Ка́ста1 ’каста’ (ТСБМ). Рус. ка́ста, укр. ка́ста. Паводле Фасмера, 2, 207, запазычанне з зах.-еўрап. моў. Праз мовы-пасрэднікі, ням. (Kaste) або франц. (caste), слова ўзята з парт. casta ’парода; паходжанне’, першапачаткова ’чыстая парода’. У аснове ляжыць лац. castus ’чысты’. Шанскі (2, К, 86) удакладняе, што ў рус. мове (якая, дарэчы, можа быць пасрэднікам для бел.) ка́ста з’явілася ў канцы XVIII ст. Упершыню фіксуецца ў рус. слоўніку Яноўскага 1803 г. са значэннем ’грамадская групоўка ў Індыі’, агульнае значэнне ўстанаўліваецца з 1847 г. (яно фіксуецца ў Слоўніку АН; гл. Шанскі, там жа).

Кас́та2 ’яслі, драбіны’ (Сл. паўн.-зах.). Слова ўжываецца таксама ў мн. ліку (напр., сена кладуць у касты). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 433, запазычанне непасрэдна з літ. kāstė ’тс’, якое, у сваю чаргу, было ўзята з ням. Kasten ’тс’. Можна пагадзіцца з прапанаванай этымалогіяй (< ням.) у агульных рысах. Ням. форма Kasten не зусім дакладна адпавядае літ. kāstė. Таму, як можна меркаваць, непасрэднай крыніцай для літ. слова было іншае ням. слова. Маецца на ўвазе не сучасная ням. мова, а нейкія формы с.-ням. паходжання. Такія сапраўды ёсць (параўн. kaste ’тс’; форма гэта сустракаецца і ў сучасных ням. дыялектах). З ням. крыніцы ўзята і лат. kaste. Гл. Клюге, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каштава́ць1 ’мець тую або іншую цану, грашовую вартасць’; ’абыходзіцца ў якую-н. суму, патрабаваць якіх-н. затрат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Слова засведчана ў ст.-бел. мове з 1516 г. (таксама як і коштъ, коштованье, коштовне, коштовность і г. д.; гл. Булыка, Запазыч., 174). Параўн. рус. коштовать (дыял.), укр. коштувати і г. д. Запазычанне з польск. мовы (< польск. kosztować ’тс’); Бернекер, 586; Фасмер, 2, 361; гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67; Рыхардт, Poln., 68. Крыніцай польск. слова з’яўляецца с.-в.-ням. kosten ’каштаваць, быць вартым і да т. п.’ Слаўскі, 2, 545. Гэта апошняе ў сваю чаргу узята са ст.-франц. coster < лац. *costare < cōnstare (Слаўскі там жа).

Каштава́ць2 ’спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Параўн. рус. дыял. коштова́ть ’тс’, укр. куштува́ти, коштува́ти. Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. kosztować ’тс’ (у такім значэнні польск. слова вядома з XVI ст.), якое ўзята з с.-в.-ням. kosten ’даследаваць, вывучаць, спрабаваць, пробаваць на смак’ або ст.-в.-ням. kostōn ’тс’ (гэты дзеяслоў роднасны лац. gastāre ’каштаваць, спрабаваць ’). Гл. Бернекер, 1, 586; Брукнер, 260; Фасмер, 2, 361; Махэк₂, 282. Вельмі падрабязна аб семантычнай гісторыі слова kosten у ням. мове гл. у Пауля, Wörterb. (7. Aufl., 1960), с. 344. Гл. яшчэ Клюге, 395–396.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ато́са (БРС), ато́с (Шат.), отʼо́са (Маслен.), ато́снік ’канец атосы’ (Маслен., Бяльк.), ато́ска, атосіна (Нас., Бяльк.), заотʼосник, наотʼосник, приотʼосник (Маслен.). Рус. дыял. паўд.-зах. отоса, отос, атос, атосы, атоса, укр. отеса, отісонька, польск. ociosy, otos(a), odos. Ст.-бел. отосе (1643). Паходжанне спрэчнае. Паводле Даля — з спалучэння от оси; Сцяц. (Слозаўтв., 177) лічыць прэфіксальным, у карысць чаго падосак ’дэталь воза’ (Касп.), польск. форма odos і шэраг іншых польскіх прэфіксальных назваў дэталей воза: nadośka, naośnik, zaośnik, podośnik. Супраць формы тыпу ацёса і пад. Таму нельга выключыць, што гэта народная этымалогія. Насовіч (Сб., 377), Атрэмбскі (SOc., 19, 457), Фрэнкель (756), Лаўчутэ (Kalbotyra, XXII (2), 83) і інш. (агляд — Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 84) лічаць запазычаннямі з літ. atãsaja, atãseja, лат. atsèja. Яблонскіс (296) уключыў слова атоса ў спіс «прапушчаных і няясных слоў». Супрун (Лекс. балтызмы, 43), Урбуціс (Baltistica, V (2), 1969, 161) далучаюць атоса да праблематычных балтызмаў. У сувязі са спробамі этымалагізацыі слова на славянскім грунце трэба ўлічыць яшчэ натоснік (Мядзв.) ’тое ж, што атоснік’ — ’канец атосы’; стос(а) частка воза’, укр. бойк. затоса ’атоса’ (Кміт па вусн. павед. Краўчука), што можа звязаць слова з коранем *tos‑, *tъs‑, а таксама словы тыпу рус. потесь ’гатунак вясла’, ст.-рус. потесъ ’зарубка’, што можа звязаць з коранем *tes‑ (цясаць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Меч1 (м. р.) ’старадаўняя халодная зброя’ (ТСБМ, Яруш.), (ж. р. — Рам. 5; швянч., Сл. ПЗБ; Нар. Гом., ТС). Укр. меч і міч, рус. меч, перм. мечо́, ст.-рус. мечь, польск. miecz, н.-луж. mjac, в.-луж. mječ, чэш., славац. meč, славен. mȅč, серб.-харв. ма̏ч, макед., балг. меч, ст.-слав. мечь. Прасл. mečь і mьčь, якія разглядаліся як запазычанне з гоц. *mēkeis (гоц. mēki — В. скл.), ст.-ісл. mϰ kir, ст.-англ. méce, ст.-сакс. mâki (Міклашыч, Fremdw., 112; Мее, 110, 184; Вондрак, Vergl. gr., 1, 62), як роднасныя з лац. mactō, ‑āre ’забіць, зарэзаць’ (Торп, 303), са ст.-грэч. μάχη ’бітва’ (Младэнаў, 295), з ірл. machtaim (Вальдэ-Гофман, 2, 4). Фасмер (2, 612–613) дапускае запазычанне слав. і гоц. слоў з адной, невядомай нам крыніцы; Мартынаў (Лекс. взаим., 217–218) дапускае магчымасць запазычання з Блізкага Ўсходу праз каўказскія мовы (пры цюркскім пасрэдніцтве), параўн. дзідойск. mačʼa ’шабля’, куанадск. mīča ’кінжал’, груз. maχva ’востры меч’ і інш., ст.-грэч. μάχαιρα < ст.-яўр. mekērā(h). Сюды ж ме́чнік ’мечаносец’, ’рамеснік, які вырабляў мячы’ (ТСБМ), ст.-рус. мечьникъ (гл. Львоў, Рус. и слав. языкозн., 1972, 180).

Меч2, мечы́ны ’плоская дошчачка ў пачатку і на канцы драбіны’, ’папярочныя перакладзіны ў драўлянай баране’ (Смул.), укр. валынск. ме́чики ’лёстачкі ў драбіце’. Да мыч (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мост, му͡ост, міст, мыст ’збудаванне для пераходу або пераезду цераз раку, канал, чыгунку’, ’падлога’, ’памост, насціл (у лодцы, на паду пад стог і інш.)’, палес. мосток ’ганак, сходцы перад уваходам у хату’, паўн.-усх. масткі ’падлога ў сенцах’ (ТСБМ, Нас., Бес., Яруш., Юрч., Др.-Падб., Грыг., Сцяшк., Касп., Бяльк., Ян., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Мат. Гом., Мат. Маг.; КЭС, лаг.; ДАБМ, к. 336), нараўл. мост ’дно ў калодзежы’ (Нар. сл.), маставі́на ’дошка ці бервяно ў памосце’ (Др.-Падб., Ян.). Укр. міст, рус. мост, ст.-рус. мостъ, польск. most, н.-, в.-луж. móst, чэш., славац. most, славен. mȏst, серб.-харв. мо̑ст, макед., балг. мост, ст.-слав. мостъ. Прасл. mostъ. Не зусім яснае слова. Напэўна выходзіць са ст.-в.-ням. mast ’шост, мачта’, англасакс. moest ’тс’, ст.-ірл. maide ’палка’ (< *mazdi̯os) (Мерынгер, 21, 303; Фасмер, ZfSlPh, 2, 55 і інш.). Фасмер (2, 662) сумняваецца таксама ва ўзвядзенні прасл. mostъ да *mot‑tos ’тое, што пастаўлена, накідана, збудавана’ і ў збліжэнні яго з дзеясловам metati ’кідаць’, хаця Махэк₂ (374), выводзячы mostъ з mesti ’тс’, прыводзіць у пацвярджэнне літ. прыклад, дзе pamestas азначае ’перакінуты (праз раку)’ і аналагічна франц. jeter le pont ’збудаваць (г. зн. ’перакінуць, накідаць’) мост’. Сюды ж маставік ’мостабудаўнік’ (ТСБМ), якое з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 110), як, відаць, і маставая ’брукаваная або асфальтаваная вуліца’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Му́рза1 ’неахайны або мурзаты чалавек’ (ТСБМ, Гарэц., Нас., Чач., Растарг., Нікан., Сл. ПЗБ, ТС), ’губа’ (Нас.), мурзе́ля ’тс’, ’бруднае дзіцё’ (ТС), ’запэцканы твар’ (паўн.-усх., КЭС), клец. мурзэля ’тс’ (Нар. лекс.), міёр. мурза́ч, мурзэль, мурзэла, мурзэліна ’брудны, мурзаты’ (З нар. сл.), му́рзаць, му́рзацца ’пэцкаць твар, зубы’, ’рабіцца брудным’ (ТСБМ, Нас., Янк. 2, Шат., ТС; КЭС, лаг.). Балтызм. Параўн. літ. mùrza, лат. mur̃za ’брудны, мурзаты чалавек’, яшчэ літ. ’твар, рот’ (параўн. адпаведнае значэнне ў бел. лексемах), якія ад mùrti ’размакаць’, ’гразнуць, вязнуць’ пры дапамозе суфікса ‑z‑ (Лаўчутэ, Балтизмы, 121–122). Аналагічна ўкр. жытом. мурзатий, усх.-польск. murza, murzacz, murzać; murzaty, murzasty, ’сабака чорнай масці’, murzuwaty ’шэры конь’, mruźaty, mroźaty ’шэра-светла-карычневы конь’, рус. му́рза, мурза́, мурза́йка, мурза́ки ’твар’ (Літ., Латв. ССР).

Му́рза2 ’павідла з чарнікі і мукі’ (стол., Вешт. дыс.), ’страва з чарніц’ (ТС), мурза́ч ’страва з мукі і смятаны’ (петрык., Мат. Гом.). Укр. жытом. мурза ’павідла’. Відавочна, балтызм. Параўн. murzóti ’намазваць, мазаць’.

Мурза́ ’тытул татарскай феадальнай знаці ў XV ст.; асоба з такім тытулам’ (ТСБМ), ст.-бел. мурза, мурса, мырза ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-рус. мурза < тат. myrza < перс. mīrzā або і непасрэдна з крым.-тат. мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 27) Жураўскі (Цюркізмы, 86) лічыць гэта слова экзатызмам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кудзе́ля ’валакно льну, канапель, апрацаванае для прыгатавання пражы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Нік. Очерки, Серб., Шпіл., Бяльк., Мат., Янк. 1, Чуд.). Укр. куделя, рус. кудель ’тс’, балг. къделя, серб.-харв. ку́деља, славен. kodȇlja ’тс’, польск. kądziel, чэш. koudel, в.-луж. kudźel, н.-луж. kuzel ’тс’. Параўн. кужаль (гл.), кужэль (гл.). Частка форм, якія ўзыходзяць да kǫžel, мае значэнне ’кудзеля’ (бел. кужаль ’ачэсаны і ачышчаны лён’, укр. кужіль ’ачэсаны лён, прыгатаваны для прадзення’, параўн. рус. кудель у тых жа значэннях). Такім чынам, kǫdelь і kǫželь могуць мець тоесную семантыку. Спробы даць прасл. kǫdelь этымалагічнае тлумачэнне былі няўдалымі. Такім з’яўляецца супастаўленне kǫdelь з літ. kedénti ’скубеш воўну’, якое генетычна суадносіцца з kedė́ti ’трэскацца, лопацца’, kėdóti рваць у розныя бакі’, kẽdaras ’лахманы’, а далей са ст.-грэч. σκεαννύναι ’расшчапляю’, літ. skedervà ’асколак’ (параўн. Фрэнкель, 233). Таксама няўдалай з’яўляецца спроба звязаць kǫdelь з kǫdьrь (гл. кудзер) з выдзяленнем у іх агульнага прэфікса (kǫdelьc і.-е. *del‑/*dol‑ ’расколваць’ з рэканструкцыяй першаснага значэння плесці’, якое не збераглося ў жывых дыялектах) (параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 99). Зыходзячы з факта спарадычнага змяшэння і у карысць у праславянскай мове, мяркуем, што kǫdelь < *kǫgelь (якое дало таксама kǫželь) (Мартынаў, Слав. акком., 64–65).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жох1 ’прайдзісвет’ (ТСБМ). Рус. жох ’тс’. Улічваючы форму жег ’прайдзісвет’, якую Даль прыводзіць у гняздзе жечь, Шанскі (1, Д, Е, Ж, 296), як і Фасмер (2, 62), Праабражэнскі (1, 236), схіляецца да думкі пра сувязь з коранем жьг (гл. жога) і параўноўвае з прожженный, выжига, жиган. Хаця гэта этымалогія патрабавала б падтрымкі як у семантычных, так і ў фармальных адносінах, яна, магчыма, лепей, чым іншыя, напр., сувязь з жокер ’назва карты’ (< англ. ’падманшчык’) ці з цюрк. джок ’бядняк’ (Радлаў, Опыт, 4, 93), альбо шох ’цікавы, гуллівы, жартаўлівы’ (там жа, 1026). Гл. жох3.

Жох2 ’костка ў гульні’ (грозд., Нар. словатв., 269). Рус. дыял. жох ’адна са старон, палажэнне косткі ў гульні; сама костка; спіна, край’. Фасмер (2, 62), крытыкуючы няпэўную сувязь з жаць2, якую адзначыў Гараеў (111), недакладную паралель з польск. żoch ’страўнік’ (магчыма, з чэш. žock, žok < ням. Sack ’мех, мяшок’), выказвае нясмела думку пра магчымасць сувязі з жох1. Ці не трэба ўлічыць магчымасць сувязі з цюрк. джок, у некаторых мовах (напр., казах.) жок ’не, няма, згубленая рэч’ (Радлаў, Опыт, 4, 92–93)? Параўн. яшчэ Ціцэ (Tietze), Oriens, 10 (1957), 377.

Жох3 ’выклічнік, што ўказвае на раптоўнасць’ (полац., Нар. лекс., 26). Відаць, звязана з дзеяслоўным коранем *žьg‑ (гл. жага, жгаць). Параўн. укр. прожогом ’хутка, імкліва’. Гл. жох1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Здань ’прывід’, зданнё ’ўява’, зда́нне ’меркаванне’ (Нас.), здання ’прывід’ (Сл. паўн.-зах.). Ц.-слав. зьдань ’пабудова’. Здань — назоўнік на ‑ь (< *і̆) ад дзеепрыметніка на ‑н‑ да дзеяслова zьd‑ati ’стварыць’, як дыял. дрань ’дранка’ ад *dьratі, рус. рвань ад rъvati. Зданнё, зданне, здання адлюстроўваюць фанетычныя варыянты ўтворанага з суф. ‑ьje прасл. zьd‑an‑ьje (польск. zdanie ’думка, сказ’, чэш. zdání, славац. zdanie ’ўява’, рус. зда́ние < ст.-слав. зьданиѥ ’будова, стварэнне’ і інш.). Семантыка ’стварэнне’ > ’уява’ > ’прывід’ цяжкасцей не выклікае. Прасл. zьd‑ адлюстроўваецца ў ц.-слав. зьдъ ’гліна’, чэш. zed ’каменная сцяна’, польск. zdun > бел. дыял. здун ’ганчар’, славен. zídati ’класці сцяну’, балг. зѝдам ’будаваць’, рус. зодчий ’архітэктар’ (апошнія з чаргаваннем галоснага). Літ. žiedžiù, žiẽsti ’фармаваць, ляпіць’, лат. ziest ’абмазваць глінай’ разам са слав. даюць балта-слав. корань *gʼheidh‑, утвораны, паводле Покарнага (1, 245), перастаноўкай з *dheigʼh‑ (адкуль дзяжа, гл.) ’мясіць гліну, цеста’. Параўн. гоц. deigan ’мясіць’, ст.-інд. dēhmi ’абмазваць’, грэч. τείχος ’каменная сцяна’, лац. fingō ’мажу, фармую’, figura (> бел. фігура). Меркаванне Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 5, 42) аб тым, што здань < sъdati sę ’здавацца’ (г. зн. ’прывідзіцца’) патрабуе ўдакладнення ў частцы архетыпу формы: не sъdati, а zьdati. Пра корань гл. Фасмер, 2, 89; Шанскі, 2, З, 81; Махэк₂, 714; Скок, 3, 653–654; БЕР, 1, 639; Траўтман, 367.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каба́т ’жаночая цёплая камізэлька; безрукаўка’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Інстр. I, Касп., Малч., Мат. АС, Мат. Гом., Мядзв., Нас., Некр., Рам., Серб., Сержп. Грам., Шн. 3, Ян., Янк. 3., Яруш.), ’рознае адзенне’ (Жыв. сл.), ’сукенка’ (Касп.), ’безрукаўка’ (капыл., КЭС), ’дзіцячая кофтачка на падбіўцы’ (Шатал.). Укр. кабат ’куртка, кафтан’, рус. кабат ’куртка, кофта’, рус. зах.-бран. кабат ’ліф, верхняя частка сарафана’, польск. kabat ’кафтан’, в.-луж. kabat ’кафтан’, чэш. kabát ’паліто’, славац. kabat (у розных значэннях, напр. ’спадніца’ (Kalal)). У паўдн.-слав. мовах запазычана іншым шляхам, пра што сведчыць фанетыка слова: балг. кавад, кават, кавак, серб.-харв. ка̏ва̄д, якія з перс. kabā ’кафтан’ пры пасрэдніцтве с.-грэч., н.-грэч. моў, гл. БЕР, 2, 119. Відаць, перс. форма з’яўляецца крыніцай і для зах.-еўрап. слоў, аднак няясным застаецца шлях запазычання. Для бел. слова таксама існуе праблема непасрэднай мовы-крыніцы. Рус. кабат вядома на поўначы і на сумежжы з беларускай тэрыторыяй. Яно можа разглядацца як пранікненне з бел. гаворак. Некаторыя значэнні польскага слова (’верхняя вопратка’ і, напрыклад, паводле WIEP-ill. kabat ’кафтан, пераважна жаночы’), а таксама распаўсюджанае слова на беларускай тэрыторыі дазваляюць меркаваць, што крыніцай запазычання быў польскі перыферыйны дыялект. На карысць гэтага наяўнасць слова ў сумежных літоўскіх гаворках са значэннямі ’сукенка без рукавоў’ (kabãčius) і ’жаночы кафтанны (kóbotas).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)