мяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Абменьваць адну рэч на другую. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Кулакоўскі.
2. Замяняць адно чым‑н. другім аднародным; зменьваць, падменьваць. Мяняць кватэру. Мяняць работу. □ Сапёры рамантавалі мост, мянялі насціл. Ставер. Лена стаяла каля стала, мяняла пласцінкі. Ваданосаў. Я расхінуў сваю плашч-палатку, пакрыў сябе і Віну. Глянуў на гадзіннік — пара мяняць Несцера. Не падымаючыся з зямлі, разбудзіў партызана і паслаў на змену. Карпюк.
3. Рабіць іншым; зменьваць. Чорны пярсцёнак мігцеў перад вачыма і мяняў свой колер, рабіўся шэрым. Лынькоў. // Пераўтвараць. Заўтра цікава будзе расказаць сваім таварышам-рабочым, як іх праца ўжо цяпер пачынае мяняць звыклы воблік наваколля. Няхай. // Адмовіўшыся ад чаго‑н., заменьваць яго чым‑н. іншым. Мяняць погляды. Мяняць рашэнні.
4. Разменьваць грашовыя купюры на больш дробныя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парале́льна, прысл. і прыназ.
1. Прысл. да паралельны.
2. прысл., з прыназ. «з»; у знач. прыназ. з Т. Нароўні з чым‑н., на аднолькавай адлегласці ад чаго‑н. на ўсім працягу. Нарэшце падышлі да таго месца, дзе паралельна з абозам пралягала чыгунка. Машара. // Адначасова з чым‑н., суправаджаючы што‑н. Калгас выходзіць з прарыву, становіцца перадавым і дамагаецца высокага ўраджаю. Паралельна з гэтым у калгасе насаджваецца вялікі сад і будуецца электрастанцыя... Крапіва. Не захаваліся і тыя... сшыткі, якія вяліся пісьменнікам паралельна з дзённікам. «Полымя». Паралельна з будаўнікамі працуюць і мантажнікі. «Беларусь».
3. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназоўнікам «паралельна» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве прадмета, на аднолькавай адлегласці ад якога на ўсім працягу што‑н. знаходзіцца, праходзіць. Самалёт яшчэ доўга ляцеў паралельна берагу. □ Ціха і асцярожна ідзём паралельна дарозе, пакідаючы будынак з правай рукі. С. Александровіч. Гасцінец пралягаў паралельна чыгунцы. Ставер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прагрыме́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак.
1. Утварыць моцны гук, грукат. Раскаціста прагрымеў гром. Сіняўскі. Увесь дзень пякло, прыпарвала, а пад вечар прагрымела навальніца. Хадкевіч. // чым. Моцна стукнуць чым‑н. Саша сама прагрымела ў печы заслонкай, чыгунамі і зазірнула ў свой пакой, дзе сядзеў Пятро, зноў нечым збянтэжаная. Шамякін. // Праехаць з моцным шумам, грукатам. Дарога была ціхая, зрэдку дзе прагрыміць машына ды праскочыць матацыкліст. Сабаленка. Па чыгунцы, якая праходзіла адразу за балотам, прагрымеў поезд. Новікаў. // Прагучаць з вялікай сілай. Але не зрабілі.. [немцы] і двух крокаў, як зноў прагрымеў дружны партызанскі залп. Шчарбатаў. Як бы для таго, каб пацвердзіць .. [Шкробатавы] словы, зусім блізка прагрымела некалькі вінтовачных стрэлаў. Галавач. // Разм. Сказаць што‑н. гучна, грамавым голасам. — Гэта што яшчэ? — прагрымеў у насцярожанай цішыні.. голас [настаўніка]. Якімовіч.
2. перан. Атрымаць гучную славу, праславіцца. Клас прагрымеў на ўсю школу сваім аўтамабільным гуртком. Жычка.
3. Грымець некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыхло́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. каго-што і па чым. Хлопнуць далонню па чым‑н. Прыхлопнуць рукой па калене. □ Антон адсунуў пачак ад сябе, прыхлопнуў яго рукою. Савіцкі. // Хлопнуўшы, забіць. Гук звінеў на адной ноце, як камар, што ўляціць цёплай ноччу ў пакой і гудзе над галавой, пакуль не прыхлопнеш яго далонню. Даніленка.
2. што. Разм. Зачыніць гучна, са стукам. Прыхлопнуць дзверы.
3. каго-што. Хлопнуўшы, заціснуць; прышчаміць. — А хіба ты не ведаеш. Прыхлопнулі, як тых пацукоў у пастцы, і мусім сядзець, падцяўшы хвасты. Сабаленка.
4. каго. Разм. Забіць (часцей выстралам). — Завадатар .. шайкі, мусіць, вопытны камбінатар і мае шырокія сувязі. Зрабіце так, каб і камар носа не падтачыў. Прыхлопнем яго адным стрэлам. Даніленка.
5. перан.; што. Разм. Спыніць існаванне, дзейнасць чаго‑н. — Што, прыхлопнуў мо хто без мяне ваша прадпрыемства? — пытаецца ўчастковы зноў. — Не, усё, як кажуць, у ажуры. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сніць, сню, сніш, сніць; незак., каго-што, аб кім-чым, з дадан. сказам.
1. Бачыць сон (сны), бачыць у сне. — Я цябе сніла, мама. Не адзін раз, а многа! Брыль. Людзі былі ў тым стане зморанасці, калі чалавек можа заснуць ідучы ці зусім паваліцца ў гразь і праз хвіліну сніць, што ляжыць у мяккім ложку. Шамякін. Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчаслівы. Купала. / у перан. ужыв. Прасторы бязмежныя спяць аб вясне... Куляшоў. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка.
2. перан. Марыць аб чым‑н., спадзявацца на што‑н. Мільгаюць мошкі і стракозы, А ты [Сымон] сядзі ды мары сні. Колас.
•••
І не сніў (сніла) — і не думаў (думала) пра што‑н. Дзень у дзень Я ў полі Працаваў сяўбою. І не сніў ніколі Стрэцца тут з табою. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спабо́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Імкнуцца перасягнуць каго‑н. у чым‑н., старацца дабіцца лепшых вынікаў у чым‑н. Спаборнічаць у вучобе. Спаборнічаць у сіле і спрыце. □ Вавёркі не могуць спаборнічаць з бабрамі па аб’ёму корму, які яны нарыхтоўваюць. Самусенка. — Я вас выклікаў сюды не для таго, каб спаборнічаць у дасціпнасці, — гэтак жа памяркоўна, як і раней, казаў Паўловіч. Радкевіч.
2. Удзельнічаць у сацыялістычным спаборніцтве з мэтай дасягнуць высокай прадукцыйнасці працы. [Антось:] — Тэ-эмпы! Учора толькі прыехалі і ўжо спаборнічаюць. Паглядзім, паглядзім!.. Кулакоўскі. [Пракоп:] — Я ўжо брыгаду выбраў, спаборнічаць паспрабуем, хоць у іх па машыне пяць чалавек працуе, а ў нас чатыры. Карпаў.
3. Прымаць удзел у спаборніцтве (у 3 знач.). Спаборнічаць у стральбе з лука. □ — Не біцца, — зноў паправіла.. [Паўліка] сястра, — а весці бой на рапірах, спаборнічаць. Шыловіч.
4. Спец. Быць адным з бакоў у спаборным судовым працэсе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ядна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Злучаць, звязваць што‑н. з чым‑н. пэўным чынам. Ядналі мы воды: з ракою раку, І мора да мора цягнула руку. Кляшторны.
2. Злучаць, збліжаць каго‑, што‑н. з кім‑, чым‑н., утвараючы адзінае цэлае. Аксана любіла вячэры, яны хораша ядналі сям’ю, збліжалі дзяцей з бацькамі, з бабуляй. Шамякін. // Змяшчаць, аб’ядноўваць у сабе. Маладая паэзія, якая моцна стаіць на родным грунце, арганічна яднае ў сабе нацыянальныя і інтэрнацыянальныя матывы. Рагойша.
3. Аб’ядноўваць, згуртоўваць для дружных агульных дзеянняў. Рабочы камітэт яднае людзей розных прафесій і спецыяльнасцей. Сташэўскі. Спачатку камсамольцы займаюцца культурна-асветнымі справамі, яднаюць вакол сябе вясковую беднату. Хведаровіч.
4. Ствараць паміж кім‑н. блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць цесную сувязь. І дружба верная з табой, І роднасць нас яднае. Камейша. Нас з гэтай дзяўчынай яднала нешта адно, і гэта адно была наша маладосць. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дажы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак., да чаго і з дадан. сказам.
Дайсці ў жыцці да якога‑н. стану, выніку. — Да чаго ж ты, Сідарчук, дажыўся? Няўжо твая слава не насіла цябе на крыллях па зямлі? Чым ты стаў? Гэтага табе ніколі не снілася... Пестрак. Не прывык.. [Мікола], каб яго, вострага на язык, добрага расказчыка розных гісторый і анекдотаў, так абразалі. Дажыўся. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́рва, ‑ы, ж.
1. Фарба, афарбоўка, колер. Цешыцца было чым: летам агародчык буяў усімі барвамі красы. Мележ. [Галя:] — Звярніце ўвагу: якія барвы! Сотня адценняў — пачынаючы ад цёмна-зялёнага да цёмна-пурпуровага. Дубоўка.
2. Чырвань, густа-чырвоны колер. І ўрэшце — неба. Неба, якое ўсё мацней адлівае пякельнай, смяротнай і трывожнай барвай. Караткевіч. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вяду́чы, ‑ая, ‑ае.
1. (рэдка). Дзеепрым. незал. цяпер. ад весці.
2. у знач. прым. Які ідзе наперадзе. Вядучы самалёт.
3. у знач. прым. Галоўны, кіруючы. Вядучая тэма. Вядучая партыя оперы. Вядучая роля навукі.
4. у знач. прым. Які прыходзіцца ў рух непасрэдна ад рухавіка. Вядучыя колы аўтамабіля.
5. у знач. наз. вяду́чы, ‑ага, м. Той, хто кіруе чым‑н. Вядучы праграмы. Быць на вечары вядучым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)