен. nunovje ’кара, з якой робяць пішчалкі’, пипа, nunika ’від пішчалкі’, балг. нунунка ’расліна Papaver rhoeas’, нунавец ’расліна Asphodelus albus’, чэш. nunuška ’расліна Carolina acaulis’, параўн. Бязлай, 2, 230. Спроба Бязлая (2, 230; Eseji, 151; Baltistica, 2, 17) вывесці славенскія назвы раслін на падставе славен. očun ’Crokus, Colchicum’ < *of-jan, г. зн. ’зноў малады’, і тым самым nünka — след старой балта-славянскай кантамінацыі паміж літ. jaunas ’малады’ і nauns ’новы’, здаюцца менш пераканальнымі. Параўн. нюні, нюня (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перагуза́цьзноў перавязваць снапы’ (Нас.). Да пера- і гуза́ць (гл.), апошняе звязваецца з прасл. *ǫz‑/*ęz (ЭСБМ, 3, 112). Аднак, улічваючы першаснасць пачатковага г‑ трэба зыходзіць з прасл. *guzъ, варыянта назалізаванага *gǫzъ, якія адлюстроўваюць больш старажытныя і.-е. адносіны *gongʼ‑/*gou̯gʼ‑, параўн. ст.-грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gū̀žis ’галоўка капусты’ (Трубачоў, Эт. сл., 1, 91–92), курд. guz‑ ’азадак, ягадзіцы’. Семантыка лексемы перагуза́ць, такім чынам, суадносіцца не з *vęzati ’вязаць’, а з *guzъ ’камель дрэва, ніжняя частка снапа’, параўн. здро з *guz‑d‑ro, як укр. гуз‑но ’зад (чалавека)’, рус. гузло́, гу́з‑но, гуз‑но́ ’ніжняя, задняя частка чаго-небудзь’ і інш. шматлікія лексемы з коранем гуз‑ з гэтым жа значэннем, палес. гузды́р (Выг.) ’ніжняя частка снапа’ < прасл. *gǫzyrь ’задняя частка чаго-небудзь’. Параўн., аднак, славен. prézati ’звязваць’, якое Супрун (ЭСБМ, 1, 123) звязвае з *перазаць (гл. аперазаць); магчыма, з *per‑ǫz‑ati з пратэзай, гл. гуж1, тады сувязь з гуз — другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лі́пкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які лёгка прыліпае, прыстае; клейкі. Ліпкі грунт. Ліпкае павуцінне. □ Ногі правальваліся.., гразлі ў ліпкай, цягучай твані балота. Лынькоў. // Пакрыты слоем клейкага рэчыва. На алешніку лісце ўжо вялікае, але ліпкае, з чырванаватымі прожылкамі. Кулакоўскі.

2. перан. Разм. Неадчэпны, назойлівы. Ліпкі позірк. □ Міхась наліваў па шклянцы, і на душу яго зноў пачыналі капаць цёплыя, ліпкія кроплі Капейкавых слоў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лы́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Прадмет сталовага прыбора для зачэрпвання рэдкай або рассыпістай ежы. Сталовая лыжка. Чайная лыжка. □ На прыпечку стаялі гліняная міска, чыста вымытая, а ў ёй дзве драўляныя лыжкі. Кулакоўскі. // Колькасць рэчыва, якое можа ўмясціцца ў лыжцы. Чайная лыжка солі. □ Якуб сёрбае лыжак колькі капусты і зноў гаворыць. Якімовіч.

•••

У лыжцы вады ўтапіць гл. утапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)